Нобелеўская прэмія Якуба Коласа

№ 29 (1259) 16.07.2016 - 22.07.2016 г

8 ліпеня Зінаіда Камароўская, дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа запрасіла праехацца па яго філіялах. Пагадзіўся, бо гэтыя мясціны на Стаўбцоўшчыне ведаю, мякка кажучы, не надта добра. Пагадзіўся — і не пашкадаваў… А нагода для падзеі такая: 9 ліпеня 1906 года ля Прыстанькі прайшоў нелегальны настаўніцкі сход, у якім браў удзел і Якуб Колас. Так што падарожжа мела адбыцца напярэдадні своеасаблівага юбілею. Ехаў і думаў: “Што за Прыстанька такая?”

/i/content/pi/cult/595/13225/2-3.jpgРазмова пра аўтара трылогіі “На ростанях” вымагае эпічнай паступовасці. Тут да месца экскурсы ў мінулыя мае журналісцкія вандроўкі. Скажам, у вёсцы Люсіна на Ганцавіччыне будучы Пясняр настаўнічаў, набіраўся педагагічнага досведу, да дзяўчат прыглядаўся старанна, але не цураўся і палітыкі. На радзіму, у родныя Акінчыцы, вярнуўся ўжо са сталай грамадскай пазіцыяй. І яшчэ адно адступленне. Гаворка сёння пойдзе пра філіял Музея Якуба Коласа, які мае назоў “Мікалаеўшчына”. У самой вёсцы з такім імем стаіць бюст народнаму пісьменніку; будынак народнага вучылішча, дзе былі арыштаваны настаўнікі, не захаваўся. Пра Коласа нагадвае цагляная школа (як кажуць, першая такая на Беларусі), узведзеная пры падтрымцы Песняра, ды мясцовы калектыў “Коласавы землякі”… Дык вось, так бы мовіць, структурамі “Мікалаеўшчыны” сталі Акінчыцы, Смольня, Альбуць ды Ласток. Пабываць тым днём давялося ў першых двух вёсках.

Акінчыцы

Былі яны засценкам, сталі вёскай у межах Стоўбцаў. Таму малая радзіма Коласа скочыла з-за райцэнтраўскага завулка нечакана. У складзе “дэсанту” — мінскія музейшчыкі, пісьменнікі… Рэканструкцыя забудоў зроблена з густам. А экскурсійныя прамовы Георгія Міцкевіча, унучатага пляменніка Якуба Коласа, можна слухаць бясконца. Хатняе ўбранне ды немудрагелісты рыштунак сведчаць: ад такой нішчымніцы бегчы трэба. Канстанцін Міцкевіч так і зрабіў. Нясвіжская настаўніцкая семінарыя стала для яго паратункам у тым ліку і таму, што плацілі там стыпендыю. Гэта як для пачаткоўца-літаратара Нобелеўская прэмія.

Прыстанька

Знаходзіцца яна дзесьці паміж Акінчыцамі і Смольняй. Ехалі сюды, перавальваючыся на лясных калдобінах, з хуткасцю пешахода. Калісьці гэта была сапраўдная прыстанька на беразе паўнаводнага Нёмана. Зараз Прыстанька стала грыбным урочышчам, а судаходная некалі рака пераўтварылася ў напаўзарослы хмызняком рукаў. Але прыроднай прыгажосці месца не згубіла.

Акуратна агароджаны мемарыяльны камень патлумачыў, чаму мы сюды імкнуліся. Менавіта тут 110 гадоў таму сабраліся настаўнікі на нелегальны сход. А адозву ўраду пра сацыяльную несправядлівасць пісалі ўвечары ў народным вучылішчы Мікалаеўшчыны. Тут іх і арыштавалі… Ля гэтага каменю 8 ліпеня зноў сабраліся настаўнікі з Мікалаеўшчыны і Нясвіжа, прадстаўнікі мясцовых уладаў, інтэлігенцыя. І гучалі вершы, і зноў вершаліны соснаў віталі гасцей, а нёманскія хвалі неслі прахалоду, свае песні выконвалі “Коласавы землякі”.

Цікавы факт: поруч з Якубам Коласам быў і Янка Маўр (тады — Іван Фёдараў), які ехаў да Прыстанькі на ровары (тэхніка па тым часе фантастычная). І было тых настаўнікаў не 14, а болей. Не ўсе падпісалі адозву. Паэт Мікола Маляўка распавёў, што вось настаўнік Адам Мілюк, даведаўшыся, што калег арыштавалі, насеў на жандараў: “Дайце, я падпішу!” І быў пасля таго таксама кінуты за краты. А асобныя з’ехалі ў Амерыку.

Тры гады Якуб Колас адсядзеў у мінскім Пішчалаўскім замку. Пра што думаў, чым трымаўся? Каб адказаць на гэтыя пытанні, трэба раз-пораз перачытваць “Новую зямлю” і “Сымона-музыку”. Паэт Алесь Камароўскі, для таго каб гэтых пытанняў не ўзнікала, прывёў на Прыстаньку маленькага ўнука Данілу.

Смольня

Смольня — літаратурна-мемарыяльны комплекс. А яшчэ — увасабленне хоць і арандаванай, але новай зямлі. Тэрыторыю, як і іншыя філіялы, як і сталічны музей, аформіў разьбяр па дрэве Сяргей Кляшчук. Тут прыемна сцішыцца і паразважаць, для чаго нараджаюцца паэты, а для чаго — графаманы.

У такія святыя месцы, па маім перакананні, варта прыязджаць не экскурсіямі, а сем’ямі. Калі ў мяне з’явяцца ўнукі, я таксама прывязу іх сюды. Мне ёсць, што ім расказаць.

Фота аўтара

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"