"Джобс" з бібліятэкі

№ 35 (1265) 27.08.2016 - 03.09.2016 г

Функцыянал, арсенал і тэхналогіі амерыканскіх кніжніц
З 23 ліпеня па 13 жніўня дырэктар Мінскай абласной бібліятэкі імя Аляксандра Пушкіна Аксана Кніжнікава, дырэктар Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі Марына Рафеева, загадчык аддзела літаратуры на замежных мовах Брэсцкай абласной бібліятэкі імя Максіма Горкага Таццяна Налобіна і загадчык сектара літаратуры на замежных мовах Баранавіцкай цэнтральнай бібліятэкі Наталля Станкевіч пабывалі ў бібліятэчных установах Злучаных Штатаў Амерыкі.

Гэта — Інстытут музейнага і бібліятэчнага абслугоўвання, бібліятэка Кангрэса, аддзяленне Амерыканскай бібліятэчнай асацыяцыі (Вашынгтон); бібліятэка акругі Мытнамах (Портланд, штат Арэгон); дзяржаўная бібліятэка штата Юта, гарадская бібліятэка Солт-Лэйк-Сіці, бібліятэка медыцынскіх навук і лічбавая бібліятэка “Горны Захад” (зноў жа ў Юце). Затым шлях спецыялістаў, што выправіліся ў вандроўку ў рамках праграмы міжнародных візітаў дзярждэпартаменту ЗША і па ініцыятыве аддзела міжнародных візітаў, ляжаў у штат Нью-Ёрк: бібліятэка Файтвіль у горадзе Сіракузы, універсітэцкая бібліятэка Карнэла, школа інфармацыйных даследаванняў, Вольная бібліятэка Ліверпуля і бібліятэка Уайт Бранч. Камандзіроўка завяршылася непасрэдна ў горадзе Нью-Ёрк на бібліятэцы Квінса, бібліятэцы і музеі Моргана, Нью-ёркскай і Бруклінскай публічных бібліятэках. “К” запыталася пра адметнасці працы амерыканскіх калег у дырэктараў абласных устаноў.

/i/content/pi/cult/601/13361/6-1.jpg

Аксана КНІЖНІКАВА, дырэктар Мінскай  абласной бібліятэкі імя Аляксандра Пушкіна

— Мы супрацоўнічаем з інфармацыйным цэнтрам пры Пасольстве ЗША. Магчыма, яны абапіраліся на вынікі работы бібліятэкі за год, бо ў нас было шмат вартых увагі праектаў, у тым ліку сацыяльных: “У імя жыцця” сумесна з анкапацыентамі, “Здорава разам” — з мінскім цэнтрам усынаўлення. Бібліятэка становіцца сапраўднай сацыяльнай структурай — гэта агульнасусветная тэндэнцыя.

— Чаму быў абраны такі маршрут?

— Безумоўна, калегі імкнуліся паказаць лепшае і разнастайнае. А мы паралельна задавалі свае пытанні: напрыклад, як працуюць перасоўныя бібліятэкі, бо Беларусь мае свой аналаг — бібліёбус. Дарэчы, прынцып у іх аднолькавы: машыны ездзяць прыкладна з тымі ж прамежкамі часу і па такіх жа па ахопе тэрыторыях, але ўяўляюць з сябе сапраўдны паўнавартасны мабільны перасоўны пункт з працоўнымі месцамі, доступам у інтэрнэт.

— У такім выпадку цікава даведацца, як выглядае амерыканская рэгіянальная бібліятэка?

— Напрыклад, па нашых мерках бібліятэка мястэчка Карнэліус недалёка ад Портланда — гэта камфортны будынак, па іх — недастаткова, таму зараз ідзе збор сродкаў на будаўніцтва новага. На першым паверсе будзе знаходзіцца сацыяльны цэнтр, на верхніх — сама бібліятэка. Трэба дадаць, што амаль усе ўстановы, што мы наведалі, — светлыя і прасторныя. І хоць мы і рушым у адным кірунку, тэхнічная база ў амерыканцаў значна лепшая. Я маю на ўвазе і паркоўку, кавярню і магазінчык, і звышсучасную мэблю для рэлаксацыі, пакой для кармлення немаўляці, фантанчыкі з пітной вадой. Канешне, гэта прываблівае. Не абавязкова вольны час праводзіць менавіта за чытаннем. Амерыканскія бібліятэкі маюць адасобленыя зоны, дзе бацькі могуць пагуляць са сваімі дзецьмі ці ўзяць дадому камплект з гульнямі для развіцця. У іх, акрамя папяровага, лічбавага, CD- і DVD-варыянтаў дакументаў, ёсць яшчэ планшэты з запампаванымі туды адукацыйнымі і развівальнымі праграмамі, ды нават кропкі доступу ў інтэрнэт — мадэмы, якія таксама можна ўзяць дадому. Гэта вельмі важна для катэгорыі людзей з малым даходам.

— Якія яшчэ ёсць асаблівасці бібліятэк Новага Свету, акрамя выдатнай матэрыяльна-тэхнічнай базы?

— У іх бібліятэках шмат практычных праграм, якія спрыяюць адаптацыі людзей у грамадстве. У Амерыцы шмат эмігрантаў і бежанцаў, якія ўвогуле не валодаюць англійскай мовай. Фактычна, бібліятэка бярэ на сябе місію дапамагчы людзям займець слоўнікавы запас першай неабходнасці. Ёсць камп’ютарныя курсы. Пры бібліятэках створаны “джобс”-цэнтры для пошуку работы. У Бруклінскай бібліятэцы вядуцца скайп-канферэнцыі нават з турмамі. У бібліятэках вельмі запатрабаваны сацыяльны аспект, яны максімальна яго задавальняюць. Пры некаторых установах Нью-Ёрка ёсць цэнтры, якія выдаюць карту нью-ёркца, яна прадастаўляе пэўныя прывілеі, даброты. Бібліятэка медыцынскіх навук у Солт-Лэйк-Сіці па просьбе карыстальнікаў амаль уся перайшла ў онлайн-рэжым. Там створаны базы даных, якія цікавыя ў першую чаргу студэнтам і выкладчыкам: артыкулы і іншыя свежыя матэрыялы. Блок даведачнай літаратуры маецца і ў выглядзе кніг.

— Вядома, цікава даведацца і пра грашовую сітуацыю.

— Тыя бібліятэкі, якія наведвалі мы, фінансуюцца з мясцовага бюджэту і праз федэральную падтрымку. Грошы выдзяляюцца, зыходзячы з колькасці бібліятэк і шчыльнасці насельніцтва. Не абыходзіцца без спонсарскай дапамогі, ахвяраванняў і сістэмы грантаў. У Амерыцы пры бібліятэках існуюць спецыяльныя бібліятэчныя фонды, якія займаюцца фандрайзінгам, — пошукам дадатковага фінансавання, за кошт якога ажыццяўляецца шэраг праектаў. З пункту гледжання псіхалогіі, ім гэта рабіць прасцей, чым самім бібліятэкам. А таксама ў Штатах існуюць супольнасці, якія называюцца “Сябры бібліятэкі”, яны таксама шукаюць грошы. Валанцёрства — вось што здзівіла. Людзі бязвыплатна аказваюць дапамогу: калі гэта бібліятэка для людзей са слабым зрокам, то добраахвотнікі прыходзяць і агучваюць літаратуру для сляпых. Валанцёры наведваюць школы і чытаюць там дзецям. Я разумею, што падатковае заканадаўства стымулюе дабрачыннасць і валанцёрства, але, падаецца, тут ёсць і нейкі культурны кампанент у грамадстве. У гэтай краіне, калі ёсць вольны час, ты дапамагаеш, гэта лічыцца прыстойным. Ёсць яшчэ ў амерыканцаў практыка: яны не толькі запрашаюць у сваю супольнасць, але і далучаюцца да іншых. Яны разумеюць, што калі ў чалавека нізкі ўзровень даходу, то ў яго, магчыма, няма грошай нават для таго, каб даехаць да той бібліятэкі. Таму супрацоўнікі самі ездзяць па ўстановах для такіх асоб, інвалідаў і прывозяць кнігі.

— Ці ёсць адчуванне крызісу інстытуцыі на Захадзе?

— Што да камплектавання фондаў, то і ў нас, і ў іх яно ажыццяўляецца ў межах 13 — 16 % ад фінансавання бібліятэкі. А зніжаны інтарэс да чытання адчувальны паўсюль, таму зараз у Амерыцы распаўсюджаны праграмы па пашырэнні папулярнасці чытання. А бібліятэкі не знікаюць, яны проста трансфармуюцца, становячыся больш зручнымі: праз электроннае браніраванне літаратуры, спецыяльныя аўтаматы з дыскамі, праз магчымасць кнігу, узятую ў галоўнай бібліятэцы, здаць у любым яе філіяле, проста пакінуўшы экзэмпляр у скрыні.

— З якімі адчуваннямі вы вярнуліся ў Мінск на працу?

— Уражанні свежыя. Вялікі дзякуй арганізатарам праграмы. Бібліятэкі зачаравалі, здзівілі, скарылі. Патрэбен час, каб асэнсаваць, што з убачанага можна адаптаваць на нашай глебе.

Марына РАФЕЕВА, дырэктар Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя Леніна

— Праграма візіту была складзена настолькі прафесійна і разнастайна, што кожная з бібліятэк здзівіла па-свойму. Вось хаця б спецыялізаваная бібліятэка медыцынскіх навук імя Спэнсара Эклза. У ёй створана лічбавая кніжніца “Mountain West”, змест якой выходзіць далёка за межы рэгіёну, а самі артыкулы датычаць самых розных галін ведаў. Cховішчы высокай шчыльнасці дазволілі вызваліць дадатковыя плошчы, на якіх размясціліся камфортные залы для групавых заняткаў студэнтаў, пакоі для маладых бацькоў, дзяцей і падлеткаў. Для зручнасці наведвальнікаў у чытальных залах стаяць велатрэнажоры, бегавыя дарожкі са спецыяльнымі паліцамі для чытання кніг падчас трэніровак. У гэтай жа бібліятэцы — інтэрактыўная банерная выстава, прысвечаная творчасці Шэкспіра, на якой можна даведацца пра 4 тыпы тэмпераменту на прыкладах шэкспіраўскіх герояў.

Ва ўніверсітэцкай бібліятэцы Карнэла ў горадзе Ітака ў аддзеле рэдкіх кніг нам паказалі шумерскія таблічкі, якім больш за 4 тысячы гадоў, першае выданне твораў і рукапісы Уладзіміра Набокава (пісьменнік выкладаў у гэтым універсітэце). Запомнілася і сустрэча з дырэктарам сусветна вядомай незалежнай бібліятэкі Фаетвіля. Менавіта дзякуючы ёй былі распрацаваны інавацыйныя праграмы і паслугі, першая ў Злучаных Штатах творчая лабараторыя “Makerspace”.

— Магчыма, нейкія бібліятэкі нагадалі вам сваю?

— Структура бібліятэчнай справы Беларусі і Амерыкі супадае ў многім. Нам па сваіх функцыях больш за ўсё блізкія дзяржаўныя бібліятэкі Штатаў. Яны ж з’яўляюцца і метадычнымі цэнтрамі для бібліятэк свайго рэгіёна, займаюцца павышэннем кваліфікацыі супрацоўнікаў, працуюць як інфармацыйны і культурны цэнтры.

— Ці існуюць перавагі ў амерыканскай бібліятэчнай сферы?

— Яны заключаюцца ў тым, што ўсе перадавыя тэхналогіі становяцца даступнымі насельніцтву ў першую чаргу праз бібліятэку. Добрай дапамогай установам становяцца грамадскія аб’яднанні сяброў бібліятэкі і атрыманне грантаў на развіццё ўстаноў.

 — Што запазычыце для сваёй бібліятэкі ў калег?

— Пра рэалізацыю ідэй трэба будзе казаць праз нейкі час, хаця яны сапраўды нарадзіліся падчас паездкі. Раскажу пра некаторыя. Амерыканцы разумеюць важнасць чытання для развіцця дзіцяці. Напрыклад, у Портландзе кожная мама нованароджанага атрымлівае ў падарунак першую дзіцячую кнігу, часопіс пра карысць сямейнага чытання, рэкламныя матэрыялы бібліятэкі і анкету для чытацкага білета. У штаце Арэгон ужо чвэрць стагоддзя працуе праграма “Пачнём ствараць чытачоў сёння” (SMART), штогод у ёй прымаюць удзел каля 10 тысяч дзяцей, якія адчуваюць праблему матывацыі ў чытанні. А пераможца летняй праграмы “На старт! Увага! Чытай!” у штаце Юта атрымлівае віншаванне, падпісанае самім губернатарам. Асабіста мне спадабаліся і інтэр’ерныя рашэнні арганізацыі прасторы ў бібліятэках, узяла на ўвагу ідэі па ўмацаванні карпаратыўнага духу супрацоўнікаў.

Як казаў індыйскі бібліятэказнаўца, прафесар, доктар матэматыкі, філасофіі, літаратуры Шыалі Ранганатана: чым больш бібліятэк, вялікіх і маленькіх, вы наведаеце, тым лепш арганізуеце працу ў сваёй. Дарэчы, адно з патрабаванняў Ранганатана да падрыхтоўкі кадраў на дзіва дакладна рэалізавана ў ЗША. Калі ўніверсітэт хоча мець медыцынскі факультэт, спачатку ён павінны пабудаваць шпіталь. Няма сэнсу рыхтаваць лекараў без медыцынскай практыкі. Менавіта таму шпіталі пры ўніверсітэтах зараз самыя лепшыя ў ЗША.

— Мэта візіту — абмен вопытам. Што атрымалі амерыканцы ад сустрэчы з беларускімі бібліятэкарамі?

— Я назвала б сустрэчу азнаямленчай, балазе нашы калегі цікавіліся арганізацыяй работы нашых бібліятэк. Ім падалася слушнай форма работы “Жывая бібліятэка”, калі ў ролі тэматычных кніг выступаюць незвычайныя людзі. Актыўна працуюць у гэтым кірунку ў Баранавіцкай цэнтральнай бібліятэцы. З вопыту Гомельшчыны спадабалася рэалізаваная ідэя светлагорскіх бібліятэкараў зрабіць вынікам актыўнага ўдзелу ў летніх праграмах чытання павышэнне на бал школьнай адзнакі па беларускай і рускай літаратурах; літаратурны фотапраект нашай бібліятэкі “Кніжныя людзі”: гэта па-мастацку выкананыя вобразы літаратурных персанажаў, увасобленыя нашымі супрацоўнікамі, раздрукаваныя на палотнах. І, канешне, праект Нацыянальнай бібліятэкі, прысвечаны 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, — факсімільнае ўзнаўленне кніжнай спадчыны Францыска Скарыны. Дарэчы, так супала, што напрыканцы нашага прафесіянальнага візіту, на цырымоніі дарэння гэтых кніг Нью-ёркскай публічнай бібліятэцы, мы сустрэлі Рамана Матульскага, дырэктара айчыннай "Нацыянальнай".

— Ці гатова наша бібліятэчная сфера прыняць падобную замежную дэлегацыю і паказаць бібліятэкі, ад Нацыянальнай да вясковай?

— У выпадку з нашай паездкай, фінансаванне поўнасцю ішло з боку ЗША. А мы, бібліятэкары, як і нашы калегі з замежжа, чакаем паплечнікаў. Нам заўсёды ёсць што абмеркаваць, паказаць. Напрыклад, у кастрычніку мінулага года Гомельская вобласць прымала больш за 30 калег з 7 рэгіёнаў Расіі — удзельнікаў Паўленкаўскіх чытанняў, — знаёмячы гасцей з вопытам работы як абласной, так і сельскіх бібліятэк рэгіёна.

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст