Зрэз культурных практык

№ 44 (1274) 29.10.2016 - 04.11.2016 г

Дэлегат сусветнага форуму жыў у… вёсцы Бедулу?
У сярэдзіне кастрычніка на востраве Балі ў Рэспубліцы Інданэзія адбыўся Сусветны культурны форум — адна з найяскравых падзей у свеце ў сферы культуры. У рамках сумоўя ўпершыню прайшоў Міжнародны маладзёжны форум. Рэспубліку Беларусь у Інданэзіі прадстаўляў дырэктар мастацкай галерэі “Універсітэт культуры”, выкладчык Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, старшыня праўлення Мінскага абласнога аддзялення Беларускага фонда культуры Павел Сапоцька.

/i/content/pi/cult/610/13577/12-1.jpgСусветны культурны форум (WCF) арганізаваны па ініцыятыве Міністэрства адукацыі і культуры Рэспублікі Інданэзія пры падтрымцы UNESCO. Асноўная тэма WCF-2016 — “Культура на карысць інклюзіўнага і ўстойлівага міру”. Даклады асноўных спікераў форуму — навукоўцаў, дыпламатаў, журналістаў, кіраўнікоў буйных устаноў культуры і адукацыі — былі прысвечаны пытанням гуманітарнага супрацоўніцтва, устойлівага развіцця, мультыкультуралізму і міжкультурных камунікацый, шляхоў выйсця з міжнародных канфліктаў... Істотная роля адводзілася Дэкларацыі тысячагоддзя Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, Пакту Рэрыха, Канвенцыі UNESCO аб ахове і заахвочванні разнастайнасці форм культурнага самавыяўлення і іншым праграмным дакументам вядучых сусветных інтэграцыйных аб’яднанняў.

Генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун у сваім відэазвароце заклікаў усіх “берагчы культуру як самае каштоўнае, крохкае, цудоўнае і высакароднае”. “Культура збліжае, разнастайвае нашае жыццё, робіць выдатным кожнае імгненне і ратуе ад шэрасці і забыцця”, — адзначыў Пан Гі Мун. На форуме выступіла Дыя Сукарнапутры — прэзідэнт Інданэзіі ў 2001 — 2004 гадах, дачка Сукарна — першага кіраўніка гэтай краіны.

Праблемнае поле форуму можна сфармуляваць зыходзячы з тэматыкі яго дыялогавых панэляў: “Адраджэнне культуры сельскай мясцовасці”, “Узаемасувязь гісторыі, гарадской прасторы і культурнага развіцця”, “Культура ў новым лічбавым свеце”, “Культурная разнастайнасць для адказнага развіцця” і іншыя. Наогул жа, уразіў маштаб падзеі: сотні тэлерадыёкампаній, прамая трансляцыя на ўсіх тэлеканалах Інданэзіі, дыпламатычны корпус, прадстаўнічыя дэлегацыі. Канферэнцыі, “круглыя сталы”, фестывалі, рэпетыцыі, рабочыя сустрэчы станавіліся арэаламі рэальнага міжкультурнага дыялогу. Карнавал у горадзе Дэнпасар, куды прыехалі танцавальныя калектывы з усяго свету, уразіў сваім высокім узроўнем і шчырай цікавасцю як з боку гледачоў, так і ўдзельнікаў падзеі.

Адной з ключавых падзей WCF стаў менавіта Міжнародны маладзёжны форум на тэму “Культура моладзі для сацыяльнай трансфармацыі і роўнасці”, а гэта — 150 удзельнікаў з больш як 40 краін. На працягу шасці дзён працавалі такія секцыі, як “Моладзь і новыя ўзаемаадносіны з грамадскасцю”, “Моладзь і новыя мадэлі паводзінаў”, “Моладзь і праблемы сацыяльна-эканамічнай няроўнасці” і іншыя. Кожнай секцыяй падрыхтаваны спектр прапаноў па пэўнай праблематыцы, пасля чаго на агульным пасяджэнні прынялі рэзалюцыю маладзёжнага форуму, якая ўтрымлівае комплекс прапаноў, накіраваных на актывізацыю супрацоўніцтва моладзі ў гуманітарнай сферы, інстытуцыянальную падтрымку арганізацый самакіравання моладзі, інтэнсіфікацыю ўзаемадзеянняў маладзёжных асацыяцый з дзяржаўнымі органамі і інстытутамі грамадзянскай супольнасці, шырокае развіццё валанцёрскіх практык і многае іншае. Рэзалюцыя была агучана на выніковым пасяджэнні WCF у Нуса-Дуа і ўрачыста ўручана міністру адукацыі і культуры Інданэзіі Анісу Рашыду Басведану, а таксама кіраўнікам дэлегацый і дыпламатычных місій.

Месцам дыслакацыі кожнай секцыі сталі традыцыйныя балійскія вёскі. Аўтар гэтых радкоў жыў у вёсцы Бедулу — прыгожым месцы з цудоўнай прыродай, унікальнымі помнікамі культуры і незвычайна ветлівымі людзьмі. Кожны маладзён выступіў з прапановамі наконт далейшага творчага ўзаемадзеяння. Пры гэтым былі ўхвалены ідэі беларускага боку. Сярод іх — правядзенне Міжнароднага фестывалю сацыяльных праектаў, арганізацыя фотавыставы ў мастацкай галерэі “Універсітэт культуры” і стварэнне электроннага рэсурсу (база даных) сацыяльна-культурных ініцыятыў. Вельмі пазітыўна адзначана сумесная прапанова Беларусі, Германіі і Інданэзіі па арганізацыі міжнароднай онлайн-канферэнцыі, накіраванай на выяўленне вопыту, праблем і вызначэння перспектыў валанцёрскіх праграм у розных краінах свету.

Надзвычай шчыльны і разнастайны працоўны графік, што спрыяў наладжванню стасункаў з прадстаўнікамі замежных краін, дазволіў не толькі далучыцца да культурнай спадчыны Інданэзіі і азнаёміцца з тэндэнцыямі развіцця культуры на сучасным этапе, але і максімальна прэзентаваць сваю краіну, яе гісторыка-культурны патэнцыял і магчымасці сённяшняга дня. І як прыемна было неўзабаве бачыць побач з сабой групу людзей, што падносілі тэлефоны з фотаздымкамі на экране (Мірскі замак, Вялікі тэатр, Палац Незалежнасці, Нацыянальная бібліятэка, Усіхсвяцкі храм) і пыталіся “What is it?” (“Што гэта?”), “Where such beauty?” (“Дзе такая прыгажосць?”)! Шмат дэлетагаў атрымалі ў якасці сувеніраў наборы паштовак аб Беларусі. Генеральнаму дырэктару Дэпартамента культуры Міністэрства адукацыі і культуры Інданэзіі Хілману Фарыду былі ўручаны кнігі пра Мінск і Маладзечна — сёлетнюю Культурную сталіцу нашай краіны.

Зараз, пасля спаду эмацыйнага напружання і структуравання ў думках пабачанага і пачутага, пачынаюць з’яўляцца канкрэтныя ідэі па супрацоўніцтве. А электронныя паведамленні, якія прыходзяць штодня, абмен думкамі і планамі сведчаць пра тое, што ў хуткім часе з’явіцца магчымасць рэалізаваць праекты, народжаныя ў звязку з Сусветным культурным форумам.

Павел САПОЦЬКА