З душой усё ў парадку

№ 35 (1265) 27.08.2016 - 03.09.2016 г

Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа закрыў 90-ы сезон прэм’ерай спектакля “Дзіўная місіс Сэвідж” па п’есе вядомага амерыканскага драматурга Джона Патрыка.

Меладраматычная камедыя (такі жанравы сімбіёз вызначаны аўтарам) была напісана ў далёкім 1950 годзе, з таго часу з вялікім поспехам ішла ў ЗША, краінах Еўропы, багатая гісторыя яе пастановак і на савецкай ды постсавецкай сцэнах. Найбольш вядомая з іх была ажыццёўлена Леанідам Варпахоўскім у Маскоўскім акадэмічным тэатры імя Массавета, з удзелам расійскіх зорак першай велічыні: спярша з Фаінай Ранеўскай, потым роля перайшла да Любові Арловай і нарэшце да Веры Марэцкай (з яе ўдзелам і была запісана тэлеверсія спектакля). Вобраз багатай удавы, ад якой адракліся дзеці і аддалі ў прытулак для псіхічна хворых, дае выдатныя магчымасці актрысе сталага веку, бо выпісаны аўтарам з вялікай сімпатыяй, а сама п’еса ў наш час, калі матэрыяльны дабрабыт абвяшчаецца найвышэйшай каштоўнасцю, набывае асаблівую вастрыню.

/i/content/pi/cult/601/13363/8-1.jpg

На коласаўскай сцэне гісторыю ўвасобіў вядомы расійскі рэжысёр Юрый Пахомаў, які мае даўнія і трывалыя творчыя стасункі з Віцебскам. Варта згадаць яго пастаноўкі “Утаймаванне наравістай” Уільяма Шэкспіра,”Чума на вашы дзве сям’і!” (у свой час мне даводзілася пра яе пісаць на старонках “К”) і “Памінальная малітва” Рыгора Горына, “Млын” Аляксея Дударава, “Банкрут” Аляксандра Астроўскага.

Дзеянне спектакля адбываецца ў “Ціхім прыстанку”. Назва і сама па сабе выклікае пэўныя асацыяцыі, мае ў сабе дадатковае сэнсавае адценне, бо перакладаецца і як манастыр. І сапраўды, мы бачым на сцэне выгляд прыстанку знутры (як быццам прыёмны пакой бальніцы, што абмяжоўваюць вялікія аканіцы з выявамі скурчаных дрэў), а вось на авансцэне — выгляд гэтай жа мясціны звонку, так бы мовіць, у мініяцюры. Прыземісты будынак, што нагадвае маленькі храм, прыгожа аздоблены парк і дзіцячая чыгунка, што яго акружае. Рэжысёр і мастак (Святлана Макаранка) быццам падкрэсліваюць: гэта асаблівае месца, яно асвечана Богам. Паступовае знаёмства гледача з насельнікамі ўстановы пераконвае: тут жывуць людзі не столькі душэўна хворыя (якраз з душой усё ў парадку), а проста з пэўнымі асаблівасцямі псіхікі і паводзін. Насамрэч яны хутчэй душэўна параненыя — пацярпелыя ад гэтага самага жорсткага рэальнага свету: у Флоранс не гоіцца рана ад страты аднятага ў яе сына, місіс Пэдзі страціла мову пасля здзекаў мужа, Джэф не можа забыцца на жах кровапралітных войнаў і да таго падобнага. У кожнага свая страшная трагедыя.

Героі выклікаюць суперажыванне. Яны годна трымаюцца ў сценах лякарні, хоць і разумеюць, дзе знаходзяцца, а самае галоўнае — яны не ўзлаваліся ад сваёй бяды, і засталіся людзьмі ў найвышэйшым сэнсе гэтага слова. Здаецца, рэжысёр робіць усё для таго, каб мілыя персанажы спадабаліся гледачу, выклікалі ў яго спачуванне і сімпатыю і, разам з тым, не стваралі ўражанне нейкіх заняпалых істот. Яны цудоўна разумеюць недасканаласць адзін аднаго, але не дазваляюць пакрыўдзіць свайго бліжняга нейкай бестактоўнасцю, нейкімі праявамі душэўнай чэрствасці.

Кожны з выканаўцаў знаходзіць цікавыя характэрныя рысы для ўвасаблення сваіх персанажаў, часцей за ўсё ідзе ад знешняга да ўнутранага непадабенства. Тут хочацца адзначыць вельмі моцны акцёрскі ансамбль, выканаўцы выдатна адчуваюць сваіх сцэнічных партнёраў, дасканала ўзаемадзейнічаюць адно з адным. Вельмі складана вылучыць нейкую асобную акцёрскую работу, але ж сапраўднае майстэрства дэманструюць Настасся Веранёва (Фэры), Яўген Лук’янаў (Джэфры), Цімур Жусупаў (Ганібал), Наталля Саламаха-Конанава (Флоранс), Святлана Жукоўская (Пэдзі, роля амаль бясслоўная, але актрыса праз унутранае пражыванне пашырае яе аб’ём), спалучаючы драматызм і камедыйнасць, выяўляючы “другі план” сваіх вобразаў. У гледача ствараецца адчуванне, што ён не толькі бачыць гэтых герояў у сучасным стане, але і пазнае іх мінулае. Цікава, што ў фінале яны паўстаюць перад гледачом у белых адзеннях, быццам анёлы.

Вядома ж, першая скрыпка ў такім спектаклі павінна належаць стваральніцы цэнтральнага вобраза — Этэль Сэвідж. Яе пашэнціла сыграць заслужанай артыстцы Рэспублікі Беларусь Таццяне Ліхачовай. Калі азірнуцца на папярэднія работы выканаўцы, пачынаючы з самых першых (Ганна з “Сымона-музыкі”, Валянціна з “Летась у Чулімску”) і больш позніх (Юлька з “Адпачынку пасля ранення”, Джульета з “Рамэа і Джульеты”, Кардэлія з “Караля Ліра”, Соня з “Дзядзі Вані”), то варта адзначыць вельмі моцны маральны стрыжань, які быў уласцівы сцэнічным характарам, створаным актрысай, а ў вобразе Ефрасінні Полацкай актрыса здолела ўзняцца да сапраўднай духоўнай вышыні ўжо рэальнага персанажа. Цудоўна адчуваючы жанравую асаблівасць пастаноўкі, Ліхачова спрабуе перадаць і ўнутраны стан сваёй хоць крыху і дзіўнаватай гераіні, але з уласцівай ёй вельмі актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Лінія вобраза тут ідзе, так бы мовіць, па двух напрамках: першы — гэта барацьба з нашчадкамі за маёмасць і ўласную свабоду, другі — паступовае збліжэнне з насельнікамі “Ціхага прыстанку”, якія, у адрозненне ад апекуноў, становяцца яе сапраўднымі дзецьмі, ці, прынамсі, сябрамі. Паступова яна разумее, што сапраўдны вар’яцкі свет, дзе чалавечыя каштоўнасці ўжо даўно абясцэнены, знаходзіцца якраз за межамі клінікі.

Тут варта адзначыць выдатную работу выканаўцаў роляў адмоўных персанажаў — Георгія Лойкі (сенатар Ціт, пасынак Сэвідж), Генадзя Гайдука (суддзя Сэмюэл, другі пасынак) і Ульяны Ацясавай (Лілі-Бэл, прыёмная дачка Сэвідж). Артысты ўжываюць яркія гратэскавыя фарбы, дэманструючы, да якой ступені вар’яцтва можа прывесці нястрымная прага багацця ў спалучэнні з практычнасцю і бяздушнасцю. Ну а сярод, здавалася б, хворых Сэвідж адкрывае для сябе новую рэальнасць, у якой ёсць месца і сапраўднай любові, і душэўнаму цяплу, і старамоднай цяпер высакароднасці, і, здаецца, назаўсёды зніклай з твару зямлі бескарыслівасці. Місіс Сэвідж Таццяны Ліхачовай набывае не толькі веру ў сябе і ў правільнасць сваіх учынкаў. Яна здабывае страчаную веру ў людзей, у шчырасць адносін, у тое, што чалавек, калі захоча, заўсёды можа заставацца чалавекам.

Юрый ІВАНОЎСКІ, тэатразнаўца

Віцебск