Мультыпрофіль для канкурэнтаздольнасці

№ 32 (1262) 06.08.2016 - 12.08.2016 г

Міхаіл КАВАЛЬЧЫК, заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі, галоўны рэжысёр Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, дацэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў
У другі раз Акадэмія мастацтваў набрала курс рэжысёраў музычнага тэатра. Адкрыццё такой спецыяльнасці было маёй марай, і дзякуй БДАМ за тое, што рызыкнулі зрабіць набор! У мяне ж з’явілася новая мэта: можа, калі-небудзь атрымаецца стварыць у Акадэміі кафедру музычнага тэатра. Гэта было б прэстыжна для ВНУ і для краіны.

/i/content/pi/cult/598/13298/5-2.jpgВозьмем да прыкладу класічныя творчыя ВНУ ўсходняй суседкі. У Санкт-Пецярбургу, у Расійскім дзяржаўным інстытуце сцэнічных мастацтваў (многім вядомы пад назвай ЛГИТМиК), плённа дзейнічае факультэт музычнага тэатра і эстраднага мастацтва. На працягу 70 гадоў выпускае ўнікальных спецыялістаў і факультэт музычнага тэатра маскоўскага ГИТИСа. Разумею, што аднайменны факультэт для Беларусі можа быць і залішнім, але кафедра музычнага тэатра вельмі арганічна ўпісалася б у адукацыйную плынь БДАМ. Яна магла б узяць пад сваю апеку музычныя дысцыпліны на іншых спецыяльнасцях, узняла б пытанне аб пашырэнні колькасці гадзін на іх выкладанне і нават на ўвядзенне ў сучасную праграму новых.

Чаму не вярнуцца да ўдалага вопыту з мінулых гадоў? Прынамсі, калі я сам быў студэнтам тады яшчэ тэатральна-мастацкага інстытута, будучыя рэжысёры абавязкова займаліся фартэпіяна. Зараз гэтага прадмета няма, і, на мой погляд, дарма! Працу з кампазітарам выкладаў нам легендарны Сяргей Картэс. Да гэтага часу памятаю тыя заняткі! Так, у мяне за плячыма была музычная школа і музычнае вучылішча па кірунку “вакал”, але менавіта шыкоўныя лекцыі Сяргея Альбертавіча дапамаглі мне лепш зразумець нюансы ў працы над музычным спектаклем. Можа, таму я, маючы дыплом рэжысёра драматычнага тэатра, у выніку перайшоў у музычны.

Мне падаецца стварэнне кафедры музычнага тэатра вельмі перспектыўным. Паглядзіце, у якім кірунку развіваецца сучасны тэатр: усе драматычныя спектаклі заўсёды падмацаваныя музыкай, на вастрыі моды пластычныя пастаноўкі, у шматлікіх эксперыментальных праектах музыка перастае быць фонам і становіцца паўнавартасным чыннікам дзеяння. Яна ўносіць у спектакль нават не чацвёртае, а адразу пятае вымярэнне. Не інтуітыўнае разуменне, а прафесійнае веданне, калі павінна загучаць пэўная мелодыя, робіць афармленне пастаноўкі дакладным, а гэта і найвялікшы плюс для рэжысёра.

Часам мяне пытаюць, ці не больш лагічна было б, каб курсы рэжысёраў музычнага тэатра існавалі пры Акадэміі музыкі. Але нашы калегі рыхтуюць рэжысёраў з прыцэлам на оперу. Яны на першае месца ставяць музыку, шмат увагі надаюць вакальнаму мастацтву. Нашы ж студэнты падчас навучання засвойваюць курс вакальнага майстэрства і авалодваюць прафесіяй акцёра ці рэжысёра, праходзячы праз такія класічныя тэатральныя дысцыпліны, як сцэнічныя мова, танец, рух і баі. На выхадзе атрымліваюцца мультыпрофільныя спецыялісты, якія аднолькава добра разбіраюцца ў драматычным і музычным мастацтве. Ці не такое патрабаванне выстаўляе нам час? Нашы выпускнікі выходзяць спецыялістамі больш шырокага профілю, што дапамагае ім працаваць у драме, тэатры юнага гледача, музычным тэатры ці тэатры лялек. Іх веды адпавядаюць сучасным патрабаванням, таму яны змогуць паставіць мюзікл на любой сцэне. Вось толькі музычных дысцыплін нам відавочна не хапае, таму імкнемся набіраць абітурыентаў, якія скончылі музычную школу ці каледж. Адкрыццё спецыялізаванай кафедры дапамагло б выправіць гэтую акалічнасць і зрабіла выпускнікоў БДАМ больш канкурэнтаздольнымі на творчым працоўным рынку.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"