Там, дзе хадзіў Скарына…

№ 37 (1267) 10.09.2016 - 17.09.2016 г

"Ад Ефрасінні, ад Скарыны… ад Полацка пачаўся свет", — напісаў некалі Рыгор Барадулін. Інакш кажучы, слушным было рашэнне абвесціць у 2010-м першай Культурнай сталіцай Беларусі менавіта Полацк, а яшчэ раней, у 1994-м, першай сталіцай Дня беларускага пісьменства. У наступным годзе, як вядома, другая з названых эстафет зноў вернецца пад купалы Сафійскага сабора. Гісторыя развіваецца па спіралі.

Раскручваюцца віткі гэтай спіралі, не стаіць на месцы і культура сівога горада, дзе неверагодным чынам спалучаюцца мінуўшчына і сучаснасць. Культура Полацка — гэта разуменне яго жыхароў сваёй адказнасці за тое, што было і будзе. Пакуль Рагачоў рыхтаваўся да правядзення Дня беларускага пісьменства, у горадзе над Палатай быў распачаты другі па ліку Нацыянальны дзіцяча-маладзёжны форум “Скарынаўскія дні ў Полацку”.

Адным з першых мерапрыемстваў стаў адкрыты ўрок “Захоўваючы традыцыі, будуем будучыню!” І адбыўся ён ля памятнага знака літары “Ў”. Але спачатку гэты сімвал быў ўзноўлены і ўдасканалены. Аўтар праекта і скульптар Ігар Куржалаў прыцягнуў лепшых будаўнікоў і ліцейшчыкаў. На работы з райбюджэту было выдаткавана 80 мільёнаў недэнамінаваных рублёў.

У Полацку цэнтральная гарадская бібліятэка, гімназія № 1, вуліца і праспект носяць імя Скарыны. У цэнтры горада — помнік асветніку-адраджэнцу. Дні на пачатку верасня, як ужо згадваў, — таксама Скарынаўскія. Да іх далучыліся дзеці і моладзь з Жодзіна, Маладзечна, Салігорска, Слуцка, Гомеля, Добруша, Мазыра, Гродна, Ліды, Брэста, Баранавічаў, Магілёва, Горак, Наваполацка і, натуральна, Полацка, што падтрымалі глабальную ініцыятыву “Горад, дружалюбны дзецям”. Адкрыла форум Скарынаўская ж алімпіяда ў гімназіі № 1. Удзельнікі — старшакласнікі і студэнты першых курсаў. Яны пісалі эсэ і работы па гісторыі, рыхтавалі экспромты па рыторыцы, спаборнічалі ў веданні роднай мовы.

Быў рэалізаваны праект “Нашчадкі Скарыны”. Гэта — чатыры конкурсы: гістарычны квэст, сацыяльны ролік “Мова пачынаецца з цябе” плэнэр “Знакамітаму земляку прысвячаецца”, гімн Скарынаўскіх дзён, інтэлектуальная гульня, лапікавае шыццё. Апошні праект — для стварэння “Палатна сяброўства”. У першыя вераснёўскія дні “ажылі” помнікі, адкрыліся літаратурныя выставы, пачалі працаваць майстар-класы па традыцыйных рамёствах, аглядавыя экскурсіі па горадзе.

У Сяргея Грахоўскага ёсць простыя радкі: “Спынішся — плынню адгоніць назад”. Дык вось Скарына, па маім перакананні, ніколі не спыняўся. Інакш не стаў бы першадрукаром, асветнікам, эсэістам, лекарам... Ён змагаўся з плынню і цягнуў за сабой увесь беларускі народ. І трэба часцей наведваць Полацк. Па яго вуліцах хадзіў Скарына…

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"