Коласаўцы ў кіно

№ 44 (1274) 29.10.2016 - 04.11.2016 г

У Віцебскай абласной бібліятэцы імя Леніна адбылася творчая сустрэча з артыстамі-коласаўцамі Тамарай Скварцовай і Галінай Букацінай. Імпрэза прайшла ў даволі незвычайным ракурсе, выяўленым у назве: “Ад святла рампы да святла экрана”. Зазначу, гэта тэма — аб’ёмная і патрабуе асобнага грунтоўнага даследавання. Прынамсі, я не сустракаў у перыёдыцы альбо інтэрнэце багата матэрыялаў наконт вывучэння экраннага даробку майстроў віцебскай сцэны.

/i/content/pi/cult/610/13573/14-1.jpgТак павялося, што на роднай кінастудыі “Беларусьфільм” на першыя ролі звычайна выходзілі расійскія зоркі. Гэта і зразумела. Для раскруткі фільмаў найперш патрэбныя знаёмыя твары, як зараз модна казаць, медыйныя асобы. Таму нават мінскім акцёрам ва ўсе часы было складана прабіцца на вялікі экран, што ўжо казаць пра тых, хто служыць у абласных тэатрах. Але першым з віцябчан зрабіў гэты прарыў на ўсесаюзны экран Фёдар Іванавіч Шмакаў, будучы народны артыст СССР, яшчэ ў далёкія 1950-я. Менавіта тады адна за другой выходзяць на экраны стужкі з яго ўдзелам, прычым далёка не ў эпізадычных ролях: “Бессмяротная песня” (1957), “Качубей” (1958), “Каханнем трэба даражыць” (1959), крыху пазней “Балтыйскае неба” (1960 — 1961), ну і, вядома ж, “Узнятая цаліна” (1959 — 1961), дзе Фёдар Іванавіч, на тыя гады, дарэчы, адна з першых зорак і ў родным Коласаўскім тэатры, з уласцівымі яму абаяльнасцю і добрым гумарам стварыў адзін з цэнтральных вобразаў эпапеі — Андрэя Размётнава.

Дарэчы, адкрыў акцёра зусім не “Беларусьфільм”, хоць і тут ён стварыў шэраг запамінальных вобразаў, а “Ленфільм”. Дарэчы, ён і паходзіў з берагоў Нявы, тут скончыў тэатральны інстытут, дзе вучыўся ў знакамітага акцёра тэатра і кіно Васіля Мяркур’ева (многім вядомы фільм “Верныя сябры”, дзе той сыграў ролю архітэктара Нястратава, “Індыка”). Сярод беларускіх кінастужак самыя яскравыя вобразы Шмакаў стварыў у фільмах “Анюціна дарога” (дзядзька Фёдар), “Тартак” (цэнтральная роля — Іван Баганчык), “Доўгія вёрсты вайны” (Крывашэеў), “Палеская хроніка” (Зайчык). Апошнія гады Шмакаў вельмі актыўна здымаўся ва Украіне, на кіеўскай кінастудыі імя Даўжэнкі. Самая значная работа — Афанасій Іванавіч з фільма “Міргарад і яго насельнікі”, вельмі своеасаблівага па стылістыцы — містычнай фантазіі па матывах твораў Гогаля. Сцэнарый для яго напісаў Юрый Ільенка, рэжысёр, бадай, самай знакамітай украінскай стужкі “Белая птушка з чорнаю метаю”, а паставіў новую работу яго брат Міхаіл. Разам з Фёдарам Іванавічам тут здымаліся Роза Макагонава, Мікалай Грынько, Рыма Маркава, Леанід Кураўлёў. Ну а беларускі акцёр цудоўна змог упісацца ў стылістыку фільма, дзе побытавае існаванне спалучалася з гратэскам, фантасмагорыяй, спалучыўшы ў ролі камедыйнасць з драматызмам. Наогул жа, і рэжысёраў, і гледачоў прыцягвалі просты, адкрыты твар Шмакава, яго шчырая ўсмешка, абсалютная натуральнасць існавання як на сцэне, так і на кінаэкране.

Яшчэ адной знакавай постаццю коласаўскага тэатра, безумоўна, з’яўляўся народны артыст Беларусі Уладзімір Куляшоў, стваральнік знакамітага вобраза Кастуся Каліноўскага. У кіно ён сыграў больш за 30 роляў, прычым былі і галоўныя, як, напрыклад, у фільме “Чорная бяроза” Віталя Чацверыкова, дзе стварыў драматычны вобраз Макара Жураўля, спярша партызанскага камандзіра, а потым дырэктара Мінскага аўтазавода, Пархомаў у стужцы Вячаслава Нікіфарава “Фруза”, Юрый Радамчук у драме Сяргея Сычова “Жыў-быў Пётр”. А якія выдатныя, па-акцёрску распрацаваныя ў Куляшова ролі другога плана альбо эпізоды! Некаторыя з іх былі сапраўднымі мастацкімі шэдэўрамі (напрыклад, памешчык Іван Ільіч з “Зацішша” Віталя Чацверыкова ці цыганскі барон з “Чорнага бусла”, Родзька са “Шляхціча Завальні” Віктара Турава).

І яшчэ адно выдатнае імя — заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Людміла Пісарава, стваральніца шэрагу вобразаў простых вясковых жанчын як на сцэне, так і на кінаэкране. Незабыўная Сваха ў “Людзях на балоце”. Альбо Ульяна Юрская ў “Нядзельнай ночы” — экранізаванай Віктарам Туравым п’есе Алеся Петрашкевіча “Трывога”. Сцэну ў судзе з яе ўдзелам немагчыма было глядзець без слёз на вачах. Актрыса настолькі праўдзіва, амаль дакументальна пражывала драму маці забітага сына-п’янчугу, што нават кінакрытыкі былі ўражаны.

Нельга забыць і заслужанага артыста краіны Генадзя Шкуратава, які зняўся ў 16 кінафільмах. Гэта былі і навукова-фантастычныя стужкі (“Пятля Арыёна”, “Пад сузор’ем блізнятаў”), і фільмы на ваенную, гераічную тэматыку (“Пяшчота да звера, які раве”, “Цяжкая вада”), і сучасныя сацыяльныя драмы (“Інтэрпол”, “Хэпі энд”), але мастацкай вяршыняй артыста стаў, вядома, беларуска-польскі фільм рэжысёра Дзмітрыя Зайцава “Франка — жонка Хама” паводле аповесці Элізы Ажэшка, які прынёс артысту папулярнасць.

Пра легенд тэатра і іх унёсак у кінамастацтва апавядаў гасцям аўтар гэтых радкоў, а другая частка імпрэзы ў абласной бібліятэцы ўяўляла з сябе выступ актрыс Тамары Скварцовай і Галіны Букацінай, якія сёння ствараюць цікавыя вобразы на сцэне і экране. (Дарэчы, Тамара Уладзіміраўна знялася ў сямі кінастужках, сярод іх — “Плач перапёлкі”, “Яблык месяца”, “Водар шыпшыны”, Галіна Мікалаеўна — у трох фільмах, самая вядомая роля — Анастасія Трыказнюк у стужцы “Яблык месяца”.) Вядома ж, работа ў кіно для акцёра мае сваю адметнасць, — гэта адзначалі ўдзельніцы сустрэчы. Калі ў тэатры іншы раз можна крыху зманіць, схлусіць, не дацягнуць, дык перад кінакамерай гэта наўрад ці атрымаецца: буйны план усё выдасць. Казалі пра тое, што прыемна, калі цябе пазнаюць у горадзе. Адна з актрыс прыгадала смешны выпадак, калі на рынку адна з бабулек-гандлярак прадала ёй садавіну за палову цаны. Вядома ж, да тых жа віцебскіх акцёраў з боку маскоўскіх-пецярбургскіх зорак адносіны бываюць розныя: іншы ў твой бок не паглядзіць. Але ёсць такія, што адносяцца да цябе з павагай, дзеляцца сваім акцёрскім досведам. Напрыклад, такі вядомы артыст тэатра і кіно, як Юрый Цурыла, з якім Тамара Уладзіміраўна і Галіна Мікалаеўна пазнаёміліся на здымках серыяла “Водар шыпшыны”.

Трэба дадаць колькі словаў яшчэ пра адну выдатную актрысу Коласаўскага тэатра, заслужаную артыстку Рэспублікі Беларусь Валянціну Петрачкову, ураджэнку Смаленшчыны, якая здымалася ў фільмах “Плач перапёлкі” (Палага Хахлова), “Знак бяды” (Яўхіміха), “Белыя адзенні” (настаўніца), “Будулай, якога не чакаюць” (Макар’еўна). На жаль, яна не змагла прысутнічаць на сустрэчы, але гледачы пазнаёміліся з яе гераінямі на фотавыставе ”Смаляне і расійска-беларускае кіно”, якую прэзентавала дацэнт Смаленскага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат педагагічных навук Таццяна Ладожына.

Юрый ІВАНОЎСКІ, літаратурны рэдактар Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа

Аўтар: Юрый ІВАНОЎСКІ
тэатразнаўца, тэатральны крытык, літаратурны рэдактар Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа