Музей: сучасныя правілы працы

№ 44 (1274) 29.10.2016 - 04.11.2016 г

Будаўніцтва, прафесія і патрэба агрэсіўнага маркетынгу
Гутарка з генеральным дырэктарам Нацыянальнага мастацкага музея, заслужаным дзеячам мастацтваў Рэспублікі Беларусь, старшынёй Канфедэрацыі творчых саюзаў краіны Уладзімірам ПРАКАПЦОВЫМ праходзіла за кубачкам асаблівай зялёнай гарбаты (як зазначыў герой артыкула, эксклюзіўны напой, падораны кітайскімі калегамі, у старадаўнія часы пілі 23 імператары Паднябеснай). Гэта быў той выпадак, калі журналісты не паспелі задаць усе пытанні, пазначаныя ў штодзённіках, бо размова часта перапынялася тэлефанаваннямі і справамі, якія патрабуюць неадкладнага ўмяшальніцтва — сапраўды, працоўны дзень Уладзіміра Іванавіча шчыльна распісаны, і знайсці ў ім вольную гадзіну надзвычай складана. І ўсё ж мы змаглі накідаць эскіз партрэта чалавека, які без астатку аддадзены сваёй справе.

/i/content/pi/cult/610/13570/6-1.jpg— Ці назіраеце вы змены ў становішчы музейнай справы краіны цягам апошняга дзесяцігоддзя?

— Я з’яўляюся старшынёй Савета дырэктараў музеяў Беларусі, таму ўсе тэндэнцыі, што адбываюцца ў рэспубліцы, бачу, як на далоні. Параўноўваючы з тым, што было дзесяць гадоў таму, музеі сапраўды сталі запатрабаванымі. Кожны год у рэгіёнах з’яўляюцца адзін-два новыя. Зараз, наколькі мне не змяняе памяць, іх 154, і гэта без уліку тых, якія не падпарадкоўваюцца Міністэрству культуры. Вярнулася мода на стварэнне музеяў на прадпрыемствах, каб аднавіць гісторыю ў асобах і біяграфіях. З жыццяпісу прадпрыемства складаецца летапіс краіны. Тое каштоўна для выхавання новага пакалення, выхавання нацыі наогул. Гэта годны працэс, неабходны для асэнсавання свайго месца ў свеце. Па сутнасці, музейшчыкі займаюцца зберажэннем гістарычнай памяці народа, якая замацоўваецца ў скульптурах, карцінах, этнаграфіі, фальклоры, песенным мастацтве і гэтак далей.

— Ці можна весці гаворку пра тое, што музейная сфера сёння на ўздыме?

— Безумоўна! Паглядзіце, якую ўвагу надае ёй дзяржава! На нашы ўстановы выдаткоўваюцца вялікія грошы. Узнік форум музеяў Беларусі (першы адбыўся ў Гродне, праз два гады яго сустракаў Гомель, сёлета — Магілёў). Зрэшты, ініцыятарам стварэння гэтага мерапрыемства быў і я. Сёння форум мае добры рэзананс у прафесійнай супольнасці, з кожным годам удасканальваецца.

За савецкім часам музей часта ўспрымаўся ціхай гаванню, дзе можна было адседжваць працоўны час, зрэдку ўздымаючыся, каб правесці па залах школьнікаў. Негалосна нават было прынята накіроўваць высокапастаўленых чыноўнікаў, якіх праводзілі аднекуль на пенсію, дапрацоўваць век у музеі, маўляў, тут спакойна і бесклапотна. Сёння сітуацыя кардынальна змянілася: наша справа патрабуе маладых, актыўных і ініцыятыўных людзей. Савецкая сістэма, якая для свайго часу была добрая, зараз не працуе. Цяпер музей мусіць аказацца ў добрым сэнсе слова агрэсіўным, выходзіць за свае сцены, ахопліваць вуліцу. У нас вялікі аб’ём платных паслуг, мы засвойваем новыя тэхналогіі, распрацоўваем сайты, вынаходзім шляхі супрацоўніцтва з медыя і рэкламшчыкамі. А гадоў трыццаць таму было дастаткова расклеіць афішы на тумбах. Але сёння іх ніхто не чытае. Таму стаўку варта рабіць на сацыяльныя сеткі, інтэрнэт, а ў штаце павінны працаваць маркетолагі…

— Павінны, але ці ва ўсіх музейных установах яны ёсць?

— Прынамсі, у штатным раскладзе Нацыянальнага мастацкага такая адзінка значыцца. Бо музею патрэбна арганічна ўлівацца ў суцэльную дзяржаўную сістэму нароўні з нацыянальнымі прадпрыемствамі-гігантамі. БелАЗ, Мінскі трактарны завод і іншыя актыўна маркетуюцца ў тым ліку з прыцэлам на замежнага спажыўца. Тыя ж трактары прадаюцца ў 60 краін свету! Дык вось, музей гарманічна ўбудаваны ў сістэму грамадскіх інстытутаў. Аднаго шкада: культура ў нас чамусьці дасюль разглядаецца па рэшткавым прынцыпе. Уключаю тэлебачанне: узнялі заробак настаўнікам, узнялі заробак сацыяльным работнікам, а культура — на апошнім месцы. Хаця гэта ж няслушна! Пры ўсёй павазе да прадстаўнікоў іншых прафесій, сёння культура ў сацыяльнай сферы павінна быць на першым месцы, бо выхоўвае нацыю.

Возьмем для прыкладу Нацыянальны мастацкі. У нас захоўваюцца ўнікальныя скарбы, супрацоўнікі маюць да іх наўпросты доступ. Каб мы ўзялі крыштальна чыстых, прыстойных людзей, у нас мае быць конкурс на кожную пасаду, а для гэтага неабходна прапанаваць і добрую лічбу ў разліковым. Нават сантэхнік у нас павінен быць самы лепшы, падабраны на конкурснай аснове. Чаму? Бо і ад яго таксама залежыць імідж установы. Карацей, сёння чалавек прыходзіць у музей, купляе білет — і ўстанова абавязана яму даць паўнавартасны пакет паслуг.

— Аднак ні для каго не сакрэт, што ў галіне назіраецца вялікая “бягучка” кадраў, месцамі ўвогуле значны недахоп дыпламаваных спецыялістаў. Што вы робіце, каб прыцягнуць высакаякасных спецыялістаў, а пасля іх утрымаць?

— Я шчаслівы, што ад нас не збягаюць, а калі сыходзяць, дык на больш высокую пасаду. Што да мяне, дык я не прыхільнік пераманьваць кадры ў суседзяў. На мой погляд, такі падыход неэтычны перад калегамі-дырэктарамі. Мы прымаем у штат заахвочаных людзей, іх жа прыцягвае статус — у нас прэстыжна працаваць, усё ж НММ — музей нумар адзін у краіне. Адпаведна, ён дае шырокі спектр магчымасцяў праявіць сябе. Маладых сваіх супрацоўнікаў я арыентую так: мне не патрэбна, каб ты толькі сядзеў, слухаў, выконваў ды паперкі насіў. Не бойся: рабі праект, прыходзь, пераконвай. У мяне ёсць такое правіла: я даю інтэрв’ю журналістам на адкрыцці глабальных выстаў, а на імпрэзах рэспубліканскага значэння накіроўваю журналістаў па каментарый да моладзі, маўляў, ты куратар, дык і распавядзі пра Георгія Паплаўскага, Віктара Грамыку ці Міхаіла Савіцкага. Зразумела, сам я ў матэрыяле і магу шмат дадаць, але наўмысна саступаю тут маладым супрацоўнікам. Як дырэктар, я не магу часціць, бо тое нядобра, ды і іх вучыць трэба: неабходнасць выступіць перад тэлекамерай дысцыплінуе, прымушае разважаць, праяўляць ініцыятыву. Дарэчы, за 18 гадоў маёй службы ў НММ, я “гадую” ўжо трэцяе пакаленне маіх намеснікаў. Моладзь дзейнічае, вядома, пад маім жорсткім кантролем: я ўсё праглядаю, кожную прапанову асабіста адсочваю. Без майго дазволу ў музеі муха не мае права праляцець. Але ж трыццацігадовыя, бывае, не даганяюць мяне, бо маю шмат задумаў і імпэту для іх здзяйснення. Люблю з гэтага жартаваць, што хоць я і юны пенсіянер рэспубліканскага значэння, аднак у мяне вельмі многа энергіі, бо я савецкай закваскі чалавек. Вось, скажам, праект “Ноч музеяў”, які прыйшоўся даспадобы публіцы: гадоў пяць таму сам прыдумваў, крэатывіў, а зараз адпусціў яго цалкам на моладзь. У мяне іншыя задачы: музейны квартал, будаўніцтва...

— Дарэчы, на якім этапе зараз знаходзіцца будаўніцтва музейнага квартала?

— Да 2019 года — тады Беларусь будзе святкаваць 80 угодкі з дня заснавання музея, а таксама сустракаць удзельнікаў ІІ Еўрапейскіх гульняў, — павінны, калі эканамічны фактар нас не падкосіць, зрабіць яго. Засталося засвоіць тры мільярды рублёў. Вось цеплатрасу кладзём, выходзім у двор, пад дах падведзены два будынкі — на Карла Маркса і на Кірава. Карацей, зараз мы перажываем другое нараджэнне. Сапраўды, будынак на Леніна, 20, у якім у 1957 годзе Алена Аладава стварыла музей, сябе вычарпаў. Тады тыя ўмовы былі нармальнымі, але як сёння існаваць музею, у якім, напрыклад, няма месца, каб выпіць кубачак гарбаты?

У музейным квартале ўрэшце з’явіцца народнае беларускае мастацтва — нездарма маем у назве азначэнне “нацыянальны”. Да слова, калі я прыйшоў у НММ, ён па сутнасці з’яўляўся рэгіянальным філіялам вядомых рускіх музеяў. Пра айчыннае ж і гаворкі не вялося. Таму найперш вынайшаў на першым паверсе прастору і перавёў туды нашых уражэнцаў: Івана Хруцкага, Вітольда Бялыніцкага-Бірулю, Станіслава Жукоўскага. Экспазіцыя паступова набліжаецца да таго, каб адпавядаць разуменню нацыянальнага музея. Але народнае мастацтва ў нас пакуль месціцца толькі ў філіяле, што ў Раўбічах.

— Музей беларускага народнага мастацтва ў Раўбічах знаходзіцца ў будынку былога касцёла, з-за чаго раз-пораз узнікалі маёмасныя пытанні…

— Зараз усё спакойна і стабільна. Мы зрабілі ў гэтым філіяле НММ капітальны рамонт пад чэмпіянат свету... Уклалі вялікія сродкі: адрамантавалі кантрафорсы, пафарбавалі, замянілі шкло, умацавалі вітрыны. Па апошніх нават нагамі хадзіць можна, калі патрэбна замяніць лямпачкі ў жырандолі. Зрабілі і рээкспазіцыю. Дарэчы, падчас рамонту я выпадкова знайшоў унікальныя эскізы музейнага ўказальніка аўтарства Віктара Асташчанюка. Хачу абмеркаваць са старшынёй Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Яўгенам Сахутам магчымасць усталяваць указальнік на павароце на Раўбічы. Была яшчэ адна цікавая знаходка: у адным з пакояў адшукалі ключ, якім сімвалічна адкрывалі музей у снежні 1979 года. Яго ўжо адрэстаўравалі (ён быў зламаны), зараз робім адмысловую вітрыну для гэтага сведкі музейнай гісторыі.

— У расійскім Эрмітажы з увахода кідаюцца ў вочы шматлікія лічбавыя прыстасаванні з наборам функцый ад інфармацыйных да гульнявых. Ці будзеце вы займацца тэхнічным удасканальваннем абсталявання для наведвальнікаў?

— Тэхнічным сродкам павінна знайсціся месца, але нельга перастарацца. Гэта не музей нейкіх нанатэхналогій, няма патрэбы ля кожнай карціны вешаць плазменны экран. Мы зыходзім з неабходнасці. Напрыклад, у раздзеле рускага мастацтва пры ўсёй павазе да Івана Шышкіна, не павесім 13 палотнаў яго пэндзля з нашых фондаў. Гледачу прапануем 3 — 5 карцін, астатнія восем будуць даступнымі для прагляду на лічбавай панэлі. З творчай спадчыны Вітольда Бялыніцкага-Бірулі НММ набыў 460 работ — гэта самая вялікая ў свеце калекцыя твораў майстра — таксама ўсе не выставіш. У такім выпадку зноў выратуе электронны каталог. Нашы наведвальнікі прызвычаіліся да аўдыягідаў. Між іншым, кожная адзінка каштуе 250 еўра. Упэўнены, хутка мы дажывём да таго, што не будзе гэтых найдарагіх прыстасаванняў. Асабіста ж мне аўдыягід наогул падаецца не самым гігіенічным прыборам, таму адразу ж патрабаваў набыць спіртавыя дыскі, каб праціраць прыстасаванні. На мой погляд, будучыня за смартфонам. Чалавек аплаціць паслугу, спампуе на ўласны тэлефон адмысловую праграму на пэўны тэрмін і пойдзе да экспазіцыі.

Але, якая б ні была тэхніка, без экскурсавода, без яго погляду, яго бліскучых вачэй не абысціся. На пытанне, так бы мовіць, не па сцэнарыі, можа адказаць толькі жывы чалавек.

— А вось адзін з нашых чытачоў паскардзіўся, што не змог замовіць экскурсію ў НММ на беларускай мове. Па яе вашы супрацоўнікі яго выправілі ў музей Купалы…

— Калі ласка, на беларускай мове дык на беларускай — у нас няма з гэтым праблем. Мы працуем па-беларуску, па-руску, па-англійску, у аўдыягідзе ёсць нават запіс на кітайскай. Я даведаюся, хто з супрацоўнікаў адмовіў наведвальнікам: за такія справы дэпрэмірую. Звычайна, калі замаўляецца групавая ці індывідуальная экскурсія, людзі застаюцца задаволенымі, адзначаюць, на якім высокім прафесійным узроўні яна праведзена.

— Якія планы па замежных выставах? Абяцаны Таір Салахаў, прынамсі, недзе завязнуў…

— У кастрычніку ў нас адбыўся вучоны савет па міжнародных праектах. Так, з Салахавым справа пакуль застапарылася, але планы на яго застаюцца.

— Ці прычакаем цікавостак ад супрацоўніцтва з Домам-музеем Эль Грэка ў Таледа?

— 16 снежня ў Іспаніі ў Доме-музеі Эль Грэка адкрыецца выстава дванаццаці праваслаўных ікон “Прарокі ў іканапісе”. Гэта, між іншым, мая ідэя. Калі ў свой час я прайшоўся па іх экспазіцыі, дык пабачыў шмат палотнаў пэндзля вялікага іспанца, дзе выкананы выявы вядомых і ў праваслаўі святых Пятра, Паўла, Мікалая. Я прапанаваў насупраць яго арыгінальных работ размясціць беларускія іконы з той жа тэматыкай. Прынамсі, павесіць побач выявы Пятра і Паўла (у нас таксама, як на вядомым творы іспанца, апостал Пётр стаіць з ключом, а апостал Павел — з мячом). Дарэчы, там я мяркую і сам напісаць карціну “Начны від Таледа”: мы яшчэ паспаборнічаем з маэстра Эль Грэка, у каго лепш атрымаецца... Вядома ж, жартую. (Іранічна ўсміхаецца.)

Не кожны ведае, што пастаянная экспазіцыя ў Таледа невялікая, зняць 5 — 10 работ для замежнай выставы — значыцца, агаліць музей. Таму вядуцца перамовы толькі па 2 — 3 палотнах. Калі іспанцы не “заломяць” цану, дык мы з Таледа ў Мінск прывязем “Пятра і Паўла” Эль Грэка. Тады размесцім яе ў зале старажытнабеларускага мастацтва сярод нашых ікон. Мяркую, атрымаецца надзвычай добра.

— З замежнымі шэдэўрамі ўсё зразумела. Давайце вернемся да айчынных. Ці змяняецца сітуацыя вакол “Габелена стагоддзя” Аляксандра Кішчанкі?

/i/content/pi/cult/610/13570/6-2.jpg

— Гэта набалелая для мяне тэма. Я ўпэўнены, што “Габелен стагоддзя” павінен стацца “фішкай” для краіны, у якой няма настолькі раскручаных аб’ектаў культурнай спадчыны накшталт спачывальні Тунтанхамона ці “Моны Лізы” Леанарда да Вінчы. У нас няма такой колькасці работ Шагала, як у Францыі, але ёсць надзвычай унікальны твор ХХ стагоддзя. Аляксандр Кішчанка — чалавек геніяльны, як я пісаў у сваёй невялікай кніжачцы пра яго, творца ад Бога. Ён змог на звычайных панэльных шматпавярховіках зрабіць унікальную мазаіку, якая і сёння глядзіцца актуальна, калі яны атачаюць Нацыянальную бібліятэку! Прынамсі, да таго часу, пакуль побач з дыяментам ведаў не пабудавалі гандлёвы цэнтр… Упэўнены, і Палац незалежнасці, і аздабленне Нацыянальнай бібліятэкі выглядалі б зусім па-іншаму, каб Аляксандр Міхайлавіч быў жывы. Вядомая рэч у мастацтве: палатно кан’юнктурнае і актуальнае, а праз 20 — 30 гадоў яно выглядае састарэлым. А Кішчанка — заўсёды актуальны. Мазаіка “Партызаны” на Юбілейнай плошчы быццам толькі сёння зроблена!

На жаль, лёс габеленаў Кішчанкі незайздросны. Шэсць з іх, якія да рэканструкцыі Вялікага тэатра оперы і балета ўпрыгожвалі яго сцены, знятыя і ляжаць недзе ў сутарэннях. Яшчэ два велізарныя габелены, што былі выкананыя ў сааўтарстве з Міхаілам Савіцкім, таксама знятыя і дзесьці захоўваюцца. Але ж, перакананы, іх неабходна мыць і прыводзіць да ладу. “Габелен стагоддзя” знаходзіцца на адказным захоўванні на Барысаўскім камбінаце дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва імя Кішчанкі. Так, ён унікальны! Мы яшчэ не ў стане ацаніць яго па-сапраўднаму. Па-першае, як зроблена — такіх ткачых няма нідзе ў свеце! Па-другое, на ім увасоблены выбітныя асобы і няма больш у свеце мастака, які змог бы так годна скампанаваць, аб’яднаць гэтыя постаці ў адным творы. Больш ніхто ў свеце такі габелен ніколі не зробіць. Няма такой мануфактуры, няма тых габеленшчыц, якія ёсць на Беларусі!

І канешне, шэдэўр не павінен вісець у нейкіх неагульнадаступных будынках: “Габелен стагоддзя” мусяць бачыць людзі, таму месца яму тут — у музейным квартале! І ў Беларусь, паверце, з Еўропы і Амерыкі людзі прыляталі б чартарамі, каб толькі пабачыць рукачынны цуд. Я гавару на поўным сур’ёзе. У мяне яшчэ пры стварэнні генеральнага плана музейнага квартала быў разлік на суседні будынак па Кірава, 21. Але, калі заканчвалі рабіць прыбудову, не хапіла рэсурсаў яго забраць. Зараз па гэтым адрасе размясціўся суд Цэнтральнага раёна. На мой асабісты погляд, для такой установы сёння можна знайсці больш прыстасаванае памяшканне… Будынак жа быў бы да месца ў квартале. Разам з аўтарам нашага архітэктурнага праекта Андрэем Валадарскім мы пралічвалі, што патрэбна будзе зрабіць толькі невялічкую надбудову — і “Габелен стагоддзя” атрымае годнае месца для пастаяннага экспазіцыянавання. У нас ужо ёсць міні-габелены, парцаляны, шкло, таму можна было б той будынак аддаць пад нацыянальнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Гэта рэальна.

