Варыянты беларускага дома

№ 37 (1267) 10.09.2016 - 17.09.2016 г

5 верасня ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі пад старшынствам яго кіраўніка Уладзіміра Макея адбылося другое пасяджэнне Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа. Гэтым разам удзельнікамі размовы за “круглым сталом” сталі беларусы з 19 краін свету, кіраўнікі нацыянальных суполак, а таксама прадстаўнікі шэрагу ўстаноў нашай рэспублікі.

Першым слова падчас пасяджэння ўзяў міністр замежных спраў. Уладзімір Макей адразу падкрэсліў, што галоўным станоўчым вынікам работы МЗС за мінулы год па пытанні супрацоўніцтва з суайчыннікамі стала прыняцце Урадам Рэспублікі Беларусь падпраграмы “Беларусы ў свеце” Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2016 — 2020 гады. Дзякуючы дакументу стала магчымым аказваць фінансавую падтрымку арганізацыям суайчыннікаў за мяжой. Так, напрыклад, забяспечана фінансаванне двух мерапрыемстваў у Аргенціне і Эстоніі, якія праводзіліся сумесна з беларускімі пасольствамі ў гэтых краінах.

/i/content/pi/cult/603/13394/2-1.jpg

У 2015 — 2016 гадах належная ўвага надавалася передачы беларусам за мяжой нацыянальных строяў, музычных інструментаў, кніг і падручнікаў на роднай мове, арганізацыі пазнавальных паездак беларускай моладзі ў на гістарычную радзіму, удзелу вучняў гімназіі імя Францыска Скарыны літоўскай сталіцы ў заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура”, правядзенню майстар-класаў для кіраўнікоў творчых калектываў беларускай дыяспары і іншым кірункам. Міністр таксама зазначыў пашырэнне ўдзелу прадстаўнікоў замежжа ў Міжнароднай летняй школе беларусістыкі, якая была арганізавана Рэспубліканскім інстытутам вышэйшай школы 30 чэрвеня — 15 ліпеня гэтага года ў Мінску.

Спадар Макей падкрэсліў, што за мінулы год значна актывізавалася ўзаемадзеянне арганізацый беларусаў замежжа з беларускімі дыппрадстаўніцтвамі. Працягнута работа і па ўшанаванні выдатных беларускіх гістарычных асоб праз усталяванне ў замежных краінах помнікаў і памятных дошак. Яркім узорам дзейнасці беларускай дыяспары стала адкрыццё класа беларускай мовы і літаратуры ў школе амерыканскага горада Сакрамэнта літаральна тры тыдні таму, 17 жніўня.

Вельмі жыва адрэагаваў Уладзімір Уладзіміравіч на прапанову члена Кансультатыўнага савета, прафесара Адама Мальдзіса аб стварэнні ў Мінску Беларускага дома. Па словах міністра, у такой установе маглі б быць размешчаны музей беларускага замежжа, арганізацыі, якія займаюцца развіццём супрацоўніцтва як з землякамі, так і з разнастайнымі таварыствамі сяброўства, арганізацыямі замежных студэнтаў, якія навучаліся ў Беларусі. Там маглі б быць прадугледжаныя таксама залы для правядзення канцэртаў, літаратурна-мастацкіх сустрэч, з’ездаў, канферэнцый і іншыя ўстановы роднаснага кірунку дзейнасці. “У сувязі з гэтым прашу вас, прадстаўнікоў дыяспар, і вашы ўстановы, бізнесменаў беларускага паходжання разгледзець магчымасць фінансавага ўдзелу ў рэалізацыі такога праекта”, — скончыў Уладзімір Макей.

Вынікам сустрэчы Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа стаў шэраг задач і даручэнняў, якія тычацца эканомікі, соцыуму, сферы культуры. Першым жа добрым прыкладам узаемадзеяння стаў удзел дэлегацый у Дні беларускага пісьменства ў Рагачове, што адбыўся 4 верасня.

Па рознай інфармацыі сёння колькасць прадстаўнікоў беларускай дыяспары за мяжой складае да двух з паловай мільёнаў чалавек па ўсім свеце. Найбольш шырокае прадстаўніцтва беларусаў за мяжой — у Расіі, краінах Балтыі, Украіне, Польшчы, Казахстане, Узбекістане, Малдове. Жывуць яны таксама і ў краінах далёкага замежжа: Аўстраліі, Аргенціне, Канадзе, ЗША, Аўстрыі, Германіі, Велікабрытаніі, Нідэрландах.

Простая мова

Святлана СУРАВА, кіраўнік асацыяцыі “Культурны цэнтр Беларусі ў Францыі”:

— Я выступіла з прапановай да Міністэрства ў рамках фінансавання праграмы “Беларусы ў свеце” арганізаваць на тэрыторыі Еўропы адзіны дом культуры нашай радзімы. Калі дакладна, то менавіта ў Францыі. Гістарычна, добрымі момантамі і негатыўным вопытам, але славянскую і французскую культуры многае яднала. І беларусы на еўрапейскай зямлі, у тым ліку на французскай, свой след пакінулі. Я прапаную на базе гэтага дома праводзіць канферэнцыі, прэзентацыі, выставы. Мне вельмі хацелася б, каб гэту ідэю падтрымалі: у нашай асацыяцыі няма фінансавання, таму я адкрыта папрасіла дапамогі. У хуткім часе асацыяцыя мяркуе праводзіць выставу дзіцячых работ, прысвечаную 30-годдзю чарнобыльскай аварыі. У ёй прымаюць удзел як беларускія, так і французскія школьнікі, і я ўдзячная маім калегам з асацыяцый Італіі і Іспаніі: беларускія дзеці, што пражываюць у гэтых краінах, ужо даслалі свае работы. Я папрасіла праз беларускі Цэнтр нацыянальных культур адправіць нам калектыў музыкантаў да гэтай выставы ў Верхняй Савоніі, дзе пра Беларусь мала хто ведае.

Таццяна ПУМПУЛЕВА, кіраўнік асацыяцыі “BELLARUS” з Неапаля, Італія:

— Я вельмі ўдзячная Міністэрству замежных спраў за магчымасць прысутнічаць і пазнаёміцца з усімі іншымі суполкамі свету, таму што наша арганізацыя вельмі маладая, ёй 6 гадоў і напрацоўкі ў нас, канешне ж, невялікія ў параўнанні з тымі, хто дзейнічае ўжо нават па 60 гадоў. З пасяджэння Кансультатыўнага савета займела шмат ідэй, знайшла больш відавочны напрамак, куды рухацца. Гэта тычыцца, у тым ліку, культуры і турызму. Найбліжэйшы праект, які мы хочам увасобіць, — сумесны канцэрт-сустрэча: жадаем, каб прыехалі да нас у Італію артысты і правялі акцыю “Беларусь міжнародная”. Плануем мерапрыемства на гэты кастрычнік. Мы ўпэўнены, што нам дапаможа Пасольства. За тое хачу ім падзякаваць, як і Ганароваму консульству Беларусі ў Неапалі.

Фота аўтара

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст