Маладыя рэжысёры на... чамаданах

№ 26 (1256) 25.06.2016 - 01.07.2016 г

У Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў завяршыліся іспыты ў выпускнікоў-рэжысёраў. Прыемна, што значную колькасць спектакляў без пяці хвілін дыпламаваных спецыялістаў ведаюць і крытыкі, і глядач. Аглядальнік “К” папрысутнічала на абароне дыпломных праектаў.

/i/content/pi/cult/592/13166/6-1.jpgЧамаданная лесвіца

Распачыналі дзяржэкзамены па спецыяльнасці “Рэжысура” завочнікі. Сёлета абараняўся курс прафесара, заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Валерыя Анісенкі. Даводзіць 14 выпускнікоў да дыплома дапамагала старшы выкладчык кафедры рэжысуры БДАМ Таццяна Траяновіч. Адзначу, моладзь пад яе кіраўніцтвам добра разумела, што ад яе патрабуецца на дзяржэкзамене, у большасці вытрымлівала рэгламент прэзентацыі работы, фармат і хронаметраж трэйлера да дыпломнага спектакля (чаго раз-пораз бракавала выпускнікам дзённага аддзялення).

Ужо пасля першых выступленняў стала зразумела, што для многіх выпускнікоў дыпломны спектакль стаў не першым, а чарговым праектам. Напрыклад, Ірына Слюсар другі год як асталявалася ў Санкт-Пецярбургу, дзе кіруе створаным ёю тэатральным праектам “Прывітанне!”: ладзіць лялечныя спектаклі, арганізоўвае гарадскія святы для ўсёй сям’і, дабрачынныя мерапрыемствы. А студэнтка з падмаскоўнага Серпухава Алена Парошына ўразіла камісію выбарам месца пастаноўкі дыплому: яна дабралася да Паўднёва-Сахалінска! Рэпертуар тамтэйшага дзяржаўнага тэатра лялек выпускніца ўзбагаціла “Снежнай каралевай”. Па ўсім відаць, Алена — паўнавартасны прафесіянал, і дыплом у гэтым выпадку ўсяго толькі афіцыйнае пацверджанне заслужанага права на рэжысёрскае крэсла.

Акрамя названых вышэй пастановак, дзяржкамісія разгледзела яшчэ нямала дзіцячых спектакляў: Уладзімір Бабак у Глускай дзіцячай школе мастацтваў паставіў “Мымронка”, Наталля Міхайлік прапанавала канцэпцыю бэбі-тэатра, Дзяніс Ксяневіч з ТЮГу прэзентаваў колішнюю прэм’еру “Таямніца вялікага Гудвіна”, Яўген Рэкеш з Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы распавёў пра “Чамаданны настрой”.

Зрэшты, чамадан як вобраз шляху стаў адным з найчасцейшых візуальных увасабленняў у сцэнаграфіі праектаў. Умоўнае другое месца я аддала б лесвіцы і яе варыяцыям (прыступкі, драбіны). Кажуць, ідэі лунаюць у паветры… Як там ні было б, але адзін з такіх “чамаданаў” атрымаў на конкурсе сцэнографаў — Прэміі імя Івана Ушакова — дыплом 2-й ступені (афармленне Юліяй Карымавай спектакля “Каралева прыгажосці з Лінэна” Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа ў пастаноўцы Ірыны Цішкевіч).

Коласаўскі тэатр быў прадстаўлены дзвюма завочніцамі: мастацкі кіраўнік тэатра Валерый Анісенка аддаў моладзі Камерную сцэну. Прозвішча Ірыны Цішкевіч у якасці рэжысёра-пастаноўшчыка з’явілася ў рэпертуары ўжо трэці раз. Яе калега і аднагрупніца Ніна Обухава паставіла на роднай сцэне два спектаклі, прычым дыпломны “Цень думкі нашай…” па творах Францішка Аляхновіча нават вылучалі да адбору на Нацыянальную тэатральную прэмію, што гаворыць пра сапраўдны давер да маладога рэжысёра.

Падчас абароны казалі не толькі пра ўласна прафесійныя дасягненні, але і пра агульныя праблемы сучаснага тэатральнага мастацтва. Дыпломнікі з жалем зазначалі, што глядач прагне забавы, таму спектаклю, які патрабуе ўдумлівага занурвання, не заўсёды па сілах сабраць залу. Так, на згаданай прэм’еры Обухавай многія месцы ззялі пустэчай. Ганна Дземідовіч рабіла свой дыплом “Свята адзіноты” ў родным ёй рэчыцкім народным тэатры-студыі “Ілюзіён”. Але паэтычная драма пра мастака Ніко Пірасмані не знайшла годнага водгуку ў гараджан: на 600 месцаў мясцовага палаца культуры было прададзена толькі 14 білетаў… Іншая дыпломніца Маргарыта Бяганская ўзяла да абароны твор Інгмара Бергмана, але баючыся, што непадрыхтаваная аўдыторыя можа не прыняць складаную п’есу, паказы “Прымы” ў ДК МТЗ ладзіла для запрошанай публікі…

Не ўсіх пачаткоўцаў у прафесіі цягнула да дзяржаўнага тэатра: некаторым хацелася шукаць новыя формы для рэалізацыі нестандартных ідэй (што далёка не ўсе гасразліковыя структуры гатовы падтрымаць). Гэту задачу шыкоўна адолеў Цэнтр эксперыментальнай рэжысуры, якім кіруе Таццяна Траяновіч. Тут новыя прыёмы ў пастановачнай працы рэжысёра спрабавалі знайсці Станіслаў Савосцін (“Двое бедных румынаў, якія гавораць па-польску”), Наталля Ляванава (“Па імені Гаспадар”), Настасся Ермаковіч (“Сляпыя”). Дарэчы, апошні — пластычны спектакль у жанры глітч паводле Марыса Метэрлінка — ужо ўзяты ў пракат Нацыянальным цэнтрам сучасных мастацтваў. Відавочна, што з’яўленне адкрытай да творчых спробаў пляцоўкі плённа паспрыяла развіццю айчыннай рэжысуры: з’явілася цэлая плеяда маладых эксперыментатараў, якія знаёмяць сучаснікаў з палітрай інавацыйных тэатральных тэхналогій.

Партрэт эстрады

Першымі з дзённага аддзялення да дзяржаўных іспытаў прыступілі пяцікурснікі па спецыяльнасці “Рэжысура тэатра (эстрада)”. Да фінальнай рысы дайшлі трое студэнтаў. Мастацкі кіраўнік курса дацэнт Вітаўтас Грыгалюнас нахвальваў сваіх падапечных: “Моладзь таленавітая! Ёсць толькі адна праблема: рэжысёру эстрады вельмі складана знайсці месца абароны дыплому. Многія гавораць: “Навошта яны нам? Мы самі сабе рэжысёры!” Вось такая сёння ў нас эстрада… Тым не менш, выпускнікі атрымалі добрую падрыхтоўку, што дазволіла ім рэалізаваць цікавыя праекты”.

Алена Барсукова ладзіла тэматычны канцэрт з элементамі тэатралізацыі, Ганна Сабалеўская займалася тэатралізаваным паказам мод, а Яўген Заруцкі выправіўся ў Гродзенскі абласны тэатр лялек, дзе выпусціў спектакль “Партрэт” па аповесці Мікалая Гогаля. “Заруцкі “хварэў” на тэатр лялек з першага курса, і было зразумела, што ён пойдзе ў гэтым напрамку”, — патлумачыў выбар дыпломніка Вітаўтас Альгердавіч. Незразумела, ці вернецца малады спецыяліст у далейшым да абранага жанру, бо па размеркаванні ён накіраваны ў Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці. Але сам Яўген з запалам гаворыць пра будучае месца працы і ўпэўнены, што дасягненні залежаць ад рэжысёра, а не ад месца яго знаходжання.

Пасля экзамену Вітаўтас Грыгалюнас выказаў “К” сваю мару: набраць цыркавых рэжысёраў, бо ў якасці мастацкага кіраўніка Беларускага дзяржаўнага цырка ён неаднойчы сутыкаўся з праблемай недахопу спецыялістаў, якія змаглі б прафесійна паставіць нумар, улічваючы асаблівасці і спецыфіку абранага артыстам жанру.

Дарогу мюзіклу!

Наступны дзяржэкзамен пачаўся са слоў мастацкага кіраўніка курса — дацэнта, заслужанага дзеяча мастацтваў Расіі Міхаіла Кавальчыка: “Хачу выказаць падзяку Акадэміі мастацтваў за тое, што яна знайшла мужнасць і сілы ўпершыню набраць цэлы курс рэжысёраў музычнага тэатра. Сёлета мы правядзём новы набор і працягнем складаную і няпростую справу, так патрэбную для Беларусі. Сёння, нягледзячы на тое, што ў краіне адзін дзяржаўны музычны тэатр, шмат калектываў ставяць мюзіклы, вадэвілі, музычныя спектаклі і праграмы — відавочна, наша прафесія вельмі патрэбная!”

На спецыяльнасць набіралі асоб, большасць з якіх мела за сваімі плячыма адукацыю музычнага каледжа ці, прынамсі, музычнай школы. Такую аснову падмацавалі профільнымі тэатральнымі дысцыплінамі, што дало шыкоўны вынік. Прынамсі, Валерыя Чыгілейчык бліснула маштабным мюзіклам “Прыгоды Кая і Герды (Снежная каралева)”, які ўвайшоў у рэпертуар Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра. Пабачыўшы, як годна вучаніца спраўляецца з працай у прафесійным калектыве, Міхаіл Станіслававіч — галоўны рэжысёр Музычнага — прапанаваў Валерыі застацца ў тэатры на пасадзе рэжысёра-пастаноўшчыка. Сюды ж размеркавалася яе аднакурсніца Вольга Здзярская: актрысай, але з перспектывай на пастаноўку. Спадзяюся, што Вольга выкарыстае тую магчымасць, бо яе камерны мюзікл “Хлопчык у Хрыста на ёлцы”, ажыццёўлены на Камернай сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага, дае падставу казаць пра добрую перспектыву выпускніцы.

Кіраўнік курса запэўнівае: уся пяцёрка — своеасаблівая, вельмі таленавітая. Кожны з яе знайшоў сабе месца: Дар’я Мядзель выпусціла на пляцоўцы Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў мюзікл “Мама” і працягне рэжысёрскую дзейнасць у адміністрацыі аднаго са сталічных раёнаў, Яўген Даражынскі размеркаваўся ў Смалявіцкі ДК, дзе плануе стварыць свой тэатр, Валянціна Ваўчок вяртаецца ў alma mater у якасці педагога. Дадам, што дыпломны праект Валянціны — мюзікл “Чыкага” на Камернай сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі — не пакінуў абыякавым публіку. Міхаіл Кавальчык нават задумаў стварыць у Музычным Малую сцэну і перанесці туды гэтую вартую ўвагі пастаноўку.

Пяцёрка смелых

Самыя знакамітыя выпускнікі сабраліся на курсе рэжысёраў драмы прафесара Мікалая Пінігіна. Мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Янкі Купалы многае ўклаў у сваіх выхаванцаў. Адкрыццё Камернай сцэны ў Купалаўскім таксама сыграла ў “плюс” студэнтам: тры з пяці амаль што дыпламаваных спецыялістаў паставілі свае выпускныя спектаклі менавіта на гэтай пляцоўцы. Скажам, Алена Ганум паказала нашумелыя летась “Шабаны”, адкрыўшы беларускаму тэатру вядомага празаіка Альгерда Бахарэвіча. Ці Дзмітрый Цішко — рэжысёр народнага драматычнага студэнцкага тэатра БДУ “На балконе” і рэжысёр фестывалю студэнцкіх тэатраў “Куфар” — які зладзіў прэм’еру па п’есе Пятра Гладзіліна “Каханне як мілітарызм”. Яму дастаўся самы цяжкі варыянт: рэпеціраваць не са студэнтамі ці зацікаўленай тэатральнай моладдзю, а спрэс з народнымі ды заслужанымі артыстамі. Да гонару маладога рэжысёра трэба зазначыць, што з пастаўленай задачай ён справіўся.

Антон Макуха ставіў дыпломны спектакль у Акадэміі, запрасіўшы на ролі прафесійных акцёраў з Купалаўскага і Тэатра Беларускай арміі. “Машыністкі” па п’есе амерыканскага драматурга Мюрэя Шызгала стаў першым спектаклем у партфоліа Макухі. Ім пачатковец у прафесіі ў першую чаргу хацеў адказаць самому сябе, ці здатны ён на ролю пастаноўшчыка. Засведчу: спроба годная і даволі перспектыўная.

Найбольш яскравае ўражанне ў дзяржкамісіі выклікаў дыплом Віталя Краўчанкі. Як падкрэсліў тэатральны крытык Вячаслаў Ракіцкі (дарэчы, адзіны за ўсе бачаныя мной экзамены рэцэнзент, які прыйшоў падтрымаць свайго падапечнага), прыйсці на прапанаваную пляцоўку проста, большага каштуе самому прабіцца ў незнаёмы калектыў! Віталь — адзіны з курса, хто паставіў прэм’еру на вялікай сцэне. Спектакль па п’есе Аляксея Казанцава “Браты і Ліза” стаў у рэпертуары Магілёўскага драматычнага тэатра адным з найбольш запатрабаваных. Старшыня дзяржкамісіі кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт, загадчык кафедры тэатральнай творчасці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Расціслаў Бузук зазначыў, што з чатырох курсаў толькі ў Краўчанкі ў спісе літаратуры да дыплому значыцца больш за паўсотні літаратурных крыніц. “Многія рэжысёры-пачаткоўцы дарэмна пазбягаюць вялікай колькасці крыніц, думаючы, што іх галоўная задача — спектакль паставіць. Забываюцца, што заглыбіцца ў п’есу, зразумець аўтара можна толькі тады, калі дасканала вывучыш шматлікія літаратурныя і гістарычныя матэрыялы, што яго датычацца”, — падкрэсліў Расціслаў Леанідавіч.

На дзіва, таленавіты хлопец застаўся без сталага месца працы… Маючы вольны дыплом, ён не журыцца, выношвае безліч творчых планаў на бліжэйшы год, галоўны рэжысёр Магілёўскага драматычнага Саўлюс Варнас настойліва кліча яго да сабе. Дэкан тэатральнага факультэта Уладзімір Мішчанчук паабяцаў прыкласці ўсе намаганні, каб Віталь знайшоў сабе годнае прымяненне: “Нас асабліва ўразіла грунтоўнасць ва ўсім, абдуманасць, яго чалавечая і творчая пазіцыя! Тут бачныя культура і разуменне, уменне весці дыялог на навуковым узроўні. Гэта дазволіла дзяржкамісіі ў парадку выключэння выдаць дыплом з адзнакай з адпаведнай выпіскай у пратаколе”. Я таксама спадзяюся, што Віталь не згубіцца ў айчынных абшарах і знойдзе пляцоўку для плённай працы. А чытачоў папрашу запомніць імёны ўсіх сёлетніх выпускнікоў: штосьці мне падказвае, што мы яшчэ неаднойчы сустрэнем іх у тэатральных афішах краіны.

Фота Андрэя ЖЫГУРА, Таццяны МАТУСЕВІЧ і з сайтаў тэатраў

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"