Каркасон радзівілаўскай мары

№ 31 (1261) 30.07.2016 - 05.08.2016 г

Летам бацькі імкнуцца спалучыць неспалучальнае: чымсьці забавіць дзяцей, але абавязкова з адукацыйным пасылам, каб да верасня школьнік назапасіў новыя веды. Для сябе я паставіла яшчэ больш складаную задачу: адшукаць “настолку” для неназойлівага вывучэння Беларусі. Ці выканальная місія?

/i/content/pi/cult/597/13284/4-3.jpgПрабегла па крамах, што спецыялізуюцца на стратэгіях, галаваломках і хадзілках. Для майго першакласніка ідэальна падышоў бы варыянт з мэмары, але гандляры прапануюць шукаць парныя карцінкі на любыя тэмы, толькі не пра нацыянальныя адметнасці. Я бачыла каробкі з карткамі пра абедзве расійскія сталіцы, прыродныя дзівосы і архітэктурныя адметнасці суседняй краіны, нават пра карціны расійскіх мастакоў. Ці так складана айчынным выдаўцам друкаваных гульняў адціснуць некалькі партый з выявамі беларускіх гарадоў, нашай флоры і фаўны ці партрэтамі нацыянальных славутасцяў? Упэўнена, арыгінальную прадукцыю размялі б адказныя бацькі і прасунутыя настаўнікі. А які б гэта быў сувенір для тых, хто любіць практычныя падарункі! З аднаго боку, амаль паштоўкі, з іншага — у інструкцыі шмат карыснай інфармацыі па кожнай з выяў.

Сапраўды, можна не вынаходзіць ровар, а зрабіць спецверсію папулярных замежных гульняў. Прынамсі, паспрабаваць па аналогіі з “Каркасонам” (гульня ўваходзіць у дзясятку самых знакамітых у свеце) будаваць не абстрактныя рыцарскія ўмацаванні, а княжацкія палацы Радзівілаў. Ці, адштурхнуўшыся ад нашумелых “Каланізатараў”, прыдуманых у Германіі дваццаць гадоў таму, засноўваць замкі і збіраць землі Вялікага Княства Літоўскага (заадно вывучыць імёны славутых князёў, падцягнуць гісторыю і геаграфію). Ганяць не на безаблічных грузавіках, а на МАЗах, вынайсці казачную сцежку сярод айчынных міфалагічных істотаў ці “прабірацца” па закінутых тунэлях, напрыклад, са “Скарбніцы” Гутэн-Чапскіх у Станькава. Можна зрабіць “мастацтвазнаўчае” лато з фотаздымкамі лепшых нацыянальных скульптур і карцін, прадумаць стратэгію па лоўлі прывідаў у закуліссі Купалаўскага тэатра ці шукаць “згубленыя” прадметы, параўноўваючы выявы карцін Нацыянальнага мастацкага музея. Ці знойдзецца ў спецыфічнай прадукцыі годны рынак збыту? Але гадоў пяць таму і вышыванкі бачылі хіба на фальклорных фестывалях, а сёння яны ў трэндзе, айчынны арнамент зараз ціснуць на шкарпэткі, вокладкі дакументаў, чахлы для смартфонаў і нават на шыны тых самых ровараў.

Беларускасць можна надаць любому хобі. Прынамсі, модныя зараз карціны па нумарах: чаму не прыдумаць раскладку Сафійскага сабора ці палаца Румянцавых і Паскевічаў? Дзецям прапанаваць насыпаць з каляровага пяску зубра ці зрабіць барэльеф васілька. А падараваць сябру кубік Рубіка з беларускімі пейзажамі? Такі рарытэт, але з музея д’Арсэ з карцінамі Манэ, некалькі гадоў стаіць у мяне на паліцы і нязменна прыцягвае ўвагу гасцей. Пра пазлы ўвогуле маўчу: яны павінны ляжаць у сувенірнай краме кожнага турыстычнага аб’екта, бо сённяшнія тэхналогіі дазваляюць самой установе зрабіць такую галаваломку. Дарэчы, безліч пазлаў і размалёвак па нумарах з выявамі экспанатаў я бачыла ў Траццякоўскай галэрэі — і запыт на іх быў і яшчэ які!

А я ўсё ж знайшла патрэбную гульню. Айчынная кампанія, што стварыла беларускі аналаг знакамітай манаполіі, летась запусціла на рынак новы прадукт — віктарыну “Уся Беларусь”. Трэнажор ведаў па родным краі прапануе гульцам карту краіны. Трэба стартаваць у Гродна і, адказваючы на пытанні пра флору, фаўну, геаграфію, культуру і гісторыю краіны, пераскокваць з горада ў горад, каб фінішаваць у Мінску. Чамусьці выдавец пасквапнічаў, прапанаваўшы гульнявае поле памерам з палову стандартнага аркуша паперы. На фоне маляўнічых замежных настолак наша значна прайграе… І некаторыя пытанні дзіўна складзеныя, напрыклад, пра “Паланэз Агінскага” запытваюцца так: “Гэты паланэз Міхала Агінскага з’яўляецца адным з самых вядомых у гісторыі музыкі”. Верагодна, аўтары спяшаліся запоўніць гэту нішу, таму першы тыраж аказаўся не самым дасканалым. Але сама ідэя патрабуе павагі! На каробцы пазначана “Хіт”. Не ведаю дакладных лічбаў продажу, але сапраўды бачу гэтую віктарыну ва ўсіх знаёмых. І мару, што хутка лінейка беларускіх настолак папоўніцца разнастайнымі (і адначасова адукацыйнымі!) гульнямі.