Заспявалі. Што далей?

№ 25 (1255) 18.06.2016 - 24.06.2016 г

Валерый ДАЙНЭКА, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь
Летась мне давялося паўдзельнічаць у журы конкурсу “Заспявай.by 2.0”, дзе ад маладых музыкантаў патрабавалася стварыць песні на вершы беларускіх класікаў, а таксама падрыхтаваць кавер на кампазіцыю айчынных аўтараў і выканаўцаў. І ведаеце, новы песенны матэрыял мне спадабаўся куды больш, чым кавер-версіі.

/i/content/pi/cult/591/13141/5-3.jpgЯ пачуў сапраўдную творчасць, спробу стварэння нейкага адмысловага гуку, адметную манеру спеву — тое, што і называюць сучасным гучаннем. Не было тут чарговых абрыдлых спробаў паўтараць ці імітаваць кагосьці, што ўласціва кавершчыкам усіх гатункаў. Ды і сутыкненне з літаратурным словам, а не проста тэкстамі, мабыць, паўплывала. А да вершаў у намінацыі “Спяваная паэзія” не згадаў варыянтаў з іншай музыкай. Дадам, што над запісамі прэтэндэнтаў на фінал давялося пасядзець даволі доўга, хоць, прызнаюся, далёка не ўсё я слухаў да канца. (Ужо даруйце, паважаныя аўтары, але калі не чапляе рэч, дык наўрад ці прафесіянал або шараговы спажывец музычнага прадукту праслухаюць твор да канца. Зараз трэкі пераключаюцца адным націскам, таму — “козыры” адразу!)

Тым не менш, прасякнуўся. І тут жа задумаўся. Няхай гэта толькі невялікая часцінка беларускай культуры, але ж — крок наперад. Ды хутчэй за ўсё з паспяховым даробкам маладых аўтараў нічога не будзе. (Цяпер, праз год, у тым пераканаўся, і спадзяюся, што фіналістаў конкурсу “Заспявай.by 3.0” чакае ў гэтым сэнсе больш справядлівы творчы лёс.) Калі па-сапраўднаму, дык трэба прымаць ва ўлік, што рынак перанасычаны, і тое амаль невырашальная праблема. Каб ісці далей, патрэбны прадзюсар (не адзін Уладзімір Кубышкін на ўсю краіну), што зацікаўлены ў творцах-пачаткоўцах і прапануе ім прыцягальныя ўмовы. Каб як у Маскве было: толькі тэлешоу скончылася, а ўжо вісяць рэкламы канцэрта асобы з не вельмі знаёмым прозвішчам, якое ўсё ж многія недзе чулі.

Але вернемся да нашага конкурсу. Па яго выніках набралася крытычная маса з 20 — 30 песень на беларускай мове. Але хіба ёсць ім месца ці ў айчынных фарматах на радыё ці на тэлебачанні, на фестывалях кшталту маладзечанскага ці віцебскага “Славянскага базару…”? Можна, канешне, выдаць пласцінку, амаль безвынікова спрабуючы прадаваць яе, можна выкласці творы ў сеціва ў выглядзе інтэрнэт-сінглу і скарыстацца з іміджавых дывідэндаў…

Але ў жывапісе, у паэзіі, у балеце, у эстраднай музыцы (безадносна да гэтага ці якога-колечы конкурсу) калі і склаліся беларускія традыцыі, дзесьці нават школы, якімі можна ганарыцца, дык усё тое — з іншай эпохі, калі была прастора адной вялікай краіны, чытай, вялізны абшар для рэалізацыі і пашырэння творчага плёну. Але ці дапамогуць сёння беларускай музыцы і культуры “абхадныя шляхі”? Можна зрабіць стаўку на краіну-суседку. Скажам, беларуская мова зрабіла пэўны “пралом” у Польшчы ў рок-кірунку, таму адпаведнага кшталту каманды едуць туды з задавальненнем. Ва Украіне таксама зацікаўленасць да беларускамоўных твораў стала прасочваецца, мяркую, у краінах Балтыі такая ж тэндэнцыя будзе падтрымана.

Адносна Расіі сітуацыя крыху іншая. Калі чалавек з’язджае туды з Беларусі, назад ён найхутчэй не вяртаецца: іншыя магчымасці, іншыя грошы. Гэта ў Савецкім Саюзе можна было хваліцца: вось, паглядзіце, гэта ж хлопцы з Мінска прыехалі. Зараз уся эстрада расійская. Тут не адмовіш: расіяне ўмеюць скарыстоўваць таленты на карысць сваёй культуры. Але прывязкі да радзімы размываюцца. Хто з Беларусі і Украіны, застаўшыся ў Маскве, адчувае сябе беларусам ці ўкраінцам? З іншага боку, тая ж Лайма Вайкуле не пераехала і, застаючыся папулярнай у Расіі, лічыцца гонарам Латвіі. Гэтак жа і Сафія Ратару.

І яшчэ. Многія маладыя айчынныя музыканты надта спадзяюцца на заклік “купляйце беларускае!”… Але ж трэба тое, да чаго заклікаем, і вырабляць так, каб куплялі. Гэта і прамысловай прадукцыі тычыцца, і творчай. Ну не возьмуць у эфір песню, калі яна нецікавая! Вось пры такой простай і адначасова складанай умове ў беларускамоўных песень ёсць шанц стаць папулярнымі ў Беларусі. Упэўнены, нашы вядомыя спевакі, аўтары не будуць замінаць натуральнаму працэсу абнаўлення. Наадварот: падтрымаюць!

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах