У Новай крэатыўнай эканоміцы

№ 40 (1270) 01.10.2016 - 07.10.2016 г

30 верасня — 2 кастрычніка ў Магілёве праходзіць ІІІ Нацыянальны форум “Музеі Беларусі”. Тэма сёлетняй імпрэзы — “Музей у новай крэатыўнай эканоміцы”. Дэвіз — “Разбураючы стэарэтыпы, пераадольваючы кансерватызм”.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў прывітанне ўдзельнікам і гасцям ІІІ Нацыянальнага форуму “Музеі Беларусі”.

“Працуючы ў мэтах захавання і ўзбагачэння духоўнасці беларускага грамадства, музеі выконваюць высакародную місію захавальнікаў гістарычнай і мастацкай спадчыны, адыгрываюць значную ролю ў патрыятычным выхаванні моладзі, фарміраванні ў кожнага грамадзяніна пачуцця гордасці за мінулае і сучаснае Радзімы”, — гаворыцца ў прывітанні.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што правядзенне такога аўтарытэтнага мерапрыемства ў Год культуры будзе садзейнічаць далейшай кансалідацыі музейнай супольнасці, укараненню інавацыйных форм работы, выпрацоўцы новых прафесійных падыходаў да развіцця беларускіх музеяў.

Канцэпцыя форуму, змешчаная на сайце forum2016.museum.by, паведамляе: “Карэнныя змены, якія адбыліся ў развіцці цывілізацыі ў канцы мінулага стагоддзя, прывялі да стварэння новай эканамічнай мадэлі постіндустрыяльнага тыпу, так званай “крэатыўнай эканомікі”, заснаванай на дамінаванні ведаў, сферы паслуг, інтэлектуальнай працы, дасягненняў культуры, інавацый і глабальных інфармацыйных сістэм. Асновай развіцця “крэатыўнай” эканомікі стаў “крэатыўны” патэнцыял чалавека. Чарльз Лэндры, брытанскі архітэктар і аўтар кнігі “Крэатыўны горад”, падкрэслівае, што сёння ў аснове развіцця знаходзяцца не класічныя фактары вытворчасці, а здольнасці людзей, іх уяўленні, творчая актыўнасць і матывацыі.

Музей як сацыяльны інстытут з’яўляецца прасторай для распаўсюджвання культурных ініцыятыў, развіцця творчага патэнцыялу чалавека. Гэта — адкрытая і даступная пляцоўка для кожнага, незалежна ад яго поглядаў, сацыяльнай і рэлігійнай прыналежнасці, узросту і нацыянальнасці. У “Рэкамендацыях аб ахове і папулярызацыі музеяў і калекцый, іх разнастайнасці і іх ролі ў грамадстве”, прынятых на 38-й сесіі Генеральнай Канферэнцыі UNESCO 17 лістапада 2015 года, падкрэсліваецца, што “музеі выконваюць усё большую ролю ў стымуляванні творчасці, адкрываючы магчымасці для індустрыі творчасці і культуры, для правядзення вольнага часу, тым самым спрыяючы матэрыяльнаму і духоўнаму дабрабыту людзей ва ўсім свеце”. Яны таксама ўносяць значны ўклад у “забеспячэнне адукацыі (фармальнай і нефармальнай) на працягу ўсяго жыцця, сацыяльнай згуртаванасці і ўстойлівага развіцця. Музеі таксама забяспечваюць падтрымку эканамічнаму развіццю, у прыватнасці з дапамогай культурных і творчых індустрый і турызму”.

Такім чынам, музеі, у адпаведнасці са сваім прызначэннем, павінны пашыраць і ўмацоўваць сваю прысутнасць у жыцці грамадства і кожнага чалавека. Утвараючы прастору для дыялогу, зносін, атрымання ведаў і творчага самавыяўлення, музеі ператвараюцца ў істотны фактар згуртавання і развіцця для ўсіх членаў грамадства”.

У Магілёве радавалі бігборды з інфармацыяй пра форум у горадзе. Гэта давала надзею на тое, што экспазіцыю паглядзяць не толькі самі музейшчыкі. У форуме ўдзельнічаюць музеі ўсіх абласцей і горада Мінска, рэспубліканскія музеі, музеі ўстаноў адукацыі, а таксама кампаніі і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія працуюць у сферы музейных індустрый (напрыклад, навукова-вытворчае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства народных рамёстваў “Скарбніца”, піўзавод “Аліварыя”, таварыства з дадатковай адказнасцю “Мастак-сэрвіс”, мясцовы дабрачынны фонд “Фартыфікацыя Брэста”). Усяго 118 удзельнікаў.

Сярод рэгіянальных устаноў культуры шмат тых, пра каго “К” не раз пісала. 30 верасня прайшла падрыхтоўка экспазіцыйных пляцовак у цэнтры алімпійскага рэзерву па лёгкай атлетыцы і гульнёвых відах спорту (магілёўцам больш вядомы як “спартыўны комлекс “Алімпіец”). Каля спарткомплексу — шмат машын, людзей. Першымі дабраліся музеі Магілёўскай вобласці. Лунае ў паветры шмат гаспадарчых пытанняў: скажам, куды складаць каробкі, сувеніры на продаж у Горадзе майстроў, што пачне працу толькі ў суботу? Карацей, атмасфера талакі і клопату, каб зрабіць свой стэнд у час і як найлепш.

Надпісы на стэндах з назвамі музеяў, што рабілі арганізатары, зроблены па-беларуску. Ужо падчас мантажу стала зразумела, што ледзь не палова музеяў прывезлі экспазіцыі, прысвечаныя Другой сусветнай вайне. Балазе такая зала ёсць бадай што ў любым краязнаўчым музеі, таму ідэя для форуму — навідавоку. Але ж часта ў тым жа мястэчку ёсць не абы які замак, ці палац, ці сінагога, хоць і ў руінах. Але чамусьці застаецца падобны аб’ект “па-за кадрам”. Урэшце, і засяроджваючыся на баталіях, мо варта пашыраць перспектыву ў часе?

/i/content/pi/cult/606/13472/2-2.jpg

30 верасня ішоў мантаж стэндаў. / Фота Алены ЛЯШКЕВІЧ

Другая папулярная тэма стэндаў (праўда, саступае Другой сусветнай значна) — дваранскі побыт ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў. Гэта тэма, напэўна, вабіць наведвальнікаў раскошай і, адначасова, адноснай блізкасцю па часе. Да таго ж па ХІХ стагоддзі лягчэй зрабіць экспазіцыю — больш захавалася артэфактаў і дакументаў. Некалькі стэндаў цалкам ці часткова прысвечаныя этнаграфіі. Ёсць цалкам “гістарычныя” ці “мастацкія” выставы. Большасць жа музеяў спынілася на адным экспазіцыйным накірунку, але некаторыя вырашылі паказаць усяго патрошку.

Над выставачнай прасторай лунаюць банеры форуму, з любой кропкі відаць макет магілёўскай ратушы: гаспадары, могуць сабе дазволіць! Урэшце, ужо падчас мантажу адчувалася, што падрыхтаваліся ўстановы грунтоўна, сродкаў уклалі нямала: выраб банераў, выставачнага абсталявання, арэнда транспарту.

Экспазіцыя форуму працуе два дні — 1-га і 2-га кастрычніка. Урачыстае адкрыццё — сёння а 14-й. Яшчэ да яго на галоўнай сцэне форуму пачынаецца дэманстрацыйная праграма. У суботу праходзіць і дзелавая праграма форуму, што працягнецца ў нядзелю. У яе час дакладчыкі закранаюць тэмы крэатыўнай культуры, інавацый, культурнай спадчыны памежжа, сацыялагічных даследаванняў, культуры штодзённасці, вуснай гісторыі, мабільных тэхналогій у музейнай дзейнасці. Плануецца ўдзел музейшчыкаў са Швецыі, Польшчы, Літвы, Украіны, ЗША, Расіі.

Таксама 1 кастрычніка з 10.30 да 20.00 праводзіцца квэст-гульня “Шукаем музейны прадмет”, для ўдзелу ў якой трэба спампаваць на смартфон адмысловую праграму. Акрамя таго, арганізуюцца экскурсіі па горадзе “Музейнае кальцо Магілёва”. Удзельнікі экскурсіі могуць наведаць скарбніцы горада над Дняпром, выставачныя залы, касцёлы і цэрквы.

У вячэрняй праграме — адкрыццё выставы выяўленчага мастацтва ХІХ—ХХ стагоддзяў “Творчая гасцёўня” з удзелам дырэктара Траццякоўскай галерэі Зельфіры Трэгулавай у Абласным мастацкім музеі імя Пятра Масленікава і Дзень гарніста ў Музеі гісторыі Магілёва. 2-га кастрычніка а 14-й у выставачнай зале па вуліцы Болдзіна, 1 прэзентуюць кнігі пра Спірыдона Собаля і магілёўскае кнігадрукарства XVII — XVIII стагоддзяў.

Дэманстрацыйная праграма музеяў, экспазіцыйных, культурна-адукацыйных і асветніцкіх праектаў, прэзентацыі кампаній, якія працуюць у сферы музейных індустрый і прэзентацыі партнёраў форуму працягнуцца ў спарткомплексе “Алімпіец” да ўрачыстага закрыцця форуму 2-га кастрычніка ў 15.00. На закрыцці адбудзецца ўзнагароджванне пераможцаў у намінацыях “За лепшае прадстаўленне музея на экспазiцыi форуму”, “За навацыі ў музейнай дзейнасці”, “За лепшы музейны праект”, “За лепшую культурна-адукацыйную праграму”, “За лепшае музейнае выданне”, “Лепшы сувенірны і друкаваны прадукт рэгіянальнага музея”. Пераможцаў чакаюць грашовыя прэміі да 50-ці базавых велічынь.

Форум вельмі добра падрыхтаваны. На яго сайце можна знайсці ў зручнай для раздрукоўкі форме агульную праграму, дзелавую і дэманстрацыйную, схему размяшчэння павільёнаў. Гэта вельмі экалагічна: той, каму трэба, сам сабе ўсё раздрукуе, а той, каму не трэба, не будзе разлічваць на дармовую друкаваную прадукцыю.

Алена ЛЯШКЕВІЧ

 

Старшыня журы Нацыянальнага музейнага форуму пра яго дэвіз

Узначальвае журы конкурснай праграмы ІІІ Нацыянальнага форуму “Музеі Беларусі” Зельфіра Трэгулава — генеральны дырэктар расійскай Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі.

Дэвізам мерапрыемства абраны лозуг “Разбураючы стэрэатыпы, пераадольваючы кансерватызм”. Як зазначыла карэспандэнту “К” спадарыня Трэгулава, яна цалкам падзяляе гэтае выказванне: “Гэта якраз тое, чым я ўсе дваццаць месяцаў на пасадзе дырэктара Траццякоўскай галерэі займаюся. Мне падаецца, пераадольванне стэрэатыпаў — неверагодна патрэбная рэч сёння. Мы жывем у свеце, які ад адчування, што мы ўсе часткі аднаго глабальнага свету, пераходзіць, на жаль, назад, да ўстанаўлення межаў, да ўзнясення ў ісціну часам зусім неабгрунтаваных пунктаў гледжання і меркаванняў. Узнікла тэндэнцыя руху ад шырыні да абмежаванасці поглядаў, а стэрэатып — гэта і ёсць максімальная ступень абмежаванасці. Прынамсі доўгі час на тэрыторыі Савецкага Саюза ў нас складалася ўяўленне пра гісторыю мастацтваў — у першую чаргу айчыннага — вельмі вызначаным чынам, а пасля завяршэння камуністычнай эпохі наступіла зваротная рэакцыя: скінулі з карабля сучаснасці ўсё фігуратыўнае мастацтва савецкіх часоў, уключаючы такіх значных мастакоў, скажам, як Гелій Коржаў ці Таір Салахаў, які яшчэ жывы. І тое, што мы робім на нашых выставачных і адукацыйных праектах, гэта сапраўды спроба зірнуць на кожны феномен, які мы прадстаўляем, свежым поглядам і ўбачыць у ім тое, што цікава сённяшняму воку, сучаснаму ўсведамленню, тое, што мы не разгледзелі 20 гадоў таму, а сёння выразна нам адкрылася. І калі праходзіць пэўны перыяд, а ты глядзіш на тыя ці іншыя творы з дыстанцыі, адкрываеш рэчы, якія сам мастак уносіў, магчыма, неўсвядомлена, што сённяшні час выяўляе ў тым, калі твор быў створаны. Гэта іншы, больш комплексны, больш сістэмны погляд. І я выступаю за прасоўванне складанага, з адценнямі значэнняў сучаснага погляду і прадстаўлення з’яў”.

/i/content/pi/cult/606/13472/2-1.jpg

Зельфіра Трэгулава. / Фота Аліны САЎЧАНКА

Пра другое азначэнне — кансерватызм — Зельфіра Ісмаілаўна нагадала: музейны свет па вызначэнні кансерватыўны. У прынцыпе, кансервацыя разам з рэстаўрацыяй з’яўляюцца адным з асноваторных, краевугольных камянёў музейнай справы. “Пры гэтым, захоўваючы здаровы дух кансерватызму, кожны музейшчык, я мяркую, павінен разумець, што мы жывем у зусім іншым свеце. Свет за апошнія 20-30 гадоў цалкам змяніўся, і ператварэнне адбылося ў тым ліку дзякуючы лічбавым тэхналогіям і стварэнню віртуальнай рэальнасці. А з-за таго, што змяніўся спосаб зносін, камунікацыі ў грамадстве, немагчыма падыходзіць са стандартамі і меркамі 20-30-гадовай даўніны да сучаснай публікі і імкнуцца натужна ўкараняць звыклы спосаб гутаркі, размаўляць з сучаснымі людзьмі мінулай мовай. У выніку музей губляе цэлыя пакаленні. І трэба разумець, што ў гэтай публікі растуць дзеці — значыцца, мы праз дзесяцігоддзі можам значна ў большай ступені недалічыцца аўдыторыі”, — падкрэсліла візаві.

Настасся ПАНКРАТАВА

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧ
спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"
Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"