Утопія ці рэальны праект?

№ 37 (1267) 10.09.2016 - 17.09.2016 г

Індустрыяльная платформа “Лістапада”, якая вядзе да зменаў?
“Насустрач натхненню” — такі слоган абраў сабе XXIII Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад”, які пройдзе сёлета з 4 па 11 лістапада. Калі яго трошкі перайначыць, можа сказаць, што “Лістапад-2016” робіць таксама і крок насустрач айчыннай кінаіндустрыі. Індустрыяльная панэль, пляцоўка для развіцця і прасоўвання беларускага кіно, яго дзеячаў, “прэм’ера” якой адбылася летась, сёлета зойме сваё месца сярод іншых праграм “Лістапада”. “Так, індустрыяльнай платформе быць, — пацвердзіла навіну яе каардынатар Лізавета Бобрыкава. — З 5 па 10 лістапада. Галерэя Tut.by. Два поўныя выхадныя і вечары ў буднія дні”.

І адрозненне гэтага года, “раскрыла карты” Лізавета, — вузкаспецыялізаваныя сустрэчы па кірунках прадзюсіравання, кінакрытыкі і сцэнарнага майстэрства… “Ладзіць майстар-класы агульнай скіраванасці, распыляючыся, больш не мае сэнсу, — зазначыла яна. — Акцэнт сёлета будзе зроблены на сегментаванне (семінары і сустрэчы для спецыялістаў) з пэўнымі мэтамі і вынікамі на выхадзе”.

Сёлета каардынатарка індустрыяльнай панелі мінскага кінафестывалю стала ўдзельнікам еўрапейскай адукацыйнай праграмы — майстэрня школы кінаагентаў “Sofa”. Праект Лізаветы Бобрыкавай — “Бел:Кіно” (“Bel:Cinema” — Belarus Empowerment Lab: Cinema), прайшоўшы вялікі адбор, патрапіў у “васьмёрку” пераможцаў разам з ініцыятывамі з Албаніі, Літвы, Чэхіі, Грузіі, Малдовы, Польшчы, Украіны. У жніўні ў культурнай сталіцы Еўропы — Уроцлаве — адбылася першая сесія школы, на якой праект “Бел:Кіно” прайшоў далейшую распрацоўку разам з замежнымі спецыялістамі. У чым сутнасць праекта? Якія праблемы лакальнай індустрыі ён можа спрабаваць вырашыць? Якім чынам уплывае на праграму індустрыяльнай платформы фестывалю "Лістапад"? Адказы на пытанні сталі мэтай сустрэчы з Лізаветай БОБРЫКАВАЙ.

/i/content/pi/cult/603/13407/9-3.jpg

Пра майстэрню

— Майстэрня ладзіцца чацвёртым разам, і гэта праграма, якая дапамагае развіваць і рэалізоўваць праекты, скіраваныя на фарміраванне поўнавартаснага нацыянальнага рынку кіно і на ўзаемадзеянне з міжнароднымі партнёрамі. У свеце ёсць не так шмат праграм падобнай якасці, і выдатна, што мы можам скарыстацца яе магчымасцямі. Сутнасць жа такая: восемь кінаагентаў з розных краін свету прадстаўляюць свае праекты, і працуюць разам з ментарамі над іх удасканаленнем і ўвасабленнем.

Ды прыкладу, сёлетнія ўдзельнікі майстэрні. Галоўны прадзюсар Адэскага кінафестывалю Юлія Сінкевіч прадстаўляе ініцыятыву, скіраваную на прамоцыю ўкраінскага кіно. Дзімітру Марыян з Малдовы, адзін з аўтараў мясцовага закона пра кінематаграфію, прапануе праект еўрапейскага хабу ў Чысінаў — штосьці кшталту арт-хаус кінатэатру. “Балтыйскі погляд” Інесы Іванавай з Літвы — і стварэнне адмысловай он-лайн пляцоўкі для прасоўвання кінапрадукцыі балтыйскага рэгіёна. (Беларусь, відавочна, таксама сюды ўпішацца крыху пазней.) Над праектам нацыянальнага кінамузею сучаснага тыпу працуе Тэрэза Крыжкоўска з Чэхіі… Словам, ініцыятывы ўдзельнікаў “Sofa” знаходзяцца на стыку культуры, бізнесу і адукацыі. З аднаго боку, яны скіраваныя на прасоўванне кіно рэгіёну, нацыі, з іншага ж, нацэленыя на міжнароднае супрацоўніцтва.

Што да майго праекта, у сваім глабальным увасабленні ён мае на ўвазе стварэнне Нацыянальнага фонда кіно. Працаваць над ім мне дапамагае Тамара Тацішвілі, мой галоўны ментар, і гэта спецыяліст, які ў свой час для сучаснага кіно Грузіі зрабіў немагчымае. У 2011-2013 гадах Тамара ўзначальвала Нацыянальны цэнтр кіно, а сёння яна прадстаўляе Грузію ў “Erimages” — буйным еўрапейскім фондзе па падтрымцы кінематографа. Дадам: на пачатку шляху Тамары было юрыдычна немагчыма ўявіць уступленне Грузіі ў такую прэстыжную арганізацыю.

Пра праект “Бел:Кіно”

— Вядома, пра стварэнне фонда казаць яшчэ зарана. Трэба зрабіць шмат крокаў, каб ідэя наблізілася да ўвасаблення. Пакуль рэаліі не спрыяюць хуткаму ажыццяўленню задумы. Але я стаўлю сабе задачай падрыхтаваць пляцоўку, падмурак, які заклаў бы асновы для стварэння гэтай важнай і неабходнай інстытуцыі для нашай кінаіндустрыі. І сёння ўжо распрацаваны двухгадовы праект, абапіраючыся на які можна зрабіць першыя крокі ў патрэбным кірунку.

/i/content/pi/cult/603/13407/1-1.jpgПершы этап — гэта кансалідацыя сіл удзельнікаў кінапрацэсу. Ініцыятыва стварэння фонду кіно, вядома, не новая, але для дадзенага этапу істотна згуртаваць вакол праекта людзей, неабыякавых да яе, здольных далей працаваць адзіным фронтам. На жаль, на сёння ў нас няма відавочнага лідара ў кіно, які б мог прасоўваць ініцыятыву на ўсіх узроўнях. (У свой час Расціслаў Янкоўскі так “прабіваў” пляцоўкі для фестываля “Лістапад”, пераконваў у неабходнасці такога форуму.) Але, калі сфарміруецца кола аднадумцаў, працаваць стане лягчэй.

Наступная ініцыятыва — стварэнне індустрыяльнай карты. Запатрабаванасць гэтага інструменту, які даваў бы ўяўленне пра тое, якія кінаагенты сёння працуюць у Беларусі, хто чым займаецца, — мяркую, відавочная. Сёння з боку замежных партнёраў ёсць цікавасць да нашай краіны: да тутэйшых кінакампаній, кінастудый, прадзюсараў, але інфармацыі аб лакальных прадстаўніках, агентах няма. Атрымліваецца, што патэнцыйныя кінавытворцы замежжа не ведаюць, хто тут можа стаць іх партнёрам. Увогуле, дзе сёння вучаць кінапрадзюсарству, кінаменеджменту? Мяркую, такія даныя будуць цікавымі не толькі замежным спецыялістам. Такая карта сёння — неабходнасць.

Другі пункт нараджае і трэці. Калі ўсё ж узнікае супрацоўніцтва, дзелавыя стасункі паміж кінавытворцамі, беларускім і замежным партнёрам, складана іх аформіць. Упіраемся ў юрыдычны бок праблемы. Многія пытанні ў бягучым айчынным заканадаўстве не адпавядаюць сусветнай практыцы.

Напрыклад, сёння вырашаецца, ці ўдзельнічае ў пэўным міжнародным праекце кінастудыя “Беларусьфільм”, але якім чынам развіваць кааперацыю прыватным кінакампаніям? Праз конкурс кінапраектаў? Але відавочна, што магчымасці апошняга не здольныя закрыць “усе прагалы”. Іх не дастаткова, каб замацаваць супрацоўніцтва паміж беларускімі і замежным кінавытворцамі на трывалым ўзроўні. Тым больш, абмежаванні ў выглядзе тэм, якія прапаноўваюцца на конкурсе, могуць значна скараціць ці нават адштурхнуць патэнцыйныя прапановы з боку інвестараў. Таму ўдасканаленне заканадаўства ў кірунку міжнароднай кааперацыі паміж суб’ектамі розных форм уласнасці — пытанне, якое вымагае далейшай працы. Кааперацыя на дадзены момант — самы актуальны і дзейсны спосаб вытворчасці кіно ў свеце. І без яе гэта сфера ў нас не здолее выйсці на міжнародны рынак.

Ну і, нарэшце, — само беларускае кіно. Яно, безумоўна, адзін з галоўных складнікаў развіцця індустрыі, а яго папулярызацыя — у шэрагу першасных задач. На “Лістападзе” ўжо заявіў пра сябе Нацыянальны конкурс, спадзяемся, што сёлета і рэгіянальны пракат будзе больш актыўным у паказах работ беларускіх аўтараў. Таксама фестываль атрымаў прапановы ад пэўных міжнародных фестываляў аб паказах беларускага кіно — плануецца зрабіць адмысловыя праграмы. Крокі з боку “Лістапада” ў гэтым кірунку робяцца. Сёлета і індустрыяльная панель таксама будзе актыўна папулярызаваць беларускае кіно праз яго дзеячаў. Запланавана, як мы кажам, “сватаўство” беларускіх сцэнарыстаў: у рамках платформы адбудзецца прэзентацыя нашых сцэнарыстаў і іх работ.

У рамках індустрыяльнай панэлі

— Менавіта ў рамках індустрыяльнай платформы будуць узнятыя пытанні, якія робяць магчымым стварэнне будучага нацыянальнага фонда кіно. Тое ж пытанне кансалідацыі высілкаў, — гаворка пойдзе пра патэнцыйную асацыяцыю прадзюсараў. Калі ёсць Гільдыя кінакрытыкаў пры Беларускім саюзе кінематаграфістаў, чаму не можа быць аб’яднання прадзюсараў? Ці магчыма яно наогул? Які маніфест аб далейшай кансалідаванай дзейнасці ўвогуле кінасупольнасць здольная выпрацаваць? Чаму нельга паразважаць у гэтым накірунку?

Акрамя таго, эксперты, якія запрошаны на праграму, падзеляцца сваім досведам стварэння фонда кіно, узаемадзеяння ў кінаіндустрыі. Гэта будуць спікеры розных кірункаў з розных краін, але іх вопыт, мяркую, высветліць нашу сітуацыю з розных бакоў і падкажа з якога боку, можна падступіць да вырашэння праблем. І чаму важна пачынаць змены “знізу”.

А ці патрэбныя змены?

— Безумоўна, калі беларускае кіно не хоча быць ізаляваным ад свету. Сёння працэс дзяржаўнага фінансавання адбываецца праз конкурс кінапраектаў, але ж, па-сутнасці, кінакампаніям няма адкуль узяць грошы на кінавытворчасць, акрамя як у дзяржавы, і тое, згодна з Палажэннем конкурса, дзяржава прадастаўляе толькі частку бюджэту. Астатнюю ты мусіш знайсці сам. Каб існаваў фонд кіно, кінакампанія мела б магчымасць атрымаць фінансаванне з яго крыніц, па-іншаму выбудоўваць свой бюджэт ды, увогуле, прынцыпова адрозным чынам рабіць кіно, што, адпаведна, адбіваецца на яго змесце і якасці.

Фонд кіно прадастаўляе юрыдычнае суправаджэнне, кансультацыі як па тэме капрадукцыі, так і іншых, вылучае гранты для кінематаграфістаў, кінажурналістаў, прадзюсараў, робіць адукацыйныя праграмы. Гэта абавязковая прамоцыя нацыянальнага кіно: ад “оскараўскай” кампаніі — да рэкламнай прадукцыі асобнага фільма, і нельга гэту важную частку працы ўскладваць на кінастудыі ці, яшчэ горш, на рэжысёраў асобных стужак. Даўно вядомае меркаванне спецыялістаў, што часам менавіта ад удалага маркетынгу залежыць камерцыйны поспех кінакарціны. Нават якасць яе ў гэтым кантэксце становіцца другаснай. У нас жа выдаткі на маркетынг — звычайна апошні радок у бюджэце. Фонд кіно — гэта, у тым ліку, і ўзаемастасункі з дыстрыб’ютарамі. Гэта пастаянны пошук магчымасцей распаўсюджвання і продажу нацыянальнага кіно. Ці ёсць у нас сёння такая арганізацыя, якая б убірала ў сябе ўсе гэтыя актыўнасці?

Афіцыйна

6 верасня ў Савеце Міністраў адбылося пасяджэнне аргкамітэта Мінскага міжнароднага кінафестываля “Лістапад” на чале з віцэ-прэм’ерам Наталляй Качанавай. Пра гэта паведамляе прэс-служба Урада нашай краіны.

У час сустрэчы быў разгледжаны шэраг пытанняў, пачынаючы ад канцэпцыі фестывалю і заканчваючы фінансавымі задачамі. Намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь падкрэсліла, што ХХIII Мінскі міжнародны фестываль “Лістапад” пройдзе на высокім узроўні.

Для ўдзелу ў кінафоруме атрымана больш за 590 заявак па катэгорыях ігравых, дакументальных і дзіцячых фільмаў, а таксама 84 заяўкі для ўдзелу ў Нацыянальным конкурсе. Аб гэтым на пасяджэнні паведаміў міністр культуры краіны Барыс Святлоў.

Дарэчы

Ці ўдалося мінскаму кінафоруму змяніць стаўленне да беларускага кіно? Якія сёння яго пазіцыі? Адказаць на гэта

пытанне пагадзіўся каардынатар Нацыянальнага конкурсу фестываля “Лістапада” Мікалай ЛАЎРАНЮК.

— Сёння, мяркую, стаўленне да беларускага кіно змяняецца. Нацыянальны конкурс “Лістапада” мінулага года запусціў гэту/i/content/pi/cult/603/13407/1-2.jpgхвалю цікаўнасці да беларускага фільма, і адмысловыя праграмы ды акцыі ў сталічным і рэспубліканскім кінапракаце на працягу года падтрымлівалі той інтарэс. Да прыкладу, кінаальманах з “кароткага метра” беларускіх маладых рэжысёраў “Незалежны позірк”, які адбыўся ў сталічным “Доме кіно”. За чатыры дні ён сабраў больш за 500 гледачоў! Гэта пры тым, што ўся рэкламная кампанія абмежавалася аб’явай і прэс-рэлізам. Гэта, бадай, першы прыклад такога плану, калі людзі пайшлі менавіта на беларускі “кароткі метр” на вялікім экране, і з кожным сеансам колькасць гледачоў толькі павялічвалася.

Наступным крокам у папулярызацыі маладога кіно стала акцыя “Новы погляд”, якая закранула ўсю рэспубліку. Пакуль падводзіць яе вынікі зарана: акцыя яшчэ працягваецца.

Актыўна падтрымала беларускае новае кіно наша прэса, кінакрытыкі — і гэта таксама значны ўнёсак у яго папулярызацыю.

Аднак гэтыя паспяховыя крокі, трэба казаць адкрыта, — толькі пачатак шляху да масавага гледача. На жаль, для большасці выраз “беларускае кіно” мае негатыўнае адценне. Добра, што наша індустрыя прачынаецца, што вектар змяняецца, але наперадзе яшчэ шмат працы. Трэба гуртавацца, шукаць новыя падыходы, быць больш адкрытымі, супрацоўнічаць, шукаць рашэнні — тады штосьці атрымаецца. Усім відавочна, што каб беларускае кіно выйшла да шырокіх мас, каб, увогуле, яно адбылося, адно выхадам у пракат не абмяжуешся. Патрэбныя больш сур’ёзныя захады і змены.

Дзеля таго, каб наша кіно заўважылі, трэба і позірк з іншага боку. Адпаведна, неабходна быць адкрытым да гэтага позірку, а не замыкацца на ўласных праблемах. Таму з кожным годам узрастае неабходнасць удзелу ў міжнародных праектах, фестывалях, капрадукцыі… І мы закранаем тут праблему кінаіндустрыі, кінавытворчасці.

Беларускае кіно  — гэта і пытанне нашай ідэнтычнасці, самасвядомасці. Яно патрабуе ўкладанняў, рэсурсаў, увагі — калі ёсць жаданне захаваць сябе ў сусветнай прасторы, стаўленне да культуры мусіць быць у прыярытэтах. Таму — гэта пытанне фінансавання.

Беларускае кіно нараджаецца на сутыку нацыянальных і глабальных інтарэсаў — ці гатовая прыняць такую форму дзяржава? Бо тут і пытанні дзяржаўнай ідэалогіі закранаюцца, вядома.

Як бачым, задача папулярызацыі беларускага кіно не такая простая як падаецца. Яна сягае да цэлага комплексу праблем і вымагае пошуку рашэнняў.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"