Філармонія як школа

№ 32 (1262) 06.08.2016 - 12.08.2016 г

Беларускі спявак Сяргей БЕЛАВУСАЎ, вярнуўшыся пасля некалькіх гадоў працы ў Расіі, завяршыў свой першы сезон на сцэне Віцебскай абласной філармоніі — у якасці яе саліста. Яго выступленні адразу сталі прыкметнай з’явай музычнага жыцця рэгіёна. Чым не нагода пазнаёміцца з артыстам бліжэй?

/i/content/pi/cult/598/13300/6-1.jpg— Сяргей, пасля заканчэння Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі вы працавалі у асноўным на музычна-тэатральных сцэнах — у Краснаярску, Новасібірску, Санкт-Пецярбургу, Растове, Астрахані. Ці не надта сціплае месца займае ў гэтым пераліку Віцебская філармонія?

— Так, філармонія не тэатр. Але ў ёй таксама могуць быць і тэатралізаваныя канцэрты, і нават музычна-тэатральныя пастаноўкі. Прыкладаў таму хапае ва ўсім свеце. Асабіста я ўспрымаю філармонію як своеасаблівую музычную школу для дарослых. Сапраўды, менавіта філармоніі пад сілу выконваць такую асветніцкую функцыю. Вядома, у эстраднай музыцы таксама ёсць шмат цікавага, не ўсё ў ёй трэба адносіць да “гукавога смецця”. Але музычныя густы фарміруюцца дзякуючы сур’ёзнай класічнай музыцы. Яна была і застаецца паказальнікам сапраўды высокага прафесійнага ўзроўню і безлічы прачытанняў — ужо хаця б таму, што прайшла куды большае выпрабаванне часам. Калі бацькі адпраўляюць дзіця вучыцца ігры на музычных інструментах або аддаюць, напрыклад, на бальныя танцы, гэта і ёсць найперш выхаванне густу. Неабавязкова станавіцца музыкантам. Але навучыцца разумець музычную мову — значыць, узбагаціць сваё ўспрыняцце і навакольнага свету, і сябе самога. Філармонія ўсё гэта дае, мінуючы этап уласна авалодвання нейкім музычным інструментам. І, у сваю чаргу, падрыхтоўвае чалавека да больш глыбокага разумення оперы ці балета. Бо дапамагае не толькі “ўбачыць” музычныя спектаклі, але і “пачуць” іх — а значыць, адчуць усёй душой.

Так што наведваць канцэрты філармоніі не проста цікава, а яшчэ і карысна: заўсёды можна адкрыць для сябе нешта новае — у тым ліку, у сабе самім, у сваіх эмоцыях і пачуццях. Бо музыка дапаможа іх “абудзіць” ці, наадварот, супакоіць — навучыць імі валодаць, прыводзячы іх да гармоніі.

— Ну проста гімн у гонар філарманічнай сцэны! А чым вам аказалася блізкай менавіта Віцебская філармонія?

— Тут няма жорсткіх рамак у творчасці, падтрымліваецца згаданае ўнясенне элементаў тэатра. А гэта цікава для гледача. Бо як звычайна ўяўляюць сабе ролю артыста філармоніі? Выйшаў, праспяваў — што называецца, “далажыў”. Але кожны твор нясе сэнсавую нагрузку, таму некаторая тэатралізацыя ніколі не будзе залішняй. Як прыклад — пастаўленая ў нашай філармоніі навагодняя казка “Папялушка”. Музыканты, якія не маюць тэатральнага вопыту (а іх шмат было занята), паказалі, без перабольшання, годную акцёрскую ігру. Артысты ансамбля “Талака” выступалі ў нечаканых для сябе ролях — танцораў з тэкставымі выхадамі. Снягурка была таксама з гэтага калектыву і выступала не горш за прафесійных акцёраў. Выдатны калектыў — актэт балалаек “Віцебскія віртуозы”, мне з ім вельмі спадабалася супрацоўнічаць. Па сутнасці, народныя інструменты паводле свайго паходжання не прызначаны для ўзняцця ўсіх стылёвых пластоў гісторыі сусветнай музыкі. Але кіраўнік калектыву Тамара Шафранава ўмее рабіць вельмі цікавыя па інструментоўцы пералажэнні даволі сур’ёзных прац. Мне як опернаму спеваку гэта вельмі прыемна, таму што бліжэй праца з аркестрам, а не проста пад фартэпіяна.

— Што ўвогуле для артыста важна — кіраўніцтва, умовы?

— Здараецца, у людзей творчых не ўсё добра складваецца з кіраўніцтвам, асабліва калі апошняе не разумее мастацкіх памкненняў, а карыстаецца адно адміністратыўнымі метадамі. Я бачыў нямала дырэктараў і магу сказаць, што наша Алена Падаляк у дадзеных умовах зрабіла максімальна магчымае, каб утрымаць людзей і выдаць якасны прадукт. На сваім месцы і я стараюся паказаць годную працу. Калі ж казаць менавіта пра ўмовы, у якія трапляеш, дык звяртаеш увагу перш за ўсё на акустыку, магчымасці пляцоўкі. У час выступлення шмат сіл звычайна траціцца на намацванне гукавой плыні, а гэта можа адцягваць увагу спевака ад сэнсавага напаўнення твора, не гаворачы пра якасць спеваў увогуле. Заўсёды важны ўласны стан. Для спевака любы дыскамфорт (тая ж хвароба, калі пачынаеш змагацца са сваім арганізмам) замінае. Як вынік — не тая эмацыйная аддача.

— Кажуць, у оперных спевакоў свая сістэма паводзін, “настройкі” перад выступленнем. Вы, праўда, не тэнар, а драматычны барытон, тым не менш — ёсць свае талісманы, забабоны?

— Так, хтосьці за гадзіну да спектакля ці канцэрта сыходзіць у маўчанне, а іншы пачынае расказваць анекдоты, каб суняць мандраж. Я падобным не вылучаюся: калі ёсць пра што пагаварыць — размаўляю без праблем. Але ўмею хутка пераключацца, як справа даходзіць да выхаду на сцэну: толькі што я быў Белавусаў, а цяпер — той персанаж, які патрабуецца.

— Гэта значыць, Жэрмон у “Травіяце”, Рыгалета ў аднайменнай оперы Вэрдзі, Гразной у “Царскай нявесце” Рымскага-Корсакава, доктар Эбн-Хакіа ў “Іяланце”, Томскі ў “Пікавай даме”, Пан Галава ў “Чаравічках” Чайкоўскага… Ды ўсё ж, дзе было больш цікава працаваць — пэўна, у Санкт-Пецярбургу?

— У кожным горадзе свая “разыначка”. Той жа Краснаярск стаўся для мяне сапраўднай школай, бо ў аперэце стаўка робіцца на акцёрскую тэхніку. Шмат далі мне і размовы з сібіракамі, у тым ліку карэннымі. А бабулі сібірскія, якія ў 40-градусны мароз выходзяць гандляваць? А мясцовыя пельмені? Такіх смачных больш нідзе не еў. А якая там прырода! Адзін толькі Енісей паўтаракіламетровай шырыні чаго варты.

Новасібірск стаў для мяне знамянальны сваім оперным тэатрам — першым у маёй творчай кар’еры. Калектыў там вельмі моцны, не саступае Марыінскаму. За прафесіяналамі пачынаеш цягнуцца, і яны дапамагаюць. Так ідзе твой уласны рост.

Ну, а Санкт-Пецярбург ёсць Санкт-Пецярбург. Выступленне ў адным толькі Эрмітажным тэатры што значыць! Асаблівае пачуццё, калі ў “Пікавай даме”, “Рыгалета” выходзіў на сцэну, дзе калісьці спявалі Шаляпін і іншыя знакамітасці. У тэатра “Санктъ-Петербургъ Опера”, дзе я таксама працаваў, свая сцэна невялікая, не дазваляе рабіць пастаноўкі са значнай колькасцю ўдзельнікаў. Таму падбіраліся і іншыя пляцоўкі: у Юсупаўскім палацы, Смольным саборы. А старадаўнія пабудовы прыцягальныя для спевакоў яшчэ і таму, што там звычайна вельмі добрая акустыка.

— А калі гэта праца на адкрытым паветры? Ведаю, што вам давялося спяваць партыю Барыса Гадунова ў аднайменнай оперы Мусаргскага, пастаўленай не толькі ў тэатры, але і ў гістарычных “дэкарацыях” астраханскага Крамля.

 — Справа яшчэ ў тым, што астраханскі Крэмль (дарэчы, ён белакаменны, бо не перабудоўваўся, як Маскоўскі) датычны да таго перыяду гісторыі, пра які распавядаецца ў творы: тут у свой час хавалася Марына Мнішак. Вядома, гэта дадало пастаноўцы адчування жывой гісторыі. І нам таксама, бо выходзіш не на ўмоўную тэатральную сцэну, а быццам “туды і тады”. Было і адчуванне Божай волі. У пачатку спектакля заімжыў дождж, а ўсё, уключаючы аркестр, дзе інструментам нельга мокнуць, — пад адкрытым небам. Але дырыжор рызыкнуў, і з першымі акордамі неба пачало праясняцца, прычым менавіта над Крамлём, а не ва ўсім горадзе.

Ведаеце, для мяне не мае значэння, дзе і перад кім спяваць — перад тымі ж замежнікамі ці перад сваімі бабулямі, у дваццаты раз або на прэм’еры, куды паклікалі крытыкаў. Заўсёды трэба выкладвацца максімальна. Ведаеце, гэта як у пажарнікаў: усё роўна дзе гарыць, бо ратаваць трэба аднолькава. Проста ў новых умовах “прыстрэльваешся” да нюансаў, якія ўскладняюць ці, магчыма, палягчаюць працу. А ў астатнім — трэба сказаць свету, што хацеў, незалежна ад умоў.

— Як вы ўвогуле ў Расіі апынуліся? І чаму вярнуліся ў Віцебск?

— Гэта мая радзіма. У свой час я скончыў тутэйшае музычнае вучылішча як харавік-дырыжор, працаваў па размеркаванні ў Лёзненскай школе мастацтваў. А ў музычнай школе навучаўся па класе баяна, хаця пачалося ўсё нават не з яе — з хору хлопчыкаў у Палацы піянераў, куды адвяла мяне маці ў пяць гадоў. Пачуўшы, як я спяваю, яна зрабіла выснову, што музычны слых ёсць — значыць, трэба вучыць музыцы.

— Але ж хор — гэта яшчэ не сольныя спевы.

— Калі паехаў на курсы павышэння кваліфікацыі ў Мінск, сустрэўся з сябрамі, якія вучыліся на харавым аддзяленні Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі. Вырашыў паступаць таксама. Але ж адольвалі мяне думкі, што трэба на вакальнае. І за некалькі дзён да паступлення перанёс дакументы на іншае аддзяленне. Трапіў да Віктара Скорабагатава — заслужанага артыста рэспублікі, саліста опернага тэатра, які сёння з’яўляецца прафесарам Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Вучыўся ў яго сем гадоў: два на падрыхтоўчым аддзяленні, потым пяць на асноўным. Скончыў у 1997 годзе — і паўстала пытанне пра будучыню. Даведаўся, што ёсць магчымасць уладкавацца ў Краснаярску. Трапіў у тэатр музычнай камедыі, дзе прапрацаваў адзін год: усё ж такі, як аказалася, не мая гэта сцежка. Праслухаўся ў Новасібірску ў оперны тэатр, дзе спяваў наступныя тры гады. А ў Санкт-Пецярбург мяне запрасіў рэжысёр Юрый Аляксандраў — мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага камернага музычнага тэатра “Санктъ-Петербургъ Опера”, які да нас прыязджаў. З 2003-га практычна на дзесяцігоддзе я звязаў свой лёс з гэтым калектывам, былі таксама некалькі праектаў з тэатрам Пецярбургскай кансерваторыі імя Рымскага-Корсакава і Растоўскім музычным тэатрам. Працуючы ў Санкт-Пецярбургу, я набраў асноўны рэпертуар, адразу стаў вядучым салістам, выконваў пералічаныя вамі тытульныя партыі. Спяваў таксама ў камічных операх, у малавядомых альбо рэдка выконваемых. У 2011-м паступіла прапанова з опернага тэатра ў Астрахані, дзе пабудавалі новы велізарны будынак і фарміравалі трупу. І вось, нарэшце, я дома…

Ірына ШАГАЛЕЕВА

Віцебск

Фотафакт