Гэты велікамучанік — адзін з самых шанаваных хрысціянскіх святых у свеце. З мноства цудаў, створаных ім, самым знакамітым з’яўляецца яго перамога над велічэзным змеем, убачыўшы які, цар і гараджане паверылі ў Хрыста, прыняўшы святое хрышчэнне. На месцы, дзе паводле падання святы забіў змея, была пабудаваная царква ў памяць Георгія Пераможцы. Пры асвячэнні храма малітвамі святога Георгія здарыўся новы цуд — каля царквы забіла крыніца. На падставе старажытнага падання велікамучаніка ўвасабляюць на белым кані, пад нагамі яго ляжыць страшны змей, што глядзіць на святога вершніка, які мужна б’е пачвару дзідай у пашчу. Дарэчы, Георгій Пераможца — заступнік коннікаў і пехацінцаў, лучнікаў, алебардыстаў, збройнікаў, шаломнікаў і сядзельнікаў. А паколькі яго імя ў перакладзе з грэчаскай мовы азначае “земляроб”, ён лічыцца асаблівым апекуном пастухоў і статкаў.
Юлія БЯЗНОСІК, навуковы супрацоўнік музея “Замкавы комплекс “Мір”