“Хачу ўвесь час адчуваць сябе хлапчуком, а на юбілеі пахуліганіць”

№ 43 (1273) 22.10.2016 - 28.10.2016 г

Знакамітаму спеваку Валерыю ДАЙНЭКА, вядома ж, 65 гадоў не дасі. Але афішы найбліжэйшага канцэрта ансамбля “Беларускія песняры” ў Мінску маюць дадатковую “прывязку” да гэтай даты заслужанага (а па сутнасці – даўно ўжо народнага) артыста Рэспублікі Беларусь. Але пагутарылі мы пра рознае: пра тое, як заставацца хлапчуком у любым узросце і ідэальна падрыхтавацца да канцэрта, на карысць чаго Дайнэка адмаўляецца ад сваіх аранжыровак у “Песнярах” і чаму не спявае “Белавежскую пушчу”. А таксама пра тое, ці будуць на юбілейным выступе танцы, пер’е і дзяўчаты з вялізнымі... вартасцямі. 29 лістапада, акурат у дзень народзінаў Дайнэкі, адбудзецца канцэрт ансамбля "Беларускія песняры" да яго важкай даты ў сталічным Палацы культуры Мінскага аўтазавода.

/i/content/pi/cult/609/13550/DSC_0597_resize1.jpg Дык як жа вы адчуваеце сябе ў гэтыя амаль шэсцьдзесят пяць?

А сапраўды, як? Так, раніцай, бывае, штосьці пабальвае. Напэўна, гэта звязана з тым, што раней даводзілася пабольш рухацца, часта гулялі ў даўно забыты футбол. Затое сёння з'явілася пэўнасць: дакладна ведаеш, што заўтра цябе патурбуе, калі напярэдадні папрацуеш ля хаткі ў вёсцы, дзе заўсёды стае справаў. Ну а ў душы адчуваю сябе гэткім жа маладым, як і ў ... шэсцьдзесят! (Смяецца.) О, я цяпер зразумеў, што такое мае 65 гадоў: адразу загаварыў пра балячкі! Дарэчы, цяпер разумею: ды шэсцьдзесят гэта, аказваецца, проста нішто! А я ж страшна баяўся такога ўзросту гадоў трыццаць таму. Але калі стукнула паўсотні”, стала прасцей: мне здавалася, што мне ўсяго трыццаць, тым больш давалі гадоў на пяць- дзесяць больш. Так што дай бог, калі ў шэсцьдзесят пяць дадуць сорак пяць.

Ну а па-музыканцкі ёсць нейкая розніца?

Мяркуючы па канцэртах у Беларускіх песнярах”, псіхалагічна і фізічна, як, зрэшты, і раней, я настройваюся на выступы. Мозг падае імпульсы, можа, кроў пачынае хутчэй цыркуляваць, але ў выніку ўсё “прылады” ў глотцы прыходзяць у патрэбную пазіцыю, а потым і ў галаве ўсё складваецца. І калі я ведаю, што праз месяц – адказны канцэрт (як цяпер), дык загадзя рыхтуюся да яго. Прычым “падганяеш” сябе і да патрэбнай фізічнай формы, худзееш ужо таму, што няма апетыту, жору”: пастаянна думаеш пра канцэрт, уяўляеш сабе, як спалучыць песні ў канцэрце. А вось ўсялякае хваляванне знікае. Хоць ведаю, што некаторыя калегі наадварот у такія перыяды замыкаюцца ў сабе, пачынаюць хварэць, у іх знікае голас. А ў мяне, нават калі я прастыну напярэдадні канцэрта, арганізм ужо настолькі сабраны пад выступ, што – цьфу-цьфу-цьфу – выходзіш, і ўсё атрымліваецца.

Забабоннае “цьфу-цьфу-цьфу ад мэтра беларускай сцэны...

Гэтае слова, мэтр, у адносінах да сябе мне не падабаецца. Да таго ж, хачу ўвесь час адчуваць сябе хлапчуком і, напэўна, такім хлапчуком і памру. Ну не хочацца быць мэтрам, насамрэч! Узрост, лічбы мяне не палохаюць, а такія гульні з эпітэтамі проста не падабаюцца. І не настолькі шмат я зрабіў, не так шмат значу ў музыцы, каб сябе такім лічыць. Калі хтосьці можа такое сказаць пра мяне, гэта проста нагода для ўсмешкі, не больш. А яшчэ ў нас усё ж такі ансамбль. І быць мэтрам ў калектыве... Дзіўна, карацей.

