Паэт тонкага шкла бакала

№ 42 (1272) 15.10.2016 - 21.10.2016 г

Дызайнер з Фінляндыі Ціма Сарпанева: мінскі візіт
У 1974 годзе ў дызайнераў Мінска была вялікая падзея — з Фінляндыі прыехала выстава самага знакамітага на той час фінскага дызайнера Ціма Сарпаневы. Са сваёй выставай павінен быў наведаць беларускую сталіцу і сам выдатны майстар. Тады, у 1974-м, гэтага гонару ўдастоіліся толькі тры гарады Савецкага Саюза — Масква, Мінск і Тбілісі.

/i/content/pi/cult/608/13532/14-1.jpgТрэба сказаць, што гэта быў час, калі ў Беларусі стаў інтэнсіўна развівацца дызайн. У 1966-м быў толькі-толькі арганізаваны беларускі філіял Усесаюзнага навукова-даследчага інстытута тэхнічнай эстэтыкі (УНДІТЭ), у 1967-м у Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце адкрылі кафедру прамысловага мастацтва (і праз пяць гадоў быў першы выпуск айчынных дызайнераў, многія з якіх прыйшлі працаваць у той самы філіял). Хутка на фоне ўсяго савецкага дызайну наша ўстанова да 1970-х заняла ўжо лідарскія пазіцыі. У арсенале распрацовак былі праекты трактароў, буйных сельскагаспадарчых машын, комплексныя рашэнні па арганізацыі вытворчага асяроддзя прамысловых прадпрыемстваў. Заказчыкі ж былі з усіх канцоў СССР.

Вялася ў айчынным філіяле УНДІТЭ і дызайнерская распрацоўка тавараў народнага спажывання. Акрамя таго, у Беларускім канструктарска-тэхналагічным інстытуце мясцовай прамысловасці быў арганізаваны моцны мастацка-канструктарскі аддзел, які ствараў дызайн культурна-бытавых і гаспадарчых вырабаў для прадпрыемстваў рэспублікі. Працавалі дызайнерскія службы і на прамысловасці: на Мінскім аўтазаводзе, вытворчым аб’яднанні “Гарызонт”, Беларускім оптыка-механічным аб’яднанні і іншых. Менавіта дасягненні маладога беларускага дызайну, напэўна, і сталі прычынай таго, што, акрамя Масквы і Тбілісі, выстава знакамітага фінскага дызайнера была наладжана яшчэ і ў Мінску.

Але хто такі Ціма Сарпанева, дызайнер, пра якога ў 1970-я гаварылі ва ўсім свеце? Нарадзіўся ён у 1926-м у Хельсінкі. У 1949 годзе Сарпанева скончыў аддзяленне графічнага дызайну Цэнтральнай школы мастацтваў і рамёстваў (зараз — Вышэйшая школа мастацтваў, дызайну і архітэктуры Універсітэта Аалта). У 1951-м стаў працаваць на шкляной фабрыцы “Іітала”, і хоць Ціма распрацаваў для гэтага прадпрыемства знакаміты лагатып (белая малая літара “і” на фоне чырвонага круга), аказалася, што не графічны дызайн галоўнае прызванне Сарпаневы. Дызайнер стаў паспяхова займацца распрацоўкай прамысловых вырабаў спачатку са шкла, а потым і з іншых матэрыялаў: металу, парцаляны і гэтак далей. Яго персанальныя выставы прайшлі ў Стакгольме і Капенгагене, Нью-Ёрку і Лондане, Парыжы і Токіа. Ён першым з дызайнераў у 1967 годзе атрымаў у Лондане ганаровую ступень доктара Каралеўскага каледжа мастацтваў. Галіна прафесійных інтарэсаў Сарпаневы — дызайн прадметаў побыту. Рэчы, якія ён ствараў, былі рацыянальныя па форме, максімальна карысныя і надзейныя і, у той самы час, на дзіва прыгожыя і гарманічныя. У сваёй творчасці Сарпанева адштурхоўваўся, у першую чаргу, ад матэрыялу. Шкло, сталь, чыгун, дрэва ў руках дызайнера пачыналі прамаўляць на ўласцівай толькі ім мове пластыкі, колеру і формы. За гады сваёй працы Сарпанева тройчы атрымліваў Гран-пры на Міланскім Трыенале, а ў 1954 годзе яго шкляная кампазіцыя “Архідэя” адным з аўтарытэтных амерыканскіх часопісаў была прызнана самым прыгожым вырабам у свеце. Лепшыя музеі ганарацца тым, што ў іх калекцыях ёсць работы Ціма Сарпаневы.

Дызайнер доўгі час праводзіў на вытворчых прадпрыемствах, непасрэдна ў цэхах, дзе вырабляліся рэчы па яго праектах. Часта ён сам прапанаваў рэвалюцыйныя змены ў тэхналогіі, каб дасягнуць максімальнага выніку ў стварэнні новай, арыгінальнай формы вырабу. Напрыклад, Сарпанева даў прапанову ўкараніць на шкляной фабрыцы “Іітала” новую аўтаматычную лінію, якая прынесла фірме вялікія эканамічныя выгоды. “У такіх выпадках, як і ва ўсякай рэвалюцыі, мне дапамагала вера ў сваю праўду”, — казаў дызайнер. Дарэчы, Сарпанева атрымаў багата патэнтаў на свае тэхнічныя вынаходніцтвы. Так, для тэкстыльнай прамысловасці ён распрацаваў спосаб нанясення двухбаковага малюнка на тканіну любой якасці, які атрымаў назву “амбіентэ”.

Сарпанева працаваў у розных сферах дызайну: праектаваў замкі, дзвярныя зашчапкі, наборы свяцільняў з модульнай пабудовай формы. Больш за ўсё дызайнер любіў праектаваць посуд. Пры гэтым нярэдка ён выкарыстоўваў самыя нечаканыя для такога кшталту рэчаў матэрыялы ці спалучэнні матэрыялаў: напрыклад, блюда з нержавеючай сталі, парцалянавы супнік са стальной ручкай... Усе гэтыя рэчы мелі моцную, рацыянальную форму, аўтар цалкам пазбаўляў іх якіх-небудзь упрыгожанняў. Але яны вылучаліся дзіўнай цеплынёй і гарманічнасцю знешняга выгляду. У сваёй творчасці Сарпанева абапіраўся на старадаўнія традыцыі фінскай народнай матэрыяльна-мастацкай культуры, натхняўся народнымі вырабамі, такімі блізкімі да прыроды. “Мы гаворым няпраўду, — казаў дызайнер, — калі называем стары бабулін кацялок непрыгожым, ён быў зроблены тады, калі чалавек жыў пад дыктоўку прыроды. Гэты кацялок і быў сапраўды дызайнерскім вырабам, нездарма мы захоўваем цяпер падобныя рэчы ў музеях…”

Але вернемся да мінскай выставы Сарпаневы 1974 года. Яна праходзіла ў выставачнай зале беларускага філіяла УНДІТЭ. У экспазіцыі было паказана шырокае кола вырабаў фірм Фінляндыі, Швецыі, ФРГ. Гэта дэкаратыўныя тканіны, дзверы і дзвярная фурнітура, шкляны, фарфоравы і металічны посуд, мэбля і іншыя прадметы. Сам Сарпанева падкрэсліваў тое значэнне, якое ён надаваў працы фінскіх дызайнераў за мяжой: гэта дае магчымасць параўнаць свае дасягненні з дасягненнямі калег, дапамагчы зберагчыся ад небяспекі вынаходніцтва веласіпеда і, канечне ж, гэта дае яшчэ адну магчымасць пераканаць прамысловасць розных краін у неабходнасці плённага служэння адна адной.

Манціроўкай мінскай экспазіцыі, як і маскоўскай, і тбіліскай, займаўся сам Сарпанева, які заўсёды рабіў свае выставы самастойна. І выстава ўяўляла з сябе твор мастацтва. Так, шкляны і металічны посуд быў змешчаны пад вялікімі празрыстымі паўсферычнымі каўпакамі, дзякуючы чаму экспанаты набывалі загадкавы, ірэальны выгляд. Наогул Сарпанева меў вялікі вопыт стварэння выставачных экспазіцый. Па яго праектах афармляліся фінскія нацыянальныя выставы прыкладнога мастацтва і дызайну ў Англіі, Бразіліі, Галандыі, Швецыі, а таксама павільёны Фінляндыі на міжнародных выставах “Трыенале” ў Мілане і “Экспа-67” у Манрэалі.

Безумоўна, усе нашы дызайнеры наведалі выставу. Але самым цікавым было тое, што ў канферэнц-зале Беларускага філіяла УНДІТЭ была прызначана сустрэча з выдатным фінскім дызайнерам. Мне таксама дасталося запрашэнне на сустрэчу. Зала была поўная, усе чакалі знакамітага госця. І вось разам з намеснікам дырэктара інстытута Альбертам Мельнікавым уваходзіць ён — высокі, элегантна апрануты чалавек з невялікай рудаватай бародкай, з ім прыгожая, стройная маладая жанчына — яго жонка. Павітаўшыся, Сарпанева з дапамогай перакладчыка пачаў расказваць пра сябе, пра дызайн, пра сваё бачанне прафесіі. Потым пайшлі пытанні. Было вельмі цікава, сустрэча цягнулася больш за гадзіну. У канцы Сарпанева сказаў, што хоча на памяць аб гэтай сустрэчы пакінуць каму-небудзь з прысутных адзін са сваіх твораў — вялікае металічнае блюда. Для гэтага ён прапанаваў наладзіць латарэю. Была прыдумана нейкая хітрая сістэма (дакладна ўжо не памятаю якая), што адзін з запрашальных білетаў на сустрэчу павінен быў выйграць прыз. Я таксама, як і ўсе, спадзяваўся на выйгрыш. Але, на жаль, шчасце аказалася не на маім баку. Адзін жа з прысутных дызайнераў атрымаў з рук вялікага фінскага майстра каштоўны падарунак. Але памяць ад гэтай сустрэчы ў мяне ўсё ж засталася — я падышоў да знакамітага госця і папрасіў, каб ён падкінуў мне аўтограф на каталозе яго выставы з вялікім партрэтам на вокладцы. Гэты партрэт з аўтографам і цяпер стаіць на паліцы кніжнай шафы ў маёй кватэры.

Знакаміты госць з'ехаў, але мне праз год пашчасціла ўбачыцца з ім ізноў. У 1975 годзе ў Маскве адбыўся чарговы кангрэс ІКСІД — міжнароднага саюза дызайнерскіх арганізацый. Такія імпрэзы праводзяцца ў розных гарадах кожныя два гады. Я, тады ўжо аспірант УНДІТЭ, удзельнічаў у маскоўскім кангрэсе. Гэта была вялікая падзея для савецкай дызайнерскай грамады. Тады ў Маскву з’ехаліся майстры са ўсяго свету, былі сярод іх і вельмі знакамітыя асобы, такія як заснавальнік вядомай Ульмскай школы дызайну Томас Мальданада, зорка японскага дызайну Кэндзі Экуан і многія іншыя. Прыехаў на кангрэс і наш знаёмы Ціма Сарпанева. У зале пасяджэнняў я яго бачыў толькі здаля, але на заключным банкеце ў рэстаране ён падышоў з бакалам да століка, дзе сядзелі беларускія дэлегаты кангрэса, і сказаў, што памятае цёплы прыём у Мінску і жадае беларускім дызайнерам плёну ў іх творчасці.

У самога Сарпаневы наперадзе тады было яшчэ тры дзясяцігоддзі паспяховай работы. У апошнія гады ён у асноўным займаўся скульптурай. Памёр вялікі дызайнер у 2006 годзе, не дажыўшы менш за чатыры тыдні да свайго васьмідзесяцігоддзя. Ён сапраўды быў паэтам дызайну, паэтам побытавай рэчы. “Тайна творчай працы, — казаў Сарпанева, — ляжыць у чаканні, якое можа цягнуцца адно імгненне ці ўсё жыццё. Форма — гэта рэлігія. Ад тонкага шкла бакала такі ж вялікі шлях да эстэтычнага перажывання, як і ад вялікай карціны. Можа быць, у першым выпадку ён карацейшы: паўсядзённыя рэчы, як і сумесныя абеды, не абцяжараны якой-небудзь эстэтычнай прадузятасцю”.

Якаў ЛЕНСУ, кандыдат мастацтвазнаўства

Фота з сайта Ціма Сарапнева