Як навесці масты з інвестарам?

№ 44 (1274) 29.10.2016 - 04.11.2016 г

Многія грантавыя праекты і інвестыцыйныя прапановы, якія закранаюць сферу культуры, ладзіліся ў раёнах Беларусі яшчэ за савецкім часам, калі развівалася супрацоўніцтва з блокам краін сацыялістычнага лагера. Тое, фактычна, працягваецца і зараз, ужо ў незалежнай Беларусі, праўда, з куды большым размахам і рухам, бо інвестыцыі можна атрымаць не толькі дзякуючы іншаземцам, але і айчынным спонсарам ды інвестарам.

Напрыклад, я калісьці ўжо згадваў пра тое, што ў прысталічнай вобласці з 1999 года ладзіцца абласны конкурс “Творчы Алімп Міншчыны”, у якім штогод прысуджаюцца 10 індывідуальных ці калектыўных прэмій у васьмі намінацыях за высокія творчыя дасягненні ў сферы культуры і мастацтва. Кожная прэмія складае 30 базавых велічынь. Таксама ў рамках конкурсу прысуджаецца грант аблвыканкама на рэалізацыю творчага праекта. Яго ўжо выйграла Нясвіжская цэнтральная бібліятэка, Старадарожскі раённы гісторыка-этнаграфічны музей (прычым інвестыцыі прыйшлі ва ўстанову культуры двойчы — у 2011 і 2015 гадах), Маладзечанскі маладзёжны музычны народны тэатр — на пастаноўку оперы, прысвечанай Міхалу Клеафасу Агінскаму, ды іншыя ўстановы вобласці.

Гранты можна атрымаць і дзякуючы супрацоўніцтву ў рамках Праграмы Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Скажам, у Мёрах, што на Віцебшчыне пры падтрымцы праекта ЕС/ПРААН “Экапартнёрства” зладзілі экалагічнае свята “Жураўлі і журавіны Мёрскага краю”. На Капыльшчыне, у мясцовым гісторыка-краязнаўчым музеі, “прагучаў” праект “Міжрэчча Мажы і Морачы”, а ў Рагачове ад замежных партнёраў атрымалі грошы на абнаўленне і адкрыццё новай выставачнай залы…

Ёсць і іншыя магчымасці. Напрыклад, ужо цэлы год культработнікі могуць узяць удзел у праграме ЕС пад назвай “Most”. На сёння, як паведамілі арганізатары, было атрымана каля 4 тысяч заявак на ўдзел у праекце, прычым прыкладна 600 з іх — у галіне культуры. Рэалізаваць свае планы ўдалося прыкладна кожнаму шостаму “культурнаму” ўдзельніку.

— Справа ў тым, што заяўкі ад работнікаў культуры часта маюць толькі нейкія агульныя палажэнні: выехаць за мяжу з калектывам, наведаць фестываль і гэтак далей, таму такія праекты ў нас проста не праходзяць, — патлумачыла “К” адзін з каардынатараў праекта Наталля Ількевіч. — У заяўках трэба пісаць канкрэтна, куды, на якіх умовах і навошта калектыў выязджае за мяжу, якія могуць быць канкрэтныя вынікі ад сумеснай дзейнасці з замежнымі арганізатарамі паездкі. Карацей кажучы, трэба адзначаць рэальную значнасць паездкі.

Акрамя таго, варта парупіцца і пра іншыя складнікі.

— Заяўнікам трэба загадзя прыдумаць сабе мэту, адшукаць партнёраў, скласці маршрут, з усімі магчымымі прыпынкамі і месцамі начлегу, — адзначае член экспертнай групы, мастацтвазнаўца Таццяна Бембель. — На жаль, для большасці супрацоўнікаў сферы культуры менавіта гэта аказалася досыць праблематычным.

На сёння ёсць, натуральна, і паспяховыя прыклады замежных вандровак. Так, па словах Аляксандра Куркуля з Гродна, які стала займаецца танцамі ў стылі “breaking”, “hip-hop”, “house”, дзякуючы праекту “Most” ён разам з сябрамі прыняў удзел у “Catch The Flava breaking camp”, а таксама ў фестывалі “Outbreak Europe”, які праходзіў у канцы ліпеня гэтага года ў славацкай Банскай-Быстрыцы.

— На гэты фестываль брэйкінгу прыехала больш за 200 танцораў з самых розных краін свету, — сказаў “К” Аляксандр Куркуль. — Кожны дзень адбываліся па тры майстар-класы ад сусветных легенд брэйкінгу, мы знаёміліся з танцорамі з Польшчы, Літвы, Славакіі, іншых краін свету, прымалі ўдзел у самых розных акцыях і мерапрыемствах. Паводле праекта, нам аплацілі выдаткі на дарогу і пражыванне, а таксама паспрыялі ў атрыманні візаў.

Падобная падтрымка, да слова, прадастаўляецца і ўсім іншым удзельнікам праекта, якія атрымалі станоўчы водгук на свае заяўкі. Што ж, неблагі фінансавы “кастыль” для тых аматарскіх калектываў, якія існуюць на Беларусі пры розных раённых і сельскіх Дамах культуры і хочуць прадставіць сваё майстэрства на суд замежнага гледача.

Калі працягваць пералік наяўных магчымасцяў, дык гранты можна атрымаць і дзякуючы конкурсу мясцовых ініцыятыў “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”. Напрыклад, пад грошы праграмы ў Слаўгарадзе мяркуюць у бліжэйшы час арганізаваць Цэнтр сыраварства “Сырная крама”, таксама ладзяць не першы год фэст “Гаспадарчы сыр”.

Акрамя таго, пры арганізацыйнай і спонсарскай падтрымцы згаданага конкурсу ў гарадскім пасёлку Зэльва Гродзенскай вобласці быў адроджаны “Ганненскі кірмаш” — адзін з найбуйнейшых у мінулым гандлёвых і забаўляльных фэстаў Усходняй Еўропы. Садзейнічанне ў рамках агучанага праекта таксама атрымаў Зэльвенскі экамузей рэчаў і адзення, вырабленых з традыцыйнага беларускага матэрыялу — лёну... Ды і на Чачэршчыне, у вёсцы Бабічы, мясцовы Цэнтр народнага танца, музыкі і песні таксама атрымаў 18 тысяч еўра праз падобную праграму. Як адзначыла дырэктар установы культуры Людміла Міхалкоўская, на гэтыя грошы ва ўстанове зрабілі рамонт, а таксама плануюць набыць двое кроснаў ды зладзіць фестываль “Ручніковыя плыні”.

Як бачна, паспяховых праектаў, рэалізаваных праз айчынныя ды замежныя гранты, на Беларусі — больш чым дастаткова. Але што ж трэба зрабіць дзеля таго, каб прэтэндаваць на спонсарскую падтрымку? Нехта з начальнікаў аддзелаў культуры раёнаў знаходзіць выйсце ў тым, што наўпрост кантактуе з кіраўніцтвам музеяў ці гарадоў-пабрацімаў з суседніх краін (як я ўжо згадваў, тое самае рабілася і за савецкім часам), нехта самастойна выходзіць на прадстаўнікоў міжнародных арганізацый, акрэдытаваных у Беларусі, а іншыя адпраўляюць заяўкі на гранты ва ўсе магчымыя і немагчымыя праграмы і праекты… Шляхі тут могуць быць розныя, але галоўнае — ініцыятыва, якая павінна зыходзіць менавіта ад культработнікаў. Бо спадзявацца на тое, што ў ДК якой-небудзь вёскі ці нават райцэнтра завітае багаты спонсар з кішэнямі, поўнымі грошай, сёння, як, да слова, і ў часы СССР, наўрад ці варта.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"