Элітарная забаўка?

№ 28 (1258) 09.07.2016 - 15.07.2016 г

Спосабы выжывання ў культасяродку
Каб у сучаснай культурнай прасторы Беларусі былі культавыя імёны (ці, дакладней, каб хтосьці захацеў іх стварыць), кандыдаты ў намінацыі “сучаснае мастацтва” вызначыліся б адразу. Без сумневу, кіраўнік тэатра “InZhest” Вячаслаў ІНАЗЕМЦАЎ апынуўся б у самым “топе”. Тады ён ездзіў бы па свеце, не раўнуючы, бы яго амаль аднагодак Блікса Баргэльд, піў бы дарагія напоі і загадкава пасміхаўся б у адказ на просьбу аб інтэрв’ю. Але сустрэўшыся са Славам у адной з найдэмакратычных мінскіх кавярняў, ты неўзабаве ўсведамляеш, што ён валодае нечым большым за статус культавай персоны — сакрэтам вечнай маладосці. Прынамсі, творчай. Нягледзячы нават на тое, што не так даўно “InZhest” завяршыў свой юбілейны 35-ы (!) сезон. Для беларускага незалежнага тэатра гэты век — папраўдзе рэкордны. Столькі ў нас проста не жывуць.

/i/content/pi/cult/594/13209/6-1.jpg

Вячаслаў ІНАЗЕМЦАЎ. / Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА

— Гісторыя “InZhest” ад пачатку насычана парадоксамі. Родам вы, як ні дзіўна, з самай “народнай” творчай ВНУ — Інстытута культуры…

— Больш за тое, я тады навучаўся на рэжысуры масавых святаў і, як многія іншыя студэнты, трохі саромеўся прысутнага ў назве сваёй спецыяльнасці эпітэту “клубны”.

— А ці была гэта адукацыя для вас карыснай?

— Безумоўна! Я задаволены тым, што не патрапіў ні ў якую “акцёрскую” ВНУ, дзе падрыхтоўка вядзецца паводле вызначаных шаблонаў. Прызнаюся, хацеў туды паступіць, але… мяне не бралі. У маскоўскім ВГИКу дазволілі толькі пару словаў сказаць на ўступным іспыце — і адразу “Да пабачэння!”. І ў выніку ўсё атрымалася найлепшым чынам. У “кульку” ў нас склалася добрая група, былі цікавыя педагогі, ды і пачуваліся мы больш вольна, чым студэнты таго ж Тэатральна-мастацкага. Нам дазвалялася і Брэхта ставіць, і пантаміму… Уласны тэатр мы прагнулі заснаваць з першага курса — праўда, яшчэ не ведалі, які менавіта. І вось, аднойчы ў “абшчазе” я пазнаёміўся з Іванам Мінчавым — студэнтам з балгарскага Габрава. І неўзабаве тэатр з’явіўся. 18 мая 1981 года адбылася першая прэм’ера: пантаміма “Шляхі і сцены”. Выкладчыкі нас жудасна крытыкавалі, а мы сабой ганарыліся. Але калі наступіла працвяражэнне, самі зразумелі, што спектакль — банальны ды па-дзіцячы заштампаваны. Ды і ўвогуле, класічная пантаміма-алегорыя — не той шлях, хаця і цяпер многія з пачаткоўцаў наступаюць на тыя самыя граблі: голая ідэя ўвасабляецца на сцэне з дапамогай трывіяльных і адназначных сімвалаў.

— І менавіта юнацкая памылка паспрыяла з’яўленню вашай філасофіі неадназначнасці?

— Я не філосаф — я артыст, я блазан! На мяне моцна паўплываў Бахцін з тэорыяй карнавалу, якому ўласцівая амбівалентнасць: ніколі нельга сказаць, дзе чорнае, а дзе белае, бо ўсё хутка мяняецца месцамі. Альбо бута — там няма жорсткіх палюсоў, а акцёр можа быць адначасова немаўлём і старым, мужчынам і жанчынай, жывым і мёртвым, чалавекам і камянём.

— А ці часта даводзілася чуць папрокі за захапленне “чужароднымі эстэтычнымі з’явамі”? Тым жа бута. Многія не вераць, што яно можа спалучацца з нацыянальнай культурай…

 — Яшчэ як часта. Але ў свеце, які стаў маленькім і вузкім, усё добра спалучаецца. Да ўсяго, пазіцыя культурнага ізаляцыянізму для нашых краёў ніколі не была ўласцівай. Згадайма часы Рэчы Паспалітай, калі пры дварах магнатаў прышчапляўся запазычаны з Францыі балет альбо італьянская камедыя дэль артэ. Тады ніхто не задаваўся пытаннем: а навошта нам гэта трэба?

— Камедыя дэль артэ, наколькі ведаю, і на вас паўплывала…

— Так, яшчэ на самым пачатку. Пасля першай няўдачы мы не спыніліся. Другі наш спектакль “Вясёлая душа” быў зроблены ў гэтай стылістыцы, засвоенай па кнігах. Ён спазнаў фурор! Нават па-снабісцку настроеныя прафесіяналы нас ацанілі. Ды што там казаць — ленінградскія “Лицедеи” на чале з самім Палуніным падыходзілі паціснуць руку. І каму: нейкім студэнтам!

Ды, нягледзячы на поспех, мы заставаліся аматарамі — значыць, нам было наканавана граць бясплатна ды існаваць “на птушыных умовах”. За савецкім часам ніхто з нашай кагорты і думаць не смеў пра тое, каб атрымліваць за свае спектаклі нейкія грошы. Больш за тое — неўзабаве акцёры скончылі інстытут, іх чакала размеркаванне па розных кутках Беларусі… Але мы праўдамі і няпраўдамі размеркаваліся недалёка ад Мінска, каб па вечарах збірацца на рэпетыцыі, упрошвалі прыбіральшчыц таго ж “кулька” не адразу нас выганяць… Што трымала на плыву? Напэўна, адчуванне далучанасці да мастацтва, якое нам ужо давялося паспытаць. Развітацца з тэатрам няпроста — гэтаксама няпроста, як працягваць ім займацца.

— Але неўзабаве наступіла змена эпох...

— Нягледзячы на нішчымніцу, гэта класны час у нашай гісторыі. Мы рабілі такія хуліганствы, якія цяпер і не прысняцца нікому. Прыкладам, сеанс яйкізму. На свяце горада каля Палаца спорту акцёры разбіваюць адно аб другое сотні яек, затым пэцкаюцца ў фарбу, імітуючы стварэнне абстрактных палотнаў. А потым уключаем Кабзона: “Солнечному миру — да, да, да!” — і на гэтай пазітыўнай хвалі бяжым абдымацца з публікай. Натуральна, натоўп ад нас уцякае. А мы, перапэцканыя, рушым шэсцем з узнятым сцягам праз увесь горад на нашу базу. Тады была хваля тэатраў-студый з назвамі кшталту “На Малой Броннай”. І мы вырашылі дадаць сабе тытул ды напісалі на сцягу: “Тэатр-студыя ля мясакамбіната”. Яна тады і сапраўды непадалёк ад яго знаходзілася.

Сапраўды, тая побытавая неўладкаванасць і агульная няўпэўненасць многіх прыбіла да зямлі. Калі ў 1987 годзе мы зрабілі фестываль “Блазан” (правобраз “ПлаSтформы”), удзел у ім узялі 15 студый. Літаральна праз пару гадоў яны сканалі.

— Але вы зноў засталіся!

— Вельмі дапамагло тое, што мы адны з першых у Беларусі сталі рэгулярна выязджаць за мяжу. Дзякуючы шчасліваму знаёмству з актрысай Лотай Райслер ужо ў 1991-м тэатр выправіўся ў тур па Нямеччыне. Такія паездкі падтрымлівалі не толькі маральна, але і фінансава — тады за 20 марак у нас можна было месяц нармальна жыць.

— А ці не ўзнікала думка змяніць краіну жыхарства?

— Акурат у тую пару мяне запрасілі ў цыркавую трупу, якая мелася выправіцца ў гадавое турнэ па ЗША. Падумаўшы, я адмовіўся. Не хацелася на такі вялікі час кідаць свой тэатр. Ды і ўвогуле… Родам я адсюль, тут мой адпраўны пункт, тут людзі, з якімі я працую. З задавальненнем езджу па розных краінах — вядома, калі запрашаюць і плацяць, бо быць турыстам я не магу сабе дазволіць. А вось назаўсёды і ўсё з нуля… Не, на такое не гатовы.

— А ці праўда, што каб быць актуальным, трэба ўзнімаць у спектаклях надзённыя грамадскія праблемы?

— Ці трэба? Ну, так. А ці можам мы іх такім чынам вырашыць? Ну, не. Усё, што застаецца — выкарыстоўваць злабадзённую сітуацыю ў рэчышчы старога добрага сацзаказу альбо новай злой моды. Але мне куды больш імпануе пазіцыя Пітэра Брука: тэатр, ён пра непазнавальнае…

— Але ж калі ўнікаць вострых праблем, знікае абавязковы для тэатра канфлікт…

— А што, хіба ў нашых спектаклях няма канфлікту? Можа, ён проста трошачкі іншы?

— Ды ўсё ж, што наконт грамадскай ролі тэатра?

— Спакон вякоў тэатр з’яўляўся ўладаром грамадскага меркавання. Прыкладам, акцёры тэатра кабукі — мужчыны, якія выконвалі жаночыя ролі — на дзесяцігоддзі вызначалі моду сярод кабет. Але сёння ты прыходзіш на спектакль па п’есе Паўла Пражко, які імкнецца перадаць мову сацыяльных нізоў, і бачыш у зале хіба пару дзясяткаў знаёмых табе твараў. Саміх сацыяльных нізоў сярод прысутных няма. І на каго тут можна паўплываць, калі тэатр пераўтварыўся ў элітарную забаўку? Калі нешматлікія эстэты збіраюцца паслухаць, як мацюкаюцца рабацягі?

— Мат, як і пазбаўленне акцёраў ад вопраткі, многія лічаць танным спосабам прыцягнення ўвагі…

— Ці можна выходзіць на сцэну голым? Так — калі гэтага вымагае драматургія і сам ход спектакля. Не — калі ты проста выходзіш на сцэну голым.

— Ці не здаецца вам, што ўсе спосабы шакаваць публіку ўжо вычарпаны? Ды і наогул — засвоеныя тэатрам ХХ стагоддзя выяўленчыя сродкі паспелі ўжо ладна прыесціся…

— Шок — ад слова “трэсці”. Як жа без гэтага? Той метад, які мы выкарыстоўваем, Эйзенштэйн называў “мантажом атракцыёнаў”. Але, зноў жа, шок можа быць розным. Што да вычарпанасці… Пошук заўсёды пакутлівы. Нас часта пытаюць: чаму вы так рэдка ставіце новыя спектаклі? Прычына простая: паўтарацца я не хачу, а ідэі прыходзяць не так і часта. Я маю на ўвазе тыя ідэі, якія цалкам табою авалодваюць, літаральна вядуць за сабой. І ў такім выпадку мяне мала цікавіць, што спектакль атрымаецца вельмі затратным. Нейкія камерцыйныя стратэгіі — зусім не пра мяне. Я ніколі іх не выбудоўваў — проста рабіў тое, што падабаецца.

— А калі не атрымліваецца?

— На мяне вельмі паўплываў філасофскі канцэпт у-вэй — нядзеяння. Часам у цяжкіх сітуацыях ты нібыта ўваходзіш у ступар і не ведаеш, што рабіць далей. Але ў гэты момант істотна мець веру ў тое, што жыццё само падкажа выйсце, і не трэба ўпарта спрабаваць яму ў гэтым дапамагчы, б’ючыся галавой аб сцяну. Лепш ужо пайсці ўздоўж сцяны — як вада, што шукае сабе шлях паміж камянёў.

— І ці часта гэта спрацоўвала?

— Ды хоць бы нядаўні выпадак. Пасля фінансава няўдалай “ПлаSтформы” Палац чыгуначнікаў паставіў мне такія ўмовы, што білеты на спектакль “Рамонт” давялося б рабіць тысяч па 600 — 700 — і гэта толькі каб сяк-так акупіць выдаткі! Я быў гатовы ўжо адмовіцца, але на дапамогу раптам прыйшоў завод “Інтэграл”, пад дахам якога мы існуем трыццаць гадоў. І вось, упершыню ва ўсёй сваёй гісторыі мы мелі спонсара паказу, і спектакль адбыўся.

— А наступная “ПлаSтформа”?

— Пакуль не ведаю. Я вінны яшчэ за мінулую, і ў далейшым траціць свае грошы на гэты фэст не магу. Проста таму, што іх няма. Але… спадзяюся, вада і гэтым разам знойдзе сабе шлях сярод камянёў.

 

Дарэчы

15 ліпеня “InZhest” удзельнічае ў адкрыцці форуму вулічнага мастацтва "На сямі вятрах" у рамках ХХV Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" са спектаклем "Залатое стагоддзе, або Трыумф "Deus ex machina".