“Нешта святочнае ў гэтым ёсць...”

№ 42 (1272) 15.10.2016 - 21.10.2016 г


/i/content/pi/cult/608/13520/2-1.jpgСёння, бадай, той рэдкі выпадак, калі гаворка пойдзе пра тых, хто звычайна на палосах — авансцэне кожнага з нумароў “К”. Але з нагоды 25-годдзя з дня выхаду ў свет першага нумара прапаную своеасаблівы рэдактарскі “бэкстэйдж”.

Тэксты Дар’і Амяльковіч не толькі праваднікі для чытачоў па тэмах візуальнай культуры Беларусі і замежжа. У шэрагу выпадкаў альтэрнатывы гэтым артыкулам сучасная беларуская медыя-супольнасць не прапаноўвае.

Кастусь Антановіч з шырокім дыяпазонам увагі да культурнага поля здольны і да нечаканых зменаў. Ад “сёрфінгу” па мінулым да аналітычнага ахопу і паглыблення ў сацыяльнасць культуры рэгіёнаў. Рэзкі пераход, а вынік — важкі.

Пра такіх журналістаў як Надзея Бунцэвіч не кажуць “адзін з…” Гэта — тая, да чыйго меркавання прыслухоўваюцца. Бо ў тэкстах працэс і момант, кірунак і тэндэнцыя, непусты прагноз і глыбокае асэнсаванне. Карацей, N.B. — не толькі nota bene.

Неабыякавасць з асабістым поглядам, нярэдка з яго дамінаваннем над фактам. Цяжка пагадзіцца з такой трактоўкай публіцыстычнасці? Але цяжка і не пагадзіцца, чытаючы Пётру Васілеўскага.

Хто кажа, што тэкст — рэч выключна творчая? Асабліва, калі ён займае сваё месца ў механізме падрыхтоўкі нумара. Гэта крыху вобразна пра працу вядучага тэхнічнага рэдактара Ганны Васілеўскай. Але і тут ёсць месца для творчага, ці не так?

Якой уяўляецца праца ў рэдакцыі? Прынамсі, неспакойнай, нярэдка на зрыў, на злом… Часам бывае і так. Але каб канкрэтныя рэчы заставаліся канкрэтнымі, вартая ўвагі самавітасць і пэўнасць адказнага сакратара Юрыя Карпенкі.

Шматстайнасць інтарэсаў Алега Клімава — формула з мноствам каэфіцэнтаў асабістасці і эмацыйнасці. Вынікам — свежае гучанне ці не вечных тэм на старонках “К” і арганіка спалучэння неспалучальнага.

Барыс Крэпак з тых, хто стварае беларускі кантэкст. “У газеце?”— спытаецца з недаверам іншы. Ды вось толькі пара рубрык у сведчанне. “Вяртанне імёнаў” — датклівая праца з повяззю часоў. “Мастыхін” з вострым поглядам аўтара — гаворка пра наш дзень у мастацтве.

Дайсці да сутнасных пунктаў адліку лакальных і глабальных з’яў у тэкстах — гэта пра Алену Ляшкевіч. Канцэнтрацыя фактаў часам дазваляе апусціць умоўна неабходнае абагульненне, а падзейнасць дыктуе форму эклектыкі ў матэрыялах.

У рэдактара вэб-рэсурсу Таццяны Матусевіч творчага матэрыялу зазвычай больш, чым на фота да артыкула ці на альбом на старонку “К” у сацсетцы, дзе інфармацыя, архівуючыся, актуалізуецца з часам. І здымкі з адметным поглядам на асоб — не апошнія чыннікі таго.

Трансфармацыі, адаптацыі і інтэрпрэтацыі вонкавага выгляду “К” — гэта ў парафіі Наталлі Овад. Балазе яна бачыла і здзяйсняла іх нямала: працавала яшчэ над першым нумарам выдання. Але варта казаць, на шчасце, і пра відавочна захаваную пераемнасць у абліччы газеты.

Праблему Настасся Панкратава праламляе жыццёвым досведам. Цяжка знайсці тэму, да якой яна не падступілася б. І таму натуральным падаецца розгалас ад ейных тэкстаў, насычаных крэскамі асабістага.

Акцэнты сваіх тэкстаў Яўген Рагін нярэдка пакідае ва ўзятым у дужкі, выведзеным у адступленні. “Ну хто тыя “дужкі” чытае”, — здзівіцца нехта? Але з цягам часу падаецца (і, відаць, небеспадстаўна), што пакінутым у такіх “сховішчах” і жывім душы.

У тэкстах Вольгі Ропат бадай любы чытач пазнае чалавека маладога. Па поглядах на яе ўлюбёны мастацкі працэс, па вобразнай мове, па выпеставанні думак, па ўкладзеным сэрцы, па душы. Гэта рысы, што спрацоўваюць на шчыры дыялог.

Аліна Саўчанка — гэта нестандартны падыход да культурнага працэсу наогул і да падзей рэгулярных (да іх няпроста падабраць “ключык”). Пра значнае і тонкія матэрыі, пра перліны вопыту і “чалавечага фактару”. А яшчэ і фота — доказам незамыленасці погляду.

Карункавасць тэкстаў і нестандартнасць стандартных тэм, занурванне ў глыбіні і майстэрства абагульнення... Гэта, відаць, толькі частка таго, што варта сказаць пра Ілью Свірына ў ягонай журналісцкай іпастасі. Плённай на вынікі, зазначым.

Мая Хуткова сутыкаецца з тэкстамі яшчэ ў іх “протаверсіях”. Ды і наступныя ступені іх шляху да выхаду ў свет не абыходзяцца без погляду сталь-рэдактара. (Дарэчы, цікавая абдрукоўка: гаворка, вядома ж, пра стыль-рэдактара).

Юрый Чарнякевіч — адзін з мацавальнікаў кантактаў “К” з рэгіёнамі. Фармат яго працы пластычны, але — скіраваны на канструктыў. І ад абалонкі да ядра праблемы артыкул у аўтара пройдзе шлях з канкрэтыкай і варыянтамі рашэнняў на выхадзе.

У выпадку “К” спрычыненасць да рэдакцыйна-выдавецкай установы “Культура і мастацтва” не простая фармальнасць. Гэта дакладнасць працы ўсяго механізма, што за абрэвіятурай РВУ, яго стабільнасць, мэтаскіраванасць дырэктара Алега Прыко. Гэта дасканалая дасведчанасць і грунтоўнасць першага намесніка кіраўніка Людмілы Крушынскай. Гэта далучанасць да рэдакцыі ўзаемадзеяннем і аўтарскім удзелам намесніка дырэктара па маркетынгу Антона Сідарэнкі. Гэта супольнасць у выверанай працы і дакладнасць галоўнага бухгалтара Ірыны Барысевіч і яе намесніцы Аксаны Вашкевіч. Гэта ўсе тыя людзі, якія сёння працуюць з газетай, на яе карысць, аддаючы ёй і, спадзяюся, ад яе атрымліваючы зваротнае, няхай і ў больш эфемерных вымярэннях.

І напрыканцы. Дзякуй галоўным рэдактарам “К” цягам 25-гадовага шляху выдання: першаму — Вользе Іпатавай, Алегу Камінскаму і, вядома ж, Людміле Крушынскай, што ўзначальвала калектыў цягам 15 гадоў. Гэта быў няпросты шлях, дзе раз-пораз пазіцыя кіраўніка рэдакцыі вырашала лёс самога існавання газеты “Культура”. І дзякуй усім тым, хто працаваў на гэты брэнд беларускай прэсы ў рэдакцыі (а таксама пазаштатна). А гэта — сотні імёнаў, да якіх далучаю пакрысе і сённяшні калектыў.

Сяргей ТРАФІЛАЎ

25 гадоў — чвэрць стагоддзя… Гучыць не жартоўна… Так, столькі ўжо існуе наша газета. І я адзін з першых з таго пакалення “першапраходцаў” сярэдзіны 1990-х, хто і сёння ў гэтай рэдакцыі робіць тое, што было, мабыць, прызначана мне самім лёсам. Па сутнасці, “К” зрабіла мяне, дыпламанаванага мастацтвазнаўцу, прафесійным журналістам.

Праўда, да таго часу я шмат друкаваўся ў СМІ, выдаваў кнігі і альбомы ў выдавецтвах Беларусі, Расіі і Украіны, але гэта былі выключна мастацтвазнаўчыя даследаванні. А вось таямніцы, сакрэты журналісцкай тэорыі і практыкі я па-сапраўднаму пазнаў толькі ў “Культуры”. Дарэчы, уся мая “галоўная” кніга — двухтомнік “Вяртанне імёнаў” (2013 — 2014) — амаль цалкам заснаваны на артыкулах, апрабаваных на палосах “Культуры”. Акрамя таго, наша газета пры маім непасрэдным удзеле, яшчэ ў пачатку 1990-х упершыню ў краіне “вярнула” ў айчынную прастору некаторыя імёны знакамітых у свеце, але малавядомых нам беларусаў, мастакоў, тых, хто нарадзіўся на этнічнай тэрыторыі Беларусі, аднак потым з розных прычын апынуўся за мяжой, а таксама тых творцаў, хто важную частку свайго творчага жыцця правёў на нашай зямлі, пакінуўшы яскравы след у сусветным мастацтве. Я маю на ўвазе Валенція Ваньковіча, Фердынанда Рушчыца, Хаіма Суціна, Осіпа Цадкіна, Казіміра Малевіча, Мсціслава Дабужынскага, Роберта Фалька, Веру Ермалаеву, Лазара Лісіцкага, “здраўнёўскага” Ілью Рэпіна і іншых.

Асабліва хачу адзначыць першае дзесяцігоддзе новага XXI стагоддзя — гады росквіту газеты, нягледзячы на не заўсёды простыя ўмовы яе дзейнасці. З майго пункту гледжання, гэта быў “залаты” перыяд жыцця нашага выдання. Менавіта тады “Культура” стала неад’емнай часткай духоўнай прасторы Беларусі і заваявала прызнанне ўсіх, хто разумеў, што без нацыянальнай культуры краіна будзе няпоўнай. І сёння, скажу без пафасу, усе супрацоўнікі “Культуры” імкнуцца рабіць усё, каб наша выданне працягвала ісці ў шэрагу лепшых беларускамоўных газет нашай радзімы.

А яшчэ я сёння з задавальненнем прыгадваю сваіх колішніх калег, побач з якімі ў розныя гады працаваў у газеце: і “аксакалаў”, і маладых журналістаў, якія свой першы вопыт набылі менавіта на старонках газеты, а потым паспяхова прадоўжылі сваю творчую кар’еру ў сродках масавай інфармацыі, выдавецтвах і ў галіне тэлежурналістыкі. Усе яны, з кім я сустракаюся, сазвоньваюся ці перапісваюся, згадваюць “Культуру” толькі словамі ўдзячнымі, добрымі, цёплымі і з нейкім адценнем настальгіі…

Барыс КРЭПАК


25 гадоў газеце — шлях, здавалася б, невялікі, асабліва ў параўнанні з тымі выдавецкімі мэтрамі айчыннай прэсы, якія ў хуткім часе будуць адзначаць па сотні гадоў ці крыху менш. Але цяперашняя лічба — гэта не толькі праславутая чвэрць стагоддзя, калі думкі скіраваны ў бок параўнанняў з вечнасцю, але і ўзрост цалкам самастойнага жыцця, калі за плячыма заканчэнне вышэйшага навучальнага звяна, а наперадзе — будучыня ў абранай прафесіі і прыемныя сямейныя клопаты.

Аднагодка нашай Незалежнасці, газета ўвесь час развівалася, трансфармавалася, шукала сваё аблічча, ставіла ўсё новыя мэты. Цікава, што пачалося выданне не з канстатацыі навін (а тым больш “смажаных”, як гэта часам было ўласціва друку 1990-х), не з жорсткага развенчвання вядомых гістарычных фактаў ці чаго іншага, што прэтэндавала б на сенсацыю, а з… паслядоўнага асветніцтва. Калі скласці разам нумары першых гадоў, атрымаецца сапраўдны падручнік па беларускай абрадавасці ды старадаўняй гісторыі.

Пазней на старонках “К”, што цалкам лагічна, стала панаваць сучаснасць. Але, што вельмі каштоўна, з амаль абавязковым гістарычным позіркам, кінутым “ушыр і ўглыб” у пошуках аналагаў, паралеляў, папярэдняй “падрыхтоўкі глебы” для цяперашніх падзей. Менавіта гэта заўсёды адрознівала “К” ад іншых выданняў, журналісты якіх не стамляліся пісаць пра шматлікія “ўпершыню”, “толькі ў нас”, “цяпер і зараз”. Задаваў і працягвае задаваць такі тон Барыс Крэпак — вядомы мастацтвазнаўца, які прысвяціў вывучэнню беларускага і сусветнага выяўленчага мастацтва ўсё сваё жыццё. Тыя ж тэндэнцыі: глыбокай аналітыкі, вяртання забытага і мадэлявання перспектыў — сталі ўласцівы адлюстраванню іншых відаў мастацтва, бо весці адпаведныя рубрыкі пачыналі не проста “аўтары з лёгкім пяром”, а людзі зацікаўленыя, спецыялісты ў абранай сферы.

Юбілей — нагода пажадаць “К” усё той жа маладосці ў спалучэнні з мудрасцю, позірку не толькі на “сёння”, але і на “ўчора” і ў “заўтра”, а таксама па розных баках сусвету, уключаючы бязмежны космас.

Надзея БУНЦЭВІЧ

Святкуючы паўюбілей любімай газеты, хочацца парадавацца ўголас, што працую ў такім грунтоўным выданні з такім файным калектывам. Кожны — спецыяліст сваёй справы, звычайна вядомы эксперт у тэматыцы, на якую найчасцей піша.

Я не журналістка па адукацыі, гісторык-этнолаг, таму асвятляю пераважна тэмы, у якіх разбіраюся ці мела нейкі практычны вопыт. Таму вельмі ўдзячная, што дзякуючы рэдакцыі “К” журналістыка фактычна стала маёй другой прафесіяй. Супрацоўніцтва з газетай пачыналася з асвятлення мерапрыемстваў Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці, дзе я працавала метадысткай, а таксама з публікацыі маіх уражанняў аб вандроўках па Беларусі і замежжы. Вандраваць я працягваю і цяпер, з гонарам бачу падшыўку “К” амаль у кожным сельскім клубе краіны, мне прыемна, калі на фестывалях людзі кажуць, што чытаюць газету. Часта перадаюць прывітанні калегам, часам згадваюць мае артыкулы. Згадкі такія: “У нас некалькі гадоў таму была вось такая імпрэза… Ад “Культуры” журналіст прыязджаў, вельмі добра напісаў пра нас…” Адразу зразумела, што імпрэза сталася вялікай падзеяй, пра якую ўзгадваюць цягам некалькіх гадоў, а невялічкі артыкул, што надрукавала “К”, магчыма, захоўваецца дзесьці ў альбоме разам з выразкамі з іншых выданняў, дыпломамі, граматамі…

На жаль, век папяровай прэсы паступова сканчаецца. Навіны людзі чытаюць у інтэрнэце, аналітыкай мала цікавяцца. У гэтых умовах становіцца зразумела, што ў наступныя 25 гадоў “К” давядзецца інтэгравацца ў патрабаванні часу, быць гатовай да новых форм інтэнсіўнай камунікацыі з чытачамі, выбудоўваць новую маркетынгавую стратэгію. У той жа час застаецца дастаткова чытачоў сталага веку ў сельскай мясцовасці, каму навамодныя маркетынгавыя прыёмы могуць не спадабацца. Але яны шмат год выпісваюць “К” і хацелі б працягваць чытаць газету ў ранейшым фармаце. Захаваць добрае, прырасці лепшым — вось што хочацца пажадаць любімаму штотыднёвіку ў дзень народзінаў.

Алена ЛЯШКЕВІЧ

Першы мой выезд у камандзіроўку ў статусе спецыяльнага карэспандэнта “К” выспаў на Пінск. Памятаю, што пісаў пра праблемы з аказаннем платных паслуг шэрагу ўстаноў райцэнтра, у тым ліку — гарадскога Дома культуры, чыя дыскатэка не карысталася асаблівым попытам у пінчукоў. Ці поўніцца зала Пінскага ГДК сёння — не ведаю, але розгалас тая публікацыя тады атрымала: у газету прыйшоў адказ, падпісаны намеснікам старшыні мясцовага гарвыканкама…

З таго часу давялося аб’ездзіць амаль усе райцэнтры краіны, пабываць у шматлікіх вясковых паселішчах і аграгарадках Беларусі, паназіраць за працай сельскіх і гарадскіх бібліятэкараў, а таксама іх калег з невялікіх клубаў і дамоў ці цэнтраў культуры, раённых музеяў ды школ мастацтваў, пагутарыць з многімі людзьмі... Ёсць што ўспомніць добрага, ёсць над чым і пасумаваць: некаторыя праблемныя сітуацыі з дапамогай газеты, на жаль, так і не ўдалося “разруліць”, нягледзячы на ўсе намаганні. Але бывала і адваротнае, калі “К” змагла дапамагчы работнікам культуры ссунуць тую ці іншую справу з “мёртвай кропкі”.

Наўскід прыгадаю праблемы з правядзеннем танцавальных вечароў у Плябанаўскім СДК Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці (пасля шэрагу артыкулаў пытанні з начнымі дыскатэкамі там паспяхова вырашыліся), маруднае будаўніцтва новага раённага Дома культуры ў горадзе Глыбокае Віцебскай вобласці (з цягам часу грошы пад пачатак будаўнічых работ усё-такі знайшліся), забеспячэнне сродкамі пажаратушэння ўстаноў культуры Жыткавіцкага раёна (пад гэтыя мэты пасля было атрымана фінансаванне), неабходнасць рамонту ў музеі этнаграфіі вёскі Цераблічы Столінскага раёна (ва ўстанове праз невялікі час замянілі вокны, завезлі новую мэблю і адрамантавалі дах) ды многія іншыя.

Менавіта дзякуючы падобным выпадкам працаваць у “К” і сем гадоў таму, і сёння вельмі цікава. Цікава чытаць адказы начальнікаў аддзелаў ці старшынь райвыканкамаў пра тое, як вырашаецца тая ці іншая праблема, выязджаць праз колькі гадоў у тыя мясціны, дзе бываў раней і адзначаць пэўныя змены да лепшага, сустракацца з даўнімі сябрамі і знаёмымі, якія цяпер ёсць, мабыць, ва ўсіх кутках краіны, разважаць або нават спрачацца з калегамі-журналістамі і спецыялістамі Міністэрства культуры ды абласных упраўленняў над пэўнымі пытаннямі сферы, сышоўшыся за “круглым” рэдакцыйным сталом… Без “К” у маім жыцці ўсяго гэтага папросту не было б. І ці было б падобнае ў нейкім іншым выданні? Шчыра ў тым сумняюся.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ

Не буду пісаць пра нараджэнне і станаўленне “Культуры”, бо ведаю пра яе “жыццё” таго часу толькі па артыкулах ды разнастайных гісторыях. Хочацца сказаць некалькі слоў пра сённяшні дзень.

Працую ў “Культуры” без малога год і, прызнаюся, мне крыху менш, чым выданню. Я яшчэ не зрабіла сабе “імя”, мае матэрыялы, у адрозненне ад некаторых калег, чытачы не шукаюць на старонках у першую чаргу. Уласныя густы фарміруюцца, а прыярытэты ва ўлюбёным выяўленчым мастацтве змяняюцца. На гэта, канешне, уплываюць і прафесіяналы, з якімі працую. Стараюся штодзень набірацца досведу ад калег, тым больш кожны з арт-журналістаў, крытыкаў, публіцыстаў добра арыентуецца не толькі ў пытаннях мастацтва.

Асаблівасць газеты — у складзе рэдакцыі, які дае магчымасць чытачу атрымаць асалоду ад грунтоўных матэрыялаў старэйшага пакалення журналістаў, ад матэрыялаў сярэдняга пакалення і маладога, якія патрабуюць ад чытача ўвагі, часу для асэнсавання ды арыентацыі ў сучасным культурным працэсе — гэтыя тэксты бываюць вельмі рознымі па напаўненні і ступені “аналітычнасці”, але заўсёды застаюцца шчырымі і эмацыянальнымі. Менавіта повязь пакаленняў робіць газету цэласнай і разнастайнай. Розныя погляды, розныя меркаванні. Дыскусія? Процілегласць думак? Тым больш цікава!

Яшчэ адной асаблівасцю, на маю думку, можна лічыць шэраг цікавых матэрыялаў пазаштатных аўтараў. Зараз галоўную ўвагу надаю не столькі ўзаемадзеянню з чытачамі, работнікамі ўстаноў культуры, колькі жанрам. З нядаўняга сваёй формай спадабаўся тэкст “Раман з Мінскам” сталічнага фатографа Вадзіма Качана. Альбо варта згадаць, як мне падаецца, спецыфічны, але запамінальны цыкл публікацый паводле дзённікавых запісаў беларускага кампазітара Ігара Паліводы. Хочацца вылучыць рубрыкі, якія ў нашай газеце чытаю з найбольшым задавальненнем: “Мастыхін” (класіка “К”), “Сэлфі: творца пра твор” і “Рэдакцыя +”. Памятаю, як адна практыкантка ў мяне спыталася, чаму адзін чалавек не можа падрыхтаваць пытанні да інтэрв’ю ды з’ездзіць да героя. А гэта і ёсць “культураўская” “фішка” — прыходзіць да творцы амаль усім калектывам, з мноствам поглядаў на яго дзейнасць і на свет увогуле.

Крыўдна, што моладзь зараз успрымае газеты як дыназаўраў. Шкада, што ўвага звяртаецца не столькі на напаўненне, колькі на слова “газета”, таму што ў прыярытэце ў маладога пакалення, зразумела, сайты рознага кшталту… А як жа ўнікальная “цеплыня” і “ўтульнасць”? Варта згадаць душэўныя рубрыкі “На людным месцы” і “Фатаграфічная калекцыя”, якія будуць зусім інакш успрымацца ў электронным выглядзе… Але “Культура” павінна прымаць і прымае правілы новай гульні. Каб стаць у ёй добрым гульцом.

Вольга РОПАТ

Галоўны рэдактар загадаў напісаць пра маё стаўленне да маёй працы ў газеце “Культура”. Карацей, пару тысяч знакаў з нагоды 25-годдзя выхаду ў свет яе першага нумара. Калі сцісла сказаць, стаўленне — станоўчае, бо пішу пра работнікаў культуры абласцей, раёнаў, вёсак. І цудоўна адчуваю пры гэтым, што менавіта тут сканцэнтраваны асноўны кадравы скарб. У сталіцы валошкі не растуць. Таму лічу, што справу выконваю пачэсную: пішу пра і для рэгіянальнага чытача. Вось пра яго каротка не атрымаецца.

Не падумайце, што стаўлю крыж на мінскіх мастаках, спеваках ды танцорах з акцёрамі. Іхнія карані ці карані іх бацькаў абавязкова жывяцца вёскай або мястэчкам. Беларусь — краіна вясковая? А хто сказаў, што гэта кепска? У разбэшчаным замежжы мегаполіс даўно стаў месцам адно толькі працы, а правінцыя займела недасягальны аўтарытэт як жытло і асяродак творчага адхлання. Цвёрда веру, што і мы прыйдзем да такога яднання з прыродай. Трэба толькі навучыцца сябе паважаць.

А вось гэтай павазе і вучаць штодня лепшыя работнікі культуры краіны. У чым атрымліваюць сілы? Пытанне для пачаткоўца. Натуральна — у нашай гістарычнай спадчыне. Вось такіх асоб і расшукваю. Тым жа займаюцца і мае калегі. Цікавяць нас адметныя праекты па захаванні помнікаў даўніны, па развіцці рамёстваў і промыслаў, па асваенні харэаграфічнага і песеннага мастацтва нашых продкаў. Інакш кажучы, у цэнтры ўвагі “Культуры” — пошук і адраджэнне беларускай традыцыйнай рэгіянальнай спадчыны.

У Падуанскім універсітэце ёсць славутая Зала сарака. Тут змешчаны выявы тых, хто тут вучыўся ці вучыў. Сярод знакамітасцяў — Капернік, Галілей, Скарына. “Культура” за 25 гадоў існавання таксама мае сваю галерэю выбітных асобаў. Толькі іх не сорак, а ў дзясяткі разоў больш. І штотыднёва галерэя папаўняецца новымі партрэтамі. Так ёсць і так будзе.

Яўген РАГІН

25 аўтатураў газеты “Культура” за 25 гадоў яе існавання... Менавіта гэтымі словамі хацелася назваць артыкул, прысвечаны аднаму з яскравых праектаў выдання. І ўсё ж нашых паездак у фармаце аўтатура атрымалася пакуль трохі менш, ды і пачаліся яны адносна нядаўна — прыкладна тры гады таму.

А здарылася ўсё з вельмі простай прычыны: хацелася за час кароткачасовай камандзіроўкі пабачыць як мага больш, ды і як мага з большай колькасцю работнікаў культуры пазнаёміцца. Так яно і сталася: за тры — чатыры камандзіровачныя дні ў такім фармаце атрымлівалася сустрэцца прыкладна з двума дзясяткамі цікавых суразмоўцаў, наведаць установы культуры трох, а тое і чатырох (наш рэкорд!) раёнаў. І самае галоўнае, што прывабіла нас у такім фармаце: аб’ектыўнасць адлюстравання рэалій культурнага жыцця краіны, магчымасць убачыць працу сельскага клуба ў аддаленай, забытай усімі вёсачцы.

Не абыходзілася і без побытавай рамантыкі. Даводзілася нам начаваць і ў прыватных асобаў, як гэта сталася ў час першай нашай вандроўкі ў вёсцы Русіно, і ў інтэрнатах устаноў адукацыі, як гэта часта бывала ў гарадах, дзе з розных прычын да сёння няма гатэлю, і ў пушчанскіх фешэнебельных апартаментах.

Адбываліся сустрэчы чаканыя і не зусім. Запомніліся словы адной бібліятэкаркі: у мяне сёння дзень нараджэння і я якраз сёння чакала, што ваш аўтатур завітае і ў маю ўстанову. Было не да смеху ў іншых сітуацыях (прызнаемся, адзінкавых), калі работнікі культуры, а дакладней, ізноў прадстаўнікі бібліятэчнай сферы проста дранцвелі ад страху, пабачыўшы пасведчанні сталічных журналістаў. Радуе, што ўсё ж часцей у час нашых прыездаў культработнікі былі настроены на канструктыўны дыялог.

Заспелі мы важны, калі не сказаць, пераломны момант у развіцці айчыннай культуры: усюдыісную аптымізацыю. Далёка не паўсюль наконт яе адгукаліся станоўча. Скажам, што прыемнага ў тым, калі ў вёсцы зачыняюць бібліятэку ці клуб? Разумелі мы, што адваротны бок медаля: эканомія дзяржаўных сродкаў. Тым не менш стараліся заступацца ў сваіх аўтатураўскіх публікацыях за канкрэтных работнікаў культуры, што трапілі пад скарачэнне. Часам вынікова, часам — не зусім. Неаднаразова ўздымалі мы і тыповыя праблемы, характэрныя для рэгіянальнай культуры. Згадаем хаця б рэжым правядзення дыскатэк. За той час, пакуль мы асвятлялі пытанне ў сваіх публікацыях, у тым ліку рэкамендуючы праводзіць дыскатэкі як разавыя мерапрыемствы, жаданне ды і звычка на іх хадзіць у моладзі амаль знікла. Каму ад гэтага стала лепш? На гэтае пытанне цяжка знайсці адказ.

Не дзіўна, што нашы першапачатковыя лірычныя адступленні — задуманыя як разважанні на калякультурную тэматыку неяк раптоўна пераўтварыліся ў “нелірычныя”, з канстатацыяй болевых кропак развіцця нашай рэгіянальнай і нацыянальнай культуры.

Што прыемна, фармат “аўтатура” дазволіў аператыўна супастаўляць формы і метады працы ўстаноў культуры ў розных абласцях і раёнах, параўноўваць эфектыўнасць кадравай палітыкі, патрабаванняў да выканання плана па аказанні платных паслуг. Тым самым мы паспрабавалі калі не аб’яднаць, дык хаця б зблізіць работнікаў культуры ўсёй Беларусі. Атрымалася ці не — меркаваць чытачам “Культуры”.

Кастусь АНТАНОВІЧ

Мне шанцавала з рэдакцыямі выданняў, у якіх я працаваў, з іх людзьмі. Перайначваючы адзін з лістоў таварыша Сухава яго даражэнькай, ненагляднай ды неацэннай Кацярыне Мацееўне, народ у іх быў рахманы, далікатны, можна сказаць, душэўны, з агеньчыкам, так што ногі мае з раніцы да прыпынку беглі, бо абавязак журналісцкі клікаў своечасова прыбыць да месца службы, каб неадкладна прыступіць да напісання чарговага опуса.

То бок ніякія ўжо такія ўнутрыкалектыўныя катаклізмы не маглі парушыць працэс творчасці, бо іх не было. Гэта тычыцца і “Культуры”. Нашу рэдакцыйна-выдавецкую установу ўзначальваюць вопытныя і заслужаныя кадры. Патрабавальныя прафесіяналы і спагадныя людзі ў адным памяшканні. “Уставіць банан” начальнікі, вядома ж, могуць, але не з прычыны самадурства, якое немаведама адкуль узялося, а па сутнасці. Мае калегі ды іншыя служачыя РВУ жаночага полу — прыгажуні з прыгажунь (дарэчы, з яркімі паненкамі мне фарцiла ва ўсіх без выключэння рэдакцыях). І таксама спецыялісты высокага класа. Да якіх я адношу, натуральна, і нашых мужчын. “Прагін” прашу залічыць, пераходжу да наступнага пункта прызнанняў.

Удзячны за тое, што значна больш шчыльна сутыкнуўся з найбагатай беларускай культурай. Да таго, як я прыйшоў у газету, культура для мяне шмат у чым абмяжоўвалася светам айчыннай музыкі, пераважна рок-напрамку, у меншай ступені — эстрадай. А цяпер якога я толькі культурнага паветра ні нюхнуў — і кіно, і тэатраў, і цыркаў, і музеяў, і бібліятэк, і палацаў з дамамі культуры, і цэнтраў рамёстваў, і... нават заапарка! Увогуле, калі на нейкім культурным полі мая нага яшчэ не ступала, там яна абавязкова ступіць. У рэшце рэшт, як мне здаецца, я лепш пазнаў сваю краіну, матаючыся ў камандзіроўках з аднаго яе боку ў іншы. Адчуў, спадзяюся, чым яна дыхае за межамі МКАД, як жыве, у што верыць, чаго чакае. Паспрабаваў разабрацца ў тым, што, калі ёй ёсць справа да культуры, то ў якой меры. І, думаецца, лепш пазнаў людзей наогул. Але асабліва тых, якія працуюць у культуры. І гэта апошні пункт у маіх “рэспектах” ды “ўважухах”…

Напішу банальнае. Памятаеце, як Маленькі прынц кожны дзень прыводзіў у парадак сваю планету? Так і вялікія ды маленькія людзі ад беларускай культуры кожны дзень паліваюць ды чысцяць яе, ахоўваюць ад скразнякоў. Часам у запале я нападаў на іх, ледзь не крычучы, маўляў, ну як так можна, за такую зарплату, ды ўкладваючы ўласныя грошы, душу, нервы, ну каму гэта трэба?! Яны, гледзячы на мяне прыгожымі, яснымі, стомленымі вачыма, вельмі спакойна і нават неяк здзіўлена (або пакрыўджана) адказвалі: “Нам, нашым дзецям, Беларусі”. Дзякуй, “Культура”, што пазнаёміла мяне з гэтымі людзьмі. Хай гэта прагучыць пафасна, але пасля такіх сустрэч на навакольнае я стаў глядзець крыху інакш, з вялікім аптымізмам, ці што?

Перабольшаннем было б сказаць, што кожны будні дзень я езджу ў сваю “Культуру”, як на свята. Але, перайначваючы адну з фраз бургамістра з тэлефільма “Той самы Мюнхгаўзен”, нешта святочнае ў гэтым ёсць.

Алег КЛІМАЎ

У той год, калі я паступала на журфак БДУ, набралі велізарны курс — пад дзве сотні чалавек. Як хутка высветлілася, большасць з іх марыла праявіць сябе ў спартыўнай журналістыцы. На тых, хто цікавіўся культурай і мастацтвам, паглядалі з усмешкай, маўляў, чым бы дзяўчаты не цешыліся… Прайшло дзесяць гадоў з заканчэння факультэта, лёс раскінуў маіх аднакурснікаў не толькі па розных краінах, але і па спецыяльнасцях, далёкіх ад уласна журналістыкі, але з ліку модных, звязаных з рэкламай, піярам, прасоўваннем. Адно засталося нязменным: здзіўленыя ўсмешкі пры агульнай сустрэчы: “А ты ўсё займаешся культурай?”

У нашым грамадстве складаецца сітуацыя, калі паступова губляецца неабходнасць займацца культурай, казаць пра мастацтва. Пятнаццаць гадоў таму ўсе казалі, што ў СМІ пад рубрыкай “Культура” размяшчаюць навіны выключна шоу-бізнесу, сёння ж на запатрабаваных парталах гэты загаловак увогуле знікае, а дробязі культурных падзей пераходзяць у раздзелы кшталту “Грамадства”…

Сапраўды, што зараз дае культурная сфера чалавеку, які прысвяціў ёй сваё жыццё? Пра грошы адразу прамаўчым. Я ўжо перастала здзіўляцца, калі на бацькоўскім сходзе ў школе ці садку чалавек прадстаўляецца фатографам, а ты пазнаеш у ім саліста адной з вядучых устаноў культуры: што рабіць, калі толькі камерцыйныя фотасесіі могуць забяспечыць патрэбы сям’і, а асноўная прафесія прыносіць хутчэй творчае задавальненне… Хаця з апошнім таксама не ўсё так адназначна. Работнікі культуры стамляюцца пераадольваць шматлікія патрабаванні на шляху да самарэалізацыі. Ці да пошуку новай мовы тэатру, калі над ім дамоклавым мячом вісіць план напаўняльнасці залы. Як бібліятэкару займацца сваёй справай, калі на авансцэну выходзіць выкананне плана платных паслуг? Як удасканальвацца рэстаўратарам, калі нават у вядучых майстэрнях у эпоху высокатэхнічных тэхналогій атрыбуцыю праводзяць пры дапамозе прабіркі і піпеткі? Такіх “як” ды “але” назбіраецца два вазы з лішкам, таму агульная праблема па ўсіх кірунках сферы культуры — змена пакаленняў, бо ўсё менш у нас моладзі, гатовай займацца творчасцю насуперак шматлікім акалічнасцям…

Калі пачынаю задумвацца, дзеля чаго працую, мне на памяць прыходзіць цытата з майго любімага спектакля “Юнона” і “Авось”: “Нас мало и нас всё меньше / Но самое страшное, что мы врозь”. Я адчуваю, што “Культура” існуе дзеля таго, каб даць упэўненасць кожнаму з работнікаў культуры, што ён не “апошні з магікан”, што па краіне яшчэ шмат такіх жа энтузіястаў, якія за ідэю гатовыя звярнуць горы, якія, магчыма, непрыкметна для мас, але сапраўды ўплываюць на развіццё айчыннага мастацтва. Наша газета ўзнікла на хвалі, калі пра мастацтва патрабавалася казаць уголас. За 25 гадоў мы не паспелі дасягнуць усяго, чаго хацелася, прынамсі, мне шкада, што пакуль мы не сталі паўнавартаснай пляцоўкай, якая аб’ядноўвала б усіх аднадумцаў. Аднак мы ўжо з’яўляемся тым акенцам, праз якое можна сачыць за хадой гісторыі. На фоне ўсеагульнага канстатавання культурных падзей часам толькі ў “К” можна знайсці грунтоўны аналіз пабачанага, пра што сведчаць нашы чытачы.

Я ўпэўнена, што мы працуем на будучыню. Сёння многія дзеячы культуры пераходзяць у сацсеткі, дзе самі пра сябе распавядаюць. Так прасцей, ды і “лайкі” адразу сабраць можна, а артыкул крытыка часцяком і супраць шорсткі пагладзіць. Аднак “лайкі” хутка згубяцца на прасторах Сеціва, у гісторыі ж застанецца “Культура”.

Настасся ПАНКРАТАВА

Я непрацяглы час працаваў ў газеце “Культура” ў сярэдзіне 1990-х і, дзякуючы шчасліваму выпадку, вярнуўся сюды зноў некалькі гадоў таму.

Я кажу “выпадак”, але насамрэч у жыцці не бывае нічога выпадковага. Ёсць сэнс у тым, што пасля зыходу з “Культуры” мне давялося пакаштаваць журналісцкага хлеба ў выданнях рознай спецыялізацыі і скіраванасці, і наканаванасць  — у тым, што зрэшты з гэтым досведам я зноў тут. Гэта як вярнуцца на радзіму пасля доўгай вандроўкі.

З тых 1990-х газета змянілася вонкава, стылёва, набыла рэспектабельнасць, але, што надзвычай важна, захавала дэмакратызм. Вясковы фэст для журналістаў “Культуры” такая ж важная падзея, як прэм’ера ў сталічнай оперы. Сваёй штодзённай працай “культураўцы” даводзяць нібыта відавочны, але, магчыма, не ўсім уцямны факт, што за межамі мегаполіса, за Мінскай кальцавой аўтадарогай таксама ёсць жыццё, і яно такое ж змястоўнае і эмацыйна насычанае, як і ў сталіцы.

На маю думку, самае галоўнае дасягненне рэдакцыі (праз якую за 25 гадоў прайшлі асобы, знаёмствам з якімі можна ганарыцца) — тое, што газета ўвогуле існуе. Што ні кажы, а культура — гэта раскоша. І заўжды было і будзе шмат ахвотных на ёй эканоміць, звесці выдаткі на культурную справу да мізеру. Але ж, як казаў адзін літаратурны герой, “Без неабходнага я пражыву, а без раскошы — ніяк”.

Дык вось, культура, у шырокім і шчыльна-канкрэтным сэнсе, гэта тая раскоша, без якой неабходны набор жыццёвых чыннікаў ніколі не будзе паўнавартасным.

Пётра ВАСІЛЕЎСКІ

Напэўна, самы цяжкі матэрыял пішу за апошні час. Да дня нараджэння газеты, у якой працую ўжо два гады. Але ода ўсё роўна не атрымліваецца.

25 — гэта калі вугры даўно сышлі, калі можна смела нараджаць дзіця і параралельна не кідаць работу, бо моцы павінна хапіць на ўсё адразу. Гэта калі твае сябры яшчэ побач і разам, бо маладыя ж людзі бессмяротныя. У добрай газеты век можа цягнуцца не адно стагоддзе, такія прыклады ў гісторыі мы маем. Таму наша “25” лічу толькі разгонам у будучыню. Але зараз бяжыцца неяк цяжкавата.. Розных “магчыма” стае. Вось адна з маіх версій: мы дакладна не ведаем сваю аўдыторыю і ніяк не можам дагрукацца да яе. Людзі зараз часцяком абыякавыя. Усё гэта не адмяняе нашай штодзённай працы і не робіць яе непатрэбнай.

Хачу сказаць вялікі дзякуй сваім калегам, якіх нібыта адбіралі на кастынгу “ідэальны калега для Аліны Саўчанка”. Я вельмі вас усіх люблю і шаную нашу непарыўную сувязь і еднасць. Ну і, канешне, трэба падзякаваць тым, хто нас усё ж такі чытае ды піша нам у рэдакцыю свае ўласныя тэксты. Тое для нас не мае кошту.

У лідара гурта “Акварыум” Барыса Грабеншчыкова, які “займаўся” маім выхаваннем, калі мама надта шмат працавала, ёсць цудоўная песня “25 да 10”. Яна пачынаецца вельмі дарэчна да сённяшняга дня:

“Я инженер на сотне рублей, и больше я не получу. / Мне двадцать пять, и я до сих пор не знаю, чего хочу. / И, мне кажется, нет никаких оснований гордиться своей судьбой. / Но если б я мог выбирать себя, я снова бы стал собой”.

Я толькі спадзяюся, што і наша газета хацела б быць вернай толькі самой сабе і сваёй аўдыторыі. Пра большае марыць і не варта.

Аліна САЎЧАНКА

Нягледзячы на парады псіхолагаў раз-пораз мяняць месца працы, у “Культуры” я адрабіў ужо настолькі шмат, што ў гэтым нават сорамна прызнавацца маладзенькім дзяўчатам — хай яны і надалей думаюць, быццам “столькі не жывуць”.

