Дні культуры ў мініяцюры

№ 39 (1269) 24.09.2016 - 01.10.2016 г

Верхні горад — свайго роду культурны цэнтр Мінска, дзе апошнім часам адбываецца шмат мерапрыемстваў на любы густ. Адной з заўсёдных падзей стала правядзенне дзён нацыянальных культур раз у адзін — два тыдні па выхадных. Пра падзею гутарым з Вольгай АНТОНЕНКА, дырэктарам Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур.

— Пачалося ўсё летась, калі Пасольства Грузіі разам з дыяспарай у Беларусі і кампаніяй-спонсарам зладзілі дні культуры сваёй дзяржавы ў Верхнім горадзе, — зазначае Вольга Вітальеўна. — У мінчан падзея выклікала цікавасць, і ў пачатку 2016-га мэр Мінска Андрэй Шорац сабраў кіраўнікоў дыяспар і прапанаваў ім зрабіць дні культуры сваіх краін. Не ўсе, але многія адгукнуліся. Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур падключыўся дзесьці з сярэдзіны акцыі, паколькі многія нацыянальна-культурныя аб’яднанні (калектывы) знаходзяцца на нашай базе. Ужо прайшлі дні Расіі, Польшчы, Украіны, Грузіі, Карэі, Арменіі і Малдовы. Наступным будзе дзень яўрэйскай культуры — 25 верасня, а завершыць цыкл мерапрыемстваў у 2016-м дзень азербайджанскай культуры — 1 кастрычніка.

— Якая мэта правядзення серыі дзён нацыянальных культур?

— Яднанне! Беларусь — гэта мірная краіна, дзе прадстаўнікам любой нацыянальнасці добра жыць. Таксама для мінчан і гасцей нашага горада гэта магчымасць як бы пабываць у іншай краіне, пакаштаваўшы кухню замежнікаў, прымерыўшы нацыянальную вопратку, адчуўшы прыгажосць і глыбіню іншай мовы. І кожная дыяспара стараецца ўразіць. Напрыклад, я была здзіўлена, што людзі не адыходзілі ад шатроў, дзе карэйцы прадстаўлялі каліграфію. Ці калі беларуская моладзь спявала карэйскія песні. Карацей, я ўпэўнена, правядзенне такіх мерапрыемстваў узбагачае!

/i/content/pi/cult/605/13459/12-1.jpg

Падчас свята малдаўскай культуры ў Верхнім горадзе.

 — Па якім крытэрыі вядзецца адбор краін, якія могуць прэзентаваць сябе?

— Краіны не адбіраюцца. Наадварот, удзел прапанавалі ўсім дыяспарам, але хтосьці пасаромеўся, іншыя паасцярожнічалі, не ведаючы, як усё гэта будзе выглядаць. Урэшце, па маіх назіраннях, кіраўнікі дыяспар прысутнічалі на днях культуры іншых нацыянальнасцяў, падтрымлівалі, прыглядаліся, але дзесьці прысутнічаў і момант спаборніцтва. Мяркую, усё гэта дапаможа зрабіць праграмы яшчэ больш яркімі налета. Прыемна, што прадстаўнікі дыяспар не збіраюцца стаяць на адным месцы.

— Гэта значыць, у наступным годзе мінчане зноў убачаць дні нацыянальных культур?

— Так, ды і колькасць краін ці дыяспар-удзельніц, мяркую, павялічыцца, балазе ўсяго ў Беларусі пражываюць прадстаўнікі 140 нацыянальнасцяў!

— А пляцоўка не зменіцца?

— Не думаю. Верхні горад — запатрабаванае месца, вялікая колькасць людзей прыходзяць сюды і ўжо ведаюць, што тут праводзіцца багата падзей. Джазавыя вечары, вечары класічнай музыкі, флэшмобы, выступы вулічных музыкантаў, майстар-класы па танцах, гістарычныя рэканструкцыі, выставачныя праекты… Прыемна, што ў людзей апошнім часам Верхні горад асацыюецца яшчэ і з днямі нацыянальных культур.

Тым часам

Карэспандэнт "К" наведала апошняе на сёння з праведзеных у Верхнім горадзе святаў — Дзень малдаўскай культуры.

Што заўважыла? Сярод малдаўскіх страў карысталіся папулярнасцю плацынды — пірагі з рознымі начынкамі — і гювеч — страва накшталт гуляша (кошты — ад 3 да 5 рублёў). Былі таксама і адметная кава, і гарбата з цытрусам ці імбіром, прычым каштавалі яны не менш за ежу. Акрамя прадуктаў харчавання, гандлявалі і сувенірамі, сумкамі з беларускай і малдаўскай вышыўкамі, карцінамі, цацкамі ручной работы, драбязінкамі кшталту керамічных завушніц ці валяных караляў.

Каля 15-й гадзіны пачаўся канцэрт. Народу да гэтага часу прыйшло шмат, але ахвотным пафатаграфаваць цікавосткі ставала месца. Цягам трох гадзін спявалі не толькі на малдаўскай мове, але і на беларускай ды англійскай. Дзядуля-малдаванін прачытаў гледачам свой верш пра трактар “Беларус”, выступалі танцавальныя калектывы. Прайшлі і два майстар-класы: па малдаўскіх танцах і па пляценні мэрцішораў — маленькіх букецікаў з кветак, якія ўтвараюцца з нітак чырвонага і белага колеру і дорацца малдаванамі адзін аднаму ў першы дзень вясны.

Вольга СТАРАВОЙТАВА, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ

Фота аўтара