Экспедыцыя па разнастайнасць

№ 40 (1270) 01.10.2016 - 07.10.2016 г

Па маім назіранні, беларуская аўдыторыя дзеліцца на пару катэгорый: на тых, хто не можа схадзіць на канцэрт Беёнсэ і “Ролінг Стоўнз” толькі таму, што яны ніколі не заязджалі ў Мінск і абласныя цэнтры ў рамках сусветнага туру, і тых, для каго культурны адпачынак у прынцыпе — з’ява маладаступная па эканамічных, геаграфічных ці сацыяльных прычынах. У некаторым сэнсе складаную сітуацыю вырашыў выпраўляць сталічны Маладзёжны тэатр эстрады, арганізаваўшы так званыя эстрадныя экспедыцыі ў нашы рэгіёны ў рамках Года культуры.

Спрачацца з тым, што ў раённыя цэнтры рэдка завітваюць якія-ніякія зоркі сцэны, стане хіба дурны. Між тым у малых гарадах, мястэчках і паселішчах гарадскога тыпу ўсё часцей адбудоўваюцца прыстойныя канцэртныя залы, прынамсі на 200 чалавек, гатовыя да прыёму артыстаў. А што наконт месцаў, менш тыповых для выступленняў?

/i/content/pi/cult/606/13481/7-1.jpg

26 верасня трупа сталічнага Тэатра эстрады стала госцем у Магілёўскай дзяржаўнай спецыяльнай школе закрытага тыпу, куды прыехалі на мерапрыемства яшчэ і выхаванцы Магілёўскага спецыяльна-тэхнічнага вучылішча закрытага тыпу №2 па дрэваапрацоўцы. Тэатр неаднаразова падкрэсліваў задачу свайго візіту і ўвогуле праекта “Беларусь — краіна талентаў” як знаёмства з асаблівасцямі работы і з моладдзю ў падобных установах, раскрыццё, у тым ліку, іх творчага патэнцыялу. У рамках святочнага канцэрта, які падрыхтавалі артысты, мелі магчымасць выступіць і самі дзеці: юны спявак Марат Іваненка і ансамбль “Лыжкары” пад кіраўніцтвам Валерыя Гардзеева ад школы і маладыя танцоры вучылішча, нумар якіх называўся “Беларуская полька”. Па запэўненні дырэктара школы закрытага тыпу Дзмітрыя Генісева, навучэнцы, а гэта 59 хлопчыкаў ва ўзросце ад 11 да 15 гадоў, увагай не абдзеленыя. Педагагічны склад у 28 чалавек прапануе дзецям, у тым ліку, 4 гурткі з творча-эстэтычным напрамкам: бісерапляценне (яно супакойвае не надта ўседлівых), вакал, роспіс па дрэве і майстэрства грання на лыжках. Дарэчы, за поспехі і добрыя паводзіны падлеткаў заахвочваюць культурнымі паходамі ў кіно, музеі, паркі. Ёсць у гэтай школе бібліятэка, інфацэнтр, а яшчэ басейн, спартыўная і актавая залы. Тым не менш прыезд сталічных акцёраў паказаў нераспешчанасць мясцовай публікі, якая, у першую чаргу, як ні круці, адбывае пакаранне (у адпаведнасці з узростам). Назіраючы за гэтымі дзецьмі падчас канцэрта, я неаднаразова лавіла сябе на думцы пра тое, як ідуць справы ў іншых выхаваўчых установах, не ўзорна-паказальных. Туды хто-небудзь увогуле даязджае, акрамя ўмоўнай санстанцыі? І ці ёсць магчымасць самавыявіцца ў тых, хто спатыкнуўся на пачатку свайго жыцця? Магілёўскай жа школе дырэктар Маладзёжнага тэатра эстрады Сяргей Мядзведзеў прапанаваў заключыць дамову аб шэфстве ўстановы культуры над навучэнцамі. Гэта азначае, што мінімум некалькі разоў на год актавая зала закрытай установы будзе мець нагоду запаўняцца падлеткамі для прагляду дабрачынных канцэртаў.

Другі пункт тэатра эстрады ў гэты панядзелак у рамках аднадзённых гастроляў — Бялынічы, што ў 35 кіламетрах ад Магілёва. Для паселішча з 10-тысячным насельніцтвам артысты падрыхтавалі спецыяльную праграму “На біс!”, якая ўключала прэм’еры і хіты, а таксама гумарыстычныя і танцавальныя замалёўкі. Месцам дзеі стала зала раённага цэнтра культуры, якая сапраўды здзівіла сваімі памерамі і выдатным рамонтам. Яна здольная прыняць не толькі эстрадны канцэрт з мінімумам тэхнікі, але і якасны акустычны ці джазавы — няма ніякіх сумневаў. Запоўніліся крэслы гледачамі працэнтаў на семдзесят, хаця кошт білетаў нават па мерках раёна падаецца даступным — 8 новых рублёў. На мясцовых рэкламных слупах іншых афіш, па якіх можна было б адсачыць гастролепаток у горадзе, не было. У адзіным кінатэатры сеансаў на гэты час — таксама. Вядома толькі: тыдзень таму з канцэртам у Бялынічы прыязджаў Аляксей Хлястоў, які і гэтым разам стаў удзельнікам вялікай праграмы Тэатра эстрады “На біс!”. 70 працэнтаў залы, то бок усе прысутныя, Хлястова вельмі любяць (гэта было адчувальна па рэакцыі публікі), як і астатніх артыстаў мінскага тэатра: ансамбль “Верасы”, Алену Грышанаву, Зінаіду Фурор, Аляксандра Сухарава ды іншых. Прафесіяналізм прадэманстравалі спявак Шыр з вядучай вечара Інгай Кісялёвай, якія, лічы, незаўважна запоўнілі тэхнічную паўзу хвілін у дзесяць. Ніхто з прысутных не засумаваў, не пачаў скардзіцца, імправізаваны дыялог артыстаў слухалі нават малыя дзеці, якіх на канцэрце таксама ставала.

Ну а калі людзям падабаецца, ці трэба ўвогуле працягваць развагі пра сацыяльную значнасць такіх экспедыцый? Тым больш арганізаваць іх, як аказалася, не так складана. Уся патрэбная апаратура змясцілася ў багажным аддзяленні аўтобуса, і артыстам месца хапіла. Дамовы былі зроблены папярэдне — мінчан чакалі. Наступныя пункты Тэатра эстрады — Нарач і Крывічы на Мядзельшчыне ў кастрычніку. Цікава даведацца, колькі працэнтаў аўдыторыі наведае гэтыя канцэрты. І ёсць варыянт, што тыя “трыццаць” з нецярпеннем чакаюць у сваім гарадку любімага харызматычнага рокера ці класічную чэхаўскую пастаноўку. Як і дзеці ў спецыялізаваных школах. Бо разнастайнасць людзям адназначна на карысць.

Мінск — Магілёў — Бялынічы — Мінск

Фота аўтара

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст