Культурны кастрычнік

№ 42 (1272) 15.10.2016 - 21.10.2016 г

“…Люднае месца” гэтым разам — пяць абласцей. І нават замежжа. Магчыма, актыўнасць чытачоў звязана з Днём работнікаў культуры, што адзначаўся ў нядзелю? У любым выпадку, рэдакцыя шчаслівая бачыць вашы лісты з месцаў падзей.

/i/content/pi/cult/608/13531/11-2.jpgАдзін з іх  — з Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці, дзе ў мінулыя выхадныя адбыўся X Раённы фестываль народнай творчасці сярод сельскіх устаноў культуры “Крыніца душы”, прымеркаваны да свята. Пра тое, як удзельнікаў прымалі ў Муравільскім сельскім доме культуры і на базе Крапівеньскага сельскага дома культуры “К” распавяла Наталля Дробышава, намеснік дырэктара цэнтралізаванай клубнай сістэмы раёна. “Калектывы мастацкай самадзейнасці дзесяці сельскіх устаноў культуры выйшлі на сцэну, каб падараваць гледачам асалоду ад багацця талентаў, што ззялі ў гэты дзень”.

Пра свой шматгадовы вопыт з бібліятэчнай сферы распавяла Ніна Дыдышка з Пружанаў (Брэсцкая вобласць). У сваёй прафесіі яна з 1969 года, у працоўнай кніжцы значыцца 31 запіс. На шляху спадарыні Дыдышка працоўныя суботы і нядзелі, кіналекторыі для вучняў мясцовых школ, збор дэфіцытных кніг для бальніцы і іншыя добрыя справы…

Тры навіны са сталіцы. У аўторак Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт правёў выставу дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Ушэсце душ”, аўтарамі якой сталі Кацярына Новікава і Аляксей Ляпін. Апошні  — сябра Беларускага таварыства інвалідаў, працуе ў кірунку андэграўнду. Выстава прымеркавана да 10-годдзя прыняцця Канвенцыі аб правах інвалідаў і першай гадавіны з дня падпісання дакумента Рэспублікай Беларусь. Работы вядомага беларускага майстра аранжыроўкі колераў Кацярыны Новікавай вылучаюцца непаўторным бачаннем роднай прыроды.

28 кастрычніка ў Палацы культуры Мінскага трактарнага завода пройдзе IV Фестываль калектываў народнай песні “Моц славянскіх сэрцаў”, на які прыедуць творчыя калектывы Беларусі і замежжа: Расіі, Украіны, Польшчы.

Мікалай Шаўчэнка, член Беларускага саюза журналістаў, паведамляе, што Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны наведаў член брытанскай каралеўскай сям’і Прынц Майкл Кенцкі, які знаходзіўся ў Беларусі з рабочым візітам. Высокага госця суправаджалі Пасол нашай краіны на туманным Альбіёне Сяргей Алейнік, а таксама супрацоўнікі Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь.

Зноў інклюзіўная тэма — з Дзяржынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі. У адной з залаў установы Алай Балясавай, педагогам Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі раёна, была арганізавана мастацкая выстава работ дзяцей з псіхафізічнымі асаблівасцямі “На крылах творчасці”. Галоўнымі гераінямі на ёй сталі юныя творцы Юля Доўнар і Крысціна Быкава. Для іх гэта дасягненне стала амаль подзвігам: дзяўчынкі перамаглі страх перад працай, якая патрабавала ад іх неймавернай цярплівасці, стараннасці, спрыту пальцаў рук. Пра гэта распавяла “К” Вікторыя Гомза, прэс-сакратар упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама.

Да святочных мерапрыемстваў з нагоды 900-годдзя Слуцка далучылася і раённая Цэнтральная бібліятэка. На пляцоўцы перад бібліятэкай у рамках піяр-акцыі “Слуцк — горад старажытны, сэрцам — малады” быў арганізаваны цыкл выстаў “Табе, наш Слуцк, узрост да твару”, дзе прадставілі рарытэты фонду — кнігі і копіі 1896 і 1905 года. “Гонар і слава роднага краю” — пад такой назвай аформілі алею знакамітых ураджэнцаў Случчыны, юбіляраў гэтага года, з ліку якіх літаратуразнаўца, крытык, публіцыст і празаік Алесь Марціновіч, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў намінацыі “Лепшы твор прозы”. Яшчэ адна выстава, “Сем цудаў Слуцка”, знаёміла наведвальнікаў з гісторыка-культурнымі аб’ектамі і рэліквіямі горада, а гэта Свята-Міхайлаўскі сабор, помнік святой Сафіі Слуцкай, слуцкія паясы, Слуцкае Евангелле, Мемарыяльны комплекс у памяць загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны. На выставе пад назвай “Знаёмцеся — нашы выданні” былі прадстаўлены інфармацыйна-бібліяграфічныя даведнікі, рэкамендацыйныя спісы літаратуры краязнаўчай тэматыкі. Дзякуй за паведамленне Святлане Сарагавец, галоўнаму бібліёграфу аддзела абслугоўвання і інфармацыі чытачоў Слуцкай раённай цэнтральнай бібліятэкі.

5 — 6 кастрычніка праходзіла Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя на базе Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж”, арганізаваная ўстановай сумесна з Польскім інстытутам у Мінску.

8 кастрычніка ў горадзе Сянно, як распавядае нам Андрэй Струнчанка, вядучы метадыст Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці, прайшоў абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі Віцебскай вобласці “Дажынкі-2016”. Працаваў “Рамесны фальварак”, дзе разгарнуліся выстава-кірмаш дамоў і цэнтраў рамёстваў вобласці, прэзентацыя страў традыцыйнай беларускай кухні, выступленні творчых калектываў. У гарадскім скверы, каля памятнага знака “Родны край”, прысвечанага Дзяржаўнаму сцягу, арнамент якога выканала Матрона Маркевіч, ураджэнка Сянно, разгарнулася тэатралізаванае прадстаўленне “Вытокі сімвалаў краіны”. Не абышлося без традыцыйнага шэсця з удзелам барабаншчыц і духавога аркестра, адгрымеў у горадзе і канцэрт “Мая зямля, мая Радзіма”.

Літаральна зараз, у суботу, у гарадскім паселішчы Баравуха Полацкага раёна Віцебскай вобласці праходзіць рэгіянальны фестываль “Крыніца здароўя пад Нафтаградам”, накіраваны на засяроджванне ўвагі на экалагічнай бяспецы і захаванні спрыяльнага навакольнага асяроддзя. У праграме — кірмаш-продаж вырабаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці і гародніны з садавінай, мяса-малочнай прадукцыі, прэзентацыя дасягненняў і праектаў па здаровым ладзе жыцця, выставы з другаснай сыравіны. Упрыгожаннем фестывалю стане канцэртная праграма, якую падрыхтавалі артысты і аматарскія калектывы ўстаноў культуры Наваполацка і Баравухі.

Гродзенская вобласць, як і заўсёды, самая багатая на навіны. Кожныя два гады ў абласной сталіцы праводзіцца свята мастацкага слова. 30 верасня ў Абласным метадычным цэнтры народнай творчасці ў рамках гэтага конкурсу прыняло ўдзел 50 аматараў слова ў чатырох намінацыях. Па меркаванні журы ўзровень выканання быў вельмі высокі, мерапрыемства падарыла сваім удзельнікам добры настрой і бурныя апладысменты слухачоў.

У вёсцы Труханавічы Дзятлаўскага раёна 8 кастрычніка адбылося адкрыццё мемарыяльнай шыльды на хаце, дзе жыў заходнебеларускі паэт Нікіфар Жальба. Ва ўрачыстасцях прымалі ўдзел актывісты з Дзятлава і райвыканкама, супрацоўнікі краязнаўчага музея, літаратары, настаўнікі. Творчасць дзятлаўскага паэта да гэтых дзён не сістэматызавана, не выдадзена нават асобнай кніжкі вершаў. Але, спадзяемся, мемарыяльная шыльда ў тым ліку прыцягне вялікую ўвагу даследчыкаў літаратуры да гэтай асобы. У той жа дзень удзельнікі ўрачыстасцей накіраваліся ў іншую вёску — Зачэпічы, што таксама на Дзятлаўшчыне. Зачэпічы нездарма называюць “гняздом паэтаў”: адтуль родам Герасім Прамень, Васіль Струмень, Пятрусь Граніт, якія ў першай палове XX стагоддзя друкавалі свае творы ў віленскіх беларускіх выданнях. Літаратары таксама ўдастоіліся мемарыяльнага знака. Ініцыятыва ўшанавання гэтых людзей ішла ад жыхара горада Дзятлава Валерыя Петрыкевіча і слонімскага пісьменніка і краязнаўцы Сяргея Чыгрына, ды сяброў Таварыства беларускай мовы.

Рыхтуючы чарговую выставу, супрацоўнікі Ваўкавыскай раённай бібліятэкі вырашылі адступіць ад правіл і падабраць кнігі не па тэматыцы, а па колеры. “Кнігаколер” вельмі зачапіў наведвальнікаў і выклікаў шчырыя эмоцыі ў дзяцей. Такім чынам, піша бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі ўстановы Наталля Лышчык, падобныя выставы час ад часу сапраўды варта арганізоўваць. Калі ў бібліятэцы цёпла, утульна і прыгожа, а колер кніг гэтым разам быў абраны жоўты, дык чытач абавязкова вернецца.

6 кастрычніка ў Навагрудскай раённай бібліятэцы адбылася прэзентацыя новай кнігі “На скрыжаванні” беларускага паэта і журналіста, аднаго з колішніх аўтараў “К” Зміцера Арцюха. Кніга — другая ў бібліяграфіі аўтара. У ёй знайшлося месца вершам пра пошук гармоніі паміж душой і целам, нябесным і зямным, пра маленькія гісторыі кахання і сум па хуткаплынным у жыцці. Ліст з інфармацыяй даслаў загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Навагрудскай раённай бібліятэкі Іна Шаўчук.

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст