"Талент краіны": закуліссе кастынгаў

№ 39 (1269) 24.09.2016 - 01.10.2016 г

З 20 па 26 верасня ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі праходзяць адборачныя туры агульнарэспубліканскага дзіцячага тэлевізійнага конкурсу “Талент краіны”, у якім прымаюць удзел таленавітыя дзеці ад 5 да 15 гадоў з усіх рэгіёнаў Беларусі.

“Хто перашкодзіць творцу?”

У акадэмію прыйшла раніцай на другі дзень адбораў па вакальных катэгорыях. Канкурсантаў з бацькамі ды педагогамі сабралося ўжо даволі багата. Прайшлася па калідорах Акадэміі, шукала герояў для свайго матэрыялу. Інтуіцыя мне падказала: трэба падысці да дзяўчыны ў доўгай чырвонай сукенцы. Не ведаю, што мяне прыцягнула, магчыма, яе спакой ды ўнутраная раўнавага. Яна сціпла сядзела і чакала, пакуль паклічуць. Такім чынам, мая першая гераіня — Вераніка Юрчанка з гарпасёлка Шуміліна Віцебскай вобласці — выступала першай.

/i/content/pi/cult/605/13446/3-1.jpg

Заставалася літаральна некалькі хвілін да яе выхаду. Даведалася: 14-гадовая дзяўчына скончыла ў мінулым годзе музычную школу, а зараз думае паступаць у музычнае вучылішча ў Віцебск.

— Я планую музыкай займацца і ў будучыні, — з “цвёрдасцю” ў голасе кажа Вераніка.

— А не расчаруешся?.. Розныя выпадкі бываюць…

— Музыку не кіну. Яшчэ столькі “правалаў” будзе…

У руках яна трымала анкету, дзе напісана, што дзяўчынка не баіцца новага. І мне тое спадабалася. Вераніка з усмешкай паглядзела на мяне і дадала:

— А яшчэ — цікаўная.

І пачала пытацца наконт маёй прафесіі. І адразу — некалькі пытанняў. Шчыра кажучы, я і не чакала апынуцца на месцы таго, хто інтэрв’ю дае. Мне давялося патрапіць у залу — вельмі хацелася пачуць песню “Алілуя”. Гэтую меладычную кампазіцыю прыгадваю і сёння…

Наступнай на сцэну выйшла маленькая дзяўчынка, якая прыехала з бацькамі з Калінкавічаў. Пасля выканнаня кампазіцыі журы спыталася, ці наведвае Хрысціна Жура музычную школу. Як высветлілася — не. У агульнаадукацыйнай школе з Хрысцінай займаецца настаўніца па вакале. У сваім горадзе дзяўчынку запрашаюць выступаць на мерапрыемствах. Журы адзначыла, што ў Хрысціны голас моцны. Самародак, што тут скажаш…

Тым часам на калідоры астатнія выступоўцы распяваліся. Хтосьці паспяваў яшчэ і фатаграфавацца. Некаторыя канкурсанты стаялі задуменныя. Бацькі хваляваліся не менш. Ні на хвіліну не маглі адысці ад дзяцей: і валасы прыбяруць, і куртку на плечы накінуць… У зале нельга было нікому знаходзіцца, таму дарослыя стаялі пад дзвярыма, як дзеці, і ўважліва слухалі выступленне.

Кожнаму з выступоўцаў перад уваходам у актавую залу адміністратар тлумачыла, што казаць ды куды стаць на сцэне. Па маіх назіраннях, ніхто з канкурсантаў не выйшаў пасля выступлення расчараваны. Дачакалася, пакуль выступіць упэўнены ў сабе Павел Саснок з Рэчыцы. Вучыцца хлопчык у музычнай школе ўжо шосты год. Выбірае ён тыя песні, якія па душы, і лічыць: кожны конкурс рухае людзей наперад, бо да іх трэба шмат рэпеціраваць. Прызнаўся: даўно не хвалюецца і выступаць на сцэне яму не страшна. Што, на думку хлопца, можа быць ворагам творчага чалавека?

— Вораг творчага чалавека? Не ведаю. Хто можа перашкодзіць яму? Калі ён прабіўны, то зможа зрабіць усё, — крыху здзіўлена адказаў Павел.

Канкурсанты паступова змяняюць адзін аднаго. Вырашыла пагутарыць з яшчэ адным юнаком. Чакала, пакуль выйдзе з залы (ён адмовіўся адказваць на мае пытанні перад выступленнем). У гэты раз са мной размаўляў сталічны канкурсант Ягор Даўгапятаў, які займаецца ў Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Эўрыка” ўжо 5 гадоў. Ці быў у Ягора нейкі крытэрый адбору песні для конкурса?

— Конкурс беларускі, значыць, песня павінна быць на беларускай мове. Лічу беларускую мову прэстыжнай, але зараз яна забытая. На гэтым конкурсе выконваў песню “Лодка белая”. Што мне дасць перамога ў конкурсе? Больш упэўненасці ў сабе.

Юныя спевакі выходзілі з залы “Х” крыху задуменнымі. Ці атрымалася?..

Манера зносін

Наступны адборачны тур конкурсу “Талент краіны” — харэаграфічнае майстэрства. На другім паверсе ўбачыла дзяўчынку ў адзенні гераіні фільма “Жанчына-котка”. І пайшла за ёю ў актавую залу. Што яна падрыхтавала? Танец яе, як мне падалося, з элементамі гімнастыкі. Ім канкурсантка выразіла моц характару і разам з тым жаноцкасць. Рухі — як “стоп-кадры” — выразныя.

Хто захацеў увасобіцца ў Жанчыну-котку?

— Ужо чатыры гады я займаюся ў сталічнай школы танцаў “Bizon”. У дзяцінстве падабаўся фільм “Жанчына-котка”, таму вырашыла здзейсніць мару — станцаваць так, як яна — грацыёзна і прыгожа, — кажа віцэ-чэмпіёнка свету па дыска Марыя Маскалік.

— Калі не танец, то што?.. — пытаюся я.

— Раней я займалася маляваннем. Але потым зразумела, што выкладваюся цалкам, толькі калі танцую…

Рыхтавалася да выступлення і 8-гадовая балерына ў яскравым адзенні Вера Шпакоўская, якая вучыцца ў балетнай школе Марыны Вежнавец. Трымалася яна ўпэўнена, быццам сталая зорка балета. Пасля выступлення спыніла задаволеную дзяўчынку.

— Мне падабаецца балет тым, што там ёсць класіка. Мой тата казаў яшчэ ў дзяцінстве, што ў мяне балетныя рукі. І зараз мне ён заўсёды кажа: “Трэба танцаваць у свае задавальненне, і з эмоцыямі ўсё рабіць”, — не саромеючыся кажа Вера.

Вера была ў Парыжы, выйграла Гран-пры ў Санкт-Пецярбургу, ездзіла ў Маскву на кастынг… Як мне падалося, дзяўчынка не выходзіць з свайго вобразу, здаецца, балет для яе — усё…

— Вера ходзіць у другі клас агульнаадукацыйнай школы і сумяшчае яе з балетнай. Гэта вельмі цяжкая прафесія, і яе выбіраюць мэтанакіраваныя людзі. Выбіраюць прафесію тыя дзеці, якія настолькі любяць танцаваць, што могуць гэтым займацца па 6 — 8 гадзін у дзень, — кажа педагог Веры, народная артыстка Беларусі Людміла Кудраўцава.

Назірала за рэпетыцыямі дзвюх дзяўчынак з Магілёва. Малады педагог тактоўна тлумачыў, паказваў рухі. Марыя Панамарова і Настасся Гаюк вучацца ў агульнаадукацыйнай школе, дзе і займаюцца ва ўзорным харэаграфічным ансамблі “Эксклюзіў”.

— У танцы магу выразіць тое, што адчуваю, — кажа Маша.

— Так. Многія падыходзяць да нас і кажуць, што мы сціплыя, а калі танцуем… Мы кажам штосьці на сцэне. Такая ў нас манера зносін, — працягвае гаворку Настасся.

Пакуль канкурсанткі з Магілёва выступалі толькі ў Беларусі — не было магчымасці паехаць за мяжу. Але я спадзяюся, з такой упартасцю і адказнасцю яны многага даб’юцца. Мець зносіны яны ўмеюць.

Што мне спадабалася за гэтыя два дні? Добрая арганізацыя мерапрыемства і канкурсанты. Яны ўпэўненыя, ветлівыя, шчырыя, разнастайныя. Усё ў іх яшчэ наперадзе! У наступных нумарах “К” распавяду пра юных музыкантаў ды тых, хто займаецца акцёрскім майстэрствам, цыркавым мастацтвам ды мастацкай дэкламацыяй.

Аўтар: Вольга РОПАТ
арт-журналіст