Коні Плейстацэну з ракi Сож

№ 42 (1272) 15.10.2016 - 21.10.2016 г

У рамках экспазіцыі “Адкрытае захоўванне археалагічных фондаў музея” ў вежы палаца Румянцавых і Паскевічаў працуе міні-выстава “Эпоха гігантаў: таямніца рэканструкцыі набярэжнай р. Сож”. Яна стала лагічным працягам леташняй міні-выставы “Эпоха гігантаў: знаходкі мегалацэраса ў Гомелі”.

/i/content/pi/cult/608/13533/14-2.jpgГод таму гамяльчане ўбачылі абноўленую набярэжную ракі Сож. У ходзе яе рэканструкцыі былі зроблены розныя музейныя знаходкі, якiя хаваліся на дне. У канцы 2015-га наведвальнікам музея былі прадстаўлены археалагічныя артэфакты на выставе “Новае ў археалогіі Гомельшчыны”, сабраныя ў перыяд рэканструкцыі. Але акрамя археалагічных, былі знойдзены і палеанталагічныя знаходкі, на якія радзей за ўсё звяртаюць увагу будаўнікі. Не падазраючы, што перад імі знаходкі, якія хаваюць таямніцы вымерлай гомельскай фаўны, яны, на жаль, проста выкідваюць іх, звяртаючы ўвагу толькі на косткі вялікіх памераў.

За працай па рэканструкцыі набярэжнай сачылі супрацоўнікі аддзела археалогіі Гомельскага палацава-паркавага ансамбля. Даследчыкамі было знойдзена больш за дзясятак касцяных парэштак прадстаўнікоў старажытнай фаўны. Больш за ўсё было выяўлена костак каня (equus caballus), якi жыў у тыя часы, калі на тэрыторыі Беларусі хадзілі маманты. Варта згадаць, што костка маманта таксама была выяўлена. Здавалася б, што конь у нашы дні  — не рэдкасць, але ж не кожны дзень можна ўбачыць рэшткі дзікага каня, якому не адзін дзясятак тысяч гадоў!

Коні Плейстацэну былі распаўсюджаны на ўсёй тэрыторыі Еўропы. Іх рэшткі вельмі часта знаходзяць на месцы стаянак старажытных людзей. Гэта даводзіць, што жывёла станавілася прадметам палявання. А ў канцы Верхняга Плейстацэну конь стаў адной з галоўных мэтаў у паляванні чалавека. Невыпадкова ў пячорах даследчыкі выяўляюць розныя наскальныя малюнкі гэтай жывёлы. Яскравым прыкладам можна лічыць пячору Ласко ў Францыі, дзе конь намаляваны ў так званай “зале быкоў”, “восевым праходзе”, “каціным лазе” і “шахце”. Дарэчы, дзякуючы наскальнаму жывапісу, навукоўцы рэканструявалі вонкавае аблічча старажытных коней.

У калекцыі Гомельскага палацава-паркавага ансамбля захоўваецца больш за дзясятак костак гэтай жывёлы, знойдзеных на тэрыторыі горада — у раёне Валатавы, абласной бальніцы, Асаўцоў, набярэжнай ракі Сож, дзе падчас яе рэканструкцыі найбольшая колькасць астанкаў. На выставе прадстаўлена 8 палеанталагічных артэфактаў, якія належаць equus caballus. Сярод іх фрагменты верхняй і ніжняй сківіцы з зубамі; прамянёвая, плечавая, пястная, вялікая галёначная косткі, паяснічны пазванок і фрагмент таза.

Дадзеная міні-выстава з’яўляецца не апошняй з серыі “Эпоха гігантаў”. У далейшым супрацоўнікі аддзела археалогіі гомельскага палацава-паркавага ансамбля прадставяць і іншыя палеанталагічныя артэфакты з калекцыі музея.

Юрый ПАНКОЎ, гісторык, супрацоўнік Гомельскага палацава-паркавага ансамбля