Па самастойнасць — у абласны

№ 32 (1262) 06.08.2016 - 12.08.2016 г

Віталь КРАЎЧАНКА, рэжысёр, выпускнік Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў
Пры выбары месца для дыпломных пастановак усе мае аднакурснікі абралі сталічныя пляцоўкі, а я адмыслова імкнуўся прайсці шлях ад выбару п’есы да прэм’еры як мага далей ад сталіцы. Мне падаецца, зараз у Мінску рэжысёру цяжка выклікаць зацікаўленасць у акцёраў, публіку ж увогуле даволі цяжка здзівіць. У абласным тэатры людзі жадаюць працаваць, яны адкрытыя да новага і падыходзяць да пачаткоўца ў прафесіі з натуральнай зацікаўленасцю, хаця і не без насцярожанасці: “Цікава, а што ён зробіць?” Я па-сапраўднаму шчаслівы, што паехаў ставіць у Магілёў!

/i/content/pi/cult/598/13299/5-3.jpgПа першай адукацыі я акцёр, працаваў у Тэатры імя Максіма Горкага. Зразумела, глядзеў спектаклі на іншых сталічных пляцоўках, бачыў акцёраў у розных ролях, прыблізна ўяўляў, на што яны здатныя. Мне ж ад пачатку хацелася трапіць на пастаноўку ў малазнаёмы калектыў, дзе не ведаеш ні дырэктара, ні галоўнага рэжысёра, каб ад самага першага кроку ў тэатры і да прэм’еры расці самастойна, шукаць падыход да выканаўцаў, вучыцца знаходзіць кампраміс, каб ад сябе не адарваць кавалак “мяса” ды іншага не задавіць. Мне хацелася самастойна паспрабаваць злучыць увесь калектыў, што працуе са мной, у адно дыханне, быць у ім галоўным звяном, якое і называецца “рэжысёр-пастаноўшчык”. На мой погляд, дыпломны спектакль як раз задуманы дзеля таго, каб праверыць, ці можаш ты быць рэжысёрам, ці атрымаецца стаць тым кіраўніком, які вядзе за сабой трупу альбо, прынамсі, маленькі калектыў, які задзейнічаны ў спектаклі.

Што да месца пастаноўкі, то яно невыпадковае. Магілёўскі драматычны тэатр кожнай прэм’ерай звяртае на сябе ўвагу крытыкі і грамадскасці, ён адкрыты да эксперыменту і да супрацоўніцтва з моладдзю, гатовы пры гэтым рызыкаваць кішэняй, якая не так моцна напаўняецца. У свой час у горадзе на Дняпры яскрава пачыналі і цвёрда станавіліся на прафесійныя рэйкі такія рэжысёры, як Валерый Маслюк, Юрый Міроненка. У свае маладыя гады там ставіў Мікалай Пінігін, а зусім нядаўна тэатр узначальвала Кацярына Аверкава. Нямала пастановак магіляўчане давяралі колішнім выпускнікам БДАМ, прынамсі Міхаілу Лашыцкаму і Уладзіміру Шчэрбаню, таму складваецца адчуванне, што тут кіпіць маладая кроў. Пры цяперашнім галоўным рэжысёры Саўлюсе Варнасе тэатр пачаў новую старонку сваёй гісторыі, і мне захацелася стаць яе часткай.

У сталічных установах ёсць яшчэ адна пастка: у нацыянальных ды заслужаных калектывах насцярожана ставяцца да пачаткоўцаў, больш кантралююць і “дапамагаюць”, бо не вельмі хочуць рызыкаваць статусам тэатра. Я вельмі ўдзячны дырэктару Андрэю Новікаву і спадару Саўлюсу, што яны не ўмешваліся ў пастановачны працэс! Тэатр прыняў да пастаноўкі прапанаваную мной п’есу Аляксандра Казанцава “Браты і Ліза”. Рады, што настаяў на “некамедыі” і даказаў: можна зрабіць сур’ёзны спектакль для сур’ёзных людзей, які будзе карыстацца глядацкім попытам. Бачыў, як глаўрэж перыядычна прыходзіць на балкон і назірае, ведаў, што магу ў любую хвіліну звярнуцца да яго за падтрымкай ці падысці параіцца, пры гэтым непасрэдна ў працы не адчуваў ніякага ціску. Можа, таму і акцёры давяралі майму рэжысёрскаму выбару, майму бачанню матэрыялу. Для мяне паказальным стаў той момант, калі акцёры прапанавалі назначыць наступную рэпетыцыю на панядзелак — свой выхадны дзень! І хоць на нашым шляху ўзнікала нямала цяжкасцяў рознага характару, мне ўдалося падпарадкаваць сабе пастановачны і вытворчы працэсы — значыцца, у Магілёў з’ездзіў не проста так.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"