Па-за сцены ўстановы

№ 39 (1269) 24.09.2016 - 01.10.2016 г

15 верасня ў Дзень бібліятэк Рэспублікі Беларусь Гродзенская гарадская цэнтральная бібліятэка імя Андрэя Макаёнка ўрачыста адзначыла сваё 70-годдзе. З гэтай нагоды адбылася святочная імпрэза на сцэне Канцэртнай залы Цэнтра культуры Гродна, прайшлі мерапрыемствы тыдня адчыненых дзвярэй для чытачоў. Мяркую, адным з асноўных здабыткаў цэнтральнай бібліятэкі з’яўляюцца яе краязнаўчыя інфармацыйныя рэсурсы. Яны размяшчаюцца на сайце і маюць попыт, пра што сведчаць лічбы наведванняў — больш за 30 тысяч карыстальнікаў штогод.

Перш за ўсё, гаворка пра віртуальныя музеі заслужанага дзеяча культуры, балетмайстра Ларысы Ляшэнка, кампазітара і педагога Яўгена Петрашэвіча, скульптара, заслужанага дзеяча мастацтваў краіны Уладзіміра Церабуна, якія ствараліся як вынік шчыльнага супрацоўніцтва бібліятэкараў з названымі асобамі, з выкарыстаннем сямейных фотаздымкаў і запісаў успамінаў, пасля апрацоўкі публікацый у медыя.

/i/content/pi/cult/605/13461/13-1.jpg

У гонар даты спецыялісты бібліятэкі падрыхтавалі падарунак абласному цэнтру да 888-годдзя з часу яго заснавання. Новыя краязнаўчыя біябібліяграфічныя даведнікі “Ганаровыя грамадзяне Гродна” (36 асоб) і “Кніга Славы Гродна” (53 асобы) — аснова для стварэння інфармацыйных рэсурсаў да канца 2016 года, над якімі спецыялісты бібліятэкі працуюць цяпер. Інфармацыйна-пошукавыя базы даных утрымліваюць падрабязныя, вывераныя біяграфіі асоб, поўныя бібліяграфічныя спісы матэрыялаў пра іх, копіі афіцыйных дакументаў па ўганараванні прадстаўленых там персон.

З 2014 года ў Гродзенскай цэнтральнай бібліятэцы імя Андрэя Макаёнка генеруецца краязнаўчая электронная бібліятэка (КЭБ) “Гродна — інфармацыя для ўсіх”, даступная аддаленым карыстальнікам. Да ажыццяўлення праекта па стварэнні рэсурса была далучана кафедра праграмнага забеспячэння інтэлектуальных і камп’ютарных сістэм Гродзенскага дзяржуніверсітэта імя Янкі Купалы. Дыпломныя праекты студэнтаў “Распрацоўка сістэмы кіравання рэпазіторыем лічбавых рэсурсаў. Аптымізацыя механізма пошуку” і “Распрацоўка web-дадатку для доступу да рэпазіторыя лічбавых рэсурсаў электроннай бібліятэкі” былі паспяхова рэалізаваны на базе сервера цэнтральнай бібліятэкі. Выхад на краязнаўчую электронную бібліятэку ажыццяўляецца з сайта ўстановы.

КЭБ — сховішча электронных дакументаў розных фарматаў, якія маюць дачыненне да горада, інфармацыйны рэсурс з сістэмай кіравання, інфармацыйна-пошукавая сістэма з наяўнасцю фактаграфічнага, бібліяграфічнага, графічнага, гукавога, поўнатэкставага матэрыялу і магчымасцю пошуку ў ім. Створаны рэсурс — для шырокага выкарыстання дакументаў у даследчыцкіх і адукацыйных мэтах. Сярод асаблівасцей — не толькі свабодны доступ да дакументаў і засяроджванне іх у адным месцы, але і захаванне неапублікаваных дакументаў (створаных бібліятэкарамі), уласнае праграмнае забеспячэнне, перспектыва ўдасканальвання і доўгатэрміновасць дзеяння. Інфармацыйны рэсурс можна лічыць навацыяй у галіне бібліятэчнай справы. Унікальнасць дадзенага прадукту ў тым, што гэта пакуль адзіны ў Беларусі рэпазіторый лічбавых рэсурсаў, створаны публічнай бібліятэкай.

Пераважная большасць матэрыялу для КЭБ падрыхтавана (і рыхтуецца) супрацоўнікамі. Усе дакументы суправаджаюцца спісамі крыніц. Выданні пэўных аўтараў знаходзяцца ў электроннай бібліятэцы з іх ведама і дазволу. Дакументы, здымкі, рукапісы перадаюцца для электроннай бібліятэкі аўтарамі ці членамі іх сем’яў. Апублікаваныя тэксты артыкулаў з часопісаў, газет, зборнікаў ці электронных СМІ маюць бібліяграфічныя спасылкі і апісанні першакрыніц публікацыі.

Як праект перспектыўны, КЭБ патрабуе карпаратыўнай працы калектыву цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Гродна. Алічбаваныя дакументы збіраюцца бібліятэкарамі ў філіялах. Напрыклад, у КЭБ унесены матэрыялы філіялаў пра народнае аматарскае аб’яднанне “Гарадзенскі каларыт”, краязнаўчыя артыкулы пра назвы і гісторыю вуліц горада, якія друкаваліся ў мясцовых газетах, біяграфічныя матэрыялы пра дзеячаў культуры, мастацтва, пісьменнікаў Гродна… Асаблівую цікавасць уяўляюць біябібліяграфічныя паказальнікі, даведнікі, створаныя спецыялістамі Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэкі.

У бібліятэцы знаходзіцца больш за 300 дакументаў. Наведвальнасць сайта цягам 2 гадоў пасля размяшчэння рэсурсу ўзрасла ўдвая. За стварэнне краязнаўчай электроннай бібліятэкі “Гродна — інфармацыя для ўсіх” калектыў атрымаў заахвочвальны прыз Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры” ў намінацыі “Навацыі ў бібліятэчнай справе”. Увогуле ж, з дапамогай укаранення падобных праектаў наша ўстанова робіць крокі па выхадзе бібліятэкі па-за ўласныя сцены.

Наталля СВІРЫДА, намеснік дырэктара Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы горада Гродна