Беларуская фатаграфія. Імёны / Станіслаў Антон Прушынскі

№ 31 (1261) 30.07.2016 - 05.08.2016 г

Сумесна з Нацыянальным гістарычным музеем Беларусі “К” адкрывае рубрыку, прысвечаную беларускай фатаграфіі і яе аўтарам. Каго і як здымалі фатографы на тутэйшых землях у ХІХ і ХХ стагоддзях? Пра што нам распавядаюць гэтыя адбіткі? Каго называюць аўтарамі хрэстаматыйных фотаздымкаў? Пачынаючы ад ХІХ стагоддзя, мы паспрабуем пазнаёміцца з тымі, хто ствараў беларускую фатаграфію на самым пачатку яе станаўлення і пазней, як высілкі тагачасных майстроў дазваляюць нам казаць сёння пра наяўнасць апошняй у сучаснасці. Рэй у гэтым даследаванні будзе весці гісторык і загадчыца аддзела пісьмовых і візуальных крыніц музея Надзея Саўчанка. Фатограф і педагог, заслужаны работнік культуры краіны Юрый Васільеў і аглядальнік “К” Дар’я Амяльковіч паспрабуюць пашырыць погляд на знакамітыя фатаграфіі беларускіх майстроў, правёўшы свае паралелі. Фармат рубрыкі плануецца адкрытым: мы зацікаўлены ў тым, каб удзел у праекце прынялі ўсе, хто неабыякавы да фатаграфіі (і, адпаведна, гісторыі, мастацтва). Распачынаем сёння, бадай, з самага старадаўняга беларускага здымка “Партрэт маці” Станіслава Антона Прушынскага, выкананага ў 1858 годзе. Дарэчы, менавіта сёлета аднаму з выбітных беларускіх майстроў, аўтару слыннага партрэта Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, спаўняецца 190 гадоў. Чым адметныя ягоныя партрэты? Якая менавіта майстэрня была ў гэтага прадстаўніка шляхецкага роду? Пра тое — у сённяшніх аглядах.

/i/content/pi/cult/597/13259/15-1.jpgКласік з патрыятычнай пазіцыяй

Фатограф Станіслаў Антон Прушынскі (1826 — 1895) для гісторыі беларускай фатаграфіі персона выключнай важнасці. Ён быў першым, хто адкрыў сталую фотамайстэрню на тэрыторыі Беларусі. Датай пачатку дзейнасці фотаатэлье Прушынскага ў Мінску польскія крыніцы называюць 1850 год. Гэта таксама самая ранняя на сёння згадка аб існаванні дагератыпнай майстэрні ў нашай краіне. Праўда, дагератыпы тут выконваліся нядоўга — у 1858 годзе Прушынскім была засвоена тэхналогія вырабу адбіткаў на паперы.

Нарадзіўся будучы фатограф у 1826 годзе на Міншчыне, у маёнтку Асінцы Вілейскага павета ў сям’і шляхціца Менскай губерні, межавага суддзі Антонія Прушынскага і Розы Станьскай. У досыць маладым узросце Антон Антонавіч пакінуў бацькоўскую хату і пасяліўся ў Мінску, дзе спачатку зарабляў урокамі музыкі. Неўзабаве ў яго атрымалася адкрыць тут невялікую фабрыку па вытворчасці сургучу.

Маючы прыродныя схільнасці да мастацтва, Антон захапіўся фотасправай, тонкасці якой вывучыў за мяжой і, па словах сястры, “выпісаўшы выключна каштоўныя фатаграфічныя апараты, абсталяваў у горадзе Мінску першакласную фатаграфічную майстэрню”. Прыкладна ў гэты ж час — у 1849 — 50 гг. — ён ажаніўся з Пелагеяй з Кулакоў, а ў 1851-м нарадзіўся іх першынец — Конрад, у будучыні вядомы польскі педагог, аўтар чытанкі, рэдактар “Gazety Switecznej”.

