Пакуль без сэлфі з Ільічом, але — з мінскім Шэрлакам

№ 43 (1273) 22.10.2016 - 28.10.2016 г

Традыцыйна многімі гараджанамі сталічны Музей гісторыі першага з’езду РСДРП успрымаецца як сведчанне палітычных перадрэвалюцыйных падзей на памежжы ХІХ і ХХ стагоддзяў. Яно і не дзіўна: у савецкі час канцэпцыя музея адлюстроўвала шматлікія ідэалагічныя шаблоны. Апошнія ж пару дзесяцігоддзяў гэтая ўстанова з’яўляецца філіялам Нацыянальнага гістарычнага музея. Паступова змяняецца і напаўненне. А неўзабаве наогул чакаецца адкрыццё новай пастаяннай экспазіцыі.

/i/content/pi/cult/609/13558/3-1.jpgГалоўная прычына: каб адпавядаць сучасным патрабаванням і не толькі не згубіць наведвальніка, але і ўзбагаціць культурнае жыццё Мінска. Па словах Андрэя Ляневіча, вядучага навуковага супрацоўніка Нацыянальнага гістарычнага музея, папярэдняя экспазіцыя дзейнічала з 2008 года. За гэты час матэрыял, што дэманстраваўся, інфармацыйна і тэхнічна састарэў. Неабходна было абнавіць інфармацыйную базу. А таму ў працэсе стварэння экспазіцыі музейшчыкі дадалі інфармацыю пра горад Мінск канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Таксама быў уведзены дадатковы прадметны шэраг.

Падзеі, звязаныя з гэтым з’ездам, цяпер будуць разглядацца не як адарваны кавалак гісторыі Мінска, а як складнікі палітры губернскага горада. Раней наведвальніку распавядалі пра саму падзею, пра далейшую гісторыю стварэння бальшавісцкай партыі, рэвалюцыйныя падзеі. Госць музея не ўяўляў, якім быў Мінск канца ХІХ стагоддзя. А ў гэты час тут адбываліся разнастайныя культурныя і грамадскія падзеі, горадам кіраваў знакаміты Караль Чапскі. Адчуць тую эпоху дапамогуць разнастайныя архіўныя фотаздымкі, а таксама інфармацыя пра іх стваральнікаў.

Вельмі цікава будзе пазнаёміцца з новым фарматам асвятлення пытання жандармскага вышуку, у тым ліку праз постаць беларускага Шэрлака Холмса — Аркадзя Кашко — аднаго з самых знакамітых дэтэктываў Расійскай імперыі. Па-новаму будзе пададзена інфармацыя пра дэлегатаў самога з’езду, палітычнае жыццё на тэрыторыі тагачаснага Паўночна-Заходняга краю.

У планах музея магчымасць сфатаграфавацца з манекенам Леніна пакуль не прадугледжваецца. Аднак з іншымі героямі таго часу сэлфі зрабіць будзе можна. Апроч таго, адна з залаў будзе паступова набываць інтэрактыўны характар: там будуць адбывацца імпрэзы, розныя невялікія выставы, прэзентацыі.

Можна будзе пабачыць у рамках асноўнай экспазіцыі і постаці Янкі Купалы і Змітрака Бядулі. І зусім не з-за іх палітычных перакананняў. Усё нашмат прасцей. Справа ў тым, што з гэтым домам звязана значна больш гісторый, чым можна сабе ўявіць. Некаторыя з іх ужо сталі гарадскімі легендамі. Так, некалькі гадоў у гэтым доме жылі нашы выбітныя пісьменнікі. Першы пераклад на беларускую мову “Слова пра паход Ігаравы” быў здзейснены Янкам Купалам менавіта ў гэтым месцы. Гэты факт не маглі абысці пры абнаўленні экспазіцыі. Тым больш, недалёка — на іншым беразе Свіслачы — знаходзіцца Літаратурны музей Янкі Купалы і парк, які носіць імя нашага класіка.

Варта дадаць, што інфармацыя ў экспазіцыі будзе змешчана на беларускай, рускай і англійскай мовах. Ужо запісаныя аўдыягіды. Апроч таго, у бліжэйшых планах размяшчэнне на музейных прадметах QR-кодаў.

Фота аўтара

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"