Ад васковых валікаў да сучасных інвентароў

№ 46 (1276) 12.11.2016 - 18.11.2016 г

Што цікавіць даследчыкаў этна з суседняй краіны ў Беларусі?
Апошнім кастрычніцкім тыднем давялося ўзяць удзел у Школе маладых фалькларыстаў Расійскага інстытута гісторыі мастацтваў Акадэміі навук. Правёўшы ў Санкт-Пецярбургу амаль тыдзень, шчыра здзіўлялася вялікаму інтарэсу да Беларусі ў расійскіх навуковых колах. Ён з’явіўся яшчэ ў ХІХ стагоддзі і да сённяшняга дня не губляецца.

/i/content/pi/cult/612/13612/13-1.jpgДаваенныя матэрыялы

Пра класікаў беларускай этнаграфіі, што працавалі ў расійскіх навуковых установах, тут згадваць не буду, гэтыя факты досыць добра вядомыя: у Пецярбургу захоўваюцца набыткі Шэйна, Сержпутоўскага, Косткі… Ужо ў ХХ стагоддзі вывучалі беларускія тэрыторыі шматлікія пецярбургскія этнамузыколагі. Частка з іх выпраўлялася на беларускае Палессе з фанографам і васковымі валікамі акурат з будынка згаданага Інстытута гісторыі мастацтваў — сапраўднага палаца ля Ісакіеўскага сабора, які належаў роду Зубавых, з пазалочанай ляпнінай, аграмаднымі люстэркамі і насценнымі роспісамі. У 1912 годзе граф Валянцін Зубаў заснаваў установу ва ўласным асабняку, а пасля рэвалюцыі 1917 года перадаў будынак дзяржаве.

Менавіта тут працавалі Яўген Гіпіус і Зінаіда Эвальд, настаўнікі беларускай даследчыцы Зінаіды Мажэйкі. Першыя, у сваю чаргу, вучыліся ў акадэміка Барыса Асаф’ева, чые вучні сталі заснавальнікамі нацыянальных этнамузыкалагічных школ па ўсім былым СССР. Беларускія аўдыязапісы Яўгена Гіпіуса і Зінаіды Эвальд захаваліся, алічбаваныя і знаходзяцца ў фанаграмархіве Пушкінскага дома (Інстытут рускай літаратуры Расійскай акадэміі навук) у Санкт-Пецярбургу, куды былі перададзены з Інстытута гісторыі мастацтваў. Ёсць запісы 1930-х з вёсак Тонеж, Букча, Глушкавічы і Дзяржынск цяперашняга Лельчыцкага раёна, Верасніца Жыткавіцкага, Камаровічы, Заполле, Галубіца колішняга Петрыкаўскага, а таксама запісанае ў самім Петрыкаве і на параходзе на Прыпяці. Сярод запісаў Зінаіды Эвальд сустракаюцца яўрэйскія мелодыі. Гэты матэрыял сабраны ў супольных эспедыцыях акадэмій навук СССР і БССР. Акрамя таго, захаваліся аўдыяфіксацыі найгрышаў на беларускіх дудах, зробленыя Яўгенам Гіпіусам у Ленінградзе 15 кастрычніка 1931 года (мабыць, дудары прыязджалі на нейкі конкурс ці канцэрт): плясавыя і песенныя мелодыі, а таксама “песні з найгрышам”, дзе дудар Гаўрыла Слаўчык, якому на той момант было каля 90 гадоў, напявае ў перапынках між граннем.

З іншых набыткаў беларускай спадчыны Пушкінскі дом мае чатыры плясавыя найгрышы дуды 1931 года з вёскі Машэцкая Слабада Прапойскага раёна (цяпер Слаўгарадскі). Іх запісала Соф’я Магід, якая працавала яшчэ ў Бярозаўцы, Іванішчаве і іншых вёсках Прапойскага раёна. У яе матэрыялах — каляндарныя і вясельныя песні, прыпеўкі. Захаваліся яе запісы яўрэйскай музыкі з Мазыра. Знайшліся песні з вёскі Данькава на Смаленшчыне, невядомага збіральніка. Самы ранні здабытак з тэрыторыі Беларусі — рукапісныя матэрыялы даследчыка Зубава з “паўночнай часткі Магілёўскай губерні” (верагодна, Мсціслаўшчына). Пра яго нічога невядома, запісы датуюцца 1905 — 1907 гадамі, утрымліваюць тэксты песень і натацыі вельмі высокага прафесійнага ўзроўню.

Мабыць, этнамузыколагі ў пачатку ХХ стагоддзя, як і цяпер, бачылі ў Беларусі анклаў архаікі, ехалі сюды па матэрыял, які на іншых тэрыторыях ужо не запішаш. Што цікава, вёскі Лельчыцкага раёна, у якіх працавалі этнамузыколагі 1930-х, дасюль захоўваюць жывую спеўную традыцыю. Гэта датычыцца не толькі песень, а і моўных асаблівасцей розных частак Беларусі. Напрыклад, Еўдакім Рамашаў пісаў, што ў Магілёўскай губерні да ХІХ стагоддзя захаваліся дыялектныя адрозненні між колішнімі тэрыторыямі крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў. У Пушкінскім доме захоўваюцца запісы Аляксея Шахматава 1908 года з вёскі Вяляцічы Барысаўскага раёна і з Радашковічаў, казкі і расповеды. З аднаго боку, гэта вельмі цікава, улічваючы, што васковыя валікі эканомілі і пісалі туды пераважна песні. З іншага боку, калі ведаць біяграфію Аляксея Шахматава, то нядзіўна: займаўся гістарычным вывучэннем рускай мовы, старажытнарускага летапісання і літаратуры, заклаў асновы старажытнарускай тэксталогіі.

І гэта толькі міжваенныя запісы! Пазнейшага матэрыялу, сабранага ў нашай краіне, у Пушкінскім доме таксама дастаткова. Для Беларусі пецярбургскія архіўныя матэрыялы вельмі каштоўныя. Гэта самыя старыя гуказапісы дудовага грання, што дазволілі рэканструктарам беларускай дуды ўзнавіць яе старажытны строй. Гэта зусім несучаснае інтанаванне ў песнях. Як распавядае супрацоўнік фанаграмархіва Юрый Марчанка (дарэчы, беларус па паходжанні), здараецца, што прыходзяць аматары спеваў, слухаюць старыя запісы, і не вераць, што тыя паходзяць з пэўнай мясцовасці — так адрозніваецца старажытная гукападача. Але і якасць запісаў часам не дазваляе расслухаць гук добра: васковы валік псуецца ад кожнага выкарыстання, некаторыя з іх даследчыкі “праганялі” да алічбоўкі шмат разоў, здымаючы ноты. Кажуць, быццам бы асабліва гэтым “грашыў” Яўген Гіпіус, а вось Зінаіда Эвальд ставілася да валікаў больш ашчадна. Пэўны час нават панавала думка, што аўдыязапіс каштоўны толькі да моманту, пакуль з яго не “знятыя” ноты ці тэкст. У 1990-я даследчыкі эканомілі плёнку, запісвалі на адны і тыя ж касеты некалькі разоў. Але ноты не перадаюць усіх асаблівасцей народнага спеву, а з тэксту не пачуеш інтанацыі апавядальніка. У якасці эксперымента на сваіх занятках даследчыца Ірына Мазюк часам ставіць арыгіналы песень, запісаныя ад бабуль, і запісы выканання тых жа песень прафесійнымі музыкантамі, якія распявалі з нот і не чулі арыгінальнага аўдыязапісу. І гэта, як кажуць у Адэсе, дзве вялікія розніцы.

У бліжэйшы час плануецца зрабіць спробу атрымаць копіі беларускіх матэрыялаў з фанаграмархіва Пушкінскага дома ў архіў беларускай Акадэміі навук.

Сучаснае этна

Беларусь дасюль прыцягвае расійскіх даследчыкаў. Склалася ўражанне, што найбольш да нас едуць этнамузыколагі і даследуюць пераважна паўночную частку краіны. Цікавяцца таксама абрадам ваджэння і пахавання стралы ў Веткаўскім раёне, на беларуска-ўкраінска-рускім памежжы.

Паўночная Беларусь — асноўная зона даследавання загадчыка сектара фальклору Расійскага інстытута гісторыі мастацтваў Аляксандра Рамадзіна. Як ён адзначае ў аўтарэфераце сваёй дысертацыі, яна напісаная на палявым матэрыяле “Віцебскай вобласці Беларусі і памежных тэрыторый Пскоўскай, Смаленскай, Цвярской абласцей Расіі”. Далей аўтар пазначае рэгіён як Паазер’е і падкрэслівае, што гэта тэрыторыя рассялення крывічоў. У 2004-м Аляксандр Рамадзін абараніў дысертацыю пра паўночнабеларускіх цымбалістаў, а ў 2009-м выдаў кнігу “Чалавек, што стварае. Музыка ў традыцыйнай культуры”. У тым жа 2009-м пад яго рэдакцыяй Расійскі інстытут гісторыі мастацтваў выдаў “Паўночнабеларускі зборнік”, дзе даследчыкі з Расіі, Беларусі і нават Аўстрыі (Ульрых Маргенштэрн) асвятлілі розныя аспекты беларускай музычнай культуры.

Аляксандр Рамадзін разам з Ларысай Іўлевай (заснавальніцай рускага этнатэатразнаўства, ужо нябожчыцай) былі першымі, хто апублікаваў навуковае апісанне масленічнага абрада “Пахаванне Дзеда і Бабы” ў Гарадоцкім раёне, унесенага ў Інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. Ужо пасля іх абрад даследавалі беларускія навукоўцы, ён прыцягнуў увагу грамадства. Аляксандр Рамадзін выконвае беларускія найгрышы на дудзе, актыўна карыстаюцца беларускімі матэрыяламі яго сябры-музыканты. Сярод іх — Міхаіл Гаршкоў з Масквы, які, акрамя музыкі, займаецца кінатворчасцю і здымаў абрад пахавання стралы ў вёсцы Стаўбун Веткаўскага раёна.

Дакладчыкі падчас Школы маладых фалькларыстаў часта праводзілі беларускія паралелі. Марына Альтшулер, старшы навуковы супрацоўнік Маскоўскай кансерваторыі, распавядаючы пра каляндарна-абрадавыя галашэнні, згадала пахаванне Дзеда ў Гарадоцкім раёне. Галіна Лабкова, загадчык кафедры этнамузыкалогіі Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі, кажучы пра палявыя галашэнні ў Пскоўскай вобласці, адзначыла вялікую розніцу між поўднем і поўначчу рэгіёна. Адпаведна яе палявых назіранняў, дасюль адчуваецца розніца традыцый па розныя бакі мяжы колішніх Пскоўскай і Магілёўскай губерняў. Цалкам беларускай традыцыі быў прысвечаны даклад супрацоўніцы Расійскага інстытута гісторыі мастацтваў Галіны Таўлай “Плачавыя і смехавыя формы ў абрадавай культуры беларусаў і іх суседзяў”. Даследчыца мае беларускія карані і даследуе розныя часткі нашай краіны.

У Інвентары нематэрыяльнай культурнай спадчыны Расіі, змешчаным на партале Культура.РФ, падкрэсліваецца архаічнасць народных традыцый на руска-беларускім памежжы. Такія ж высновы робяць усе рускія даследчыкі традыцыйнай культуры. Маскоўскія славісты з сярэдзіны ХХ стагоддзя даследуюць беларускае Палессе і нават склалі Палескі этналінгвістычны атлас. Можна сказаць, што для даследчыкаў традыцыйнай культуры самых розных кірункаў (у першую чаргу этнамузыколагаў і этналінгвістаў) Беларусь выступае ідэальным полем, цікавым захаванасцю архаікі.

Мінск — Санкт-Пецярбург — Мінск

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧ
спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"