Паміж савецкімі стэрэатыпамі і Таранціна

№ 45 (1275) 05.11.2016 - 11.11.2016 г

Наша кіно паводле праграмнага дырэктара “Лістапада”
Дзесяць гадоў таму ў кінематографе кіраваў постмадэрнізм. Сёння на змену ягоным гульням прыйшло кіно малых формаў, кіно, у якім рэальнасць і дакументалізм сплецены з мастацкім пачаткам. “Постдок альбо кінематограф квазірэальнасці”, — распавядае пра актуальнае слова ў сучасным сусветным кіно праграмны дырэктар Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад” Ігар СУКМАНАЎ. Якім чынам выглядае беларускае сучаснае кіно ў падобным кінакантэксце — свету і “Лістападу”? Чаму да гэтай пары ў асноўным конкурсе фестывалю няма беларускай карціны? Нацыянальны конкурс — што нам ад яго чакаць? На ўсе набалелыя пытанні адказвае кінааналітык і адзін з галоўных асоб мінскага кінаруху Ігар Сукманаў.

/i/content/pi/cult/611/13599/9-2.jpgСвежасць ёсць, але глыбіня…

— Ігар, у якім стане на прыкладзе “Лістапада” сёння знаходзіцца беларускі кінематограф?

— На маю думку, сёння ён завіс дзесьці паміж прафесійным кіно і прыватным, асабістым. Не хочацца казаць аматарскім. З аднаго боку, бачым энтузіязм і імпэт маладога пакалення, якія прыцягваюць, іх жаданне рабіць кіно. З іншага, на прыкладзе Нацыянальнага конкурсу мы атрымліваем шмат заявак, што з пункту гледжання драматургіі, здымачнага працэсу больш набліжаны да тэлевізійнага кіно. А гэта іншыя бізнес і гісторыя. Пры гэтым пэўныя аўтары проста перакананыя ў сваёй геніяльнасці і чакаюць імгненнага прызнання. Тое яскрава сведчыць, што, на жаль, беларускія аўтары часам вельмі адарваныя ад вялікай прасторы кіно і не ўсведамляюць, на якіх пазіцыях знаходзяцца. Іншымі словамі, што іх радасць ад свайго прадукта вельмі лакальная.

— Якія кінематаграфіі сёння вядуць рэй ў свеце? Пра што яны распавядаюць, калі можна так сказаць? Якія паралелі мы можам правесці з нашым кіно?

— Сёння на пярэдні план выходзяць краіны зусім не багатыя: Цэнтральная і Усходняя Еўропа, Цэнтральная Азія, актуальна гучыць кіно краін Балтыі. Гэта тыя прасторы, якія раней знаходзіліся ў ценю праз недаразвітасць сваіх кінематаграфій, але сёння іх аўтары аказваюцца здольнымі найбольш дакладна і творча раскрыць праблемы, якімі жыве і дыхае свет. Апошні, мы бачым, страсаюць бясконцыя эканамічныя крызісы, ён знаходзіцца на мяжы вайны,  — і актуальны момант не садзейнічае фантазіям, калі мы можам трошкі расслабіцца, паразважаць. Тое, што адбываецца з намі і вакол нас, — вельмі хваравіта. Таму і актуальным становіцца квазірэальны кінематограф, а не постмадэрнісцкія фантазіі. Людзі заклапочаныя тым, як выжыць, існаваць, як захаваць сям’ю. Акурат адна з галоўных ліній “Лістапада” — убачыць і адчуць на прыкладзе прыведзеных вышэй кінематаграфій, што адбываецца ў свеце. Як выглядае беларускае кіно на гэтым фоне? Па шчырасці, трошкі інфантыльна. Так, свежасць ёсць, але глыбіні развагі, вастрыні пакуль няма.

“Адзін у адзін”?

— Чаму так адбываецца?

— Па шчырасці, не ведаю. Магчыма таму, што наша кіно яшчэ толькі пачынае саспяваць, “збірацца”. З’явіліся аўтары, за якімі цікава сачыць. Прыйшла маладая генерацыя, якая імкнецца самавыяўляцца, шукае сябе, гаворыць ад сябе. Але хібаў росту дастаткова.

— Якія, да прыкладу, акрамя названага вышэй нарцысізму?

— Бяздумнае падражальніцтва. Чамусьці маладое пакаленне лічыць, што калі любім “Крымінальнае чытво” Таранціна, трэба абавязкова зрабіць героя, як у Таранціна. Ці бярэм “Пачатак” Крыстафера Нолана — і спрабуем тое “выкруціць” у нашых рэаліях. Вынік — сцёб і “Comedy club”, адарваныя ад нашай рэальнасці. Так званая гульня “Адзін у адзін”, якая акрамя вонкавага падабенства ні да чаго не заклікае. Сапраўднае кіно — гэта заўжды асэнсаванне, роздум над тым, што адбываецца ў тваім атачэнні, культуры, жыцці. Яно мусіць быць “прыземлена” на тутэйшую глебу.

Іншая крайнасць — захрасанне ў мінулым. І тут ужо ўзнаўляюцца савецкія стэрэатыпы. Калі дрэнны герой — дык гэта абавязкова бізнесмен, калі добры — дык бяссрэбранік, нібыта адзін ён здольны на шчырыя, душэўныя стасункі. Гэта такая дзіўная гульня ў вінтаж, якая не мае пад сабой аніякіх падстаў. Увогуле, размежаванне на белых і чорных, чырвоных і зялёных  — усё гэта цэтлікі, прыкметы мінулага веку, савецкай ідэалогіі. Сёння ёсць чалавек і яго складанае жыццё, у якім ён “боўтаецца”, “змагаецца”. І хочацца ўбачыць менавіта такі твор — з вызначанай жыццёвай пазіцыяй, з выразнай візуальнай мовай, шчыры і ўважлівы…

Ні Эйзенштэйна, ні Бергмана…

— Цікава, а ці ёсць у нас глеба для таго, каб падобнае кіно з’явілася? Прыклады беларускіх савецкіх аўтараў? Той жа Рубінчык, на ваш погляд, рабіў падобнае кіно?

