Ізноў чамаданны настрой

№ 27 (1257) 02.07.2016 - 08.07.2016 г

У літаральным і пераносным сэнсе на чамаданах услед за рэжысёрамі (“К” № 26) апынуліся сёлетнія выпускнікі спецыяльнасці “Акцёрскае майстэрства” Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Да дыпломных экзаменаў прыйшлі завочны курс заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Лідзіі Манаковай і чацвёрты курс “дзённікаў” прафесара, заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь, дэкана тэатральнага факультэта Уладзіміра Мішчанчука.

/i/content/pi/cult/593/13189/7-1.jpgМікраклімат творчасці

Сёлетнім выпускнікам не пазайздросціш: яны прыйшлі да дыплому, так і не зведаўшы за студэнцкае жыццё традыцыйных магчымасцяў адукацыі ў сценах Акадэміі мастацтваў, бо тыя сцены ўсе чатыры гады (а для завочнікаў — пяць) былі на капітальным рамонце. Уладзімір Мішчанчук з горыччу сведчыць пра тое, што ў выпускнікоў не было ні студэнцкага тэатра-студыі, ні танцавальнай і спартыўнай залаў. Заняткі праводзіліся ў памяшканнях на розных канцах горада, рэпеціраваць даводзілася то ў мастацкай галерэі старога корпусу, то ў арандаваных маленькіх аўдыторыях на Партызанскім праспекце. У гэтакіх экстрэмальных умовах педагогі здзейснілі неверагоднае, здолеўшы ўтрымаць планку якасці адукацыі. “У выніку, — зазначае дэкан, — да дыпломаў прыйшлі спецыялісты, творча і псіхалагічна падрыхтаваныя да выхаду на вялікую сцэну, да працы на гледача”. Тэатральны факультэт, дарэчы, працягваў падтрымліваць сувязь з прафесійнымі тэатрамі, дамаўляўся аб практыцы студэнтаў, запрашаў рэжысёраў на творчыя паказы, каб канкрэтныя ўстановы бачылі, хто ідзе на змену. Выпускныя спектаклі дзённага аддзялення прайшлі ў Тэатры юнага гледача, Тэатры-студыі кінаакцёра і на Камернай сцэне Купалаўскага. Мішчанчук кажа: “Мы ўдзячныя калектывам, якія падтрымалі нас, дапамаглі рэалізаваць задуманае і паставіць кропку ў адукацыйным працэсе — абараніць дыпломы”.

Замалёўкі прафесіі

Першым перад дзяржаўнай камісіяй, што ўзначаліў драматург, старшыня Беларускага саюза тэатральных дзеячаў Аляксей Дудараў, паўстаў курс Лідзіі Манаковай. У сцэнах з п’есы Максіма Горкага “Дзеці сонца” быў задзейнічаны амаль увесь курс. Мяркую, многім выпускнікам, якія стала з’яўляюцца ў святле рампы ў тэатрах краіны, было крыху нязвыкла выступаць у студэнцкай аўдыторыі з мінімальнымі дэкарацыямі і без падтрымкі прафесійнага гукавога і светлавога афармлення. Калі адсутнічаюць дадатковыя сродкі выразнасці, выратаваць можа толькі талент і прафесійныя якасці: да гонару курсу, гэта атрымалася ў многіх. Напрыклад, сваім персанажам цікавыя характарыстыкі надалі Вольга Марчук і Максім Кошалеў. Абодва артысты-лялечнікі: Вольга — з Брэсцкага, а Максім — з Магілёўскага абласнога тэатраў.

Калі сцэнічнай пастаноўкай “Дзяцей сонца” займаўся рэжысёр-педагог БДАМ Іван Патапаў, дык другі матэрыял прапанавалі і падрыхтавалі самі студэнты. Сяргей Саўко, Яніна Саборава і Таццяна Саўко звярнуліся да тэксту моднага сучаснага драматурга Пятра Гладзіліна “Іншы чалавек”. Абсурдзісцкая п’еса пра забыццё, якое нечакана навальваецца на чалавека, надзвычай папулярная на постсавецкай прасторы. Яніне Саборавай і Сяргею Саўко ўдалося разыграць удваіх як наіўнасць, так і трагічнасць чалавека, што стаіць перад прорвай асабістых успамінаў і жаданняў і не можа разабрацца, якія ж з іх — рэальнасць.

Завяршыліся дзяржаўныя іспыты канцэртнай праграмай, сімвалічна падзеленай на “вайну” і “мір”. У такіх імпрэзах звычайна імкнуцца падабраць разнапланавыя нумары, каб паказаць усе акцёрскія магчымасці выступоўцаў. Вось толькі ў першай частцы канцэрта ўзнікала адчуванне, што ў студэнтаў, верагодна, не было магчымасці дасканала прадумаць сваю замалёўку, таму раз-пораз яны завяршалі выступленне, не паспеўшы “расправіць крылы”. Так, крыху нервовым падаўся пластычны эцюд “Атака”, а наступны — “Развітанне” — скончыўся раней, чым публіка зразумела яго драматургію… Таму больш яскрава глядзеліся нумары, якія спалучалі адразу некалькі жанраў, прынамсі, песня Наталлі Калакуставай у суправаджэнні танца Андрэя Посаха і Уладзіславы Паляевай.

На пероне

З мноства чамаданаў пачаўся майстар-клас па творчых дысцыплінах выпускнікоў дзённага аддзялення: 17 будучых акцёраў на ўмоўным пероне развітваліся з Акадэміяй, накіроўваючыся на першае месца працы. Між іншым, сямёра аднагрупнікаў стануць калегамі: у новым сезоне яны збяруцца ў ТЮГу. Двое паедуць у Маскву: Вікторыя Ламаносава і Кірыл Дыцэвіч (пра сцэнічны шлях хлопца “К” распавяла ў № 10). Аднак апошні паабяцаў у Маскоўскім акадэмічным тэатры імя Аляксандра Пушкіна не забывацца на Мінск і браць удзел у прыватных спектаклях. Купалаўскі, Горкаўскі, Музычны, Драматычны тэатр беларускай арміі, Тэатр-студыя кінаакцёра, тэатральная майстэрня Наталлі Башавай — гэтыя калектывы чакаюць маладое папаўненне. Уладзімір Мішчанчук запэўнівае, што за апошнія трыццаць гадоў курсу такога ўзроўню — па прафесійных і чалавечых якасцях — ён яшчэ не набіраў. “Я заўсёды звяртаю ўвагу на чалавечы фактар, таму што ўпэўнены: ад яго таксама залежыць перспектыўная творчая дзейнасць студэнта. Тэатр — мастацтва калектыўнае, тут неабходна ўмець працаваць у камандзе”, — падкрэслівае Уладзімір Андрэеевіч.

За чатыры гады пад крыламі мастацкага кіраўніка і дацэнта кафедры майстэрства акцёра Людмілы Кучарэнка выгадавалася зладжаная каманда, пры гэтым кожны са студэнтаў змог раскрыць сваю індывідуальнасць. Маю ўвагу адразу прыцягнуў стараста курса Аляксандр Тарасаў. Яго шыкоўны Рабінзон з “Беспасажніцы” Аляксандра Астроўскага элегантна ствараў вакол сябе свята, яго мэтрдатэль у “Танцы сямі пакрывалаў” сучаснага драматурга Юрыя Ломаўцава скараў манернасцю і дзёрзкасцю, а ў канцэртнай праграме Аляксандр здзівіў цудоўнай пластыкай. На маю думку, гэты акцёр з амплуа коміка мае добры патэнцыял і здатнасць да заглыблення ў сур’ёзныя трагічныя ролі.

Курс аказаўся на дзіва музычным: большасць выпускнікоў выдатна спяваюць, валодаюць музычнымі інструментамі. Так, Кетэван Асраташвілі грала на клавішных у “Беспасажніцы” (гэты спектакль унікальны тым, што ўсё музычнае афармленне “працавала” ўжывую — паралельна з драматычнай дзеяй студэнты гралі на трубе, акардэоне і гэтак далей), задаючы рытм дзеянню. У канцэрце яна раскрылася як цудоўная спявачка, якая, выдатна інтануючы, умела карыстаецца ўсімі адценнямі голасу. “Пераможцам” у музычных здольнасцях стаў Дзмітрый Клімовіч. Хлопец не толькі цудоўна выканаў ролю Васілія Важаватава ў “Беспасажніцы”: маючы ў творчым багажы спецыяльную адукацыю, ён ствараў музычнае афармленне для абодвух спектакляў, а да канцэрта ў якасці хормайстра жаночай вакальнай групы курса выдатна падрыхтаваў загаловачную кампазіцыю Бруна Куле з кінафільма “Харысты”. Таму не дзіўна, што хлопца забралі ў Музычны тэатр, дзе ён ужо грае дзве ролі.

Як заўважыў Уладзімір Мішчанчук, зараз мала хто “прыпісвае” акцёру тое ці іншае амплуа, маючы на ўвазе ўніверсальнасць сучасных артыстаў. Але, гледзячы на працы Ганны Богдан, у памяці адразу ўзнікае слова “травесці”. Ёй цудоўна ўдалася палітра падлеткавага эгаізму царэўны Саламеі, яе Ларыса Агудалава набыла дзявоцкую непасрэднасць і дзіцячую задуменнасць, а харэаграфічны хуліган у канцэртнай праграме выглядаў надзвычай арганічна. Спадзяюся, так жа натуральна яна ўпішацца ў калектыў ТЮГа.

Ганна грала загалоўнага персанажа “Беспасажніцы” ў першым акце, а ў другім у той жа ролі з’явілася Яна Хадановіч. Ларыса эмацыйна пасталела: гледачы сустрэліся з глыбока параненай у сэрца жанчынай, што імкнулася ўстаць з попелу разбуранага кахання, для якой смерць — сапраўды вызваленне. Яна выходзіла ў галоўнай ролі ў “Танцы сямі пакрывалаў” і разам з царыцай Ірадыядай пражывала ўсе перыпетыі жаночай долі. І ўсюды Яне дапамагаў партнёр Сяргей Лапаніцын: у першым выпадку ён — Мокій Кнураў — закаханы чалавек, якому толькі грамадскія патрабаванні не даюць магчымасці папрасіць рукі і сэрца Ларысы, у другім — асабісты ахоўнік Нарбат, гатовы пайсці на смерць дзеля царыцы. Гэты творчы дуэт надзвычай сыграны, што асабліва выявілася на канцэрце ў добра пастаўленым нумары фехтавання. Маладыя спецыялісты разам размеркаваныя ў Тэатр-студыю кінаакцёра. Магчыма, студэнцкія напрацоўкі дапамогуць ім стварыць добры акцёрскі дуэт ужо на прафесійнай сцэне.

Згодна з палажэннем аб дыпломнай працы, выпускнікі акцёрскага аддзялення павінны працаваць не толькі з рускай класікай і сучаснай п’есай, а таксама абавязкова з беларускім матэрыялам. У пералік дыпломных прац увайшоў спектакль “Радавыя”, пастаўлены Уладзімірам Мішчанчуком летась. Удалыя работы выпускнікоў можна пералічваць бясконца. Відавочна, што БДАМ падрыхтаваў адданых прафесіі людзей, якія разумеюць законы сцэны. Хочацца пажадаць сёлетнім дыпломнікам, каб у творчых калектывах іх уменням і ведам знайшлося ўдалае граненне.

Фота Уладзіміра ЖУКАВА

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"