А вызначэнне гэтае ўсё ж такі пра выбітных у чымсьці асоб, якія кіравалі свядомасцю людзей. Ні аднаго сучаснага артыста з Беларусі, Расіі або іншых постсавецкіх краін не магу прылічыць да мэтраў, хай і прапрацавалі яны многія дзесяцігоддзі на сцэне – да прыкладу, той жа Кіркораў, вельмі папулярны спявак. (А! Вось Аляксандр Саладуха, напэўна, лічыць сябе мэтрам. Гэтаму я таксама ўсміхнуся. Разам з ім!) Іншая справа старога пакалення спевакі савецкай эпохі, як Марк Бернес, або кампазітары той пары, скажам, Ціхан Хрэннікаў, Васіль Салаўёў-Сяды, або дырыжоры вялікіх калектываў, або паэты. Але бывала ж і такое, калі мэтр пачынае пісаць нейкую лухту, і гэта вызначэнне адлятае ад яго... на кіла-“мэтр”.

Вы кажаце, што хочаце адчуваць сябе хлапчуком, але ж у вас не так ужо мала вучняў...

Хутчэй наадварот: іх не так ужо і шмат. І, за выключэннем адзінак (вось у Яўгена Чалышава свой гурт), яны працуюць вакалістамі, і ніхто іх не ведае, калі наогул не кінулі займацца спевамі. А з тых, хто па-ранейшаму ў прафесіі, многія апынуліся за мяжой. І думаю, тое – нармальна, калі там можна гэтым жыць і зарабляць. У Беларусі ж трэба пастаянна прарывацца на нейкія музычныя каналы, на радыё, куды цябе не запрашаюць. У выніку, калі нейкія людзі сышлі з канала, то ў цябе там і знаёмых ужо не застанецца. Заводзіць новыя сувязі? Усё адно праз пару гадоў пачнеш спачатку. Іншая справа, што ёсць людзі, на чый густ і досвед каналы маглі б арыентавацца. Скажам, спытайся ў мяне нехта, ці магу я параіць новыя імёны для эфіраў, з ходу назваў бы некалькі асоб, і на конкурс магу прыйсці, на адбор. Прынамсі, пры гэткіх падыходах праца з шоу-бізнесам на ТБ не нагадвала б хаатычны рух. Але, мабыць, для шматлікіх маіх студэнтаў гэта ўжо і неактуальна: хтосьці не ў тым узросце, каб пачынаць падобную гісторыю, у іншых сем'і, дзеці.

/i/content/pi/cult/609/13550/DSC_0587_resize1.jpg

– Але ёсць бо і даволі прыкметныя ў Беларусі імёны, чые поспехі таксама звязаныя з вашым удзелам у іх лёсе...

Так, яшчэ ёсць тыя, з кім я працаваў на нейкім этапе, рыхтаваў іх да конкурсаў. Але я не лічу іх сваімі студэнтамі, гэтак жа, як яны цалкам могуць не адносіць мяне да сваіх выкладчыкаў. Вось з Б’янкай працаваў над асобнымі песнямі, да прыкладу. Праўда, пра яе неяк адразу зразумеў: яна артыстка сама ў сабе. Але, вядома, мне прыемна, калі Алёна Ланская пра мяне прыгадвае ў інтэрв'ю ці Лёша Грос скажа пару слоў. Яму, дарэчы, я ўвесь час паўтараў падчас падрыхтоўкі да конкурсу “Славянскага базару ў Віцебску”: “Калі ў цябе ёсць нейкія пытанні, прыходзь, абмяркуем”.

А яшчэ часта прыходзяць з маленькімі дзеткамі, маўляў, праслухайце на прадмет таленту. Так, у прынцыпе, мне было б прыемна, не з’яўляючыся музыкантам, прыйсці са сваёй дачкой да паважанага мной вакаліста і пачуць, што маё дзіця мае здольнасці да спеваў. Напэўна, гэта вельмі магутны стымул і штуршок да канкрэтных дзеянняў для бацькоў. І адкрыцці здараюцца: памятаю, дзяўчынка гадоў дзесяці як загаласіла на такой сустрэчы, што я сядзеў з адкрытым ротам! Тут, сказаў я бацькам, нават не ведаю, як займацца: трэба толькі густ прывіваць, рэпертуар.

Дарэчы, пра густ і рэпертуар. Хто і як яго прышчапляў вам? Ды так, што зараз аб вашай шыкоўнай фанатэцы з альбомаў невядомых шырокай публіцы выканаўцаў ходзяць легенды...

– Густ, наогул, прышчапляе любая музыка. У маім выпадку гэта была, сярод іншага, і класічная у музычнай школе. Я не моцна рыхтаваўся да заняткаў па музычна-тэарэтычных прадметах: з-за нязменнай да сённяшняга дня методыкі яны і тады, і цяпер здаюцца мне бескарысным заняткам. Мы ж нічога не запаміналі! Зрэшты, я не адмаўляю, што не валодаю асаблівай памяццю на класіку. Так, магу наспяваць, нават часам прыгадаю, хто напісаў твор, але дзе месца гэтай рэчы ў часавай прасторы, які акт, чыя арыя, як тое патрабавалася сказаць на экзамене... Ды ёлкі-палкі: якая розніца! Тут душа павінна ляжаць. Іншая справа, каб мы вучылі папулярную музыку... Зрэшты, у мяне ёсць сябар, не музыкант, працуе ў паліклініцы, і ён разбіраецца ў класіцы лепш, чым я. І калі ён мне распавядае пра свае ўражанні аб творы, я з разумным выглядам ківаю: “Так, зразумела, ведаю-ведаю...”

А наогул, у мяне прасцейшыя ўзаемаадносіны з джазам і папулярнай музыкай, чым з акадэмічнай. Але нават тут я аддаю перавагу таму, каб атрымаць максімум музычнай інфармацыі (адсюль і фанатэка). Яна ў галаве збіраецца, упарадкоўваецца. А калі табе трэба нешта напісаць у аранжыроўцы, менавіта з гэтага матэрыялу ідуць пранікненни, запускаецца працэс “перабражэння”. Ды і наконт аранжыровак у прынцыпе ў мяне даўно склалася меркаванне: не абавязкова нешта прыдумляць, вынаходзіць штораз ровар. Музыка складаецца з вядомай колькасці нот, і яна ўжо напісана ўся – наперад і назад.

/i/content/pi/cult/609/13550/DSC_0613_resize1.jpg

Але з “перабражэння выходзіць нешта сваё, уласнае. Прычым настолькі, што ў кнізе “Тыя, хто ажыўляюць міфы, напісанай вамі ў суаўтарстве з украінскай даследчыцай фальклору Анжэлай Гергель, вы згадваеце, што лічыце зробленыя вамі падчас працы ў ансамблі Песняры аранжыроўкі хутчэй самастойнымі творамі...

Так, я не магу сябе назваць аранжыроўшчыкам гэта была, хутчэй, праца над творам. Дый наогул на постсавецкай прасторы не прынята прыгадваць імёны аранжыроўшчыкаў, хоць праца апошніх – працэнтаў восемдзесят поспеху любой песні. Напісаць песню, клянуся, вельмі проста, валодаючы густам, талентам, больш-менш ведаючы гармонію. А вось зрабіць яе... І таму аранжыроўшчык – вышэйшы за кампазітара ў папулярнай музыцы. Паслухайце нават праславуты рускі шансон: хлопцы зарабілі трохі грошай і ўжо могуць замовіць якасны прадукт. Ёсць там і гітарнае сола, і яркія партыі іншых музыкантаў – усё “прыкрыта” па максімуме. Праўда, ад гармоніі, ад тыповай для шансону пабудовы акордаў нікуды не падзенешся.

– У Беларусі ёсць аранжыроўшчыкі высокага ўзроўню?

– У “Беларускіх песнярах” – Максім Пугачоў, які хутка ўключаецца, па дваццаць разоў перарабляе твор, пакуль не атрымаецца абсалютна выразны вынік. Для канцэрта з шоу-аркестрам Аляксандра Ліпніцкага разам з дырыжорам асноўную частку аранжыровак на сімфанічны склад рабіў Арцём Краснабаеў. Вельмі сімпатычныя аранжыроўкі рыхтуюць для Ані Шаркуновай (хай хтосьці і здзівіцца, а мне некаторыя песні ў Ані вельмі падабаюцца, ды і яе вакал наогул). А раней Ігар Палівода ў “Песнярах” якія шыкоўныя аранжыроўкі пісаў! Так што ёсць людзі, якія разбіраюцца. І адказ на пытанне: ёсць.

Наколькі я ведаю, ваш юбілейны канцэрт, як названы выступ Беларускіх песняроў 29 лістапада ў ПК МАЗа, першы ў кар'еры...

Так, першы юбілей, звязаны з канцэртам. Я ж ніколі не імкнуўся рабіць канцэрты з нагоды круглых дат – так, каб з танцамі, пер’ем і дзяўчатамі з вялізнымі... вартасцямі. Проста ванітуе ад такой мішуры! Сапраўды гэтак жа, як у сувязі з датай пышна пра сябе гаварыць або дзесьці свяціцца. І калі пачынаюць назвоньваць, пытацца, што я збіраюся рабіць да 29 лістапада... Я хацеў бы папросту сабраць за сталом сяброў і выпіць з імі. А тут супадзенне. Мне ж патэлефанаваў арганізатар і прапанаваў гэты дзень для канцэрта ансамбля. Я са здзіўленнем перапытваю, як так супала у мяне ж 29-га дзень нараджэння. На тым канцы дроту спачатку павісла паўза: нечаканка... Ну а калі справа дайшла да канкрэтыкі, паўстала пытанне, ці прыгадваць маё 65-годдзе ў рэкламе. Вырашылі, што варта. Вось і закруцілася.

А тэма з юбілейнымі канцэртамі раней узнікала толькі аднойчы. Перад 60-годдзем ў закуліссі “Славянскага базару ў Віцебску” агучылі прапанову зрабіць праграму ў Палацы Рэспублікі з аркестрам. Я адразу пачаў сабе ўяўляць, як пойдзе працэс падрыхтоўкі, колькі можа апынуцца на шляху затрымак, нарэшце, нешта ў прапанаваных версіях мне не спадабаецца. І што далей? За час рэпетыцый пастарэеш гадоў на пяць (а я ж хачу быць хлапчуком, нагадваю!), і з такімі стратамі энергіі напярэдадні на канцэрт мяне проста не хапіла б. Ну, праўда, гэта ж не Амерыка, дзе справа пастаўлена на канвеер, і ты павінен думаць толькі пра сваю песню ў той час, калі кожны з васьмі прадзюсараў і менеджараў вакол цябе адказвае, адпаведна, за аранжыроўку, за гучанне, за нахіл сцэны, за тое, каб пакрыццё на ёй не слізгала, за размяшчэнне мікрафонаў...

– Цяпер многія выканаўцы скардзяцца на не самыя поўныя залы, маўляў, цэннік адпужвае патэнцыйную публіку...

А з іншага боку, не трэба саромецца коштаў на білеты. Яны павінны быць не завоблачнымі, але адэкватнымі. Дзіўна, але калі ты заніжаеш цэны, білеты набываюць менш, гледачы адчуваюць падвох: думаюць, напэўна, альбо яны будуць гнаць лухту, альбо суцэльную “фанеру”...

/i/content/pi/cult/609/13550/DSC_0341_resize1.jpg

– Прыадкрыеце карты таго, чым плануеце здзіўляць публіку?

– Мы вырашылі дзейнічаць сіламі ансамбля “Беларускія песняры”. Таму гасцей запрашаць не будзем. Хоць нейкія віншаванні ў нестандартнай форме не выключаю. Рыхтуем і маленькія музычныя сюрпрызы: будзем хуліганіць, хлопцы паспрабуюць зрабіць нечаканыя хады, напрыклад, заспявае хтосьці з тых нашых артыстаў, хто ніколі не спяваў, або твор можа нечакана скончыцца і пачнецца іншы. Прычым не ўсякі ж падазрае, што я з той ці іншай рэччу ў свой час судакранаўся (не ў Песнярах або Беларускіх песнярах”, вядома). Нагрузкі на мяне ў гэты вечар будзе пабольш, чым звычайна, але ўсё ж такі гэта будзе канцэрт “Беларускіх песняроў”. Дрэс-код? Чорныя касцюмы, якім мы аддаем перавагу вось ужо трэці год на вялікіх мінскіх канцэртах. Адчуваеш сябе ў іх больш упэўнена, дакладна ведаеш, што ніякая бірулька не адляціць ад няёмкага руху. Застаецца толькі схуднець камусьці!

Але ж вы разумееце, што без Белавежскай пушчы вам у гэты вечар не абысціся?

- Разумею, але ...Пушчы якраз і не будзе. Яна не стаіць у нас у рэпертуары! Так з ёй наарыгінальнічаліся, што надакучыла да смерці (у самым добрым сэнсе гэтага выказвання)! Так што толькі на біс да яе можна вярнуцца, калі, вядома, біс здарыцца...

Знакавыя песні з вашага рэпертуару (не толькі ў Песнярах і Беларускіх песнярах”) гэта...

Зноў ...Пушчу не прапусціш! Зачарованая. Нешта фірменнае з маёй улюбёнай музыкі – ад джаза да папулярнай – мне хацелася б “усадзіць” у гэты канцэрт: з таго, што я ў свой час “запазычыў” у сваіх куміраў, якія жылі ці жывуць за акіянам, для свайго сольнага рэпертуару. Так што тры мовы на канцэрце гарантую: беларуская, руская і англійская. Падумаем над украінскай: ёсць цікавы стык маёй працы ў ансамблях Червона рута і Песняры. Вядома, хацелася б і “Ой, дожджык ідзе” прыгадаць пасля таго, як яна ў 2016-м гучала ў Гроса ў конкурснай праграме на “Славянскім базары...”, і “А дзе была вуціца?” назваць. Але ў канцэрце пастараемся знайсці сплаў таго, чым мы займаемся, і таго, што народ хоча пачуць. Гэта значыць паказаць, чым мы дыхалі, што спявалі нават мімаходзь. Думаю, людзі тое зразумеюць, калі паслухаюць канцэрт.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах