Сцэна са спектакля "Чайка".
Позна ўвечары ў пятніцу былі названы пераможцы. “Лепшым спектаклем” была прызнана “Чайка” Львоўскага акадэмічнага тэатра “Уваскрэсенне” (Украіна), дзе аднайменная п’еса Чэхава паўстала ў аўтарскім прачытанні рэжысёра Яраслава Федарышына, пададзеным у фармаце вулічнай імпрэзы для гледачоў усіх узростаў. За “Лепшую рэжысуру” быў адзначаны Ежы Зонь і “Хор сіротаў” тэатра “КТО” з Кракава (Польшча). Паліну Харламаву, артыстку Дзяржаўнага акадэмічнага рускага тэатра драмы імя Максіма Горкага з Астаны (Казахстан), уганаравалі за “Лепшую жаночую ролю” — Крысціны ў “Паганцах”. “Лепшай мужчынскай роляй” стаўся Чаплін у аднайменным спектаклі, сыграны і пражыты Піпам Уоттанам (Вялікабрытанія). “Ноч напярэдадні Ражаства” Чарнігаўскага абласнога акадэмічнага ўкраінскага музычна-драматычнага тэатра імя Тараса Шаўчэнкі вылучылі за “Лепшы акцёрскі ансамбль”. Два спецыяльныя прызы — “Відовішчнае ўвасабленне паэтычнай прытчы” і “За яркі дэбют на фестывалі” — атрымалі, адпаведна, “Жастар тэатр” з Астаны (Казахстан) і Дзяржаўны рускі драматычны тэатр імя Аляксандра Пушкіна з Ашхабада (Туркменістан).