Сустрэнемся ля студні!

№ 37 (1267) 10.09.2016 - 17.09.2016 г

Самымі актыўнымі ў перапісцы з "К" па-ранейшаму застаюцца работнікі культуры Гродзеншчыны. Ведаем, што тое — наўпростая заслуга начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандра Вярсоцкага. Ён прывучыў сваіх калег: піярыць свае дасягненні не сорамна, сорамна гэтых дасягненняў не мець.

Але напачатку — Міншчына. Рэалізоўваецца культурна-грамадскі праект "Скарбонка мая — Уздзеншчына". У ім — больш за дзясятак мерапрыемстваў, распрацаваных аддзелам культурна-дасугавай дзейнасці і метадычным аддзелам Раённага дома культуры. Пра гэта піша супрацоўніца РДК Людміла Цвірко. "Сярод мерапрыемстваў, — тлумачыць яна, — раённы фестываль нацыянальных культур, тэатральны конкурс, тэатралізаванае і народнае святы… Фінальнай падзеяй праекта стане ІІІ раённы фестываль талентаў работнікаў культуры "Калядная зорка — 2016". Але гаворка ў лісце ідзе пра канкрэтную акцыю, якую рыхтавалі работнікі Стальбоўскага, Нёманскага і Сямёнавіцкага СДК: у вёсцы Літва прайшло свята калодзежа. У гэтай вёсцы адзінаццаць студняў! І ў кожнай — выключна смачная вада. Людміла Цвірко піша: "Яшчэ ў сяле жыве адметны чалавек. Такіх раней называлі калодзежнікамі за ўменне капаць студні і знаходзіць для іх месца… Завуць гэтага чалавека Пётр Аўдзеевіч Парэчын, ён самы стары ў Літве"... Кожную студню ў час свята вяскоўцы, як нявесту да вяселля, упрыгожылі стужкамі, прыбралі кветкамі ды ручнікамі. Грамада ішла ад калодзежа да калодзежа. Гучала непаўторная гісторыя кожнага з іх. Бо лёс калодзежа, — гэта заўжды лёс чалавека, які яго выкапаў. Адной са студняў, скажам, — больш за паўвека! Значыць, даглядаюць яе ўзорна.

А вось вядучы метадыст Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Ганна Некраш распавядае пра традыцыйнае свята-конкурс "Добры дзень, суседзі!" Спачатку яно прайшло на Слонімшчыне, а сёлета эстафету перанялі работнікі культуры іншых раёнаў Гродзеншчыны. На Лідчыне свята адбылося такім чынам: аграгарадок Дворышчы запрасіў да сябе аграгарадок Гуды. Усе сабраліся на прыклубнай пляцоўцы. "Госці прыехалі з гарманістамі — кіраўніком ансамбля народнай музыкі "Гудскі гармонік" Андрэем Колышкам і былым удзельнікам гэтага ж калектыву Адамам Бярнацкім, — піша Ганна Некраш. — Згаданыя аграгарадкі ўваходзяць у гаспадарку, дзе разводзяць новыя гатункі бульбы, таму цалкам апраўданай была "бульбяная" эстафета дзіцячых каманд. Можна было пачаставацца дранікамі ды калдунамі. Увогуле, конкурсаў ставала. Да прыкладу, трэба было на хуткасць і якасць звязаць бярозавы венік, драўляную табурэтку. А сярод прыпевачніц перамагла Марыя Бальцэвіч".

/i/content/pi/cult/603/13410/11-1.jpg

Першага верасня Шчучын зладзіў свята роднага слова "Не знікне цуд прыгожага пісьменства". Раённая і дзіцячая бібліятэкі запрасілі гараджан на пляцоўку ля Раённага дома культуры. "Дзея адбылася побач з помнікам Алаізе Пашкевіч, — распавядае метадыст аддзела маркетынгу Шчучынскай раённай бібліятэкі імя Цёткі Таццяна Качук. — Бібліятэкары Наталля Матошка, Ірына Гудач зрабілі экскурс у гісторыю беларускага кнігадрукавання. Можна было купіць кніжку і паглядзець літаратурную выставу. Гучалі вершы. А ансамбль "Медуніца" выканаў песню на словы Цёткі "Вёсачка мая, чараўніца".

Загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Воранаўскай раённай бібліятэкі Вольга Юрго піша: "У Воранаўскай райбібліятэцы прайшла сустрэча з незвычайным земляком Дзмітрыем Лялько. Ён піша алеем, рэжа па дрэве, складае музыку і вершы. Дзвюхгадзіннае мерапрыемства называлася "Яго жыццё — мастацтва". Нездарма кажуць: таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім. Дзмітрый разам з сябрамі арганізаваў пры касцёле хрысціянскую групу для таго, каб праз песню несці людзям духоўнасць".

Работнікі Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці разам з вучнямі і выкладчыкамі наладзілі дабрачынны канцэрт. Грошы ад продажу білетаў пералічаны на лячэнне трохгадовага Сярожы Мушальскага. Дабрачынны тур будзе працягнуты па раёне.

У аграгарадку Квасоўка Гродзенскага раёна адбыўся чацвёрты раённы фестываль фальклору "Вяртанне да вытокаў". Намеснік дырэктара Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Ганна Сіманенка распавяла: "Упершыню Квасоўскі цэнтр культуры арганізаваў этнамузей пад адкрытым небам, а інфармацыйна-бібліятэчны аддзел, Свіслацкая, Квасоўская, Абухаўская сельскія і Скідзельская гарадская бібліятэка сямейнага чытання наладзілі працы фальклорнага падворка. Прайшоў конкурс этнаграфічнага і фальклорнага мастацтва".

Мастоўская раённая бібліятэка далучылася да святочных мерапрыемстваў да 530-годдзя заснавання горада і арганізавала на плошчы ля стадыёна "Нёман" бібліяфэст "Мой горад міру, дружбы і любові". Пра гэта паведамляе метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Вольга Коршун. "Дзейнічала кніжная выстава, — піша аўтар, — на якой былі прэзентаваны матэрыялы пра мінулае і яву Мастоў, выданні мясцовых празаікаў і паэтаў". А былі яшчэ выставы кніжных навінак і самых прыгожых арыгінальных выданняў. Можна было пакарыстацца магчымасцямі буккросінгу. Дзяцей вабілі кнігі-цацкі, настольныя гульні.

Мастацкі кіраўнік Палаца культуры вобласці з Магілёва Ларыса Грасюкова ўзрадавана тым, што ўзорнаму харэаграфічнаму ансамблю "Калейдаскоп" (кіраўнік — Наталля Палякова) прысвоена званне "Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь". "Гэта адзін з самых запатрабаваных і таленавітых калектываў вобласці, — паведамляе Ларыса Грасюкова. — Наталля Палякова здолела згуртаваць вакол сябе больш за 70 танцораў ва ўзросце ад 8 да 20 гадоў і больш за 60 удзельнікаў падрыхтоўчых груп ад 5 да 7 гадоў. Ансамблю ўжо тры дзесяцігоддзі. Ён выступаў у Італіі, Балгарыі, Польшчы, Германіі… Пэўныя вучні Наталлі Паляковай сталі яе калегамі ў творчасці і педагагічнай дзейнасці".

Валянціна Расошанка са Светлагорска піша пра тое, што Дуброўская сельская бібліятэка адсвяткавала 90-годдзе. Гэта адна з найстарэйшых кніжніц раёна. "Сёння ўстанова, — паведамляе аўтар ліста, — з’яўляецца інфармацыйна-культурным цэнтрам з хуткасным інтэрнэтам, электроннай поштай і ўласнымі электроннымі рэсурсамі. Загадвае ўстановай Людміла Бусел, чый стаж бібліятэчнай працы  — 30 гадоў. Ва ўстанове рэалізуюцца маштабныя краязнаўчыя праекты. Адзін з іх — "Вяртанне імёнаў", скіраваны ён на пошук звестак пра воінаў, што загінулі ў Вялікую Айчынную вайну ў баях за Дуброву. Ёсць бібліятэчны музей гісторыі вёскі".

Вядучы метадыст Віцебскага абласнога цэнтра народнай творчасці Андрэй Струнчанка паведамляе, што ў пяты раз адбылося раённае свята гульняў і ігрышчаў "Мазалаўскі карагод гульняў — 2016". Гэта частка праекта "Мазалаўская скарбонка: краязнаўства і этнаграфія".

Вёска Чарэя Чашніцкага раёна адзначыла 950-годдзе. Прайшлі экскурсіі па мясцінах, уладарамі якіх былі Сапегі а потым — Мілашы. У бойцы сышліся рыцары, адкрылася выстава работ жывапісца Барыса Аракчэева.

У выставачнай зале Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра прайшла выстава-продаж жаночых упрыгожанняў. Поруч з рэчамі, выкананымі ў сучасных тэхніках, прапаноўваліся і традыцыйныя: саламяныя капелюшы, пацеркі, вязаныя шыдэлкам каўнерыкі…

Загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Цэнтральнай раённай бібліятэкі Бешанковіцкай ЦБС Надзея Куц піша: "У чытальнай зале нашай установы працавала выстаўка аматарскага аб’яднання "Расток". У хіт-парадзе таматаў найбуйным аказаўся амерыканскі гатунак (1 кілаграм 150 грамаў), самым салодкім — кітайскі".

А загадчык аддзела маркетынгу Бярэзінскай ЦРБ Тамара Круталевіч распавяла пра выкарыстанне аўтобуса ў агітацыйных мэтах. Краязнаўчыя і патрыятычныя лекторыі, такім чынам, ладзяцца ў многіх населеных пунктах раёна. Скіаравана "мабільная" прапаганды і на ўмацаванне здаровага ладу жыцця.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"