Ну а ты як жывеш?

№ 36 (1266) 03.09.2016 - 10.09.2016 г

На адным з украінскіх фемінісцкіх парталаў знайшла цікавую рубрыку — “Хочаш ведаць, як я жыву”. Па сутнасці, гэта пытанне, якое задае дзяўчына з правінцыі, чарговая гераіня, да ўсіх астатніх. Асабліва да кіяўлян, якія, калі верыць чуткам, сталі такімі ж адарванымі ад жыцця па-за межамі іх мегаполіса, як , скажам, праславутыя масквічы ды іншыя сталічныя жыхары.

Дзякуючы гэтым тэкстам, я даведалася, кім працуюць, чым займаюцца, як праводзяць вольны час, дзе набываюць усё неабходнае маладыя жанчыны з Капылава, Чаркасаў, Вішнёвага, Нікалаева, Вініцы, Барыспаля, Дняпра, Драгобыча, Белай Царквы ды іншых пунктаў на карце. А галоўнае, што я раз і на заўсёды засвоіла: там сапраўды жывуць людзі. Ды не заўсёды блага. Але як такі мой досвед стасуецца да нас, да нашай культурнай сітуацыі?

Не хачу зараз губляць час на доўгія нудоты, што нам таксама добра было б займець такую “калонку” хаця б у якімсьці сродку масавай інфармацыі. Маўляў, трэба пераадольваць іншапланетныя ўзаемаадносіны са сваімі суайчыннікамі з розных кропак краіны, а не ведаць толькі крымінальныя, жахлівыя або тыповыя навіны з рэгіёнаў. Замест гэтага прапаную праз прызму роднага горада ці вёскі распавесці пра мясцовае жыццё, пажадана прадстаўніку апошніх аднаго — двух пакаленняў.

Нядаўна прысутнічала на прэс-канферэнцыі да Дня беларускага пісьменства, дзе прагучала: у Рагачове, упершыню ў гісторыі горада, адкрыецца паўнавартасная кніжная крама. Хіба гэта навіна не галоўная за шэраг рэкламных артыкулаў пра новыя мінскія кавярні за тыдзень ці тыя ж букіністычныя лаўкі? Раённыя цэнтры зараз павольна, але мэтанакіравана перараджаюцца: з’яўляецца інфраструктура, падкрэсліваюцца асаблівасці, сцёртыя за савецкі час, змяняюцца людзі. Аказваецца, у такіх месцах зручна весці маленькі бізнес кшталту ёга-класа ці вырабу хэнд-мэйд-упрыгожванняў. І кола кліентаў сфарміруецца хутка, і “сарафаннае радыё” дапаможа. А яшчэ можна есці экалагічна чыстую ежу, катацца на ровары, купацца ў азёрах. Ды працаваць на месцы, у суседнім горадзе ці аддалена. Варыянтаў шмат, пра іх, уласна, і распавядае тая ўкраінская рубрыка “…як я жыву”.

Мне імпануе, што ў тэкстах згаданага партала не пазбягаюцца недахопы і адкрытыя мінусы існавання ў правінцыі. Але гэта прамалінейнае прагаворванне аднойчы спрацуе як работа над памылкамі. Ніхто не сцвярджае, што яго горад N лепшае месца ва ўсім сусвеце, але яго жыхары, прынамсі, кажуць, якім яны хацелі яго б бачыць у будучыні. Такое пачытаць карысна і чыноўнікам, і суседзям па пад’ездзе і “іншапланетнікам” з розных мястэчкаў. А яшчэ мінчанам, якія не ў такім ужо прагрэсіўным горадзе ўсё роўна па-снобску не бачаць сітуацыі ў пункце за сто ці чатырыста кіламетраў ад іх. Упэўнена, хаця б адзін з мінімум 118 шчырых матэрыялаў змяніў бы чыйсьці лёс. Хтосьці згадаў бы свой родны горад, хтосьці, магчыма, пераехаў туды, іншыя дапамаглі б у пэўных пытаннях, убачылі перспектывы ці пералічылі грошы. Галоўнае, наладзіць кантакт і не быць чужаніцамі.

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст