Генетыка этна

№ 27 (1257) 02.07.2016 - 08.07.2016 г

Выбар калекцыянера з новай этналабараторыі
У Інстытуце культуры Беларусі пачала дзейнічаць этналабараторыя. Яна была задумана для профільнай падтрымкі і стварэння дадатковых магчымасцяў па ўдасканаленні майстэрства спецыялістаў сферы культуры праз укараненне інавацыйных методык. Прадметная частка мабільнай экспазіцыі — творы народнага майстра Рэспублікі Беларусь Мікалая Тарасюка, мастака-жывапісца Васіля Жарнасека, разьбяра Мікалая Рышкевіча, якія даўно захоўваліся аддзелам традыцыйнай культуры інстытута, але не мелася магчымасці іх выстаўляць. Аснову ж склала калекцыя фалькларыста, кампазітара і лідара этна-гурта “Троіца” Івана КІРЧУКА.

/i/content/pi/cult/593/13180/12-1.jpg

Іван Кірчук прэзентуе прадметы са сваёй калекцыі. / Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

У пакойчыку сабраны шумавыя інструменты з розных краін свету. З’явіліся яны тут дзякуючы намаганням неабыякавых людзей. Аднойчы прарэктар па вучэбнай працы Інбелкульта Ірына Лапцёнак падышла да Івана Кірчука з ідэяй стварэння этналабараторыі. Іван Іванавіч не замарудзіў, і хутка ў інстытут на двух машынах прывезлі будучыя экспанаты. Афармленнем прасторы займалася студыя Ганны Зайцавай. На ўрачыстым адкрыцці Ірына Браніславаўна распавяла пра некалькі пластоў эксперыментальнай пляцоўкі. Першы — вонкавы — дазваляе пазнаёміцца з разнастайнасцю этнасаў праз музычныя інструменты, строі, побытавыя рэчы. Другі — інтэрпрэтацыя выстаўленага: у шафах — дыскі, кнігі, даследаванні, музычныя інструменты, якім не хапіла месца на стэндах. І трэці — глыбінны: зварот непасрэдна да сябе, да генетычнай памяці, уласных асацыяцый і ўспамінаў.

У творчай лабараторыі плануецца праводзіць майстар-класы, семінары, “круглыя сталы”, трэнінгі па мабільна-адукацыйнай дзейнасці, прыкладных рамёствах, народнай сцэнаграфіі, харэаграфіі і іншых кірунках. Яе асноўнае адрозненне ад звычайнага музея ў тым, што кожную рэч можна зняць і працаваць пад час адукацыйнага працэсу. Як сведчыць Іван Кірчук, для інструмента важна, каб ён не пыліўся на паліцы, а працягваў граць. Аглядальнік “К” папрасіла Івана Іванавіча распавесці пра самыя цікавыя экспанаты з прадстаўленай калекцыі.

Ліра

— У 1995 годзе я прыйшоў працаваць у сталічны Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі з фальклорным тэатрам “Дзіва” і сваім музеем: посцілкі, ручнікі, збаны, батлейка… Да таго мы заўсёды спявалі а капэла, а тут захацелася музычнага суправаджэння, таму і паўстала пытанне пра музычныя інструменты. У гэтым цэнтры працаваў Аляксандр Жукоўскі — майстар у чацвёртым пакаленні: ад бацькі да сына перадаваліся сакрэты скрыпак, віяланчэляў, царкоўных басоў, лір, смыкоў незвычайнай формы. Я напрасіўся ў госці да яго бацькі ў Мар’іну Горку. Усевалад Жукоўскі быў знакамітым майстрам, да яго звярталіся “Песняры”, яго ліры гучаць у “Харошках”, “Свяце”, пачуць яго інструменты можна ў фальклорных калектывах па ўсёй Беларусі. У тую паездку я набыў смык і ліру. Праз чатыры гады ў Галандыі пісаў сольны дыск “Спадчына загінуўшых вёсак”, куды ўключыў ліру. Асабліва загарэўся смыком: гэты незвычайны для мяне інструмент стаў неад’емнай часткай і ансамбля “Дзіва”, і гурта “Троіца”, ён прапісаны ва ўсіх альбомах, якія толькі выходзілі, але я і да гэтай пары вучуся на ім іграць. На жаль, Аляксандр — апошні прадстаўнік дынастыі скрыпачоў — не так даўно памёр, а яго майстэрства не знайшло прадаўжальнікаў…

Цытра

— Напрыканцы 1990-х “Троіца” толькі пачынала першыя канцэрты ў Галандыі. Мясцовых жыхароў надзвычай уражвала найперш беларуская народная песня. Нас нават запрашалі на сямейныя імпрэзы, каб беларускі фальклор змаглі пачуць тыя, хто не мог патрапіць на выступленні. Так у горадзе Эйндховен мы пазнаёміліся з унікальным калекцыянерам: у фрау Банкок некалькі пакояў было адведзена пад музычныя інструменты краін свету. Высветлілася, што жанчына сталага веку сляпая, але такая акалічнасць не замінала ёй граць на клавішах і спалучаць сваё выкананне з выкарыстаннем іншых інструментаў. Сустрэча з такім чалавекам сапраўды акрыляе музыкантаў! Яна завяшчала нам некалькі экспанатаў са сваёй калекцыі. Мы атрымалі цытру (нямецкі народны струнны інструмент), якую можна пачуць у альбоме “Зімачка” ды на канцэртах “Троіцы”, дзве вялікія глазураваныя галандскія акарыны. Да слова, мы імкнемся ўсе незвычайныя “здабыткі” дадаваць у партытуры, каб аздобіць нашы народныя песні незвычайным гукам. У падарунак таксама атрымалі ўнікальны гармонік, які, праўда, яшчэ трэба рэстаўраваць. Яго я яшчэ толькі асвойваю, бо там пэўны строй і неабходна вучыцца працаваць з мехам.

Батлейка

— Я зрабіў сабе эксперыментальную трох’ярусную батлейку. Такі выгляд у лялечнага тэатра — рэдкая з’ява на Беларусі, бо ў асноўным батлеечнікі прадстаўлялі гледачам расповед пра неба і зямлю, а я дадаў яшчэ і пекла. Купалы рабіў з рознымі крыжамі: і праваслаўнымі, і каталіцкімі, бо тэксты, якія трапляюцца ў акадэмічных выданнях, напісаны на беларускай і польскай мовах. Канструкцыя разборная, памерам метр на метр, з асвятленнем. У дадатак да яе 60 лялек і чамадан масак. Задума была простая: як і ў старадаўнасці, хадзіць аднаму ды на розныя галасы гаварыць. У 1999 годзе я праехаў з батлейкай 10 гарадоў Босніі і Герцагавіны, выступаў у бальніцах, дзіцячых дамах, школах. На адным з канцэртаў разыгрываю побытавыя сцэнкі, то пішчу, то вішчу на розныя галасы за дзеда, бабу, казу, цыганоў, салдата, доктара. У канцы выйшаў на паклон, а ўся зала ўзнялася і на мяне пайшла. Я збянтэжыўся, а выявілася, што гледачы хацелі паглядзець на “астатніх акцёраў”. Выступаю з батлейкай і зараз: летась колькі спектакляў даваў на айчынным фестывалі фальклорнай музыкі “Камяніца” ў скансэне пад Мінскам. Упэўніўся: тэатр добра мець, але для яго патрэбна прыдатнае памяшканне.

Гонг

— У 1997 годзе я пазнаёміўся з шыкоўным майстрам музычных інструментаў з металу Сцівам Хабэкам з Рэйк’явіку. Яго імя вядомае ў свеце, ён працуе ў розных краінах, у асноўным эксперыментуе з металам, але можа стварыць своеасаблівую гітару і арфу. Я набыў у яго гонг, талерачкі і розныя металічныя пласціны для “Троіцы”. Зараз шмат гавораць пра ўплыў розных сплаваў металу на энергетыку чалавека. Званы, званочкі, тыбецкія чаны — іх гук паводле некаторых тэорый папраўляе здароўе і амалоджвае. Згадайце тыя ж беларускія шархуны — звонкія бразготкі, якія выкарыстоўваліся ў вясельных паяздах, каб ачысціць шлях маладым. Нашы продкі меркавалі, што гук металу адганяе нячыстую сілу, нават грукат лічыўся добрай зброяй супраць нячысцікаў. Дык вось, Сціў “падкупіў” нас эксперыментальнымі рэчамі. Прынамсі, ён калі-нікалі вывешвае свае пласціны на дрэвах ля дома, ад ветру адна аб другую стукаюцца — і гучанне тое заварожвае! Літаральна каваль свайго гуку!

Дудкі

— Аўтар — Аляксандр Блахін, малады майстар з Ліды. Сустрэліся выпадкова: я шпацыраваў з сям’ёй ля Лідскага замка і звярнуў увагу на хлопца, які граў… на чароце! Мы завязалі шчыльныя стасункі, Аляксандр неаднойчы прывозіў да мяне ў Мінск розныя інструменты аўтарскага вырабу: жалейкі, флейты, чароткі. Ён выклікаў фурор у Вільнюсе на фольк-майстэрні, для якой выканаў шмат замоў: усе ачмурэлі, як можна на травінцы граць розныя мелодыі! А яшчэ ён добры рэстаўратар, напрыклад, мне ён аднавіў гайду — балгарскую дуду. Я колькі гадоў назіраў за яго прафесійным сталеннем: Аляксандр спрабуе займацца струннымі, варганамі. Усе яго інструменты строяць — і гэта пра многае гаворыць, бо некаторыя з айчынных майстроў прапануюць недасканала выстраеныя вырабы, ноты якіх даводзіцца падразаць і падцягваць…

Акарыны

— Гэтыя акарыны ўражваюць арыгінальнай формай і незвычайным гучаннем. Яны ў мяне ад Ганны Мазоўкі, выпускніцы Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта. Яна шмат эксперыментуе з глінай і нават не заўсёды можа даць сваім вынаходніцтвам назву. Калісьці яна прынесла мне вялізарную трубу на тры ноты з гліны. Я назваў інструмент “хобатам”. Потым у “Троіцы” з’явілася “боханаўка” — круглая, першапачаткова безыменная акарына, што нагадвала бохан хлеба. Пасля з’явіўся рог яе аўтарства. А на адкрыццё этналабараторыі спадарыня Ганна прынесла ў падарунак пяць прыгожа выкананых глазураваных акарын. Тое быў знак удзячнасці за тое, што яе інструменты мы выкарыстоўваем на канцэртах і прапісваем у альбомах.

Хочацца нагадаць пра яшчэ аднаго аўтара: Дзяніса Грома з Крупіц (ягоны бацька Уладзімір Гром быў вядомым фалькларыстам і заснавальнікам славутага калектыву “Крупіцкія музыкі”). Спадар Дзяніс зараз ладзіць сваю майстэрню ў Дудутках, ён — шыкоўны майстар, можа шмат распавесці пра гліну і абпал гліняных інструментаў. Яшчэ ў 1998 годзе я набыў у Грома пяць акарын (адна з іх — двайная, чорнага колеру), і да гэтай пары я на іх граю.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"