Часцей за ўсё ў фатаграфічнай майстэрні Прушынскага вырабляліся партрэты. Менавіта яны прыносілі фатографу асноўны прыбытак. Таксама тут выконваліся рэпрадукцыі з карцін, абразоў. Незадоўга да паўстання 1863 года Антон Прушынскі ў сваёй фотамайстэрні вырабляў партрэты, якія мелі выразны патрыятычны змест. Трэба адзначыць, што ў гэты перыяд у свядомасці даволі значнай часткі насельніцтва заходніх губерняў працягвала жыць надзея на аднаўленне ў ранейшых межах іх былой радзімы — Рэчы Паспалітай. Фатаграфія была для Прушынскага сродкам, які дапамагаў не толькі выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю, але і абудзіць, падтрымаць патрыятычныя пачуцці ў іншых. Для гэтага фатограф карыстаўся рознымі метадамі. Ён мог здымаць сваіх кліентаў у характэрным адзенні, напрыклад шляхецкай чамарцы, альбо ўключаць у кампазіцыю здымка пэўныя прадметы-сімвалы, якія ўскосна распавядалі нам аб перавагах мадэлі. Дзякуючы рэпутацыі Прушынскага, у яго было і сваё, адмысловае кола кліентаў-аднадумцаў, якія таксама падтрымлівалі вызваленчы рух.

Усе вышэйназваныя элементы прысутнічаюць ва ўжо хрэстаматыйным фатаграфічным партрэце Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Ён выкананы Прушынскім у класічных традыцыях патрыятычнага здымка. Апрануты ў чамарку — шляхецкае адзенне, папулярнае ў Рэчы Паспалітай у XVIII стагоддзі, якую актыўна, у знак пратэсту, сталі насіць мужчыны Мінска ў 1861 — 1862 гадах, Дунін-Марцінкевіч трымае ў руцэ згорнуты ў некалькі разоў друкаваны аркуш. Цікава, што загаловак выдання пазней быў сцёрты з эмульсійнага слою рукой рэтушора. Па адным з меркаванняў, Дунін-Марцінкевіч трымае ў сваіх руках нумар першай беларускай нелегальнай рэвалюцыйна-дэмакратычнай газеты “Мужыцкая праўда”.

У фотамайстэрні Прушынскага таксама мелася вырабленае па адмысловай замове крэсла. Калі ў пачатку 1863 года Антон Антонавіч быў арыштаваны, у следчай справе адным з фактаў, прадстаўленых абвінавачваннем, быў той, што Прушынскі ў сваёй дагератыпнай майстэрні выкарыстоўваў пры здымках крэсла з высокай спінкай, наверсе якой знаходзіліся малюнкі “Арла” і “Пагоні” (герб Рэчы Паспалітай — Н.С.). Гэтае крэсла фігуравала на следстве і як рэчавы доказ. Шэраг такіх партрэтаў (напрыклад, прапаршчыка М. Цюндзевіцкага) быў канфіскаваны паліцыяй падчас рэвізіі фотамайстэрні Прушынскага і служыў доказам яго прыналежнасці да патрыятычнага руху. Па прыгаворы суда 1863 года Антон Прушынскі быў адпраўлены на пасяленне ў Томск. Разам з Прушынскім у далёкае выгнанне выправілася і яго сям’я — жонка і трое дзяцей. У Томску ён зноў, як калісьці ў маладосці, зарабляў на жыццё ўрокамі музыкі, а ў 1864-м адкрыў невялікую фатаграфічную майстэрню, валодала якой фактычна яго жонка Пелагея.

У 1873-м сканчваецца тэрмін высылкі і разам з ёю суровыя выпрабаванні, якія выпалі на долю гэтай дружнай сям’і. Прушынскія з’язджаюць у Варшаву. Там на вуліцы Nowy Swiat, 34, а затым на Chmielnej, 25 Антон Прушынскі адчыняе ўласнае фотаатэлье. Спачатку пад шыльдай “Афтаназий Пуцята” (па прозвішчы цесця свайго сына), а з 1892 года ўжо пад уласным імем.

На сёння арыгінальныя адбіткі, выкананыя ў мінскай і варшаўскай фатаграфіях Прушынскага, захаваліся ў асноўным на тэрыторыі Польшчы. Сямейныя фатаграфіі Прушынскіх былі выяўленыя ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Варшаве (беларускім гісторыкам У.М. Дзянісавым). Дзве фатаграфіі — партрэт Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і партрэт Уладзіслава Гаціскага — захоўваюцца на тэрыторыі Беларусі. Першая — у Мінску, у Нацыянальным гістарычным, другая — у Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеях.

Надзея САЎЧАНКА

 

“Замах” на жывапісны партрэт

Пачатак фатаграфіі — рамантычнае ХІХ стагоддзе. Але і яно ўсё часцей адгукалася на выклікі тэхналагічнай рэвалюцыі. Вынаходзілі ўсе і ўсё. Ідэя новага выяўленчага сродку, здольнага ўлоўліваць і фіксаваць рэчаіснасць з дапамогай светлавога промня і лінзы, літаральна вісела ў паветры. Над гэтым працавалі лепшыя розумы Еўропы і Амерыкі. Бліжэй за ўсіх былі немцы і англічане, але першым удалося атрымаць вынік французам.

Самая старадаўняя фатаграфія, якую захавала чалавецтва, зроблена ў 1826 годзе адстаўным ваенным Нісефорам Ньепсам. Сваю “геліяграфію”, так называлася вынаходніцтва, Ньепс стварыў з дапамогай знакамітай “камеры абскура” — прататыпу сучаснага фотаапарата і алавянай пласціны, пакрытай тонкім слоем асфальту, апрацаванага лавандавым маслам. Аб’ектыў камеры, выстаўлены на падаконніку ў майстэрні, быў адкрыты больш за дванаццаць гадзін. Для практычнага выкарыстання вынік аніякі, але сама магчымасць атрымання выявы такім чынам усяляла надзею і нават упэўненасць. Здымку хутка споўніцца дзвесце гадоў.

Вопыты Ньепса прадоўжыў іншы француз — Луі Жак Дагер. Мастак і прадпрымальнік, ён шукаў рэальную выгоду ад вынаходніцтва. Дагер удасканаліў вынаходніцтва Ньепса. У якасці адчувальнага слою ўпершыню выкарыстоўваецца серабро, апрацаванае парамі ёду. У той час з’явілася больш якасная оптыка для камеры, і ўсё разам дазволіла скараціць час экспазіцыі да 8 — 10 хвілін. Яшчэ шмат, але ўжо прымальна.

Далей — працяглы перапынак, падчас якога шукаліся шляхі, як захаваць прыярытэт Францыі ў гэтым адкрыцці. Па сутнасці, яно было настолькі простым, што пасля апублікавання ні аб якой ліцэнзіі не магло быць і гаворкі. Без апублікавання яно не магло лічыцца дзейным адкрыццём. У гэтай сітуацыі французскія ўлады вырашылі набыць права на выкарыстанне фатаграфіі і прызначыць Дагеру і яго кампаньёну Ісідору Ньепсу (сыну і спадкаемцу Ньепса) пажыццёвыя дзяржаўныя пенсіі. Цікавы факт. Французскі ўрад не быў бы французскім урадам, каб не паклапаціўся аб жонках вынаходнікаў. Тым у выпадку страты сужонкаў пенсіі захоўваліся пажыццёва ў палавінным памеры.

Дагер у паўзе, якая стварылася, пакутліва думаў, як назваць вынаходніцтва, і ў гэтым ён паступіў не так мудра, як урад. У пэўнай меры ён узурпаваў уклад першаадкрывальніка Ньепса і назваў вынаходніцтва сваім імём — “дагератыпія”. Цяпер усе праблемы былі вырашаны, і 19 жніўня 1839 года вынаходніцтва было апублікаванае і гэтым жэстам падараванае свету.

Менавіта дагератыпную майстэрню і адкрыў у Мінску на вуліцы Францысканскай у 1850 годзе Антон Прушынскі праз 11 гадоў пасля апублікавання вынаходніцтва Дагера. Што ж гэта быў за працэс — “дагератыпія”? На той час ён быў самы небяспечны і працаёмкі. Для праяўкі выкарыстоўваліся пары ртуці і іншыя шкодныя элементы. У ім былі задзейнічаны паліраваныя металічныя пласціны, у тым ліку з каштоўных металаў. Яму ўласцівыя доўгія вытрымкі пры здымках, калі міргаць было можна, але рухацца нельга; менавіта таму дзяцей пры фатаграфаванні прыходзілася нават прывязваць. Тое быў і самы дарагі працэс, з выкарыстаннем золата і серабра, якія і складаюць сутнасць дагератыпіі.

Але, нягледзячы на ўсе гэтыя цяжкасці, дагератыпія імгненна захапіла свет. Прыгажосць і вытанчанасць выявы, напоўненай аптычнымі падрабязнасцямі ў дэталях, з матавымі водбліскамі ў паўтонах, якія серабрацца, заклалі з першых крокаў у фатаграфіі асаблівую непаўторнасць новай выяўленчай творчасці. Дагератып быў не проста фотакарткай, звыклай для сучаснага свету. Гэта была пэўная рэч, аформленая ў дарагім акладзе з аксаміту, на фоне якога яна асабліва добра глядзелася, з вечкамі, якія зберагалі выяву ад прамых сонечных промняў. І на фоне ўсяго гэтага ўбранства — выява блізкага і дарагога чалавека. Гэта з’яўлялася свайго кшталту “замахам” на жывапісны партрэт. З’явіўся новы від партрэта — больш танны, дакладны, той, які зачароўвае. Гісторыя гэта вельмі хутка пацвердзіла.

Неўзабаве быў адкрыты новы, больш просты і даступны працэс — калатыпія, але дагератыпы праіснавалі, тым не менш, яшчэ сорак гадоў. У тым ліку таму, што такой містычна прыгожай выявы фатаграфія больш не будзе мець ніколі.

Вынаходнікам калатыпіі стаў англічанін Фокс Талбот. Ён літаральна стварыў прынцыпова іншую фатаграфію. Калатыпія з’явілася першым двухступенным негатыўна-пазітыўным працэсам, які выкарыстоўваецца ў фатаграфіі да гэтай пары. Пазней гісторыя аб’яднала вынаходніцтва Ньепса, Дагера і Талбота адным грэчаскім словам — фатаграфія. “Фота” — святло, “графія” — малюю. Малюнкі святлом.

На жаль, дагератыпаў беларускага паходжання пакуль знайсці не ўдалося, хоць яны, напэўна, былі. Пра гэта кажа развітое еўрапейскае грамадства. Прычын шмат. У тым ліку войны і рэвалюцыі, якія адбыліся на тэрыторыі Беларусі, дрэнная захавальнасць адчувальнага слоя. Увогуле, рэч гэта рэдкая і дарагая для тых, хто іх мае. Некалькі дагератыпаў захоўваюцца ў Віцебскім краязнаўчым музеі, але яны зроблены не беларускімі фатографамі. Прадстаўлены “Партрэт маці” выкананы ў 1858-м годзе. І на сёння гэта самая старадаўняя фатаграфія, зробленая на тэрыторыі Беларусі. Захоўваецца яна ў Нацыянальнай бібліятэцы Варшавы. Да гэтага часу Прушынскі засвоіў новы мокракалоідны негатыўна-пазітыўны працэс, які выкарыстоўвае папяровы носьбіт.

Юрый ВАСІЛЬЕЎ

Фатаграфія як код і выклік

Тое, што ў Антона Прушынскага была дагератыпная майстэрня, — гаворыць пра многае. Але для мяне самым адметным у яго дзейнасці з’яўляецца магчымасць убачыць беларускую шляхту таго часу.

На жаль, абліччы герояў паўстання 1863-га, захаваныя на фотаадбітках, пабачыць у нашым візуальным полі практычна немагчыма. Яны сустракаюцца яшчэ радзей, чым дарэвалюцыйныя партрэты заможных гараджан. Тым не менш, як сведчыць даследчыца, кандыдат гістарычных навук Вольга Гарбачова, Прушынскі не быў адзіным фатографам на беларуска-літоўска-польскіх землях, які практыкаваў патрыятычны партрэт. Варшавянін Караль Баер рабіў пасмяротныя здымкі паўстанцаў (іх сваякоў), выкарыстоўваючы выявы для ўзмацнення духу супраціўлення. Пасмяротны здымак Уладзіслава Сыракомлі таксама быў зроблены невядомым фатографам, у тым ліку ў патрыятычных мэтах. Фатаграфія Рамана Бохвіца ў нацыянальным адзенні, выкананая Валенціем Ржавуцкім у Кракаве, сталася падставай для разбірацельства і даследавання ў дачыненні апошняга з боку афіцыйных уладаў. “Альбом фотаздымкаў, падараваных У. Міцкевічу ліцвінамі з Менска ў 1861 г.”, які знаходзіцца ў Польскай бібліятэцы ў Парыжы, захоўвае партрэты паўстанцаў з менскіх, навагрудскіх, горацкіх, віленскіх земляў; фонд “Архіў музея графа М.М. Мураўёва” з Літоўскага дзяржаўнага гістарычнага фотаархіва ўтрымлівае, у прыватнасці, малавядомы здымак Кастуся Каліноўскага… У гэтым кантэксце нельга не ўзгадаць альбом “Партрэты паўстання” беларускіх даследчыкаў Камілы і Язэпа Янушкевічаў, выдадзены ў 2014-м і дапоўнены ў 2015-м годзе, які робіць спробу злучыць у адзін збор выявы змагароў з архіваў і калекцый Беларусі, Літвы, Польшчы. Бадай, адна з першых работ, якая папулярызуе гэту каштоўную візуальную спадчыну і для беларусаў.

Як можам заўважыць, крыніцы для даследавання і раскрыцця аблічча беларускага (ліцвінскага) патрыёта ёсць. І работы Антона Прушынскага займаюць тут адно з пачэсных месцаў. Фатаграфія не толькі як “вобраз” на памяць, але як пэўны код і выклік. Як знак, які разумеюць не толькі свае.

Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"