Аўдыя & Відэа-32

№ 46 (1276) 12.11.2016 - 18.11.2016 г

Кастрычніцкія аўдыя- / відэаработы айчынных выканаўцаў рэцэнзуюць тэлерэжысёр, кліпмэйкер Анатоль ВЕЧАР (А.) і спецыяльны карэспандэнт газеты “Культура”, музычны крытык Алег КЛІМАЎ (В.).

/i/content/pi/cult/612/13609/9-1.jpgАўдыя

Праект “Гарэза”, cінгл “Iдзi”

А.: Нешта ў гэтай дзяўчыне ёсць такое, што прымушае мяне верыць у яе цікавую і доўгую музычную гісторыю. Добрае ўражанне засталося ад сінгла, асабліва ад песні, якая дала яму назву. Кавер пераканаў менш, але ў тым, хутчэй, віна не спявачкі, а выдатнай першакрыніцы, пасля якой усе яе магчымыя варыяцыі ў выкананні іншых артыстаў будуць прайграваць арыгіналу, я так думаю. Не хапіла мне чагосьці.

В.: Патрыцыя Свiцiна, што хаваецца за праектам “Гарэза”, нягледзячы на свой 15-гадовы век, выканаўца ўжо дасведчаная (каму трэба, яе ведаюць і індывідуальна i, напрыклад, у складзе гурта “Рада”). І вось яшчэ адна яе сольная з’ява — у двух трэках: першы — загалоўная кампазіцыя, напалову аўтарская, павольная і шырокая; другі — “Кола грукатала”, дэнс-кавер на хіт гурта “Палац”, версiя асабліва падкрэслівае выдатныя вакальныя даныя дзяўчыны. У агульным і цэлым, як любіць выказвацца Рыгор Лепс, цікава і шматспадзеўна. Будзем глядзець далей і сачыць.

Гурт “Ride Too Slow”, альбом “Наш дзень”

А.: Спажыўца дадзены рэліз, вядома, знойдзе, але асабіста я гэты альбом больш слухаць не буду, не маё. Энергетыкі ў ім амаль няма, а для мяне гэта важна ў музыцы. Тут жа — пры нядрэнным вакале, нармальных інструменталістах — усё неяк занадта гламурненька. І нічога з трэкаў не запамінаецца. Але клёва, што хлопцы справай займаюцца, мабыць, любiмай. Хочацца верыць, што ўсё ў іх наперадзе.

В.: З лідарам гэтага гурта мы некаторы час служылі ў адной музычнай газеце. Чалавекам ён быў — выдатным. Журналістам — цудоўным. І быў яшчэ ўдзельнікам калектыву “The Cranks”, які выконваў індзі на англійскай мове. Тагачасная чарговая брытанская хваля наогул з’яўлялася яго любоўю, я ж да яе ставіўся досыць абыякава, лічачы, напрыклад, ансамбль “Oasis” увасабленнем музычнага непаразумення. За што справядліва называўся Мікалаем Сапуновым (гаворка вышэй ішла пра яго) узорам тыповага лоха, што немаведама як атрымаў магчымасць пісаць пра рок-н-рол і Вячаслава Кораня. Ну вось, Калян, і прыйшоў мой час: ужо я патаўкуся на тваім таленце! Вядома, гэта той самы брыт-поп, але зараз ужо на рускай мове. Рамантыкі ў альбоме — вышэй за дах, як быццам і не было гэтых пятнаццаці гадоў, калі ўсё самае лепшае — наперадзе, усе ў будучыні шчаслівыя і ва ўсіх кішэні поўныя нацыянальнымі музычнымі прэміямі. Закахаўся, ці што, Нік? І гэта ў тваім узросце, м-да. Цёплы і сонечны рэліз, дзякуй за настрой. І асабліва за радок “лучи от снега отражают мою тень”…

Гурт “NGe”, альбом “Мы”

А.: Паліткарэктнасць — так бы я пазначыў моўны складнік тэкстаў гэтага альбома. І чуваць, што ў вакалісткі ў школе былі добрыя адзнакі па беларускай, настолькі выкананы ўсе яе нормы. Наогул жа, не хочацца мне крыўдзіць музыкантаў гурта, проста так атрымліваецца. Сярэдненькі рэліз пазітыўнага смуру. Не напружвае, не перашкаджае, не раздражняе, усё абсалютна роўна, тое, што трэба для музычнага фону ў аўтамабілі. Ніякага наватарства, на стыку жанраў, “вау!” выклікнуць не хочацца ні разу, аднак і блін не камяком. Але! У адну са сваіх праграм я гэты гурт запрасіў бы...

В.: “Гэта энергічны танец”, — кажа гарачая жанчына (мара паэта) герою Леаніда Кураўлёва ў фільме “Афоня”. “Гэта энергічны альбом”, — кажу я. Склалі яго дзясятак беларуска- і рускамоўных кампазіцый. Вакал — жаночы, інструментал — “жывы” ды “нежывы”, ніша — хай будзе поп-альтэрнатыва, тэксты — рамантыка ды адчуванне сябе ў сучасным свеце. Да заявак на клубны рок-хіт адношу трэк “Зiма”.

Відэа

Гурт “Пані Хіда”, кліп на песню “Generale”

А.: Дваццаць гадоў таму адзін мой знаёмы назваў крытэрыі, паводле якіх беларускія кліпмэйкеры могуць здымаць паспяховае айчыннае відэа: яно павінна быць чорна-белым, з палосачкамi, з імітацыяй драпін, таніраванае. Усе гэтыя немудрагелістыя кінапрыёмчыкi прысутнічаюць і ў нашым варыянце — гэткі паклон 1990-м. І паколькі падобных ролікаў я бачу сёння ў дастатковай колькасці, то раблю выснову, што так здымаць зараз модна. Іншы разумны чалавек, лідар гурта “Палац” Алег Хаменка, неяк мне сказаў: “Выдаткі на беларускі кліп павінны складаць не больш за 500 даляраў, інакш ён не акупіцца”. І з ім пагаджуся. Увогуле, такія відэа я таксама рабіў. Дзіўным жа мне здаўся выбар песні: звычайна пад кліпы выбіраюць хіты, а дадзеную кампазіцыю шлягерам я не назваў бы.

В.: Тут кагадзе легендарная “Машына часу” прэзентавала свой новы кліп на песню “Аднойчы” аўтарства моднага расійскага кінашматстаночніка. Дык вось, па маім сціплым разуменні, такія відэа можна чыгуначнымі саставамі ляпіць. Тое ж самае тычыцца роліка аршанскай “Пані Хiды”, каманды таксама ў чымсьці легендарнай для нашых краёў. Карцінка з нарэзак дакументальных мілітарысцкіх кадраў адпавядае зместу трэка: роля асобы, абцяжаранай высокімі абавязкамі, у жыцці адной чалавечай адзінкі ды грамадства ў цэлым. Калектыў добры, спрэчкі няма, кампазіцыя нядрэнная (зусім свежая ці ў мяне дэжавю, і я яе ўжо чуў?), якая, магчыма, прымусіць кагосьці задумацца ды зрабіць высновы. Усё разам стыкуецца. Але нецікавы мне гэты канчатковы прадукт, ужо прабачце.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"