Аўдыя & Відэа-31

№ 42 (1272) 15.10.2016 - 21.10.2016 г

Вераснёўскія аўдыя/відэаработы айчынных выканаўцаў рэцэнзуюць прадзюсар Уладзімір МАКСІМКАЎ (A.) і спецыяльны карэспандэнт газеты “Культура”, музычны крытык Алег КЛІМАЎ (B.).

/i/content/pi/cult/608/13518/9-1.jpgАўдыя

Гурт “Mission Jupiter”, сінгл “Мы вартыя быць”

А.: Я з піетэтам стаўлюся да людзей, якія ў нашай краіне займаюцца музыкай, значыць, атрымліваюць асалоду, значыць, так трэба. А таму, перафразуючы класіка, шалу адважных спяваю я песню. Для сябе ўсю музыку я падзяляю на тры часткі: для аднаразовага праслухоўвання, нават уключаючы папсу кшталту Баскава, — каб быць у курсе, што адбываецца з музыкай наогул, любой; для праслухоўвання на вініле дома, у якую я цалкам занурваюся, абстрагуючыся ад усяго; для праслухоўвання ў машыне — гэта самы вялікі пласт музыкі, яна не патрабуе глыбокага ў яе паглыблення, але і не раздражняе. Творчасць “Mission Jupiter” адношу да трэцяй: яна меладычная, не нярвуе. Такой музыка павінна быць.

Вартымі ўвагі лічу тых артыстаў, якім ёсць што сказаць людзям, ёсць аб чым выказацца сур’ёзна, таму што набалела, таму што думка сфарміравалася. У гурта мэсідж для публікі ёсць, ён проста яшчэ прабіваецца з глебы. Увогуле, з задавальненнем я праслухаў два гэтыя трэкі.

В.: Прыгожы, рамантычны альтэрнатыўны поп-рок. З прыгожым жа жаночым вакалам, крохкасць якога “парушаюць” суровы гітарны гук ды рытм-секцыя. У англамоўным трэку варта адзначыць саксафон, не важна, сапраўдны ён ці штучны. Прыемны сінгл з двух кампазіцый, якасны запіс, добрыя музыканты — што яшчэ трэба, каб з задавальненнем сустрэць новы дзень новай айчыннай музыкі? Мабыць, яшчэ толькі пламбір “20 капеек”. Гурт варты быць у нашай музычнай тусоўцы, прычым і на незалежнай сцэне ён будзе дарэчны, і ў зборных “салянках” розных жанраў, і ў радыёэфіры, і ў “скрыні”.

Paul Kat, мiнi-альбом “That Feeling”

A.: “Больш музыкі добрай ды рознай!” — лозунг, які цалкам пасуе гэтаму рэлізу. Смачна ды прафесійна, “фірмА”, як кажуць музыканты. Прадукт, годны для нашага ж рынку, як гэта ні парадаксальна прагучыць, усё зроблена настолькі на добрым заходнім узроўні, што наўрад ці... апынецца запатрабаваным. Нам жа што цікава, калі гэта хоць неяк стасуецца з сусветнымі плынямі? Каб не было наўпрост “злізана”, каб нейкая нязграбнасць была. Мне, дарэчы, такое падабаецца. А тут — няма да чаго прычапіцца.

B.: Paul гэты самы Kat ёсць не хто іншы, як наш Андрэй Кацікаў, які сын таго самага Кацікава з “Песняроў”, які вучыўся не ў “Гнесінцы” якой-небудзь, а ў тым самым музычным каледжы “Бэрклі” ў Бостане. І вывучыўся на дэбютны міні-альбом, што разумныя людзі аднеслі да стылю соўл. Я на сябе такую смеласць не ўзяў бы — вось так дакладна ідэнтыфікаваць кірунак, прадстаўлены на EP, а назваў бы матэрыял туманна проста — сучасная замежная музыка, не адкрыта папсовага кшталту. Нармальныя трэкі, якiя бадай больш як на дэбют не прэтэндуюць. Дыхтоўна, прафесійна, з густам.

Гурт “Earworm”, альбом “Last Cocktail”

A.: Крута, што ёсць у краіне людзі, якія пішуць ды граюць вось такое, нечаканае. Але! Ужо прабачце ці то за таўталогію, ці то за каламбур, музыкі ў гэтай музыцы няма. Ёсць рытміка, асобныя гармоніі, але ў цэлае ды мелодыі ўсё гэта не складваецца. Верагодна, тое — прынцыповы падыход артыстаў, і нават можна прыгадаць мноства прыкладаў такой музычнай творчасці, але тут менавіта мелодый мне не хапіла. Больш цікава было б, каб па-над тэмамі, напрыклад, альтыст, найграваў якую-небудзь мелодыю, галоўную тэму. У якасці ж саўндтрэку работа спатрэбілася б без заўваг, падкрэсліваючы ідэю фільма.

B.: Гродзенскi гурт разумнай музыкі альбомам развітаўся са слухачом ды нераптоўна памёр пад гукі ўласных арт-року, псіхадэлік ды іншага шугейзу. Уражвае, зачароўвае, напружваючы, адпускае. Натуральна шыкоўнае інструментальнае баляванне. Шкада, што моцная, стыльная, прафесійная, з мазгамі каманда распалася. Але што ім было “лавіць” далей? Матацца па бясконцых шоукейс-фестывалях у надзеі нарвацца на кантору, якая азалаціць іх творчыя думкі? Або працягваць "лабаць" на радзіме для 30 чалавек у заштатных клубах?

Відэа

Гурт “Нейра дзюбель”, кліп “Дзеці галактыкі”

А.: Страшна паважаю Аляксандра Кулінковіча, яго вобраз, мову, думкі, якія ён даносіць да слухача нетрывіяльна, з налётам прымітывізму. Да топ-10 беларускіх выканаўцаў “Нейра дзюбель” адназначна адношу. А вось сэнс відэа не зразумеў. Пры ўсёй быццам бы арыгінальнасці, кантраст паміж брутальным панкам на сцэне і той жа асобай, але ўжо ў ролі выхавальніка, здаецца мне фальшывым. Не пераканала прысутнасць дзяцей, якія, па ідэі, павінны перайграць любога. Штучна выйшла, не па-сапраўднаму.

В.: У арыгінале савецкі хіт называецца “Прыцягненне Зямлі”, яго кавер “дзюбеля” далі як “Дзеці галактыкі”, ды і дзеці ў кліпе на версію кампазіцыі і зняліся — ажно 70 чалавек з кінашколы “Talent”. Дзеткі — тыя яшчэ, цалкам адпавядаюць панк-варыянту трэка: бойкія, размаляваныя, што адпальваюць у клубе разам са сваім як бы рок-кумірам. А як усё мірна пачыналася: вось ціхая гадзіна ў дзіцячым садку, вось дзядзька Саша (лідар гурта Аляксандр Кулінковіч) у ролі выхавацеля. А потым — панеслася тусоўка з падушкамі на музыканта! І “каверок” добры, і “відэа-ранішнік”. Пацешна, весела, па- і не па-дзіцячы.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"