— Вось што цікава, кіно Рубінчыка, Вінаградава, нешараговых апальных аўтараў — такіх прыкладаў было ў беларускім савецкім кіно вельмі мала. Падобныя фільмы ў асноўным бракаваліся, ім не давалі ходу. А вось ідэалагічныя стужкі ваенна-патрыятычнага выхавання — калі ласка, з іх браліся прыклады. Бяда нашага кіно, калі мы ўжо зазірнулі ў яго гісторыю, што яно рабілася “зверху”. Паступала дзяржзамова, аднекуль з цэнтру, не з нашай рэспублікі запрашаўся рэжысёр, які мала што ведаў пра беларускую культуру ці ўвогуле ведаў, і здымаліся патрэбныя стужкі. Калі вельмі пільна вывучаць беларускія савецкія фільмы, мы ўбачым, што паняцце нацыянальнага кіно тут заўжды было размытым. Гэта не грузінскі, эстонскі кінематограф, які нараджаўся “знізу”, адбываўся “тут і зараз”. Беларускі кінематограф у асноўным рэгуляваўся дэкрэтамі, пастановамі савецкай улады, і быў скіраваны на рашэнне іншых задач.

— І атрымліваецца, што выбітных узораў кіно ў нас не так многа?

— Менавіта так. Я бы і назваў творчасць Рубінчыка, Вінаградава, фільмы Рыбарава… Нават Тураў, пры ўсёй да яго павазе, абіраў ілюстратыўную мову кіно. Ні Эйзенштэйна, ні Бергмана, ні Бунюэля нам пакуль вырасціць і зберагчы не ўдалося.

— Тым не менш, тое ж румынскае кіно вырасціла Крысціяна Мунджыу, адну з яскравых постацей сучаснага сусветнага кіно, пры тым, што савецкі асяродак таксама не спрыяў развіццю аўтараў…

— Тут шмат асаблівасцей. Справа ў тым, што нават у савецкі час румынскія кінакампаніі абслугоўвалі вытворчасць французскіх і італьянскіх карцін. А гэта — моцная школа. Нягледзячы на тое, што ў савецкія часы існаваў такі анекдот, што ёсць добрае, дрэннае кіно і румынскае, нягледзячы на ўласна рэжым Чаушэску, працэс культурнай інтэграцыі з суседнімі краінамі паўплываў на многае ў мясцовай кінасферы. І Мунджыу, і Крысці Пую, і Раду Жудэ — гэтыя актуальныя сёння рэжысёры не прыйшлі з ніадкуль. Гэта людзі з выдатнай кінематаграфічнай адукацыяй. Аўтары вышэйшай выяўленчай культуры, якой, прынамсі, вельмі не хапае нашаму кіно.

Савецкая ідэалогія, адарванасць ад беларускай культуры і традыцый, адсутнасць добрай мастацкай і кінематаграфічнай адукацыі, пэўная ізаляванасць ад свету — вось тое, што не дазволіла адбыцца беларускаму кіно і параўняцца з тым жа румынскім.

Утрамбоўваючы траўмы

— На што тады можам разлічваць? Прызнацца, перспектывы вымалёўваюцца пры такім раскладзе слабыя…

— Але яны ёсць. Той жа Андрэй Кудзіненка і яго праект “Хранатопь” — гэта вельмі цікавая лабараторыя, якая акурат звяртаецца да пошуку нашага нацыянальнага коду, да тлумачэння такой няўлоўнай субстанцыі, як ментальнасць, што намі да канца так і не асэнсавана. Надзвычай важны і яскравы эксперымент. Таксама прыйшлі новыя аўтары, якія па-свойму распавядаюць пра тое, што з намі сёння адбываецца. Той жа “Беларускі псіхапат” Мікіты Лаўрэцкага, у якім рэжысёр так ліха грае жанрамі, пры знешніх падманках, пужалках прыводзіць нас да цалкам канкрэтных разваг. Бо ў чым асаблівасць галоўнага героя, жорстка кажучы, беларускага псіхапата? У тым, што яго траўмы скіроўваюцца не па-за, а ўнутр сябе, падаўляюцца ўсё глыбей і глыбей, утрамбоўваючыся ў чалавеку. І з імі ён працягвае жыць далей. Ці гэта не пра нас? Улада Сянькова таксама спрабуе разабрацца з тым, што адбываецца з яе пакаленнем. Дзе шукаць уласныя арыенціры? У конкурсе мы пакажам яе “Граф у апельсінах”, які, лічу, упусцілі летась.

Чаму я кажу пра адчуванне сваёй глебы? Таму што гэта адразу “зазямляе” кіно, робіць датычным да канкрэтнага месца, вылучае сярод іншых. Сёння мы перажываем вельмі хваравіты працэс нараджэння беларускага маладога кіно. Так, прыйшла новая генерацыя, але радавацца яшчэ зарана. Пакуль гэта толькі парасткі таго, што можа аформіцца ў моцны напрамак. Мы не хочам гэта кіно адштурхоўваць, але цешыць сябе ілюзіямі таксама не варта. Давайце скіроўваць свае амбіцыі на саміх сябе і сваю творчасць. Давайце разбірацца з тым, што мы маем. Толькі пры такім раскладзе штосьці можна зрушыць з месца.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"