“І бетон пад нашымі нагамі….”

№ 44 (1274) 29.10.2016 - 04.11.2016 г

Другое жыццё рэштак эпохі
Прадмет цікавасці нямецкага мастака Мануэля Шродара — бетонныя руіны: Берлін, Мінск, Віцебск, Даўгаўпілс… Матэрыял, які быў створаны, каб замацаваць фундамент эпохі сацыялізму, сёння, нібы рэшткі шурпатага карабля, раскіданы па постсавецкай і еўрапейскай прасторы. Ці заўважаем мы, колькі шэрай каменнай масы пакінула вялікая “будоўля”? Састарэлыя і непатрэбныя канструкцыі, падмуркі, аздабленне, бетонныя каркасы і агароджы… — горад поўніцца “шкілетамі” збудаванняў, прызначэнне якіх сёння вызначыць ужо праблематычна. “Бетонная ілюзорнасць” — так называецца міжнародны праект Мануэля Шродара, у цэнтры якога бетон — як праваднік да былых утопій і сённяшніх рэфлексій. У Нацыянальным цэнтры сучаснага мастацтва прадстаўлены персанальная работа нямецкага аўтара “Захоўвайце спакой! Гэта праслужыць цэлую вечнасць”, а таксама першая частка даследавання, зробленая разам з беларускімі мастакамі.

/i/content/pi/cult/610/13576/13-1.jpgУсяго напрамкаў развіцця “Бетоннай ілюзорнасці” — пяць. Першы этап — даследаванне і фотаздымка навакольнага асяроддзя на прадмет бетонных рэштак і жывых сістэм. Другая — стварэнне еўрапейскага “архіва руін”. Наступны крок — наладжванне кантактаў паміж інстытуцыямі розных краін і мастацкая інтэрвенцыя ў абраныя бетонныя аб’екты, “шэрыя зоны”. Затым — асэнсаванне здзейсненых інтэрпрэтацый. Кожны з напрамкаў мусіць быць зафіксаваны кнігай-каталогам з работамі ўдзельнікаў праекта.

На сёння плёнам першай стадыі стала выстава беларускіх аўтараў “Арыенціры і рэшткі”, што нарадзілася ў выніку гадавой серыі майстар-класаў спадара Мануэля мінскім мастакам і фатографам. Праекты 15 удзельнікаў, у ліку якіх і вядомыя беларусам імёны, прадстаўляюць індывідуальныя квэсты, асацыяцыі і асэнсаванні “бетоннай ілюзорнасці”, якая складае наш гарадскі асяродак. Сведка камуністычных утопій і яго “верны слуга”, бетон дэманструе сваю дзіўную крохкасць і жывучасць, свае вымушаныя сыход і стойкасць, смерць і працягласць. Сваю, як падкрэслівае аўтар праекта, канкрэтную, і, разам з тым, фантомную прысутнасць. Асабістае выказванне Шродара на тэму (яго праект прадстаўлены ў асобнай зале) ураўнаважвае пасланне калег, паставіўшы “на паўзу” сыход “манументальнага” матэрыялу і часу.

Шпацыр у пошуках мінулага?

Параўнаць рэшткі бетонных агароджаў з абрысамі флейты, неапазнаны маналіт — з фартэпіяна… Падобныя музычныя паралелі правяла ў сваёй працы “To [be ton] or not to [be ton]” фатограф Вольга Кірылава, нават у падачы праекта прадставіўшы сваю серыю на пюпітры. “А чаму б гэтаму матэрыялу не заслугоўваць такога пяшчотнага стаўлення?” — каментуе Мануэль. Бетон як матэрыя, што рассыпаецца і знікае, трымаючыся да апошняга за абяцанне сваёй непахіснасці  — праект Кацярыны Іванцовай “Бетонны характар”. Падмуркі і чатырохкутнікі як чыстыя і лаканічныя формы — ідэю “магутных” і “бязмежных” пабудоў развівае праект Алены Дамбровай “Бетон як ілюзорнасць быцця”.

Дзіўныя і непрыстасаваныя аздабленні Вольгі Мароз (“Патэрны мінулага”), якія намагаюцца ўпісацца ў гарадскі ландшафт, выяўляюць непасрэдную мімікрыю бетонных формаў пад функцыянальны ці эстэтычны гарадскі інтэр’ер. І, сапраўды, што значаць гэтыя “столікі”, “столбікі”, якія сустракаюцца як напамін пра патрэбнае тэлефанаванне? Здаецца, мусіў быў камусьці патэлефанаваць, але каму? Так і тут: яшчэ адзін пафарбаваны чатырохкутнік, але дзеля чаго ён? Якое яго прызначэнне? Бетон, падсумоўваючы, аказваецца ўсюдыісным: уфундаваным у гарадскую інфраструктуру (Павел Осіпаў “Сацыяльны арт”), раскіданым у выглядзе загадкавых маналітаў (Марына Бацюкова “Склад злачынства — бетонныя маналіты”), увасабляючым амбіцыі грамадскіх аб’ектаў (спартыўных ці прамысловых), будоўляў, якім так і не ўдалося ажыццявіцца (Настасся Бебчык “Бетон у руху”, Таццяна Свірэпа “Энтрапія”, тыя ж Кацярына Іванцова “Бетонны характар”, Алена Дамброва “Бетон як ілюзорнасць быцця”), спрабуючым перажыць сваю смерць, не заўважаючы яе (Алена Рабкіна “Большменш”, Павел Кандрусевіч “Іншае жыццё”)… Ды нават бетонныя шпалы, па якім скочуць дзеці, таксама “шлюць прывітанне” з “бетоннай эры” (Вольга Рэднікіна “Сляды. Зваротны адлік”). Усе гэтыя знакі сведчаць: мінулае не толькі атачае нас незаўважным экстэр’ерам, яно стала для нас натуральнай звычкай, якую мы не ў стане ўсвядоміць, па сутнасці, прыстаўку экс- можам смела памяняць на ін-(тэр’ер).

— Праект і задумваўся з такой мэтай, каб у выніку даследавання мастакі дапамаглі заўважыць людзям бетонныя элементы і фрагменты, на якія даўно “замылілася” вока, — каментуе Мануэль Шродар.  — Бетон як сведка савецкай эпохі вяртае людзей да гістарычнага, паўсядзённага кантэксту. І мне важна, каб людзі “адкрылі” яго наноў. Мне хочацца натхніць людзей задумацца: а што ж мяне атачае? Прывесці да пэўнай рэакцыі і пачатку ментальнай працы. Падумайце, чаму ў большасці грамадства меркаванне такое, што бетон — гэта штосьці непрывабнае? Чаму бетон выклікае адмоўныя асацыяцыі? Магчыма, ён атаясамлівае тую працу, якую мы яшчэ не скончылі? Тое мінулае, з якім да канца не разабраліся, не асэнсавалі? Але што рабіць — вывезці гэтыя руіны на сметнік? Неверагодна дорага! Знішчыць? Цяжка. Выйсце — гэта творчасць. Толькі пераасэнсаваўшы гэты след, бетонныя рэшткі, даўшы ім творчае прачытанне, мы можам стварыць наноў наша атачэнне.

Фатограф Алена Пратасевіч пацвярджае гэты пасыл сваім праектам “Concrete no more”.

— У сваіх уласцівасцях, на маю думку, бетон сёння падобны да фатаграфіі, — распавядае яна. — Бо ў той момант, калі апошняя страчвае дакументальную прыроду, — яна выходзіць на тэрыторыю мастацтва. Тое ж зараз адбываецца і з бетонным матэрыялам. Калі мы сустракаем у горадзе пэўныя аб’екты з яго, яны, лічы, не даюць нам ужо аніякай інфармацыі: ад іх першаснай формы часам нічога не засталося. Усё, што яны “паведамляюць”,  — гэта некалі было нечым. Але менавіта ў такім стане  — страціўшы сваю канкрэтнасць — бетон і становіцца вольным у прачытанні, адкрытым да інтэрпрэтацый, і, адпаведна, выяўляецца ў мастацкім рэчышчы.

— Так, у выказваннях беларускіх мастакоў бетон падаецца і пяшчотным, і графічным, і грувасткім, ці наадварот — безабаронным, мы бачым розныя элементы, іх тэкстуру — і пачынаем заўважаць сваё асяроддзе, — дадае нямецкі мастак. — Наступны крок — непасрэдная праца з ім.

Горад мёртвых?

У зале слабое святло. Гучаць спевы хору. Я стаю перад надмагільнымі плітамі з выявамі людзей і бетонных ландшафтаў. У сярэдзіне інсталяцыі — вялізны шэры куб, які адкідвае цень на сцяну. Таксама цені ад плітаў збіраюцца ў фантомны горад, які, здаецца, паўстае ўдалечыні. Персанальны праект-інсталяцыя Мануэля Шродара “Захоўвайце спакой! Гэта праслужыць цэлую вечнасць”, прызнацца, шакуе сваёй змрочнай атмасферай. Але нельга адмовіць аўтару ў здаровай правакацыі і вострай назіральнасці, працы з формай. Мануэль падкрэслівае, што мастацтва для яго заўжды мае сацыяльнае вымярэнне і для яго важны адрасат, да якога ён звяртаецца. Персанальным адкрыццём мастака на постсавецкай прасторы стала выкарыстанне бетону ў якасці матэрыялу для вырабу надмагільных пліт. І менавіта апошнія сталі асновай яго праекта, стварыўшы пасланне, адкрытае як для лакальнага грамадства, так і для больш шырокай аўдыторыі.

— Для мяне бетон не мёртвы, — зазначае Мануэль. — Ён мусіць быць пабудаваны назаўжды, але гэта толькі “афіцыйная” пазіцыя. Ён разбураецца, змяняе сваю форму, і тады мы можам бачыць на вуліцах, што нават маленькая расліна прабівае той самы маналіт, які мусіць “стаяць” намёртва. Ды нават той самы “цяжкі” бетонны блок, які, здаецца, “заклікае” да сваёй перавагі прысутнасці — таксама фікцыя. Ілюзія. І ў гэтым кантэксце могілак, смерці, я наадварот кажу пра тое, што няма нічога вечнага і непахіснага. Смерць — гэта часам не толькі канец, а пераход да чагосьці невядомага, трансфармацыя, якая абяцае штосьці новае. Я кажу пра смерць аднаго часу і пераход да іншага, пра “паўзу”, якая, насамрэч, доўжыцца ўсяго адно імгненне.

— Але цені, якія праецыруюцца на сцены, — яны ў маім прачытанні ствараюць горад страчаных лёсаў?

— Цікавая трактоўка. Вядома, кантэкст задае ваша прачытанне. Але для мяне эмацыйнае ўздзеянне тут як спосаб завалодаць вашай увагай. Вы зайшлі, чуеце спевы хору, бачыце інсталяцыю, і пэўны шок, які, магчыма, адчуваеце, спрацоўвае як момант пераключэння. Вы эмацыйна захоплены і паглыбляецеся ў маю работу, — а мне як мастаку тое і патрэбна. Зараз вы здольны засяродзіцца на праекце.

Звычайна для сацыяльнай свядомасці смерць — тэма табу, штосьці цяжкае. Але для мяне як для мастака яна такой не з’яўляецца. Яна вартая асэнсавання і развагаў, як і іншыя бакі жыцця. Штосьці іншае можа прыйсці пасля яе. Вы бачыце горад мёртвых, але для мяне ён татальна адкрыты. Шэрыя цені на сцяне — як палатно мастака, на якім вы можаце намаляваць што заўгодна. Я запрашаю вас да стварэння. Але перад гэтым асэнсуйце сам момант спакою.

— Атрымліваецца, гэта зварот таксама ў будучыню?

— Менавіта. Але, вядома, у праекце ёсць два сэнсы. Першы — так, вазьміце свой час, каб адкрыць свой розум. Сузірайце, медытуйце, будзьце лёгкімі, для таго, каб ствараць. Але іншы момант — гэта спакой, які можна перакласці як і “будзьце ціхімі”, “паслухмянымі”, будзьце падобнымі і аднолькавымі. Капіталізм паўсюль патрабуе згоды. Глядзіце тэлебачанне, слухайцеся, маўчыце і спажывайце. Сістэма будзе паўтараць гэта да той пары, пакуль мы не станем ментальна мёртвымі.

— Дык ці магчыма стварыць тую самую будучыню?

— Па сутнасці, я выступаю за смерць ілюзій. У той час, калі ўсё памірае, знікаюць твае ілюзіі і чаканні, нараджаецца момант сузірання і медытацыі. І, бадай, тое найвышэйшы момант паміж будучым жыццём і тым, якое сышло. Вось яно: “Захоўвайце спакой!” І гэта вольная асацыяцыя: ні дрэнная, ні добрая, ні сумная, ні вясёлая. Гэта проста зараз — той самы момант.

Па словах Мануэля Шродара, яго праект, прадстаўлены ў НЦСМ, атрымае далейшае развіццё і трансфармацыю. Наступны жа крок “Бетоннай ілюзорнасці” ў Беларусі — мастацкія інтэрвенцыі ў бетонныя гарадскія аб’екты з дапамогай святла і праекцый, які плануецца ўжо налета. Перафразуючы вядомую фразу з песні ірландскага гурта “U2” “And the ground beneath her feet” (“І зямля пад яе нагамі”), здавалася … што гэта ўсяго толькі бетон пад нашымі нагамі.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"