Грошы з-за мяжы? Ды не, нашы!

№ 39 (1269) 24.09.2016 - 01.10.2016 г

На адным з сайтаў (не буду называць, каб не рэкламаваць), натрапіў на артыкул “Каму патрэбна беларуская спадчына Элізы Ажэшка?” Хачу адказаць аўтару: патрэбна! Нам і нашым спадкаемцам. Хтосьці мэтанакіравана зводзіць у зман жыхароў Мастоўшчыны. Маўляў, добраўпарадкаванне помніка Яну і Цэцыліі (пра іх распавядае пісьменніца ў рамане “Над Нёманам”), уладкаванне дарожнага палатна ў бок вёскі Міневічы фінансуюцца за кошт заходніх сродкаў. А гэта ж нічым не пацверджаныя факты!

Сяргей ДЗЕЙКАЛО, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мастоўскага райвыканкама

Але пра ўсё — па парадку. Ля вёскі Багатырэвічы на беразе Нёмана размешчаны драўляны помнік Яну і Цэцыліі з двума нешліфаванымі камянямі. Мясцовыя жыхары цудоўна ведаюць гісторыю кахання маладой пары. Вядома, што Эліза Ажэшка бачыла магілу з надпісам “Ян і Цэцылія, год 1549, memento mori”. У розных крыніцах па-рознаму апісваецца гісторыя помніка.

/i/content/pi/cult/605/13451/5-1.jpg

Але праясніў сітуацыю Мікалай Панасевіч, былы старшыня калгаса “40 гадоў Кастрычніка”, а пасля — старшыня Глядовіцкага сельскага савета. У 1987 годзе замест спарахнелага помніка па ініцыятыве праўлення калгаса, якую Панасевіч падтрымаў, было вырашана замовіць новы помнік у мастака Алеся Ліпеня. Мікалаю Іванавічу паказалі эскізы: драўляная калона з распяццем і манаграмай Хрыста, на самым версе — статуя Ісуса ў цярновым вянку, які левай рукой трымае крыж, правую выцягнуў наперад, на твары — пакута, але і рашучасць прайсці свой шлях да канца.

Панасевіч зацвердзіў эскіз, а майстар вырабіў помнік. Вяскоўцы назвалі яго “Той, хто нясе свой крыж”. Былі зроблены і тры драўляныя фігуркі ў выглядзе ўказальнікаў да помніка. Мікалай Іванавіч кажа, што на той час у калгасе працавалі механізатары-вусачы, вельмі падобныя на тыя фігуркі, і кожная была названа ў гонар тых канкрэтных людзей.

Час бязлітасны. Многія дэталі помніка адваліліся. Але ў нас ёсць людзі, якія не на словах, а на справе даводзяць, што наша спадчына для іх — неабыякавая. Майстар Мастоўскага цэнтра рамёстваў Міхаіл Маскевіч прыступіў да ўзнаўлення помніка. З яго ўжо знятая фігура Хрыста. Будзе зроблена копія. Помнік ачышчаны ад моху і апрацаваны септыкам. Вярнуўся на месца і вобраз анёла.

Па ініцыятыве дырэктара адкрытага акцыянернага таварыства “Чарлёна” Генадзя Шатуева пачаліся добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі, давядзенне да ладу агароджы і лесвіцы, што вядзе да помніка прыроды — геалагічнага абнажэння “Самастрэльнікі”. Не застаўся ў баку і індывідуальны прадпрымальнік з Гродна Віктар Аксціловіч. Ён дапамог з рамонтам. Дзякуючы гэтым людзям мы неўзабаве пабачым новае жыццё помніка.

А дарожнае пакрыццё ў бок Міневічаў зрабіла за кошт бюджэтных сродкаў Мастоўскае рамонтна-будаўнічае ўпраўленне № 208 Гроднааблбуда. Так што ніякіх грошай з-за мяжы: проста і нам мінуўшчына неабыякавая.