Разарваць замкнёнае кола

№ 33 (1263) 13.08.2016 - 20.08.2016 г

Уладзімір Слабодчыкаў, заслужаны дзеяч мастацтваў краіны, загадчык кафедры скульптуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, прафесар, сёлетні лаўрэат Прэміі Саюзнай дзяржавы
Мы, выкладчыкі і студэнты кафедры скульптуры, заўжды імкнуліся да таго, каб выніковыя работы — дыпломныя і найбольш удалыя курсавыя, заставаліся не ў сховішчах акадэміі, а калі-нікалі траплялі на выстаўкі. Важна, каб яны, як кажуць, ішлі ў народ — упрыгожвалі гарады і мястэчкі, інтэр’еры грамадскіх будынкаў.

/i/content/pi/cult/599/13313/5-1.jpgБыў час, калі некалькі скульптурных работ акадэмія перадала аднаму са структурных аддзяленняў Рэспубліканскага навуковага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі ў пасёлку Лясны, больш выдомым як Бараўляны. Гэта наш унёсак у эстэтызацыю функцыянальнай прасторы, наданне ёй станоўчай энергетыкі.

І з таго часу калі-нікалі задумваюся, што мог бы зрабіць для гэтай медыцынскай установы я асабіста? Мне даводзілася бываць тут, бо ў Бараўлянах лекаваліся мае сябры і блізкія. Не дзіва, што я прасякнуўся павагай да ўрачоў, што тут працуюць. Мяркую, на тэрыторыі навуковага цэнтра мусіць быць нейкі знак, які ўвасабляў бы ўдзячнасць пацыентаў урачам, што рупяцца для іх здароўя, і адначасова сцвярджаў бы думку, што анкалогія — гэта не прысуд, што чалавек можа і павінен перамагчы хваробу. Але гэта барацьба патрабуе найперш веры ў сябе, па-другое — напружання ўсіх фізічных і духоўных сіл.

Я бачу знак як калону з рэльефамі, сярод якіх могуць быць выявы зразумелых усім медыцынскіх сімвалаў і тэксты вялікіх лекараў пра перамогу над хваробамі. А вянчаць калону будзе фігура чалавека, які разарваў замкнёнае кола бяды, у якім ён быў заціснуты, і цяпер стаіць пад сонечнымі промнямі пераможцам, маладым і прыгожым. Калона можа быць гранітнай з бронзавымі накладкамі, на якіх будзе мастацкі абыграная фактура, якую стварае паціна, а фігура на ёй — з паліраванай бронзы, каб зіхацела на сонцы.

Знак можа стаяць на тэрыторыі цэнтра непадалёк ад царквы. Яна была пабудаваная, калі ў нашай краіне зноў звярнуліся да рэлігіі. Дарэчы, ад бараўлянскіх урачоў я чуў, што яны калі-нікалі раяць пацыентам наведаць гэту царкву для зняцця стрэсу. А потым тыя казалі, што гэта насамрэч дапамагае, супакойваешся неяк, іншымі вачыма на свае праблемы глядзець пачынаеш. Сакральны аб’ект сімвалізуе боскую апеку над чалавечай душой, а скульптурны знак — веру ва ўласныя сілы.

Гэты знак можа стаць мастацкім сімвалам не толькі згаданага навуковага цэнтра, але і ўсёй прасторы, якую называюць Бараўлянамі. Хоць сёння гэта адзін з прыгажэйшых прыгарадаў Мінска, але мастацкай аздобы яму відавочна не стае. Спадзяюся, што пад добрую справу і спонсары знойдуцца.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"