63875(2), або Сустрэчы каля падпіснога століка

№ 44 (1274) 29.10.2016 - 04.11.2016 г

У сераду Нацыянальны мастацкі музей краіны поўніўся наведвальнікамі: магчымасць дакрануцца да мастацтва без страты для ўласнай кішэні (акурат быў дзень бясплатнага наведвання) прыцягнула ўвагу найперш школьнікаў, студэнтаў, пенсіянераў. І ўвесь час працы ўстановы культуры супрацоўнікі рэдакцыі газеты “Культура” і часопіса “Мастацтва” правялі ў яго фае і залах, гутарачы з патэнцыйнымі (і цяперашнімі) чытачамі, распавядаючы пра ўсе варыянты падпіскі на газету і часопіс. Дарэчы, падпісныя індэксы “К” — нязменныя: 63875 (для індывідуальных падпісчыкаў) і 638752 (для ведамасных).

/i/content/pi/cult/610/13563/1-2.jpgПа-першае, стала відавочна: згаданыя школьнікі ды студэнты моцна заселі ў інтэрнэт-прасторы, а друкаваныя медыя не прыцягваюць іх увагу. Затое моладзь з цікавасцю распытвала пра наш сайт і старонкі ў сацыяльных сетках. Дарэчы, калі моладзь мы “лавілі” ў музейных залах, дык людзі, якія размянялі чатыры дзясяткі і больш, самі падыходзілі да інфастала, праглядалі прыхопленыя намі асобнікі “К”. Некаторыя затрымліваліся больш доўга, каб пагутарыць пра набалелае ў айчыннай культуры.

— Неаднаразова маімі суразмоўцамі станавіліся падпісчыцы газеты “Культура” ці часопіса “Мастацтва”, — распавядае аглядальнік “К” Настасся Панкратава. — На вялікі жаль, выпісвалі іх раней, зараз жа або звяртаюцца па інфармацыю ў сеціва, або фінансы не дазваляюць.

У працяг тэмы дадае спецыяльны карэспандэнт Алег Клімаў: “Жанчына гадоў за шэсцьдзесят бярэ са стала адзін з нумароў “Культуры” і пільна ўзіраецца ў першую старонку.

— А вось і падпісныя бланкі, — паказваю я ёй.

— Ведаю вашу газету, — кажа яна. — Я шмат гадоў працавала паштальёнам, апускаючы ў паштовыя скрыні лісты, часопісы, газеты, часам затрымлівала ў руках “Культуру”, спехам прачытвала, што ў ёй напісана. З гадамі, дарэчы, газетнай карэспандэнцыі станавілася ўсё менш і менш, а там надышоў момант, калі я наогул звольнілася.

— Сітуацыя знаёмая, вазьміце тады візітоўку, там ёсць наш адрас у сеціве.

Суразмоўніца дзякуе і, прыціскаючы да грудзей “Культуру”, адпраўляецца ў падарожжа па музейных залах.

— А чаму вы да гэтага часу нічога не напісалі пра выставу “Мастацтва будызму”? — звяртаецца да мяне строгая дама.

— Значыць, чытаеце нас пастаянна? — пытаюся я.

— Жыву ў цэнтры і па суботах купляю газету ў “Глобусе”. Дык чаму не напісалі?

— Нуууу... — мармычу я, — асноўны ўпор мы робім на тое, што звязана з беларускай культурай.

— Гэта слушна, — ухваляе яна палітыку нашага выдання. — І выдатна, што газета ў вас беларускамоўная. Але ўсё ж пра такія, з майго пункту гледжання, унікальныя выставы і вам пісаць варта.

Я абяцаю данесці яе меркаванне да галоўнага рэдактара, і мы, задаволеныя адзін адным, развітваемся”.

Карэспандэнт Вольга Ропат зазначае: “Перш чым пісаць пра меркаванні наведвальнікаў, падзялюся назіраннямі. Для чаго чалавек прыходзіць у музей? Як на маю думку, каб адпачыць, забыцца пра хатнія клопаты, працу, непрыемнасці. Каб убачыць мастацтва і зразумець інтэнцыі аўтара. Магчыма, я ідэаліст, але некаторыя адмыслова выпраўляюцца туды, каб забыцца на непрыемнасці. А іншыя, паглядаючы на жывапісныя палотны, кажуць пра… шарлотку. Ды ўсё ж мастацтва дае нам ідэі, нагоду падумаць, паразважаць, выклікаць асацыяцыі, успаміны…

Паспрабавала “намацаць” аўдыторыю. Вынік наступны: газеты павінны існаваць, але выпісваць іх не жадаюць, таму што грошай шкада на падпіску (галоўная прычына), а таксама — усю інфармацыю можна знайсці… самі здагадайцеся дзе. Яшчэ раз пераканалася ў тым, што людзі, калі “ідуць у свет”, пакрываюцца абалонкай “культурнасці”: яны ведаюць, што трэба газеты чытаць (лічыцца “харошым тонам”), варта хадзіць у музеі… Гэх, неяк усё алагічна, як для мяне…

Пра што хочуць дазнацца рэспандэнты? І пра традыцыйнае мастацтва, і пра сучаснае, у спіс патрапіла і культурная спадчына… Як высветлілася, цікавяць матэрыялы пра замежных творцаў, сусветную культуру, нейкія навінкі. Прычым здзівіла наступнае: людзям не хапае менавіта інфармацыі (напрыклад, цяжка было даведацца, што сёння ў музеі дзень адкрытых дзвярэй), а не аналітыкі. Галоўнае — каб працавалі музеі, галерэі, тэатры (іншым разам і бясплатна) ды іншыя культурныя ўстановы, а асэнсаваць людзі могуць і без дапамогі крытыкаў. Праўда, адзін з маіх візаві сказаў пры гэтым, што не хапае асветніцкіх праграм пра ўсе віды мастацтва на ўзроўні “масавага” гледача: “Тое, што зараз шмат дзе праводзіцца, разлічана на прафесіяналаў ці на даволі абазнаных у прадмеце асоб”.

“Культуры” як з’яве культуры бракуе даступнасці. Інакш кажучы, яе ведаюць найперш (а мо і толькі) работнікі культуры і дзеячы мастацтваў. У дадзеным выпадку слоган “Культура” — газета для прафесіяналаў” — правамоцны і лагічны. Але ж у нас процьма іншых патэнцыйных падпісчыкаў, прафесія якіх не звязаная з праявамі творчасці. Гэта бацькі, чые дзеці займаюцца ў школах мастацтваў; неабыякавыя асобы, якіх турбуе лёс роднай мовы, беларускай вёскі, нашых гістарычных помнікаў; айчынныя турысты, для якіх публікацыі “К” маглі б стаць дапаможнікам у справе выпрацоўкі чарговага маршруту для цікавай вандроўкі… Спіс, пагадзіцеся, можна доўжыць і доўжыць. Не стае чаго? Правільна: рэкламы. Сплю і бачу, як абапал шашы ва ўсіх куточках Бацькаўшчыны мільгаюць у акенцах транспарту банеры з надпісам “Культура” — газета для тых, хто любіць Беларусь”. “Мары, мары…” — дадае да свайго спічу рэдактар аддзела Яўген Рагін і працягвае:

— Таму вельмі натуральным падалося тое, што маленькая прастора вакол нашага падпіснога століка ў Мастацкім музеі сталася для пэўных наведвальнікаў нечаканай выспачкай для дыскусій і гутарак па душах. Вось шматлюднай хваляй “прыбіла” да гэтай выспачкі двух мажных мужчын у акулярах. Яны з цікавасцю глядзелі на стосікі нумароў “Культуры” і “Мастацтва”. Бачылі гэтыя выданні ўпершыню, былі здзіўленыя, самі распачалі гаворку пра лёс беларускай мовы (характэрна тое, што імгненна перайшлі з рускай на даволі прыстойную родную), пра Віцебшчыну, вёскі якой пусцеюць літаральна на вачах, пра экалогію, гісторыю, мастацтва. Яны ведалі нашых мастакоў, асветнікаў, колішніх князёў, арыентаваліся ў традыцыйнай культуры і класічным нацыянальным мастацтве… Словам, забралі з сабой падпісныя квіткі і пакінулі нам надзею.

— Я бачыў зацікаўленыя твары наведвальнікаў Нацыянальнага мастацкага музея, назіраў, як маладыя людзі, не зацікавіўшыся папяровым выданнем, расхоплівалі візітоўкі “Культуры” і “Мастацтва”, на якіх прастаўлены адрас нашага сайта, гутарыў з многімі, хто падыходзіў да стэнда, — дзеліцца ўражаннямі аглядальнік “К” Юрый Чарнякевіч. — Нехта ўзгадваў ранейшых рэдактараў выдання, хтосьці казаў пра тое, што памятае часы, калі газета выходзіла на крэйдаванай паперы, а яшчэ адзін з маіх суразмоўцаў доўга тлумачыў, што сфера культуры сёння проста выжывае… Карацей кажучы, шчырых размоў хапала. І гэта, мабыць, самае галоўнае. А на будучыню, мяркую, парупімся пра яшчэ большую колькасць рэкламных улётак, прэзентацыйных матэрыялаў і яшчэ чаго-небудзь цікавага...

Згадвае дзень у музеі спецыяльны карэспандэнт Пётра Васілеўскі:

Мне было цікава гутарыць з людзьмі, якія могуць стаць маімі чытачамі, але, на маю думку, сама акцыя — гэта не зусім тое, чым мусіць журналіст займацца. Патлумачу чаму. Досыць часта я раніцай на працу еду з лецішча, якое знаходзіцца ў мінскім прыгарадзе. Да горада еду электрычкай. У вагоне гартаю матэрыялы, з якімі буду працаваць на працягу дня, настройваю сябе на работу. І раптам з’яўляецца ў вагоне гандляр і пачынае зычным голасам, а то яшчэ праз узмацняльнік, рэкламаваць свой тавар. Ох, як гэта напружвае!

Вось і я, хоць у дадзеным выпадку прапагандаваў культуру (як газету і як з’яву), але пры гэтым адчуваў сябе кімсьці накшталт таго гандляра ў электрычцы. Наведванне музея патрабуе адпаведнага настрою, які я сваёй прысутнасцю і дзеяннямі аб’ектыўна збіваю, ствараю людзям нязручнасці. Ну а самы прыемны момант, гэта калі я прапанаваў жанчыне сталага веку наш квіток на падпіску, а яна адказала: “Дзякуй. Газету “Культура” я купляю”. Прыемна сустрэць "нашага чалавека".

Да сустрэчы наступным разам! Месца яе абвесцім неўзабаве!