Скарына ў ролі Бонда

№ 27 (1257) 02.07.2016 - 08.07.2016 г

Варыяцыі на тэму тэлесерыяла пра першадрукара
Сярод чытачоў, якія адрэагавалі ў Сеціве на артыкул “Дылетант” не даб’е?”, быў і намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь СУША. Ён не толькі выказаў смутак з нагоды скарачэння гісторыка-асветніцкага эфіру на тэлебачанні, але і прапанаваў запусціць у наступным сезоне вострасюжэтны тэлесерыял пра Скарыну. Мы папрасілі аднаго з арганізатараў будучага 500-гадовага юбілею беларускага кнігадрукавання патлумачыць ідэю.

/i/content/pi/cult/593/13193/4-1.jpgБез п’едэстала

— Яшчэ літаральна гадоў сто таму пра Скарыну не ведаў амаль ніхто, але за гэты час усё істотна змянілася. Яму прысвечаны шматлікія творы ледзь не ўсіх відаў мастацтва — у тым ліку, вядома, кіно ды тэлебачання. Адсюль і звыклы для нас яшчэ з савецкіх часоў вобраз першадрукара — як нацыянальнага героя, надзеленага адно станоўчымі характарыстыкамі. Вядома, можна працягваць адлюстроўваць яго ў гэтым самым пафасным ключы, але, як мне падаецца, гэта мала стасуецца з патрэбамі дня сённяшняга.

Як сведчаць сацыялагічныя апытанні, сёння Скарыну пазітыўна ацэньваюць літаральна ўсе пласты грамадства. Многія іншыя дзеячы беларускай гісторыі выклікаюць у розных нашых суайчыннікаў дыяметральна супрацьлеглае стаўленне, а вось першадрукара і асветніка ніхто адмоўным героем не лічыць. У той самы час, веды пра гэту постаць і цікавасць да яе пакуль што прымушаюць жадаць лепшага.

Сучаснаму чалавеку куды больш цікава бачыць на экране не “бога ў плоці”, а іншага чалавека, не пазбаўленага сваіх хібаў ды слабасцяў. Тым больш, наколькі мы ведаем, Скарына акурат такім чалавекам і быў. Ён рызыкаваў, часам інтрыгаваў, адстойваючы свае правы, нават пасядзеў у вязніцы… Адпаведна, гэта асоба настолькі шматгранная, што пра яе можна зрабіць які заўгодна фільм — уключна нават са шпіёнскім дэтэктывам.

Не верыце? Вось вам прыклад. У насычанай на падзеі біяграфіі Скарыны ёсць не адзін цікавы эпізод, мала вядомы шырокай грамадскасці — і, падазраю, менавіта з-за пафасна-паэтычнага бачання Скарыны як нацыянальнага героя.

Місія агента С.

— У 1530 годзе доктар Францішак выпраўляецца ў Кёнігсберг. Герцаг Прусіі Альбрэхт Брандэнбургскі прымае яго з вялікай пашанай, уключае ў кола набліжаных асобаў, фактычна надае дваранскую годнасць. А калі Скарына, пабыўшы там колькі месяцаў, збіраецца дахаты, ён атрымлівае падарожную грамату на адрас віленскага магістрата, дзе Альбрэхт расхвальвае яго, не шкадуючы добрых словаў.

Але літаральна праз пару тыдняў герцаг піша на тыя самыя адрасы новыя лісты зусім іншага зместу, патрабуючы неадкладна арыштаваць і выдаць яму гэтага махляра і прайдзісвета. Як выявілася, Скарына выехаў з Прусіі не адзін: ён завербаваў ды звёз з сабою двух надзвычай карысных для ўсёй дзяржавы спецыялістаў — прыдворнага друкара і лекара, якога доўгі час кіраўнік Прусіі шукаў па ўсёй Еўропе, бо ў гэтай краіне лютавала эпідэмія.

Пра што сведчаць ацалелыя да нашых дзён узоры эпісталярнага жанру? Напэўна, пра тое, што першадрукар, літаратар, перакладчык, багаслоў, гравёр, лекар, садоўнік і гэтак далей меў і яшчэ адну прафесію — агент знешняй выведкі Вялікага Княства Літоўскага. А дэмарш, які ён учыніў у Прусіі, цяжка ўспрымаць іначай, чым свядомая дыверсія.

Мяркуйце самі: Скарына быў дарадцам віленскага біскупа Яна, якога можна назваць “шэрым кардыналам” палітыкі княства (як ніяк – пазашлюбны сын караля). І ў той самы час ён рэгулярна з’яўляўся пры дварах іншых еўрапейскіх манархаў. Пагадзіцеся, нават сёння немагчыма сабе ўявіць сітуацыю, каб адна асоба адначасова служыла ў якасці дарадцы некалькім валадарам — асабліва ў тым выпадку, калі паміж імі была выразная знешнепалітычная канкурэнцыя.

Яшчэ за пяць гадоў да прыезду Скарыны Прусія мела зусім іншую назву — Тэўтонскі ордэн. Цягам некалькіх стагоддзяў гэта быў стратэгічны праціўнік ВКЛ. У 1525 годзе вялікі магістр Альбрэхт прынёс свайму роднаму дзядзьку Жыгімонту Старому васальную прысягу, паабяцаўшы пераўтварыць ордэн у свецкае герцагства. Але адразу па вяртанні ў Кёнігсберг Альбрэхт вызнае дзяржаву як пратэстанцкую і, па сутнасці, абвяшчае новае місіянерства — цяпер ужо на хвалі Рэфармацыі. Менавіта з гэтым звязаны яго захады па стварэнні той жа друкарні. Тэрыторыя ВКЛ таксама трапляла ў патэнцыйную сферу ўплыву, і, натуральна, тагачаснаму каралю і вялікаму князю не надта падабаліся такія паводзіны свайго васала.

Найбольш верагодна, што менавіта таму Скарына і апынуўся пры двары герцага. І са сваёй задачай, як бачым, справіўся, стварыўшы для Прусіі нямала праблем у сферы ідэалогіі і медыцыны. Для свайго часу гэта быў сапраўдны Джэймс Бонд!

Зразумела, вобраз шпіёна і дыверсанта мала стасуецца са звыклым для нас партрэтам асветніка. Але варта адзначыць, што такая дзейнасць на карысць сваёй дзяржавы — не загана, а дзяржаўная задача. Што ні кажы, але падобныя метады ў знешняй палітыцы прымяняліся заўсёды.

Зрэшты, не нам судзіць. Самае важнае, што пры таленавітым кінематаграфічным увасабленні гэта гісторыя можа стаць шыкоўным сюжэтам для дэтэктыўнага серыяла, які нашы суграмадзяне будуць у сваю ахвоту глядзець пасля працы. І такіх эпізодаў у біяграфіі Скарыны — безліч. Больш за тое, некаторыя яе старонкі  — гэта ўсё яшчэ белыя плямы, запоўніць якія даследчыкі пакуль не здатныя, пакідаючы процьму магчымасцяў для розных варыяцый мастацкага сюжэта. Адпаведна, тут ёсць дзе разгарнуцца не абдзеленаму фантазіяй сцэнарысту.

Напрыклад, неўзаранае поле — Скарына і містыка. У гравюрах першадрукара многія даследчыкі бачаць глыбокія герменеўтычныя сэнсы, што адсылаюць да кабалы. Больш за тое — ёсць меркаванне, нібы ён упершыню зрабіў выяву голема, паспрыяўшы тым самым папулярызацыі знакамітага пражскага міфа. А калі яшчэ прыгадаць кола стасункаў Скарыны ды геаграфію ягоных падарожжаў, якая ахоплівала ці не ўвесь Стары Свет…

Не перагнуць палку

— Адразу прадбачу абвінавачванні ледзь не ў блюзнерстве: маўляў, ці варта настолькі змяняць імідж нацыянальнага героя, хай сабе нават з мэтай яго папулярызацыі? Але чамусьці я думаю, што сам Скарына не асудзіў бы нас за такую смелую трактоўку. Бо гэта быў чалавек, які наважыўся размясціць у Бібліі свой партрэт, а ў дадатак яшчэ і забяспечыць Святое Пісьмо аўтарскімі каментарыямі — нават не маючы, адзначым, духоўнага сану. Многія тады маглі ўспрыняць гэта як нахабства, але ён не збаяўся крытыкі.

У той самы час, тут вельмі важна не перагнуць палку. Адна справа — гэта ажыўляць і эмацыйна насычаць той вобраз, які многім падаецца далёкім і незразумелым, а зусім іншая — акцэнтаваць увагу менавіта на негатыве. Зрэшты, у сусветным кіно нямала годных прыкладаў, як знайсці тут “залатую сярэдзіну”. Скажам, той жа “агент 007”. Гэта далёка не ідэал, “нішто чалавечае яму не чужое”. Але ў цэлым персанаж, без сумневу, станоўчы.

…Не так даўно мы правялі выставу “Францыск Скарына і наш час”, мэтай якой было спусціць “забранзавелую” постаць на зямлю, у нашу рэчаіснасць. Таму замест узнёслых мастацкіх твораў там экспанаваліся магніцікі, завушніцы, цішоткі, банкаўскія карткі, значкі, латарэйныя білеты ды іншыя праявы таго культурнага кантэксту, які атачае нас у побыце. Дзеткам прапаноўвалася размаляваць знакамітыя гравюры, а кожны ахвотны мог усунуць галаву ў фанерны шчыт і займець сваё фота ў абліччы першадрукара. Мы імкнуліся давесці каштоўнасць яркіх гістарычных з’яваў менавіта для нашай паўсядзённасці. І варта адзначыць, што некаторыя скарыназнаўцы напачатку ўспрынялі такі праект вельмі насцярожана. Але потым яны пераканаліся, што ён — працуе, сапраўды папулярызуючы нашу мінуўшчыну сярод тых, хто наўрад ці калі адкрые навуковы фаліянт. Безумоўна, тэлепраекты павінны найперш вырашаць менавіта гэтую задачу.