Розныя палосы аднаго паўстагоддзя

№ 45 (1275) 05.11.2016 - 11.11.2016 г

Шлях заслужанай артысткі пачынаўся з... раённай бiблiятэкi
Паўстагоддзя служыла Коласаўскай сцэне заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Тамара Шашкіна, чыё 85-годдзе адзначылi днямi. З яе імем звязаны незабыўныя старонкі гісторыі славутага калектыву, які зусім хутка адзначыць сваё 90-годдзе.

/i/content/pi/cult/611/13597/13-2.jpg

Тамара Шашкіна (у цэнтры) у “Памінальнай малітве“. / Фота з архіва тэатра

Па словах актрысы, сапраўднага тэатра ў дзяцінстве яна не бачыла. Але пахам, адчуваннем сцэны прасякнулася, спрабуючы сябе ў школьнай самадзейнасці. І толькі пазней, у Мінску, дзе вучылася спярша ў політэхнічным, а потым у бібліятэчным тэхнікумах, пачала наведваць тэатры. Старэйшы сябра, што аказваў дзяўчыне знакі ўвагі, моцна паспрыяў гэтаму. Дзякуючы яму яна перагледзела ўвесь оперны рэпертуар, часта хадзіла ў Купалаўскі. Прыязджала і Коласаўская трупа. Менавіта тады дзяўчына ўпершыню пабачыла славуты спектакль “Несцерка” з Аляксандрам Ільінскім, Янінай Глебаўскай, Цімохам Сяргейчыкам.

Пазней, два гады адпрацаваўшы ў Мядзелі загадчыцай бібліятэкі, паступіла ў тэатральна-мастацкі інстытут, на курс народнага артыста БССР Дзмітрыя Арлова. Там жа пазнаёмілася і са сваім будучым мужам, Георгіем Дубавым, пазней — народным артыстам Беларусі. Ажаніліся яшчэ ў студэнцкія гады. Дыпломны спектакль “На дне”, дзе Тамара Георгіеўна выконвала ролю Насты, а Георгій Савельевіч — Барона, паказвалі ў Маскве. Дубава запрасілі ў адзін з маскоўскіх тэатраў, але Арлоў папярэдзіў, што там талент акцёра могуць зацерці, параіўшы вярнуцца ў Беларусь.

Пачатак творчага жыцця здаваўся такім бясхмарным! У Гродзенскім абласным драмтэатры, куды пара трапіла па размеркаваннi, яе вельмі прыхільна сустрэў галоўны рэжысёр Іосіф Папоў. Маладая актрыса грала ўсе галоўныя ролі, лепшую з іх — Патрыцыю ў спектаклі “Тры таварышы” па Рэмарку — памятае не адно пакаленне гледачоў. Тамара Рыгораўна і зараз бярэцца ўзнавіць у памяці колiшнiх сцэнічных партнёраў, дэталі дэкарацый і, вядома ж, вельмі блізкага ёй па духу рэжысёра-настаўніка Іосіфа Папова. Неўзабаве пасля прызначэння яго галоўным рэжысёрам Тэатра імя Якуба Коласа Тамара Шашкіна разам з мужам таксама выпраўляецца ў Віцебск. Толькі прыехалі, а Папоў ужо кіруецца ў Новакузнецк. Хацелі Дубавы і туды следам за ім падацца, аднак не выпадала. Новы галоўны рэжысёр Аляксандр Падабед застрашыў: “Калі з’едзеце адсюль, я вам такі “ваўчыны білет” выпішу, што ніводзiн тэатр не прыме”. Напалоханыя, засталіся…

Першай роляй, сыгранай на Коласаўскай сцэне, была таксама галоўная — Нюрка ў “Дні вяселля” Вiктара Розава. Спектакль карыстаўся ў гледача вялікім поспехам. Потым быў цэлы шэраг лірычных і вострахарактарных роляў: Агнічка (“Мінулася кату масленіца” Аляксандра Астроўскага), Фінея з “Дурнічкі” Лопэ дэ Вэга, Беатрычэ са “Слугі двух гаспадароў” Карла Гальдоні, Марына з “Улады цемры” Льва Талстога, Соф’я з “Зыкавых” Максiма Горкага… Маладыя няўрымслівыя гераіні змяніліся больш сталымі жанчынамі. І тут актрысе спатрэбіліся ўрокі Папова, які дапамагаў выканаўцу намацаць шлях да псіхалагічнага раскрыцця вобраза. Складаныя жаночыя характары, якія выяўляюцца ў драматычных, а часам і трагічных калізіях, увасобіла актрыса ў спектаклях “Апошняя інстанцыя” Мiкалая Матукоўскага (Цвяткова), “Трывога” Алеся Петрашкевіча (Манаева), “Зацюканы апостал” Андрэя Макаёнка (Маці). Але з прыходам новага кіраўніцтва для актрысы наступілі сумныя часы, паласа, так бы мовіць, “безвременья”. Амаль на 15 гадоў яе імя было выкрэслена з афіш. Выключэннем, бадай, сталі ролі ў спектаклях Валерыя Маслюка — Таісія Паўлаўна ў легендарным “Старым доме” Аляксея Казанцава, які карыстаўся вялікай прыхільнасцю ў моладзі, і Жамгуленэ з не менш знакамітага “Клеменса” Казiса Саі. Была ў гэтых вобразах мацярынская пяшчота, дабрыня, цярплівасць і яшчэ з гадамі набытая пакутлівасць. Аднойчы ў размове са мной Тамара Рыгораўна прызналася, што цяжка перажыла заўчасную смерць Маслюка.

— Аднойчы ён прыбег да мяне: “Я бачыў усіх нашых там — і маму. Ім усім добра”. Хай і яму там будзе добра. Я малюся за яго і веру ў гэта.

У аўтарскім спектаклі Маслюка “Пад сонцам” яна сыграла звар’яцелую настаўніцу. Яе гераіня страчвае розум пасля сынавага самагубства і не можа паверыць у незваротнае. Працягвае хадзіць на вясковы прыпынак (а раптам сыночак усё ж прыедзе?), працягвае гатаваць яго любімыя стравы. Жыве так, быццам ён ёсць. І зусім іншая маці з п’есы Камю “Непаразуменне” (рэжысёр Юрый Лізянгевіч) — наймагутны творчы ўзлёт актрысы пасля доўгага творчага прастою. Гераіня займаецца жудасным промыслам: забівае і рабуе пастаяльцаў гасцініцы, гаспадыняй якой і з’яўляецца. Нечаканым госцем аказваецца яе сын, якога маці не здолела пазнаць і таксама забіла. Актрыса выдатна перадала душэўны стан гераіні, здолела яе ўзняць да антычных персанажаў, накшталт Медэі альбо Клітэмнестры.

Цяжка забыць гледачу яе Зою Сяргееўну з “Жыдоў горада Піцера” — вострага, пранізлівага спектакля Барыса Эрына, пастаўленага напярэдадні жнівеньскага путчу ГКЧП 1991 года. Яе гераіня — жанчына з тонкай душой, прыродным пачуццём годнасці, больш маўчыць на працягу спектакля, але за гэтым хаваецца яе высакароднае супраціўленне хунце ў любым абліччы.

Шэраг цікавых вобразаў стварыла актрыса і ў спектаклях Віталя Баркоўскага. Сярод іх — Клеапатра Пятроўна ў “Плошчы Перамогі” Алены Паповай — самаахвярная жанчына, якая ўсё сваё жыццё прысвяціла мужу-афіцэру, захаваўшы памяць пра яго былыя подзвігі, місіс Уайр з п’есы Уільямса “Дакрануцца вуснамі да нябёсаў”, якая пакутліва змагаецца з адзінотай і марна спрабуе стаць для Пісьменніка маці.

На мой погляд, актрысу заўсёды вылучала ўменне спалучаць жыццёвую дакладнасць (адзнака добрай тэатральнай школы) з эмацыйнасцю, тэмпераментам, тонкім лірызмам і выдатным адчуваннем стылю п’есы і спектакля. Так, у “Пісьменных” Мацiяса Чокэ яна сыграла маленькую ролю, але здавалася, быццам актрыса ўсё жыццё пражыла ў Германіі і асабіста знаёмая з тамтэйшымі вытанчанымі немачкамі. Так, Тамара Рыгораўна вельмі сур’ёзна і адказна ставілася да свайго ўдзелу ў спектаклі, нават калі гэта быў невялічкі эпізод. У “Памінальнай малітве” Рыгора Горына яна іграла састарэлую і крыху не ў сваім розуме маці Менахэма-Мэндла, якая з’яўлялася ў фінале спектакля. Яна прамаўляла літаральна адну фразу: “Мяне ў поездзе так трасе!” Але рабіла гэта гэтак, што глядзельная зала ўзрывалася гучнымі апладысментамі (мабыць, таму што жыццё і мастацтва тут зліваліся ў адно цэлае). Ці ж гэта не ёсць адзнака выдатнага майстэрства?

Апошняй вялікай роляй для Тамары Рыгораўны стала Лідзія Васільеўна ў “Старамоднай камедыі” Аляксея Арбузава, былая цыркавая артыстка, а цяпер пацыентка санаторыя, дзе яна сустрэла ў асобе ўрача сваё апошняе каханне. Гэта быў бенефісны спектакль, пастаўлены адмыслова да яе 75-годдзя артыстам і рэжысёрам Вячаславам Грушовым. У гэтым вобразе спалучаліся і лірызм, і жаночая, чалавечая кранальнасць, і тонкі разумны гумар. А яшчэ была ў спектаклі тая настальгія, туга па артыстах ды тэатры мінулых часоў, якія ўжо сталі гісторыяй.

Аўтар: Юрый ІВАНОЎСКІ
тэатразнаўца, тэатральны крытык, літаратурны рэдактар Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа