Няпростая навука кампрамісаў

№ 30 (1260) 23.07.2016 - 29.07.2016 г

На чарговым пасяджэнні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь разглядаліся канкрэтныя (часам, здавалася, нават дробныя) выпадкі. Тым не менш, кожны з іх з’яўляецца асобнай праявай той ці іншай праблемнай тэндэнцыі ў сферы аховы помнікаў. Наведаўшы пасяджэнне, можна было ў чарговы раз пераканацца: аптымальныя адказы на такія пытанні зазвычай бываюць няпростымі.

Аўстэрыя каля замка

Праблема насычэння турыстычных мясцін аб’ектамі інфраструктуры спакваля вырашаецца — прынамсі, у выпадку з класічным тандэмам Міра і Нясвіжа. Натхніўшыся шалёнай папулярнасцю абодвух замкаў, інвестары сталі праяўляць цікавасць да іх ваколіц. Але ж тут адразу ўзнікла пытанне: як знайсці кампраміс паміж здаровымі камерцыйнымі інтарэсамі прыватнікаў і захаваннем гістарычных ландшафтаў?

Таму інвестар, які некалькі гадоў таму вырашыў збудаваць свой гатэль літаральна ў палове кіламетра ад муроў Мірскага замка — на тэрыторыі колішняга фальварка, заснаванага яшчэ Радзівілам Сіроткам — атрымаў ад Міністэрства культуры пэўныя ўмовы. Найважнейшыя з іх — стылізаваць свой навабуд пад гістарычную забудову і ні ў якім разе не перакрываць відавыя перспектывы на замак.

У прадстаўленым на пасяджэнні Рады праекце патрабаванні былі ўлічаны. І канцэптуальна, і функцыянальна, і нават візуальна новы аб’ект павінен нагадваць старадаўнюю аўстэрыю. Двухпавярховая камянічка “заезднага двара” разлічаная ўсяго на паўсотню месцаў, затое ў суседняй карчме могуць сінхронна паабедаць адразу два аўтобусы турыстаў. Напэўна, менавіта такімі і павінны быць гатэлі ў невялічкіх гарадках з багатым мінулым, дзе шкляныя гмахі выглядаюць зусім недарэчна.

Зрэшты, асобныя члены Рады паставіліся да праекта даволі прыдзірліва. Прыкладам, дэкан архітэктурнага факультэта БНТУ Армен Сардараў выказаў перасцярогу, што гатэльны комплекс усё ж паўплывае на першаснае ўспрыманне замка тымі падарожнікамі, якія прыбываюць з боку Нясвіжа. Хаця варта адзначыць, што і сёння іх вачам адкрываецца не надта прывабная карціна. Навуковы кіраўнік замкавага комплексу Дзмітрый Бубноўскі праект ухваліў: на яго думку, з’яўленне прэзентабельнага аб’екта інфраструктуры паспрыяе прывядзенню да ладу і яго ваколіцаў, дзе ўсё яшчэ чакаюць свайго скону лядашчыя калгасныя пабудовы.

Выказаўшыся пра гэты праект станоўча, начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Мінкультуры Ігар Чарняўскі, у той самы час, параіў інвестарам не будаваць у чыстым полі, але спрыяць рэгенерацыі страчанай забудовы Міра — балазе, у мястэчку можна знайсці пляцоўкі пад той жа гатэль ці кавярню. Ды і аднаўленне палаца Святаполк-Мірскіх у планах. Зрэшты, гатэльчык наўрад ці перакрые кісларод патэнцыйным канкурэнтам і вырашыць праблему Міра ў “койкамесцах”. Бо цяпер падчас буйных падзей у замку гасцей часам даводзіцца рассяляць у радыусе некалькіх дзясяткаў кіламетраў ад яго.

Свае дзверы ў вулей

Наступнае пытанне, вынесенае на разгляд Рады, магло б падацца дзіўным. Абмяркоўваліся канкрэтныя дзверы — дакладней, стварэнне для іх праёма. Здавалася б, гэта можна было вырашыць і ў рабочым парадку. Але, па-першае, даецца ў знакі важнасць самога аб’екта — будынка колішняга дамініканскага кляштара, які паўстаў на цяперашняй гродзенскай вуліцы Савецкай яшчэ ў сярэдзіне XVIII стагоддзя.

А па-другое… “Негістарычныя” дзвярныя праёмы ў старых пабудовах становяцца ўжо кепскай традыцыяй. І ад рашэння Рады ў значнай ступені залежыць далейшае развіццё падзей. Менавіта ў такім ключы акрэсліў праблему намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Аляксандр Яцко. Маўляў, варта толькі стварыць прэцэдэнт — і ўласныя дзверы захоча кожны з “кватарантаў” гістарычнага будынка.

А іх даволі шмат, і ў гэтым уся праблема. Колішні кляштар з пакручастым лёсам прыблізна напалову падзелены паміж офісамі і кватэрамі, дый нават некаторыя калідоры ўжо “чыесьці”. І паколькі прадзірацца дахаты праз чужую тэрыторыю не надта прыемна, уласнік аднаго з памяшканняў вырашыў прабіць свае ўласныя дзверы наўпрост на Савецкую. Нешта падобнае, дарэчы, гады тры таму ўжо зрабіў яго сусед, за што атрымаў штраф.

Адпаведна, умяшальніцтва ў класіцыстычнае аблічча помніка ў дадзеным выпадку абумоўлена чыста аказіянальнай сітуацыяй: каб уласнік у яго быў адзін, яму і “аўтэнтычных” дзвярэй цалкам хапіла б. Таму прадстаўляючы свой праект, аўтар і навуковы кіраўнік асабліва падкрэслівалі, што некалі, пры змене жыццёвых абставінаў, усё можна будзе “адкруціць назад”. Хаця, вядома, верыцца ў гэта з цяжкасцю.

Вядомы архітэктар Сяргей Багласаў выказаў даволі контраверсійную думку: калі мы ўжо наважваемся ўнесці непажаданыя карэктывы ў помнік спадчыны, гэта трэба рабіць на добрым мастацкім узроўні. У выніку, вердыкт Рады быў кампрамісным: з аднаго боку, новыя дзверы прынцыпова дазволіць, а з іншага — перад тым, як прабіваць стары мур, запатрабаваць ад архітэктара комплекснага бачання сітуацыі. Зрэшты, і гэта рашэнне было прынятае не аднадушна.

Архітэктар-рэстаўратар Вадзім Гліннік у сваім паведамленні звярнуў увагу на яшчэ адну малую, але немалаважную, архітэктурную дэталь: казыркі, якія з’яўляюцца па-над уваходамі ў гістарычныя будынкі. Адмовіцца ад іх уласнікі не могуць нават пры жаданні — гэтага патрабуюць сучасныя будаўнічыя нормы, якія не ведаюць выключэння для помнікаў спадчыны. Таму кожны робіць нешта на ўласны капыл. Як засведчыў праведзены падчас пасяджэння экскурс у тэму, толькі ў Мінску можна адшукаць добры тузін варыянтаў — прычым у большасці не самых густоўных.

На думку Вадзіма Глінніка, усе размаітыя выпадкі варта падзяліць на тры катэгорыі. Дзвярныя праёмы на цэнтральных вуліцах — як правіла, упрыгожаныя дэкаратыўнымі элементамі — належыць наогул пакінуць без казыркоў, каб не псаваць задуму архітэктара. На бакавых вуліцах іх можна ўсталёўваць, але кожны выпадак мае быць індывідуальным. Урэшце, трэцяя катэгорыя — тыя праёмы, якія з’явіліся ўжо ў цяперашні час, у першапачатковую архітэктурную задуму не ўваходзілі і, адпаведна, сапсаваць яе не могуць.

Вадзім Гліннік прапанаваў і аптымальны варыянт казыркоў. Ліст трывалага загартаванага шкла, з аднаго боку, цалкам выконвае сваю функцыю, а з другога — не бярэ на сябе надта шмат увагі. Цытата замест гмаха

Трэцяе пытанне, вынесенае на разгляд Рады, тычылася ці не самай шматлікай катэгорыі архітэктурных помнікаў — шараговай грамадзянскай забудовы прыблізна стогадовай даўніны. З аднаго боку, яе ўзоры ніяк не выпадае назваць унікальнымі і звышкаштоўнымі, з другога — іх тэхнічны стан у многіх выпадках блізкі да аварыйнага. Што, вядома ж, не надта натхняе патэнцыйных інвестараў — хіба толькі калі ім дазволяць “до основанья, а затем…“ Чаcам нешта падобнае і адбываецца.

Камяніца ў дварах гродзенскай вуліцы Тэльмана, пэўна, ніколі за сваю гісторыю не зведала капрамонта, таму яе цяперашні стан папросту жахлівы. Новы ўласнік — Дзяржбудэкспертыза — гатовы даць будынку, па сутнасці, другое жыццё, але пры гэтым дбае пра ўласныя інтарэсы: пашырэнне карысных плошчаў. Метады знаёмыя: па-першае, прыбудова, а па-другое — мансардны паверх, выкананы са шкла ды іншых сучасных матэрыялаў. У выніку, ад помніка спадчыны застанецца, па сутнасці, толькі фасадная сцяна, з усіх бакоў аточаная архітэктурай ужо ХХІ стагоддзя. На пасяджэнні гэтую аўтэнтычную частку не раз называлі “цытатай”.

Як адзначыў Аляксандр Яцко, у дадзеным выпадку пэўная страта гістарычнага аблічча мае апраўданне: яна паспрыяе выратаванню помніка. Мяркуючы па ўсім, менавіта з гэтага кампрамісу сыходзілі і члены Рады, ухваліўшы візуальна прывабны, але даволі спрэчны ўжо паводле самой канцэпцыі праект. У кожным разе, гэта лепей, чым лёс сумнавядомага дома на брэсцкай Савецкай, падчас сваёй рэканструкцыі разабранага, што называецца, “у пень”.

Насуперак меркаванням многіх, кампрамісныя рашэнні ў сферы аховы спадчыны прымаюцца не толькі ў нашай краіне, але і не раўнуючы ва ўсім свеце. У прыватнасці, пра іх неабходнасць казаў у інтэрв’ю “К” дырэктар Дэпартамента аховы спадчыны зямлі Берлін Ёрк Хаспел. Хоцькі-няхоцькі, з гэтым даводзіцца проста змірыцца. Прычына простая і зразумелая: помнікі не могуць існаваць у вакууме, па-за межамі інтарэсаў тых ці іншых суб’ектаў грамадства. Бо калі яны па-за тымі межамі апынаюцца, дык неўзабаве літаральна зарастаюць хмыззём. Прыкладаў у нас процьма.

Таму не выпадае здзіўляцца, чаму спецыялісты ў архітэктуры і рэстаўрацыі сталі ўважліва прыслухоўвацца да пажаданняў інвестара ды імкнуцца яго не пакрыўдзіць. Але вельмі важна, каб кожнае з кампрамісных рашэнняў было ўзважаным. Без сумневу, арыгінальная беларуская мадэль, паводле якой тыя рашэнні прымаюцца калегіяльна (а ў большасці іншых краін падобных Радаў не існуе), гэтаму вельмі спрыяе.