Дысконт на культуру

№ 40 (1270) 01.10.2016 - 07.10.2016 г

Ёсць такі стэрэатып: у асноўнай масы людзей няма асаблівага жадання выбірацца ва ўстановы культуры. А мне падаецца, бадай кожны можа сказаць: гатовы і штотыдзень наведваць іх — каб крыху танней…

З аднаго боку, высокія цэннікі “абразаюць” частку тых патэнцыйных наведвальнікаў, хто жадае, але не можа з фінансавай прычыны бываць часцей, скажам, у музеі. Але ў такіх варунках дзівіць, калі чуеш, маўляў, людзі наогул не прагнуць культурна развівацца, ім нічога не трэба… Пагаджуся, добрая частка грамадства ўвогуле не цікавіцца мастацтвам, лічыць тыя “дадатковыя” веды непатрэбнымі. Але ўсё ж такі і не ўсе ахвотныя сем’і могуць сабе дазволіць прынамсі штотыдзень далучацца да культуры. Тое ж тычыцца і студэнтаў. Тым больш, калі не будзе добрых умоў для паспяховага (у тым ліку культурнага) развіцця моладзі, краіна папросту страціць гэты “скарб”. Таму, на маю думку, для студэнтаў многае з культурнага складніка павінна быць бясплатным — як адукацыя па-за сценамі ВНУ. Не буду казаць, што ўсе мерапрыемствы маюць аказацца “задарма”, бо разумею тых (і з павагай стаўлюся да іх), хто прыдумляе і распрацоўвае адукацыйныя заняткі, інтэрактыўныя гульні, акцыі ды іншыя цікавосткі, укладаючы ўласныя энергію, здароўе, час, каб здзівіць і чаму-небудзь навучыць. Аднак менавіта тут, на скрыжаванні попыту і прапановы, для мяне хаваюцца некалькі “але”.

Згадаю акцыю “Ноч музеяў”. Сёлета за наведванне яе мерапрыемстваў у некаторых музеях трэба было заплаціць нямала, але ці акупалася білетная “інвестыцыя” якаснай праграмай, нават зладжанымі арганізацыйнымі момантамі? Можа ж і настрой святочны знікнуць у час 15-хвіліннага чакання выступоўцы. Я да таго, што высокая цана за праведзены час — не сведчанне ўзроўню падзеі і не паказчык элітарнасці або арыгінальнасці. І калі хочацца ўстановам, каб іх наведвалі сем’ямі, неабходна, каб такія паходы “не білі” па кішэні (як на маю думку, не больш за 5 рублёў з асобы). Але ж апошнім часам у сталіцы з’яўляюцца новыя праекты і прасторы, наведванне іх — бясплатнае! І моладзь цягнецца да ведаў, якія “смачна” пададзены ва ўзаемадзеянні відаў мастацтваў і адукацыйных метадаў у формах варкшопаў, лекцый-дыскусій, лекцый-перформансаў, відэавечароў, дыскусій-прэзентацый, творчых сустрэч… Як вынік — адукаваны малады чалавек (а калі яшчэ і стыльны!) не ўспрымаецца як “батан-акулярык”.

Таму ёсць прапанова да ўстаноў культуры: давайце прыдумаем сацыяльны праект, кшталту “Навучы культурна жыць”, дзе вопыт мог бы нейкім чынам перадавацца. І варта задумацца пра дзейсную бонусную сістэму, дысконт: набыў квіток на мерапрыемства — патрапіў бясплатна (ці з сябрам) яшчэ на адно…

Атрымаць веды і ўбачыць Луўр, вядома, можна і праз інтэрнэт. Напрыклад, я нядаўна адзначыла для сябе праект, распрацаваны пад пенсіянераў, мэта якога — навучыць як мага больш людзей ва ўзросце карыстацца камп’ютарам. Справа добрая, калі задумацца, колькі магчымасцей дае сеціва. Хочацца, каб мы без культуры, як і без інтэрнэту, таксама не змаглі жыць.

Аўтар: Вольга РОПАТ
арт-журналіст