84 метры пошуку і знаходак

№ 42 (1272) 15.10.2016 - 21.10.2016 г

З 11 па 15 кастрычніка ў Магілёве праходзіць V Міжнародны форум “Традыцыйная культура як стратэгічны рэсурс устойлівага развіцця грамадства”. У сераду на пляцоўцы ля Абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы пачаў працаваць кірмаш рамёстваў. Сёлета ён падаўся дакладным эпіграфам да асноўнай форумнай дзеі.

/i/content/pi/cult/608/13529/10-1.jpgФарбы розныя — палітра адна

Сярод віртуозных ганчарства і бондарства — унікальная праца спецыялістаў Заеліцкага дома рамёстваў з Глускага раёна — купальскі пояс даўжынёй у 84 метры. У момант, калі друкуюцца гэтыя радкі, пояс павольна павялічваецца, бо ткацтва яго не спыняецца. Пачыналі працу самыя старэйшыя ткачыхі вобласці, працягваюць — іх вучаніцы. Вось і ў той дзень, не зважаючы на восеньскую прахалоду, пояс жыў і рос. А вакол яго нязменна збіралася купка замежных удзельнікаў форуму. Хтосьці, з дасведчаных, таксама браўся за справу, і яна множылася плёнам. Ці не так, паступова, але няўхільна, узводзіцца будынак пад назвай “сусветная традыцыйная культура”, дзе ўнёсак кожнага народа ўплятаецца ў супольную бязмежную прастору. Фарбы розныя, а колеравая палітра агульная. І ад выступлення да выступлення кожнага з удзельнікаў міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Песенная і танцавальная фальклорная спадчына: ад традыцый да сучаснасці” я згадваў пра гэтую міждзяржаўную фальклорную еднасць неаднаразова.

Плён стасункавання

Пра канферэнцыю — крыху ніжэй. Вынікамі прынята артыкул заканчваць, але менавіта імі я хачу распачаць. Дзеля чаго ў пяты раз ладзіцца магілёўскі форум, які вымагае ад аблвыканкама, абласнога метадычнага цэнтра немалых высілкаў? Дзеля інтэграцыі нашай нацыянальнай культуры ў сусветную прастору. А на гэтым не эканомяць…

Дык вось, канкрэтныя вынікі форуму. Беларусь увайшла ў Міжнародную асацыяцыю фальклорных груп. Замежны бок узяў на сябе праезд і ўтрыманне нашых самадзейных калектываў. Натуральна, павялічылася колькасць выездаў за мяжу, пашырылася геаграфія гастроляў. Возьмем, да прыкладу, Асіповіцкі раён. Тамтэйшыя гурты “Сузор’е” Пратасевіцкага СДК і “Крынічка” Асіповіцкай ДШМ № 1 тры гады запар здзіўляюць выступленнямі Турцыю. На апошнім форуме начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Асіповіцкага райвыканкама Ірына Раманчук і супрацоўнік Дэпартамента міжнародных культурных сувязяў арганізацыі “Harman Folklore” са Стамбула Омера Ферда Коскун сустрэліся як даўнія добрыя знаёмыя. У тым купальскім поясе ёсць і турэцкая ніта. І не толькі! Цягам пяці гадоў творчыя калектывы Асіповіччыны пабывалі ў 12 краінах свету. Гэта Польшча, Чэхія, Славакія, Венгрыя, Балгарыя, Іспанія, Швецыя, Францыя… Згаданае “Сузор’е” прапагандавала беларускую традыцыйную культуру ў Партугаліі і Італіі. Заўважце, гаворка толькі пра Асіповіцкі раён.

Так што ўдзел у магілёўскім форуме адчыняе дзверы ў свет, дапамагае захоўваць мірны баланс паміж краінамі, развівае сусветную культурную спадчыну. Да таго ж — дапамагае змагацца з праблемамі міжнароднай грамадой.

Праблемы — ідэі — вынік

Яны, дарэчы, на канферэнцыі форума не замоўчваліся. Нездарма на адкрыцці міжнароднага мерапрыемства намеснік міністра культуры нашай краіны Васіль Чэрнік зазначыў, што такі форум — самая прыдатная пляцоўка для наладжвання творчых дыскусій і ажыццяўлення новых ідэй.

Ідэй гэтых хапала ў кожным выступленні. Намеснік дырэктара федэральнага Дзяржаўнага расійскага дома народнай творчасці Ірына Казлова гаварыла пра тое, што стварэнне грунтоўнага цыкла культурна-асветніцкіх перадач на тэлебачанні так і застаецца марай. Нібыта з нашага, беларускага, языка сарвала. Ідэя тут адна — быць больш настойлівымі ў ажыццяўленні намечанага. Тое ж самае тычыцца і недасканалай нарматыўна-прававой базы для захавання нематэрыяльнай культурнай спадчыны.

Пра вырашэнне яшчэ аднаго хваравітага пытання распавёў на канферэнцыі генеральны дырэктар славацкага нацыянальнага ансамбля “Sluk” з Браціславы Юрай Хамар. На базе калектыву створаны Цэнтр нематэрыяльнай культурнай спадчыны Славакіі. Рэалізаваны адзін з праектаў гэтай арганізацыі. Гаворка пра Электронную энцыклапедыю традыцыйнай народнай культуры. Створаны і адпаведны сайт. У перспектыве ён павінен стаць часткай еўрапейскай інфармацыйнай структуры. Пытанне, як падаецца, актуальнае для кожнай з краін свету.

Як захаваць фальклор, калі фалькларыстаў мала, а агульнаадукацыйная школа не надае гэтаму пытанню належнай увагі? Пытанне паставіў і паспрабаваў на яго адказаць Маўрыцыа Негра — прадстаўнік Італьянскага фальклорнага саюза, саюза фальклорных калектываў рэгіёна Фрыўлі-Венецыя-Джулія. Тут, па яго словах, існуе тры кірункі дзейнасці: адпаведныя праекты ўключаюцца ў цыкл дадатковага навучання, ствараюцца фальклорныя курсы для выкладчыкаў, рыхтуюцца даследчыкі, здольныя фіксаваць узоры традыцыйнай культуры. Уцягненню моладзі ў дадзеную справу садзейнічае і валанцёрскі рух.

І навука, і практыка

Як і заўжды, навука на форуме шчыльна суседнічала з практыкай. Удзельнікі міжнароднага мерапрыемства скіраваліся ў Чэрыкаўскі раён. Тут адбылося свята рамёстваў, музыкі, песні і танца “Залатыя руны народнай творчасці”. Былі прадэманстраваны таксама абрадавая праграма “Ад Калядак да Пакрова”, канцэрт з удзелам фальклорных калектываў Магілёўскай вобласці.

А 14 кастрычніка Краснапольскі раён прэзентаваў форуму творчую акцыю “Сябрына на Пакроў”.

Падчас форуму было падпісана пагадненне аб культурным супрацоўніцтве паміж установамі культуры Магілёўскага абласнога метадцэнтра і Валагодскім абласным навукова-метадычным цэнтрам культуры, Цвярскім абласным домам народнай творчасці.

Мінск — Магілёў — Мінск

Фота аўтара

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"