— Але ў “Габелена стагоддзя” тры праваўладальнікі. Тэарэтычна, яны могуць не пагадзіцца з вашай прапановай…

— Так, 1/3 частка твора належыць дзяржаве ў асобе Нацыянальнага мастацкага музея, другая траціна належыць Ніне Кішчанка з сынам, апошняя — прыватнай асобе. Канешне, было б правільна выкупіць тыя долі ва ўласнікаў, правесці сур’ёзную экспертызу і перадаць НММ усе правы на шэдэўр з умовай абавязковага экспанавання. Зазначу, што праз тры месяцы пасля смерці Аляксандра Міхайлавіча выйшла пастанова Савета міністраў, па якім “Габелен стагоддзя” прызнаны аб’ектам гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь (1 катэгорыя каштоўнасці). Яго можна выстаўляць за мяжой, аднак прадаць нельга. Днямі ў мяне быў дырэктар Барысаўскага камбіната дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Рыгор Шэмет, у чарговы раз абмяркоўвалі стан габелена. Штогод у Барысаў выязджаюць нашы рэстаўратары, разгортваюць трохсоткілаграмовую тканіну (нагадаю, габелен мае рэкордныя памеры 19 на 14 метраў), пыласосяць, дэзынфіцыруюць яе і скручваюць назад. Спадзяюся, што Банк развіцця Рэспублікі Беларусь сёлета зноў пасадзейнічае яго экспанаванню, бо габелену проста неабходна “дыхаць”.

— Як старшыня Канфедэрацыі творчых саюзаў Беларусі вы ўваходзіце ў экспертную камісію па пацверджанні статусу творчага работніка. Цікава, ці магчыма ўвогуле ацаніць таго, хто ў камісію звярнуўся?

— У камісію ўваходзяць кіраўнікі трынаццаці творчых саюзаў краіны. Да нас звяртаюцца сапраўды таленавітыя людзі. Але справа ў тым, што ёсць і тыя, хто прыходзіць па прафесійны сертыфікат творчага работніка, каб засцерагчыся ад падатковай інспекцыі. Яны сапраўды разлічваюць на гэты дакумент, як на “адмазку”. Сярод сапраўдных творцаў сустракаюцца відавочна самадзейныя мастакі, людзі, што проста рыфмуюць словы…

— …па прынцыпе Астапа Бэндара з яго безапеляцыйным “Я так бачу”. Але як вы вымяраеце, дзе мастацтва, а дзе не?

— Возьмем мастакоў: творца можа і не быць членам Саюза мастакоў, але ў свой час скончыў профільную ВНУ, працуе, хтосьці нават невялічкія выставы ладзіць. Да такіх асоб у камісіі пытанняў не ўзнікае. А іншы заходзіць з пасылам: “Я — геній”. І ўсё. Сёння кожны лічыць неабходным даць параду і пакрытыкаваць: “Ведаеце, трэба экспазіцыю змяніць”, “А гэту карціну вось туды павесьце!” Калі ж цікавішся, дзе вучыўся, у каго, чаго дасягнуў у прафесіі, а ў адказ чуеш нешта невыразнае, усё становіцца зразумелым.

— Як вы ставіцеся да таго, што найменне “музей” пачалі прыпісваць сабе арганізацыі, якія па сутнасці ім не з’яўляюцца. Горад завешаны рэкламамі "музеяў", якія не маюць да гэтага непасрэднага дачынення…

— Мне ад гэтага ніякавата. На жаль, пакуль не існуе закона, які б вызначаў, каму можна называцца музеем, а хто не мае права прыпісваць такі статус у сваю шыльду. Яшчэ рукі да гэтага не дайшлі, але абавязкова пытаннем патрэбна заняцца. Пакуль жа гэта на сумленні кіраўніцтва горада, органаў кіравання. Магчыма, нешта выправіў бы адмысловы савет пры Міністэрстве культуры…

Няма тут парадку, як і няма належнага кантролю за рэкламай у сталіцы. Мне хацелася б, каб было больш рэкламы, якая датычылася б устаноў культуры. Напрыклад, некалькі гадоў таму мы "засвоілі" андэграўнд ў падземным пераходзе ля Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь. Мы адваявалі там рэкламныя плошчы для нашых афіш, наклеілі на прыступкі надпісы “Я іду ў музей”. Дарэчы, прапанаваў калегам такія ж наклейкі размясціць на выхадзе са станцыі мятро “Няміга”: там жа некалькі музеяў у крокавай даступнасці — Леаніда Шчамялёва, Міхаіла Савіцкага, Максіма Багдановіча… Гэта ж цэнтр горада! Мы, таксама, дасягнулі таго, каб станцыі метро былі прыгожа аздоблены: рэклама музея ідзе праз рэпрадукцыі палотнаў такіх вядомых суайчыннікаў, як Станіслаў Жукоўскі, Вітольд Бялыніцкі-Біруля. Стварылі сапраўдную музейную прастору і на вуліцы на падыходзе да НММ, дзе размясцілі рэпрадукцыі знакамітых карцін.

— У Год культуры Мінск расквеціла сацыяльная рэклама з аб’ектамі культуры…

— Але, звярніце ўвагу, у асноўным на ёй адлюстраваны адзін музей. Чаму падземныя пераходы столькі месяцаў абклеены толькі яго выявай? У нас няма іншых аб’ектаў культуры, няма іншых музеяў?

Мне пасуе разумная рэклама. Прынамсі, падабаецца серыя “Смак беларускай мовы” — прыгожа, эстэтычна. А вось выява драніка ў форме сэрца “Я люблю Беларусь” выглядае надзвычай прымітыўна. На мой погляд, метро перагружана рэкламай, бывае, нават назву станцыі не адразу заўважыш. Я сам штодня езджу ў метро з “Каменнай Горкі” ў цэнтр. Захапіўся добрай ідэяй аднаго з мабільных аператараў — стварыць “бібліятэчныя” вагоны. НММ не пацягне па такім жа прынцыпе абклеіць вагон знутры карцінамі. Два гады таму мы замовілі знешняе аздабленне двух вагонаў, кожны з якіх курсіруе па адной з ветак.

Жыццё паказвае, што мала толькі размясціць рэкламу, трэба яшчэ пільнаваць, каб хтосьці яе не “ўдасканаліў”. Напрыклад, была ў цэнтры Мінска сітуацыя, калі сіцілайты (рэкламныя канструкцыі, якія ўсталёўваюць на тратуарах і ўздоўж праезджай часткі) пачалі “прывязваць” да асвятляльных мачтаў. Нельга ж перасоўваць рэкламнае пано толькі з той нагоды, што яно па нейкіх прычынах камусьці замінае. Зараз па маёй просьбе сіцілайты вярнулі туды, дзе яны павінны б стаяць па логіцы.

— За савецкім часам існавала зручная для мастакоў сістэма закупак. Зараз жа не кожны творца нават фінансава адолее стварэнне эпічнага палатна, калі няма ўпэўненасці ў тым, што зможа яго прадаць. Ці можа музей стаць ініцыятарам нейкіх творчых замоў?

— Можам. Але мы павінны гарантаваць мастаку, што выкупім заказ, а для гэтага неабходна знайсці спонсара ці замоўцам павінна выступіць дзяржава. Так, многія айчынныя палотны, што ўвайшлі сёння ў падручнікі, сталі нацыянальнай каштоўнасцю, у свой час былі зроблены па сацыяльным заказе. Чаму мы сёння ў жывапісе скаціліся на такую камернасць? Мастакі нясуць у Палац мастацтва пейзажыкі, камерцыйна паспяховыя сюжэты, каб праз пару тыдняў зняць іх з выставы і гарантавана прадаць у салонах. Каму сёння патрэбна, напрыклад, гістарычнае палатно? А творцу, каб яго напісаць, неабходна набыць матэрыялы, правесці вялікую падрыхтоўчую працу, перачытаць тамы ў бібліятэцы. Можа прайсці год ці болей, пакуль атрымаецца вынік. Мне здаецца, сістэма замоў змагла б выправіць сітуацыю. Пакуль музею не пацягнуць такі праект, бо нам патрэбна завяршыць пабудову музейнага квартала.

— Але якраз можна замовіць, каб да 2019 года дакладна зрабілі…

— Можа да гадавіны адкрыцця комплексу такая карціна і павінна быць. Мы падумаем наконт тэматыкі. Трэба ўсё ўзважыць. Тэма вельмі важная, я згодзен.

У сустрэчы ўдзельнічалі Пётра ВАСІЛЕЎСКІ, Барыс КРЭПАК, Таццяна МАТУСЕВІЧ, Настасся ПАНКРАТАВА, Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ

Фота Аліны САЎЧАНКА

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"