Сама газета за гэты час неаднойчы мяняла фармат. Спярша была “асветніцкая” стадыя (я заспеў яе хіба ў якасці чытача), затым — “інтэлігенцкая”, якая запомнілася найперш дадаткам “ЗНО”, потым — “афіцыйна-інфармацыйная”… Як мне падаецца, тэндэнцыя апошняга часу — гэта максімальнае набліжэнне да таго чытача, чый кругагляд не абмяжоўваецца сферай яго прафесійнай дзейнасці, да асобы, якая цікавіцца чужымі меркаваннямі пра развіццё культуры ды ахвотна і шчыра выказвае свае.

Зразумела ж, такім людзям уласцівы крытычны падыход. Заўвагі ад іх даводзіцца чуць рэгулярна. “Вы б да назвы газеты дадалі прыметнік “сельская”, і тады яна б адпавядала рэчаіснасці” — кпіць сівабароды мастацтвазнаўца. “Ну колькі ўжо можна пісаць пра адну сталіцу! У нашым гарадку таксама ёсць культура, але вы яе чамусьці не заўважаеце” — абураецца апантаны дырэктар не самага вялікага ДК.

Тлумачыць ім, што “Культура” заўсёды імкнецца вытрымліваць баланс паміж сталічнай і рэгіянальнай тэматыкай (прычым, як падаецца, даволі паспяхова), часта бывае справай бясплённай. Бо самі папрокі сведчаць найперш пра іншае: адзіная на Беларусі профільная газета такога кшталту — гэта не тое што нялішні элемент у беларускай медыяпрасторы. Гэта тое выданне, якога адназначна замала! Бо, вядома ж, 16 палос — не гумавыя, і напісаць пра ўсё, вартае ўвагі, папросту немагчыма. А тым больш — напісаць так, каб кожнаму гэта было па гусце.

Памкненні стварыць нейкую трывалую альтэрнатыву (хаця б нават у электроным выглядзе) рабіліся неаднаразова, але пераканаўчага плёну пакуль не прынеслі. А адлюстраванне культурнай тэматыкі на старонках і вэб-старонках звычайных СМІ няўхільна працягвае свой рэгрэс, даводзячы, што паняцце дна з’яўляецца занадта рэлятыўным, каб можна было адштурхнуцца і ўсплыць.

І менавіта таму кола аўтараў ды герояў “К” няспынна пашыраецца. Многія з іх успрымаюць газету як свайго кшталту рупар, з дапамогай якога можна падзяліцца ўласнымі задумамі на тэму “як зрабіць гэты свет лепей”. На жаль, газетнае слова не мае перфарматыўнай сілы, здатнай варочаць камяні, і многія такія ідэі ў сваім статусе і застаюцца. Тым не менш, іх публічнае агучванне, як падаецца, мае не толькі тэрапеўтычны эфект а-ля “паплакацца ў камізэльку”. І назіраючы за тымі працэсамі, якія доўжацца гадамі і дзесяцігоддзямі, ты разумееш, што пэўны рух — ідзе.

Вы і самі адзначыце гэта, калі падымеце нашы падшыўкі. Тыя ідэі, якія некалі ўспрымаліся на ўзроўні “Гэта немагчыма”, сёння дасягнулі ўжо трэцяй стадыі эвалюцыі ды падаюцца ўсім банальнымі “баянамі”. Няўзброеным вокам гэты рух не заўважыш, але… без сумневу, вада, усё ж, здатная спакваля тачыць камяні.

Ілья СВІРЫН

Вось ўжо колькі гадоў, працуючы ў “культурнай” газеце, лаўлю сябе на думцы: а для каго, уласна, мы пішам? Хто наш патэнцыйны чытач? Міністэрства культуры? Мастацкае кола? Сельская інтэлігенцыя? Мне падаецца, што сёння, ды, напэўна, заўжды, адказ мусіць быць адзін — беларускае грамадства. Дык на што ў такім кантэксце “здольная” культурная журналістыка?

Згадваецца цікавы прыклад. Сёлетняя выстава “World Press Photo”, якая ладзілася ў арт-прасторы “ЦЭХ”, экскурсію вядзе куратар з Нідэрландаў Лоўрэнс Кертвэг. Праблемы забруджвання навакольнага асяроддзя, эміграцыйны крызіс, паўсядзённасць, якая выяўляе, напрыклад, вугальную залежнасць Кітая, ці вывучэнне камерцыйнага патэнцыялу Антарктыкі… “А дзе ж намінацыя “Культура”? — пытаюся я ў Лоўрэнса. “Культура? — перапытвае куратар. — Няма такой. Таму што ўсё гэта — і ёсць культура”.

Вось такі адказ, і такая разумная думка, што ўсё, што атачае нас — і ёсць культура. І не толькі ў замежных краінах, а вось тут, побач, “пад носам”, як гаворыцца. Забруджванне паветра выкідамі вуглякіслага газу — так, культура экалогіі; засілле шансону ў маршрутках і кавярнях  — культура фонасферы; маленькія вуліцы і двары, запруджаныя машынамі так, што не прайсці пешаходу  — культура павагі да асабістай прасторы; халодная кава ў кафэ — культура абслугоўвання; кпіны з тых, хто размаўляе на беларускай мове,  — культура роднага краю, нават вось гэты жудасна-безаблічны зварот “Жанчына!” (або таго горш — “Жэншчына!”) — таксама культура звароту да постаці, асобы.

Куды ні зірні, яна паўсюль — культура, а не толькі ў канцэртных залах, музеях, тэатрах, клубах ці бібліятэках… Магчыма, калі пачынаць з тых пазіцый, што яна і ёсць наша жыццё, тое паветра, якім дыхаем, неабходнасць, стваральнікамі якой з’яўляемся мы самі, — стаўленне да яе зменіцца?

І ў гэтым сэнсе я жадаю сваёй “Культуры” больш гучных праектаў, якія відавочна паказалі і даказалі б гэта. Якія выявілі б, што культура — не толькі мінулае, але цяперашняе і будучае асабіста кожнага з нас.

Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