Горад для сваіх

№ 25 (1255) 18.06.2016 - 24.06.2016 г

Як быць турыстычным цэнтрам, але жыць не турыстам адзіным
Статыстыка сведчыць — пры постіндустрыяльным тыпе эканомікі турызм становіцца ледзь не асноўнай крыніцай прыбытку для несыравінных краін. Для многіх еўрапейскіх гарадоў, некалі слаўных сваёй прамысловасцю і гандлем, постіндустрыяльная будучыня ўжо стала паспяховай сучаснасцю. І плынь ахвотных паглядзець саборы-руіны-музеі прыносіць ці не асноўны ўнёсак у мясцовы бюджэт.

/i/content/pi/cult/591/13139/5-4.jpgВось толькі гарады гэтыя часцяком пачынаюць нагадваць нейкія турыстычныя дыснэйлэнды. Прынамсі, для саміх прыезджых, якія мараць адчуць гатычную аўтэнтыку з сярэднявечнай рамантыкай. Памятаю некаторае здзіўленне ад англійскага Ёрка, спусцелага пасля ад’езду турыстычных аўтобусаў каля 17-й гадзіны. Рабіць у цэнтры гэтага маленькага прыгожага мястэчка, слаўнага сваім велічным саборам, але зусім не прыстасаванага да паўсядзённага жыцця, увечары абсалютна не было чаго. Музеі (больш падобныя на навукова-папулярныя атракцыёны), рэстараны і крамкі сувеніраў пазачыняліся. На адлегласці некалькіх міль не засталося ніводнага паба, а паб у Брытаніі і ёсць паказчык жыцця. За англічан, якія так спрытна выкарыстоўваюць турыстычны патэнцыял сваёй шчодрай на каштоўнасці краіны, я толькі парадаваўся. Але пэўны асадак усё роўна застаўся.

А некалькі тыдняў таму давялося на шляху да радзімы пабываць у знакамітым ганзейскім горадзе Брэмене. Вядомым, як і ўсе сярэднявечныя заходнееўрапейскія гарады, сваім старым кварталам. У Брэмене апошні ўпрыгожаны гатычным саборам Святога Пятра і мясцовай турыстычнай мекай — скульптурай “Брэменскія музыкі”. Самалёт вылятаў зранку, гатэль здымаць не мела сэнсу, і трэба было правесці на нагах вечар ды палову ночы. Сябры, праўда, забяспечылі мяне адрасам, па якім я мог прабавіць час. І адрас спатрэбіўся — стары турыстычны Брэмен (праўда, цалкам адбудаваны пасля бамбардзіровак саюзнікаў напрыканцы Другой сусветнай вайны), падобна Ёрку, спусцеў у паўгадзіны. Пасля восьмай вечара зачыніліся кафэ, крамы і рэстараны, і нават у знакамітых нямецкіх піўных у афіцыянтаў скончылася не толькі піва, але і ўсмешкі.

Таму давялося выправіцца на пошукі названага сябрамі адраса на Берлінер штрасэ. І, дзіўная справа, як толькі я пакінуў межы старога горада і паглыбіўся ў суседнія вуліцы, яны адразу напоўніліся жыццём. Аказалася, што, як і ў шмат якіх нямецкіх гарадах, у Брэмене, акрамя турыстычнага цэнтра, ёсць прыемны квартал “для сваіх”, перапоўнены барамі, кавярнямі і клубамі. І заседжваюцца ў ім дабрапрыстойныя гараджане далёка за восьмую. Атмасфера ў раёне, які называюць Вертэль (“Квартал”) аказалася вельмі жывая, непасрэдная. Яна нагадала мне знакаміты лонданскі Шордзіч, некалі аблюбаваны творчым людам, а цяпер звышмодны і ўсё больш дарагі.

Клубам аказаўся і будынак па адрасе, які на ўсялякі выпадак паведамілі мне сябры. А адным з яго гаспадароў — мастак Макс, родам з расійскага Омска, але з віцебскімі каранямі. Ён ветліва паказаў сваё незвычайнае жыллё. У 1944 годзе гэты будынак на беразе ракі Вэзэр з тоўстымі бетоннымі сценамі павінен быў хаваць ад бомбаў дзясяткі брэменскіх сямействаў. Потым ён доўга стаяў закінутым, пакуль на танны (яго ігнаравалі бюргеры) Вертэль не паклала вока багема. Бункер вырашылі ператварыць у жылы асабняк. Перагародкі, якія дзялілі яго на адсекі, разабралі. Верхні паверх ператварыўся ва ўтульную кватэру з велізарнай кухняй-гасцёўняй і адкрытай тэрасай з газонам, дрэвамі і выдатным выглядам на Вэзэр. А ніжні — у невялікую канцэртную пляцоўку з барам. Праўда, гаспадар-наватар з сямействам неўзабаве з’ехаў — бетонныя канструкцыі былога бункера патрабавалі велізарных выдаткаў на ацяпленне. І тады сюды засялілася творчая моладзь, якая стала актыўна выкарыстоўваць ніжні паверх як месца для канцэртаў і вечарынак.

Увогуле, стандартная схема для джэнтрыфікацыі — рэканструкцыі і абнаўлення будынкаў у раней нефешэнэбельных гарадскіх кварталах. Вертэль у гэтым сэнсе апынуўся тыповым прыкладам. Макс распавёў, што, услед за багемай і рэстаратарамі, у квартал пацягнуліся людзі, багацейшыя за тыповую тутэйшую публіку. Кошты на нерухомасць стала растуць, і жыллё людзям мастацтва тут можа хутка аказацца не па кішэні.

А пакуль на першым паверсе пачаўся канцэрт экстравагантнай поп-зоркі — тоўстага, вельмі харызматычнага барадача, на які сабралася з сорак маладых людзей. Канцэрт быў бясплатным — у сучаснай брэменскай багемы, як і ва ўсе часы, не тое каб густа з грашыма. Праўда, пасля выступу па крузе пусцілі капялюш, і ўдзячная публіка даволі актыўна дзякавала спеваку наяўнымі. Дзякаваць, сапраўды, было за што і выканаўцу, і арганізатарам — канцэрт атрымаўся. У тым ліку дзякуючы атмасферы, нязмушанай і нефармальнай.

Такой самай як на беразе Вэзэра, на які я выйшаў, каб завяршыць свой брэменскі вечар, што плаўна перайшоў у кароткую летнюю ноч. У адзін з першых цёплых дзён пасля доўгай дажджлівай вясны набярэжная была поўная тымі, хто выйшаў на шпацыр, і веласіпедыстаў. На суседняй лаўцы эмацыйна гутарыла на турэцкай пара тыповых стамбульцаў сярэдніх гадоў. На схіле кампанія падлеткаў рознага колеру скуры распальвала нешта духмянае. Цётка, якая праязджала міма на ровары на зайздроснай хуткасці, нечакана пажадала мне і бляшанцы ў маёй руцэ здароўя застольным нямецкім воклічам “Prost!”

І ніякіх турыстаў. Усе свае, нягледзячы на розны ўзрост, знешні выгляд ды астатнія прыкметы. Знакаміты гістарычны і эканамічны цэнтр Паўночнай Германіі аказаўся хатнім і камфортным не толькі для прыезджых. Няхай для таго, каб упэўніцца ў гэтым, трэба было адысці на кіламетр убок ад турыстычных маршрутаў. Такога спакою і ўлагоджанай самадастатковасці варта пажадаць і нам, тым, якія хочуць бачыць у сябе як мага больш гасцей. Госці — гэта, вядома, добра, але і пра сябе забываць не варта.