Шукайце мужчыну!

№ 44 (1274) 29.10.2016 - 04.11.2016 г

Вось і кастрычнік заканчваецца. І пісьмаў на адрас рэдакцыі паменела. Няўжо ўвосень скарацілася колькасць яркіх мерапрыемстваў? Каб знайсці таму катэгарычнае абвяржэнне, звязаўся па тэлефоне з Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкай.

/i/content/pi/cult/610/13579/11-1.jpg— Мерапрыемстваў — мора! — патлумачыў намеснік дырэктара па рэкламе і сувязях з грамадскасцю Алег Ананьеў. — Таму і няма часу на піяр. Але згодны, сітуацыю трэба выпраўляць.

Чым жа быў адметны кастрычнік для гомельскіх кніжнікаў? Тым, да прыкладу, што яны здзівілі Нацыянальную бібліятэку Беларусі абсалютна нешараговай фотавыставай “Кніжныя людзі“, пра якую мы пісалі. У экспазіцыі — 35 работ прафесійных фотамастакоў. На кожнай супрацоўнікі абласной універсальнай бібліятэкі пераўвасоблены ў вобразы літаратурна-гістарычных персанажаў. Скажам, у ролі графа Румянцава выступае Алег Ананьеў. Выстава спачатку працавала ў Гомелі, потым перабралася ў сталіцу. А хто яшчэ з абласных бібліятэкараў здольны на такую ўпэўненую творчую “экспансію“? І гэта яшчэ не ўсё.

Не так шмат мужчын заняты ў бібліятэчнай справе. Але ёсць сярод іх проста ўнікальныя асобы. Прызнаюся, не аднойчы хацеў прысвяціць ім грунтоўны матэрыял на старонках “К“. Ды ўсё часу не ставала. Ініцыятыву, на шчасце, перахапіла ўсё тая ж абласная ўніверсальная. Не толькі прыдумала конкурс “Мужчына ў бібліятэчнай справе“, але з дапамогай Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі зрабіла яго рэспубліканскім. Спаборніцтва стартуе ў лістападзе. Цягам пяці этапаў мужчыны-бібліятэкары пастараюцца вызначыцца ў творчасці, прафесіяналізме, інтэлекце… Інфармацыю пра гэта адмысловае спаборніцтва чытайце ў наступных нумарах “К“.

Яшчэ адна інфармацыя з Гомельшчыны. Тэму сапраўднага мужчыны ўзнімае і сямейны клуб эстэтычнага і патрыятычнага выхавання “7Я“, што дзейнічае пры Рэчыцкім гарадскім палацы культуры. Вось што піша ўдзельніца клуба Уладзіслава Усціновіч: “Адбыўся вечар шанавання ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Вячаслава Сяргеева. Ён быў сапёрам, дажыў да 90 гадоў. Сваё выступленне прысвяціў юбіляру вакальны гурт самадзейных артыстаў“.

У Ашмянскай гарадской бібліятэцы № 1 прайшоў дзень інфармацыі “Шлюб і сям’я ў сучасным грамадстве“. Пра гэта паведамляе загадчык установы Людміла Зарэцкая. “Мерапрыемства, — удакладняе яна, — было прысвечана праблемам выхавання і адраджэнню традыцыі сямейнага чытання. У дыскусіі ўдзельнічалі навучэнцы аграрна-эканамічнага каледжа, старшакласнікі гімназіі і сярэдняй школы № 2, а таксама дзеці разам з бацькамі“.

Вядучы метадыст Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Ганна Некраш піша пра апошнія акцыі сваёй установы. У прыватнасці, яблычны фэст адбыўся ў філіяле “Тарноўскі дом культуры“. Апрача садавіннага дэфіле, з усяго наваколля прапаноўвалася канцэртная праграма, прысвечаная дзесяцігоддзю мясцовага сада. Выступілі народны ансамбль бытавых інструментаў “Каханачка“ Мажэйкаўскага дома культуры і самадзейныя калектывы Тарноўскага ДК. Ягоны кіраўнік Святлана Антонік — аўтар слоў на яблычную тэматыку… А ў аграгарадку Дзітава прайшла конкурсная шоу-праграма “Жанчына года-2016“ дзе сапернічалі ў абаяльнасці, элегантнасці, арыгінальнасці… Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці рэалізаваў праект “Абрады маёй краіны“. Завяршылася падзея абрадам “Жаніцьба коміна“ ў выкананні Ганчарскага дома культуры.

27 кастрычніка ў выставачнай зале Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці рамеснікі з Шаркаўшчыны правялі майстар-класы па ткацтве, саломкапляценні, ганчарстве, роспісе па тканіне і разьбе па дрэве. Такім чынам рэалізоўваецца абласны праект Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці “Ад майстра да вучня“. Вядучы метадыст гэтай установы Андрэй Струнчанка дадае: “На Віцебшчыне адбыўся агляд-конкурс сямейных дынастый сярод клубных работнікаў. У мерапрыемстве бралі ўдзел сем дынастый: Крыловы (Бешанковіччына), Вайніловічы (Верхнядзвіншчына), Лубчонкі (Глыбоччына), Дзеравянкі (Пастаўшчына), Берашэвічы (Сенненшчына), Бугаёвы (Талачыншчына) і Бондаравы (Шуміліншчына)“.

У Стаўрапальскім краі Расіі праходзіў заключны этап VII Міжнароднага славянскага літаратурнага форума “Залаты Віцязь“. Свята ладзілася, у тым ліку, і аднайменным Міжнародным кінафорумам. Статуэтку Залатога Віцязя атрымалі пісьменнікі з Беларусі Мікалай Гаўрылаў, Міхаіл Шэлехаў, Таццяна Дашкевіч.

Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі разам з Рэспубліканскай гімназіяй-каледжам пры БДАМ з наступнага месяца распачынае ў сталіцы і на Міншчыне сацыяльна арыентаваны творчы праект для дзяцей і моладзі “Дакрананне“. Серыя канцэртаў — гэта справаздача лепшых маладых творчых сіл. Канцэрты адбудуцца ў Вялікай зале Акадэміі, палацах культуры Барысава, Салігорска, Маладзечна, у Беларускім рэспубліканскім тэатры юнага гледача, комплексе “Чыжоўка-Арэна“.

Загадчык аддзела традыцыйнай культуры Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Яніна Барысевіч паведамляе: “У выставачнай зале абласнога метадцэнтра 17 майстроў саломкапляцення вобласці прэзентавалі лепшыя работы, выкананыя ў традыцыйнай і сучаснай тэхніках, а таксама — аплікацыі і інкрустацыі саломкай. Лепшымі прызнаны Вера Салдатава (Карэліцкі), Вера Чурэйна (Іўеўскі), Валянціна Краўчук (Гродзенскі раёны)“.

Фонд развіцця культуры і адукацыі чалавека і кафедра міжкультурных камунікацый Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў 2 лістапада ладзяць IV Адкрытую канферэнцыю “Культура і этыкет“. Мэта — фарміраванне і падтрымка інтарэсу да культурнага ладу жыцця. Мерапрыемства скіравана на павышэнне культурнага і адукацыйнага ўзроўню грамадзян нашай краіны.

Інфармацыя ад Валянціны Паўлоўскай. “Флейтыстка Настасся Міклаш, — піша яна, — стала лаўрэатам першай прэміі XXII Міжнароднага конкурсу маладых выканаўцаў у Кішынёве. А займацца яна пачынала ў дзіцячай музычнай школе № 3 горада Баранавічы пад кіраўніцтвам Андрэя Канстанцінава. Потым былі музычны каледж і Акадэмія музыкі. Апрача таленту, дзяўчына мае вялікае працалюбства. У тым — залог яе поспеху“.

У Ваўкавыскай раённай дзіцячай бібліятэцы, піша яе загадчык Маргарыта Нікіфарава, адбылася сустрэча чытачоў з камерцыйным дырэктарам мінскага выдавецтва “МЭТ“ Алай Корбут. Сустрэча была прысвечана творчасці дзіцячай паэткі Рэнаты Мухі.

Навагрудскі раённы цэнтр рамёстваў запрасіў мам сваіх гурткоўцаў у госці. Мамы не сталі адмаўляцца і пазнаёміліся з майстрамі, іх работамі і работамі родных дзяцей. Рамесніца Іна Анікевіч навучыла жанчын рабіць лялькі-мотанкі. Пра гэта паведаміла дырэктар раённага цэнтра рамёстваў Наталля Клімко.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"